Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Правілы гульні павінны быць адзіныя для ўсіх. Жорсткія, празрыстыя, зразумелыя


Службовыя асобы, сярод якіх міністры і старшыні аблвыканкамаў, сабраліся на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, каб абмеркаваць адчувальнае для нашых грамадзян пытанне — арганізацыю пасажырскіх аўтамабільных перавозак. Па словах Прэзідэнта, да гэтага пытання падышлі не толькі таму, што быў шэраг здарэнняў на дарогах, але і таму што ў гэтай сферы шмат напрамкаў і праблем. «А паколькі гэта бяспека нашых людзей, грамадзян, (я ўжо не кажу аб падатках, злоўжываннях — хапае там), гэта пытанне трэба ўпарадкаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 


Правілы зразумелыя. Выконваюць не ўсе

У першую чаргу, размова аб аўтамабільных перавозках тычылася маршрутак, якія курсіруюць у гарадах і паміж населенымі пунктамі, і машын таксі. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў дзяржавы ёсць два простыя патрабаванні. Першае — бяспека людзей, бо такім відам транспарту карыстаюцца многія нашы грамадзяне і госці краіны. Другое — легальная праца перавозчыкаў. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на слове «легальная». «Бо выручку заніжаюць, хаваюць, у канвертах заробкі плацяць, падаткі не плацяць у шалёных памерах. Гэтай праблемай займаюцца праваахоўныя органы. Хацелася б, каб Кубракоў разам з Тэртэлем (кіраўнікі МУС і КДБ) мне далажылі да новага года, каб прыняць рашэнні. Няма чаго з імі размаўляць. Падатак не заплаціў — туды (размова аб прыцягненні да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. — Зв.)», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў цэлым зразумелыя і справядлівыя правілы выконваюць далёка не ўсе ўдзельнікі гэтага бізнэсу. Як паказваюць праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю, несумленных дзялкоў нямала. За 9 месяцаў 2023 года праверылі крыху больш за 10 тысяч аўтамабіляў. Выявілі амаль 9 тысяч парушэнняў. «Самае страшнае, што нелегалы наўмысна адыходзяць ад патрабаванняў бяспекі, якія прад’яўляюцца да рэгулярных перавозчыкаў: наяўнасць неабходнай вадзіцельскай катэгорыі і стажу. Людзей возяць усе, хто хоча. А потым — дзікія аварыі, як пад Смалявічамі, гінуць дзеці і паўтары дзясятка чалавек. І ніхто не вінаваты. Там стажу няма, катэгорыі няма, допуску ў рэйс няма, тэхагляду няма, рэжым працы і адпачынку не выконваецца... Бабмяць з ранку да вечара гэтыя вадзіцелі, бо гэта ж грошы для гаспадароў», — пералічыў Аляксандр Лукашэнка асноўныя праблемы. А ў выніку такое стаўленне прыводзіць да трагедый, падобных да ўжо згаданай аварыі ў Смалявіцкім раёне.

З фінансавага пункту гледжання часцей за ўсё выяўляюць утойванне выручкі, драбленне бізнэсу, зарплату ў канвертах і нявыплату падаткаў. «Я думаю, што нам, Раман Аляксандравіч, трэба зрабіць больш жорсткім пакаранне па рэальных справах, — звярнуўся Прэзідэнт да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі. — Раздрабіў бізнес — адказвай. Не выплаціў падаткі — слухайце, хто нас папракне. У Амерыцы пажыццёвае заключэнне можна атрымаць за нявыплату падаткаў — дэмакратычная краіна. А мы чаго целяпемся?». Па яго словах, з гэтых парушэнняў і вынікае нядобрасумленная канкурэнцыя з легальнымі перавозчыкамі, што адбіваецца на дзейнасці ўсёй галіны аўтамабільных перавозак. «Возяць бессістэмна, крадуць, не плацяць падаткі. Канешне, якія аўтобусы і іншыя могуць з імі канкурыраваць? Няроўныя ўмовы. Мы што, гэтага не бачым? Страты бюджэту вылічаюцца дзясяткамі мільёнаў рублёў. А добрасумленныя перавозчыкі вымушаны закрываць свой бізнес, звальняць людзей. Вось і ўся справядлівасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму, па яго словах, трэба дасканала разабрацца і ўстанавіць адзіныя для ўсіх правілы гульні. Жорсткія, празрыстыя, зразумелыя.

