Вы тут

Якіх змен чакаць ад новага закона аб кіраванні жыллём


Мясцовы выканаўчы распарадчы орган зможа ануляваць атэстат адпаведнасці старшыні таварыства ўласнікаў (ТУ). Адлічэнні на капрамонт (незалежна ад спосабу кіравання жыллём) будуць пералічвацца на рахункі органаў мясцовай улады. Працэс ліквідацыі таварыства ўласнікаў стане спрошчаным, а права займаць пасаду старшыні праўлення ТУ будзе абмежавана для асобы толькі адным домам. Такія новаўвядзенні прапануюцца праектам Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі», які быў прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў, аднак дагэтуль выклікае вялікі рэзананс у грамадстве. Пра прычыны неабходнасці змен, магчымасць дадатковых абмеркаванняў, погляды на навелы законапраекта дзяржаўных органаў і саміх таварыстваў гаварылі на тэматычным круглым стале.


На паперы і ў рэальнасці

Нягледзячы на досыць падрабязнае заканадаўчае рэгуляванне дзейнасці арганізацый уласнікаў, існуе шэраг пытанняў у арганізацыі іх дзейнасці. Па-ранейшаму тонкім застаецца момант прызначэння або выбрання на пасаду старшыні праўлення, а таксама вызвалення ад пасады ў сувязі з інстытуцыйнай асаблівасцю яго наймальніка, абазначыў Андрэй Рамашка, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Наймальнікам старшыні праўлення ТУ, згодна з законам, з’яўляецца агульны сход. Гэта калектыў грамадзян, якому па шэрагу асаблівасцяў вельмі складана сабрацца для прыняцця рашэнняў і вызначэння нейкіх напрамкаў дзейнасці. Адсутнічае таксама празрыстасць фінансавай дзейнасці арганізацыі ўласнікаў.

На жаль, звароты і нараканні, якія паступаюць у Міністэрства ЖКГ і органы ўлады, сведчаць пра наяўнасць выпадкаў нямэтавага выкарыстання грошай ці ўвогуле адсутнасці справаздачнасці аб расходаванні фінансавых сродкаў у ТУ асобнымі старшынямі праўленняў. Адзіны рэгулятар узаемаадносін на адпаведнай тэрыторыі сёння — мясцовыя выканаўчыя распарадчыя органы, якія, згодна з Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» і нормамі жыллёвага заканадаўства, абавязаны забяспечваць кантроль за экспулатацыяй жыллёвага фонду ў цэлым і за дзейнасцю ТУ у прыватнасці. На гэтыя органы кладзецца асноўная нагрузка па разглядзе пытанняў дзейнасці ТУ, удакладніў намеснік міністра.

Сёння ёсць пэўныя нормы закона, якія дазваляюць мясцовым органам улады прымаць меры ў дачыненні да тых таварыстваў, дзе выяўляюцца пастаянныя парушэнні. Гэта і прызначэнне ўпаўнаважанай асобы, і ініцыятыва ў арганізацыі правядзення агульнага сходу, дзе органы ўлады прапануюць кандыдатуру старшыні праўлення для абрання. Аднак вырашыць праблемы цалкам гэта не дазваляе.

Амаль палова з 10,5 тысячы таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў у Беларусі існуюць толькі на паперы. Яны знаходзяцца ў адзіным рэестры юрыдычных асоб, але не ажыццяўляюць дзейнасць, бо ў іх няма або старшыні праўлення, або самога праўлення. Фактычна ў такіх домаўладаннях прызначаны ўпаўнаважаныя асобы, і эксплуатацыяй і кіраваннем сумеснай маёмасцю такім чынам займаюцца дзяржаўныя арганізацыі. Так што законапраект вырашае шэраг пытанняў, якія ўзніклі ў частцы дзейнасці гэтых арганізацый, перакананы прадстаўнік міністэрства:

— Кожны дзясяты зварот у Міністэрства ЖКГ звязаны з дзейнасцю таварыстваў уласнікаў, і палова з іх — скаргі і нараканні на дзейнасць кіраўніцтва, то-бок старшынь праўлення ТУ. А 10% ад гэтай колькасці — звароты, якія сведчаць пра парушэнні ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці, гэта значыць, нямэтавае расходаванне сродкаў, якія штомесяц уносяць члены таварыстваў, у тым ліку і грошы, якія адлічваюцца на капрамонт.

