Вы тут

«Лістапад-2023»: надзеі, адкрыцці і кіно для ўсіх


Сёння сталіца і рэгіёны Беларусі будуць прымаць ХХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Сёлета кінафорум сабраў больш за 2000 заявак са 107 краін свету, у прыватнасці, сярод іх прадстаўнікі 10 краін СНД. Кінавытворцаў і прыхільнікаў іх таленту свята кіно гэтым разам аб’яднае пад дэвізам «Ствараем будучыню».


Фота: БелТА

У лідарах па колькасці ахвотных паказаць у Мінску сваё кіно — Расія, Іран, Індыя, Бразілія і Кітай. І разглядаюцца 2087 заявак у гэтым годзе ў пяці намінацыях: конкурс фільмаў «Кіно маладых» (747 заявак), конкурс анімацыйных фільмаў (438 заявак), конкурс ігравога і неігравога кіно (па 392 заяўкі ў кожнай намінацыі), конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» (317 заявак). З іх эксперты адбяруць самыя яркія кінаработы, якія будуць паказаны гледачам у ходзе кінафестывалю як у кінатэатрах Мінска, так і ў рэгіёнах краіны.

— Цырымоніі адкрыцця і закрыцця пройдуць у кінатэатры «Дом кіно», і конкурсныя паказы традацыйна адбудуцца ў нашых кінатэатрах «Піянер», «Цэнтральны», «Беларусь». На сёння ўжо сфарміравана праграма фестывалю і яго міжнароднае журы, — расказаў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. — Гэты год для «Лістапада» стаў зноў рэкордным па колькасці заявак і краін-удзельніц. І ў першую чаргу гэта сведчыць пра тое, што наш кінафестываль мае аўтарытэт і цікавы падбор конкурсных праграм. У рамках кінафоруму плануецца падпісанне пагаднення аб сумеснай беларуска-кітайскай кінавытворчасці. Ёсць цікавы праект для рэалізацыі. Гасцям кінафоруму таксама будуць прапанаваны шэраг культурных мерапрыемстваў, дзе яны змогуць наведаць наш Нацыянальны мастацкі музей, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Храм-помнік Усіх святых і Замкавы комплекс «Мір», а пры жаданні — любыя іншыя нашы ўстановы культуры. Традыцыйна ў рамках «Лістапада» пройдзе ўручэнне спецыяльных прызоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» і «За гуманізм і духоўнасць у кіно». А ў якасці фільма адкрыцця сёлета пакажам «Кіношнікі» Кірыла Халецкага, дзе ёсць шмат адсылак як да нашага беларускага, так і да сусветнага кінематографа.

Скрыншот з трэйлера фільма «Кіношнікі»

— Ствараем будучыню — такі сёлета дэвіз нашага кінафестывалю. Прыемна, што «Лістапад» набывае свой характар, калі разглядаць творчы складнік тых карцін, якія будуць прадстаўлены на нашым фестывалі. Дэманструецца кіно, створанае для гледача, а не штосьці багемнае, артхаус. У гэтым кіно мы не бачым прэтэнзій на стварэнне новай кінамовы, а яно распавядае пра людзей. І кожная краіна прадстаўляе яго па-свойму, але цікава, як у многіх карцінах разглядаюцца тыя праблемы, якія становяцца адзінымі для ўсёй кінематаграфічнай прасторы, для ўсіх гледачоў, якія любяць, ведаюць кіно і хочуць у ім бачыць сябе саміх, свае пачуцці, думкі, надзеі, чаканні і веру ў тое, што ў свеце ёсць справядлівасць, — звярнуў увагу народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў.

Выканаўчы дырэктар кінафестывалю Алеся Жорнікава расказала пра спецыфіку сёлетняга «Лістапада»: «Сёлета мы робім адзінае адкрыццё фестывалю па ўсёй краіне. Паралельна з адкрыццём яго ў Мінску кінафоруму будзе дадзены старт і ў больш чым 80 кінатэатрах па ўсёй краіне. Такога яшчэ ў нас не было. Сёлета ў нас задзейнічаны ўсе вобласці, і мы максімальна прыклалі намаганні для таго, каб усе кінапракатныя пункты былі забяспечаны нашымі карцінамі. Прычым гэта і конкурсны, і пазаконкурсны паказ. Такім чынам мы спадзяёмся прыцягнуць увагу да фестывалю і даць магчымасць як мага большай колькасці людзей убачыць кіно, якое прадстаўлена на ім».

У суботу ўжо быў дадзены старт продажу квіткоў. Набыць іх можна анлайн альбо ў касах кінатэатраў. У сталіцы паказы кінафільмаў пройдуць у кінатэатрах «Дом кіно», «Цэнтральны», «Піянер» і «Беларусь». Урачыстая цырымонія адкрыцця кінафоруму пройдзе 17 лістапада ў кінатэатры «Дом кіно». А «Піянер» стане галоўнай пляцоўкай для «Лістападзіка», які адкрыецца там 17 лістапада, а закрыццё з падвядзеннем вынікаў пройдзе 20 чысла. Тут (а таксама ў «Доме кіно», «Цэнтральным») пакажуць і пазаконкурснае кіно. А яшчэ гэтая лакацыя стане пляцоўкай для дэманстрацыі фільмаў з праграмы неігравога кіно. Кінатэатр «Беларусь» пакажа праграмы конкурсаў анімацыі і «кіно маладых». Кінастужкі праграмы асноўнага конкурсу ігравога кіно будзем глядзець у кінатэатры «Цэнтральны».

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.