«Нікога не трэба ціснуць, цкаваць, звальняць і іншае. Правілы гульні — аднолькавыя для ўсіх, і для легальных, і нелегальных, арганізаваных і неарганізаваных. Па адзіных правілах: крок улева, крок управа —... Трэба вызначыць, якія функцыі бярэ на сябе дзяржава як рэгулятар: як будзе здзяйсняцца татальны кантроль у гэтай сферы, якія дадатковыя абавязкі з’явяцца ў перавозчыкаў» — акрэсліў задачы Аляксандр Лукашэнка. 

Усе павінны быць у роўных умовах

Урадам падрыхтаваны праект указа, які рэгулюе адносіны ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў. У ім прапануецца арганізаваць рэестр легальных перавозчыкаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў працэсу. «Я думаю, вы вызначыцеся, якіх „іншых“. Каб у нас зноў не было нейкіх магчымасцей адысці ад гэтых правіл, ад схемы. Хто не ўключаны ў гэты рэестр, апынаецца па-за законам, яго дзейнасць будзе выяўляцца і спыняцца кантралюючымі органамі, — сказаў беларускі лідар. — Гэта значыць табе дазволілі перавозіць людзей таксі і маршруткамі, ты ў рэестры — ідзі і вазі. Правілы будуць таксама ўстаноўлены. Калі цябе там няма і, крый божа, ты займаешся гэтымі перавозкамі». Прэзідэнт настойвае на тым, што нелегальныя перавозкі трэба спыняць найжорсткім чынам. «Але яшчэ раз кажу: не трэба даваць ім нагоды, што мы „задушылі, кагосьці цкуём“ і гэтак далей. Хто можа працаваць, каго дапусцілі да гэтых перавозак, — працуйце, усе ў роўных умовах. Крок улева, крок управа — найжорсткае пакаранне», — папярэдзіў ён. 

Адной з тэм нарады былі інтэрнет-агрэгатары. Прэзідэнт настойвае на тым, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. «Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірм. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта забеспячэння бяспекі, абароны персанальных даных, спынення супрацьпраўных дзеянняў», — сказаў Прэзідэнт. Ён даручыў узяць гэта пытанне на кантроль. 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся пазіцыяй усіх зацікаўленых ведамстваў па ўнесеным дакуменце: ці ўсё ўлічана ў прадстаўленым праекце Указа? Ён спытаў, ці дастаткова гэтага, каб забяспечыць бяспечныя перавозкі і празрыстую, легальную работу. Праект Указа распрацаваны ва Урадзе пры ўдзеле Камітэта дзяржаўнага кантролю і Камітэта дзяржаўнай бяспекі. 

У Беларусі будзе створаны дзяржаўны рэестр перавозак пасажыраў

Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, які курыруе гэту сферу, далажыў, што сёння назіраецца рост перавозак пасажыраў — на 2.6 працэнта па выніках 9 месяцаў гэтага года да ўзроўню мінулага года. Таксама віцэ-прэм’ер прывёў лічбы: «Перавозкі на рэгулярных маршрутах ліцэнзуюцца, цяпер такія перавозкі ажыццяўляюць 905 юрыдычных асоб і 767 індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта тыя, што заключылі дамовы з райвыканкамамі і возяць па раскладзе — гэтыя перавозкі называюцца рэгулярнымі. Гэта і прыватнікі, і дзяржаўныя. Гэта і вялікія аўтобусы і маршруткі». 

Старшыня камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў звярнуў увагу, што ёсць тыя, хто працуе нелегальна пад выглядам нерэгулярных перавозак. «Рэгіструюцца, як быццам яны возяць вяселлі, карпаратывы, аказваюць турпаслугі. А на самай справе гэтая машына ідзе за 50 хвілін перад рэгулярным рэйсаа і збірае ўвесь пасажырапаток. Пры гэтым яны не рэгіструюцца як рэгулярны рэйс», — растлумачыў ён. 