Атэстат адпаведнасці і сродкі на капрамонт

Праектам закона прадугледжана, напрыклад, дадатковая мера ў выглядзе магчымасці мясцовых органаў улады ануляваць атэстат адпаведнасці старшыні ТУ, што ў далейшым не дазволіць яму выконваць свае абавязкі як старшыні праўлення. А залічэнне сродкаў на капітальны рамонт (з моманту ўступлення закона ў сілу) незалежна ад спосабу кіравання жыллём на рахункі мясцовых выканаўчых распарадчых органаў дазволіць вырашыць праблему з нямэтавым выкарыстаннем грошай у арганізацыях уласнікаў.

— Найперш гэта выклікана неабходнасцю аднастайнай арганізацыі правядзення капрамонту ў краіне (бюджэт удзельнічае ў выкананні капрамонту больш чым на палову яго кошту), таму лічыцца мэтазгодным, што ўсе павінны плаціць на адзіны рахунак мясцовага выканаўчага распарадчага органа, — удакладніў Андрэй Рамашка. — Кожны ўласнік памяшкання абавязаны рабіць адлічэнні на капрамонт. А ў ТУ ёсць выпадкі, калі гэтыя сродкі ідуць на асобныя рахункі і ў далейшым выкарыстоўваюцца не па прызначэнні, хаця за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Аднак прасачыць за рухам кожнага рубля па рахунках ТУ мясцовыя ўлады не могуць. Так што такая мера скіравана на абарону інтарэсаў грамадзян.

Узнікаюць сітуацыі, калі жыллёвыя кааператывы 70–80-х гадоў мінулага стагоддзя, дзе падыходзіць тэрмін капрамонту, звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады, і аказваецца, што грошы адлічваліся, але цяпер іх на рахунку няма або недастаткова. А з улікам таго, што старшыні мяняюцца, знайсці «канцы» і сродкі немагчыма. Існуючым на сёння законам прадугледжана, што любы дом і любое ТУ можа прэтэндаваць на выкананне капрамонту з удзелам бюджэту, аднак калі гэтыя сродкі ёсць на рахунку. Інакш уласнікам прыйдзецца збіраць іх нанова. Нават калі ўдасца прыцягнуць да адказнасці кіраўніка ТУ, сродкі аднавіць не ўдасца, прывёў факты намеснік міністра.

Спрошчаная ліквідацыя і абмежаванне адным домам

Яшчэ адно новаўвядзенне закона — спрошчаны працэс ліквідацыі ТУ. Час дыктуе неабходнасць «пачысціць» тыя арганізацыі, якія не ажыццяўляюць дзейнасць як юрыдычныя асобы і падлягаюць выключэнню з рэестра, дадаў Андрэй Рамашка:

— Акрамя таго, вызначаны новы парадак прызначэння старшыні праўлення ТУ займаць сваю пасаду кіраўніка агульнай маёмасцю. Ён можа займаць яе толькі на адным шматкватэрным доме. Пытанне такога абмежавання абмяркоўвалася ў дзяржаўных колах, у тым ліку з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, ці не супярэчыць гэтая норма законапраекта працоўнаму заканадаўству, і з таварыствамі ўласнікаў. Існуе шмат меркаванняў на гэты конт, аднак мы настойваем на гэтай норме менавіта ў такой рэдакцыі, бо яна не парушае існуючы працоўны кодэкс і дазваляе старшыні ТУ займацца па сумяшчэнні і іншай дзейнасцю.

Намеснік міністра ўдакладніў, што адным грэбнем прычэсваць усе ТУ не будуць. Міністэрства ЖКГ і гарвыканкамы бачаць, што сёння існуюць таварыствы, старшыні якіх паспяхова працуюць адпаведна з законам і не маюць нараканняў. Так што нормы закона скіраваны менавіта на кропкавае рэгуляванне пытанняў у тых таварыствах, дзе старшыні злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі і ўшчамляюць правы ўласнікаў як спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг.