Анатоль Сівак нагадаў, што ў 2017 годзе быў падпісаны Дэкрэт нумар 7, у рамках якога дзяржава пайшла на лібералізацыю рынку пасажырскіх аўтаперавозак. Але бізнэс зразумеў гэты крок насустрач па-свойму і пачаліся парушэнні. «Цяпер няхай крыўдзяцца самі на сябе», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Віцэ-прэм’ер таксама расказаў, што ў большасці выпадкаў работу ў нерэгулярных зносінах, асноўная доля ў якіх прыпадае на таксі, арганізуюць замежныя суб’екты, так званыя дыспетчары. Часцей за ўсё іх інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы знаходзяцца за межамі Беларусі. «Інфармацыя аб выкананых заказах і звесткі аб заказчыках перавозак захоўваюцца на серверах, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, што непасрэдна ўплывае на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі», — адзначыў ён.

«Гэта значыць, ты заказваеш таксі, у маршрутцы дзесьці едзеш, гэта ўся інфармацыя збіраецца на замежных серверах, і там гэта ўсё захоўваецца?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы. Па словах Анатоля Сівака, гэта сапраўды так. «Грошы чалавека і інфармацыя аб гэтай перавозцы сыходзіла за мяжу. У дадзеным выпадку ў Галандыю. Калі пачаліся санкцыі, гэтая карціна змянілася — грошы пачалі сыходзіць у Расію. Акрамя таго, вам за перавозку неабходна заплаціць, напрыклад, 10 рублёў. Гэтая кампанія сабе пакідала 20-30%, умоўна тры рублі, а сем вяртала перавозчыку. Вось такая была схема разлікаў. Па такой схеме працуюць і іншыя сэрвісы», — растлумачыў ён. 

Анатоль Сівак таксама звярнуў увагу, што сітуацыя з бяспекай пасажырскіх перавозак значна пагоршылася. Аб гэтым сведчыць статыстыка па колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх людзі атрымліваюць траўмы і гінуць. У сувязі з гэтым расце і колькасць скаргаў ад насельніцтва. Людзі таксама скардзяцца на недаступнасць паслуг па перавозцы, на расклад перавозак. «Існуючыя памеры штрафаў і меры адказнасці не дазваляюць належным чынам спыніць парушэнні заканадаўства», — канстатаваў віцэ-прэм’ер.

Праект указа, які быў вынесены на нараду, мае мэту — навесці парадак у сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Адзін з асноўных момантаў, прадугледжаных указам — стварэнне дзяржўнага рэестра перавозак пасажыраў, у які будуць уключацца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях і аўтамабілях таксі), вадзіцелях і дыспетчарах. Дзякуючы ўключэнню ў реэстр і транспартных сродкаў, з’явіцца магчымасць, напрыклад, адсачыць выпадкі, калі транспартная кампанія пры выяўленні нейкіх парушэнняў можа проста перарэгістравацца і прадаўжаць работу з парушэннем заканадаўства пад іншай шыльдай. Таксама прадугледжаны абавязак для суб’ектаў прадастаўляць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах. А самі заказы на перавозкі можна будзе перадаваць толькі тым перавозчыкам, звесткі аб якіх будуць унесены ў рэестр.

«Для змяншэння імпарту паслуг, зніжэння рызыкі ўцечкі персанальных даных грамадзян праектам указа ўстаноўлена права замежных кампаній аказваць паслугі дыспетчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах (дыспетчара таксі) толькі ў выпадку стварэння імі на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы. Яны таксама будуць абавязаны выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі», — адзначыў Анатоль Сівак. 

Для павышэння ўзроўню бяспекі для перавозчыкаў плануецца ўстанавіць абавязак відэафіксацыі выканання перавозак пасажыраў. Праектам указа прадугледжаны механізмы прыпынення знаходжання і выключэння з рэестра нядобрасумленных перавозчыкаў. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што гэтыя меры дазволяць павысіць адказнасць перавозчыкаў у выкананні заканадаўства і выведуць частку іх з ценю, створаць для суб’ектаў на рынку перавозак роўныя ўмовы гаспадарання, павысяць бяспеку перавозак пасажыраў.


У тэму 

Важна, каб гэтыя змяненні прынеслі плюс для насельніцтва

У размове з журналістамі Анатоль Сівак расказаў, што асноўныя моманты ўказа ўзгоднены. Прэзідэнт даручыў яшчэ раз узважыць, сабрацца на ўзроўні ўрада з усімі датычнымі дзяржорганамі, прааналізаваць моманты, якія абмяркоўваліся на нарадзе, і ўнесці яму на подпіс канчатковы праект указа. Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у першым квартале наступнага года на ўрадавым узроўні неабходна будзе дапрацаваць асобныя нормы — правесці неабходныя працэдуры і прыняць пастановы ў развіццё прэзідэнцкага ўказа. Плануецца, што ўказ уступіць у сілу з другога паўгоддзя наступнага года. Прэзідэнт падчас нарады адзначаў, што гэта найважнейшы дакумент, таму ён павінен быць вычарпальным. Усе меры, якія прадугледжвае гэты дакумент, павінны быць узважаны і дакладна прапісаны.

«Важна, каб гэтыя змяненні прынеслі плюс для насельніцтва. У выніку рэалізацыі ўказа дабавіцца больш маршрутаў у сегменце рэгулярных перавозак. На конкурс будуць выстаўляцца дадатковыя маршруты. Бачым неабходнасць унесці карэктывы ў работу таксі. Гэта нерэгулярная перавозка. Там таксама існуе шмат праблем», — сказаў Анатоль Сівак. У частцы паслуг таксі ён прывёў у прыклад сітуацыю з ДТЗ, калі часам складана адназначна прызнаць, што гэта была менавіта такая паслуга.

Таксама па словах віцэ-прэм’ера, з прыняццем указа пакаранні за разнастайныя парушэнні ў сферы аўтамабільных перавозак будуць больш жорсткімі. Асабліва гэта тычыцца тых, хто, будучы зарэгістраванымі як нерэгулярны перавозчык, выходзіць на рэгулярныя перавозкі. Зразумела, што больш жорсткія пакаранні прадугледжаны для тых, хто працуе цалкам нелегальна. Дзейнасць тых перавозчыкаў, якія не ўключаны ў рэестр, прызнаецца незаконнай. «І тады вынікае норма заканадаўства аб канфіскацыі прылады ўчынення злачынства. Сёння транспартная інспекцыя арыштоўвае транспартны сродак і пачынаецца з перавозчыкам працяглы судовы працэс. А там ужо запрацуе норма — фактычна без суда можа быць адабраны транспартны сродак. Гэта прымусіць выконваць заканадаўства», — расказаў віцэ-прэм’ер.

А калі праз тую ці іншую кампанію з дапамогай інтэрнэт-дадаткаў заказваецца паслуга таксі, то да сістэмы можа быць падключаны толькі перавозчык, які ёсць у рэестры. Акрамя таго, з’явіцца патрабаванне для такіх сэрвісаў у абавязковым парадку стварыць юрыдычную асобу на тэрыторыі Беларусі. «Звязваліся з асноўнымі гульцамі. Ёсць разуменне. Калі гаварыць, дапусцім, аб „Яндэкс Таксі“, то тут, я думаю, не павінна быць у нас праблем. Таму што такія ж нормы сёння і ў расійскім заканадаўстве», — сказаў Анатоль Сівак. 

На нарадзе таксама абмяркоўвалася тэма скаргаў і зваротаў наконт пасажырскіх перавозак, якія паступаюць ад насельніцтва. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне павінна пастаянна знаходзіцца на кантролі губернатараў. Даручана прааналізаваць сістэму работы аўтапасажырскіх перавозак на месцах: ад вёскі да ўзроўню раёна і вобласці. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.