Ёсць супярэчнасці

За апошні квартал гэтага года колькасць зваротаў грамадзян у Саюз таварыстваў уласнікаў і жыллёвых спажывецкіх кааператываў (Саюз ТУ і ЖСК) перавысіла іх лічбу за восем гадоў работы арганізацыі, што яшчэ раз падкрэслівае актуальнасць тэмы, заўважыла Ірына Чарняўская, старшыня праўлення Саюза ТУ і ЖСК:

— Калі глядзець на праект закона вачыма жыльцоў, то адзначу, што гэты дакумент — тэорыя, практыкі тут вельмі мала. Калі прымяніць механізм практыкі, то гэты праект працаваць не будзе. А будзе ўсхваляванае насельніцтва, павялічыцца колькасць зваротаў грамадзян, створацца завалы, якія мы будзем цягам пяцігодкі разграбаць. Абмежаванні і забароны, прапісаныя ў праекце, ускладняць жыллё ТУ і арганізацый забудоўшчыкаў…

На думку Ірыны Чарняўскай, у праекце шмат норм, якія датычацца непасрэдна сферы працоўных стасункаў па ўрэгуляванні работы кіраўнікоў некамерцыйнай арганізацый уласнікаў, што супярэчыць сутнасці законапраекта, бо нормы Жыллёвага кодэкса павінны рэгуляваць стасункі найперш у сферы жыллёвага заканадаўства. Востры водгук маюць і абмежаванні работы старшыні па прынцыпе «адно ТУ — адзін старшыня», хаця старшыня не займае асаблівую пасаду і не мае ніякіх прывілей.

Фота аўтара

— Цяпер старшыні працуюць у некалькіх арганізацыях уласнікаў, і гэта апраўдана, бо няма сэнсу прапаноўваць поўную рабочую стаўку з графікам работы цягам тыдня ў невялікіх арганізацыях (у Беларусі ёсць ТУ ад 20 да 40-50 кватэр), бо іх члены не змогуць забяспечыць старшыні хаця б мінімальную зарплату. Такім чынам, малыя ТУ застануцца без старшыні і не змогуць рэалізаваць сваё права на выбар формы кіравання і абранне вопытнага старшыні. Па ўсёй краіне такіх арганізацый больш як 40%.

Ірына Чарняўская заўважыла, што асабліва пацерпяць старшыні ў рэгіёнах краіны, заробак у якіх не больш за 200 рублёў з дома, і то без выліку падаткаў. А жыхары прыводзяць прыклады, што старшыні спраўляюцца з трыма-чатырма і нават дзесяццю дамамі.

Зыходзячы з пералічанай інфрамацыі, спікер падзялілася прапановамі Саюза адносна праекта закона, сярод якіх: вызначыць парог у 1500 рахункаў на работу аднаго старшыні праўлення, не раздзяляць дамы ў ТУ, якія маюць на балансе некалькі дамоў, выключыць забарону на займанне пасады старшыні праўлення больш чым у адной арганізацыі ТУ, сродкі на капітальны рамонт, адлічаныя ТУ, не забіраць у таварыства (грошы, адлічаныя ТУ на капрамонт да ўступлення законапраекта ў сілу, ніхто не забярэ — заўв. намеснік міністра), выключыць абмежаванне на стварэнне ТУ на этапе будаўніцтва, даць магчымасць забудоўшчыку самастойна ініцыяваць агульны сход і даць забудоўшчыку права на выбар спосабу кіравання, выключыць немагчымасць стварэння ТУ паўторна.

Спачатку — правілы, потым — засяленне

Арганізацыі ўласнікаў не з’яўляюцца суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, гэта некамерцыйныя арганізацыі, мэтай якіх не з’яўляецца атрыманне прыбытку. Яшчэ ў 2017 годзе кіраўнік дзяржавы на семінары па развіцці ЖКГ даў даручэнне па рэгуляванні дзейнасці арганізацый уласнікаў, таму з’яўленне такога праекта закона не выклікае здзіўлення, нагадаў Генадзь Калёнаў, спецыяліст Міжнароднага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, член грамадска-кансультацыйнага і экспертнага савета пры Міністэрстве ЖКГ:

— Гэта рэакцыя на праблемы ў частцы кіравання сумесным домаўладаннем, і праект закона не ўтрымлівае нейкіх канцэптуальных ідэй. А пытанне, як будзе зладжана мадэль сумеснага домаўладання праз 10-20 гадоў, застаецца адкрытым. Гэта толькі прамежкавы этап. Што тычыцца падыходаў, як павінна стварацца сумеснае домаўладнне, як ім кіраваць, якой павінна быць арганізацыйная структура ТУ, — то гэтыя пытанні толькі пачынаюць абмяркоўвацца. У Міжнародным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва, дзе я працую, мы з калегамі распрацавалі кароткую канцэпцыю кіравання жыллём, якую прапануем у тым ліку калегам з Грузіі, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, бо яна базіруецца на ўніверсальных падыходах.

У Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла ў 1958 годзе, калі ў краіне правіў урад правага толку, быў прыняты Закон «Аб гарызантальнай уласнасці» (нешта накшталт аналага нашага закона аб сумесным домаўладанні). Калі ж у канцы мінулага стагоддзя да ўлады там прыйшоў урад левага толку, закон застаўся без змен. І ў Венесуэле нават ёсць нацыянальнае свята — Дзень кандамінімума. Прычына гэтага ў тым, што ліберальнае закандаўства прадугледжвае дзве канцэптуальныя рэчы: першая — кожны чалавек індывідуальны, другая — усё вырашае большасць. Дык вось у дачыненні да сумеснага домаўладання гэтыя рэчы не працуюць, прывёў прыклад эксперт:

— У краінах Захаду ў дачыненні да ТУ ёсць жорсткі звод правіл, які базіруецца на тым, што ў кожнага чалавека свой погляд на тое, як жыць, каго з гадаванцаў трымаць у жыллі, як сябе паводзіць. І тэарытычна на сваіх агульных сходах дамовіцца яны не змогуць ніколі. Таму ў такіх краінах спачатку ствараюцца строгія правілы, якія прадугледжваюць сур’ёзныя штрафы, і толькі пасля гэтага дом засяляецца і эксплуатуецца. Больш за тое, змяніць іх можна толькі пры згодзе 100% жыхароў, то-бок ніколі.

Па гэткім жа прынцыпам будуецца заканадаўства, напрыклад, у Кітаі, дзе зацверджана Палажэнне аб кіраванні жылой нерухомасцю, згодна з якім забудоўшчык стварае часовыя правілы кіравання і прызначае часовую кіруючую кампанію, перш чым квартал засяляецца. І першыя, і наступныя ўласнікі купляюць нерухомасць у такім сумесным домаўладанні толькі разам з правіламі і абавязваюцца іх выконваць. Калі дом ужо заселены, кітайскія грамадзяне могуць стварыць камітэт уласнікаў, які нечым падобны на беларускае ТУ. Колькасць іх прыкладна такая ж, як і ў Беларусі, а скаргі на іх дзейнасць — падобнага роду, дадаў Генадзь Калёнаў:

— Так што функцыянал самакіравання мае прыкладна аднолькавыя праблемы практычна ва ўсіх краінах, дзе ён створаны. Наша ідэя — неабходна прытрымлівацца такой канцэпцыі, што спачатку ствараюцца правілы, а пасля ў гэтую заканадаўчую рамку прыходзяць уласнікі. І такая арганізацыйная схема, заснаваная на асноўных прынцыпах, павінна працаваць у любым сумесным домаўладанні, а не толькі ва ўзорным. У будучыні, абапіраючыся на навуковыя даследаванні, неабходна распрацаваць сваю нацыянальную сістэму стварэння сумесных домаўладанняў, абапіраючыся на вопыт іншых краін, але ж на падставе нашых айчынных рэалій.

Ён удакладніў, што неабходна заканадаўча стварыць і ўкараніць базу для падрыхтоўкі прафесійных кіраўнікоў, якія змогуць працаваць на больш высокім прафесійным узроўні. Гэтыя правілы павінны рэгістравацца ў выглядзе рэестраў і адпавядаць існуючай заканадаўчай сістэме, не патрабаваць стварэння нейкіх дадатковых органаў і не мець патрэбы ў фінансаванні. Ва ўстановах адукацыі павінна з’явіцца магчымасць для развіцця такой прафілізацыі, як кіраванне жыллём, — падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў, у тым ліку для тых жа ўпаўнаважаных асоб.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.