Вы тут

У кастрычніку прапанова кватэр на рынку арэнды ў Мінску чакана знізілася


Дынаміка на рынку арэнды кватэр у гэтым годзе развіваецца ў адпаведнасці з сезоннымі фактарамі, лічаць аналітыкі сталічнага рынку нерухомасці. Услед за павышаным ажыятажам у летнія месяцы, у верасні і кастрычніку назіралася заканамернае зніжэнне попыту. За гэты час колькасць пошукавых запытаў з боку насельніцтва, якое жадае «зняць кватэру ў Мінску», за два месяцы знізілася амаль на 30%.


Выбар стаў менш, але ён ёсць

Нагадаем, што мінулыя гады попыт заставаўся высокім з пачатку лета і да трэцяй дэкады кастрычніка. У гэтым сезоне рынак арэнды пачаў «прасядаць» ужо з другой дэкады верасня. Таксама ў першы месяц восені прыкметна знізілася прапанова — пасля летняга ажыятажу рынак проста не паспеў папоўніцца новымі аб’ектамі. Як вынік, колькасць свабодных кватэр за месяц скарацілася на 8,3%. Больш за ўсё парадзелі сегменты аднапакаёвых і невялікіх двухпакаёвых кватэр, выбар якіх знізіўся на 11% і 10% адпаведна.

Паводле структурнай статыстыкі, летась у красавіку-ліпені было пададзена амаль 5800 аб’яў па доўгатэрміновай арэндзе. У мінулым сезоне свабодных кватэр было і на самай справе вельмі шмат. У базе агенцтваў нерухомасці сёння назіраецца каля 3300 такіх прапаноў.

Па структуры прапановы арэнднага жылля ў Мінску лідзіруе Цэнтральны раён. Тут кватэры першапачаткова выстаўляліся па досыць высокім цэннікам. Ён прапануе амаль пятую частку здымнага жылля сталіцы. На другім месцы знаходзіцца Фрунзенскі раён (16,4%), а на трэцім — Першамайскі раён (14,5%).

Мінімальныя цэны падраслі

У выніку высокага попыту ў чэрвені-жніўні з рынку ў гэты час былі вымытыя найбольш бюджэтныя прапановы, на замену якім прыйшло менш аб’ектаў і па больш высокіх цэнах. У кастрычніку гэты рост працягнуўся. Аднак выключэннем сталі трохпакаёвыя кватэры, арэнда якіх стала таннейшай у сярэднім на 1,1%.

Практычна на рынку не засталося кватэр на крайніх паверхах коштам 160–170 долараў у эквіваленце. Самую танную аднапакаёвую кватэру цяпер можна зняць за 570 рублёў (каля 180 долараў). У далёкіх і нязручных месцах неліквідных раёнах яшчэ можна адшукаць маленькую кватэрку (27 квадратных метраў) за 170 долараў. Але ў гэтым выпадку трэба загадзя пацікавіцца, колькі ў гэтым жыллі прапісана чалавек, магчыма, што і нікога. Тады, калі ў аплату арэнды ўваходзіць і «камуналка», усё будзе ўжо не так танна. Сярэдняя цана цалкам абстаўленай кватэры ў досыць «свежых» дамах пачынаецца з 200 долараў. Калі побач з абраным домам знаходзіцца буйны гандлёвы цэнтр ці гэта жыллё побач з метро, яно будзе здавацца ўжо за 200–220 долараў у эквіваленце. Бліжэй да цэнтра горада нават вельмі маленькія кватэры прапануюцца не танней чым за 250 долараў.

Яшчэ больш істотна падраслі цэннікі на двухпакаёвыя кватэры. І справа тут вось у чым: апошнім часам найбольш актыўна «запрацавалі» камерцыйныя крэдыты «Іпатэка — Экспрэс». Гэты крэдыт сталі браць сем’і, якія вырашылі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы за кошт будаўніцтва новага жылля. Вось і атрымліваецца, што старое жыллё (аднапакаёвую або двухпакаёвую маленькую кватэру) яны прадаюць, а ў новую не засяляюцца да заканчэння рамонту. 

Здымаюць такія сем’і менавіта двухпакаёвыя кватэры, так як назбіралі ўжо досыць шмат рэчаў, купілі бытавую тэхніку, мэблю.

Двухпакаёвыя кватэры карыстаюцца попытам і ў «прасунутых» студэнтаў, якія здымаюць жыллё на некалькі чалавек.

Таму мінімальны кошт арэнды двухпакаёвых кватэр пачынаецца з 250–260 долараў у эквіваленце. Дарэчы, такія кватэры абсалютна без мэблі могуць здавацца і за 230–240 долараў. Разам з тым двухпакаёвыя кватэры са зручнай інфраструктурнай лакацыяй блізка ад метро ацэньваюцца даражэй. Гэта падымае іх цэннік да 280 долараў.

Сярэдняя цана на трохпакаёвыя кватэры пачынаецца з 300 долараў. Праўда, такія кватэры ў старых пяціпавярховых дамах з мэбляй мінулага стагоддзя, ці ўвогуле без мэблі, могуць здавацца па цэнніку для двухпакаёвых кватэр. Аднак зняць цяпер досыць якасную трохпакаёвую кватэру са свежым рамонтам танней чым за 320 долараў практычна немагчыма.

Як знайсці ідэальнае жыллё?

Дзейнічаць тут варта па пяці «франтах». У першую чаргу я рэкамендаваў бы скласці аб’яву і распаўсюдзіць яе ў той мясцовасці, дзе збіраецеся здымаць кватэру. Паралельна з расклейкай паперак трэба скрупулёзна вывучаць варыянты, прапанаваныя на рынку. Трэцім вашым памочнікам стане «сарафаннае радыё», калі пра свае задумкі вы распавядзеце ўсім сябрам і знаёмым. Вядома, можна (і нават трэба) скарыстацца інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі, але... «прасунутыя» гаспадары здымных кватэр, як правіла, прапануюць самы высокі цэннік арэнды, бюджэтнага варыянту тут не знайсці.

Калі шукаць жыллё самастойна няма ні часу, ні жадання, тады ёсць сэнс звярнуцца да прафесіяналаў, каб знайсці варыянт без «падводных камянёў». Рыэлтар прапануе надзейныя кватэры з праверанай базы, дапаможа падпісаць дагавор, які будзе аднолькава справядлівым для абодвух бакоў.

Бываюць выпадкі, калі сям’ю ствараюць зусім маладыя людзі, дапусцім студэнты. Стаўленне да такой пары з боку уласнікаў насцярожанае. Выйсце ёсць. Чыста псіхалагічна гаспадарам кватэры будзе складана вам адмовіць, калі разам з маладымі людзьмі жыллё будзе глядзець хто-небудзь з бацькоў. Ды і маладым спакайней — кватэру агледзіць ужо бывалы чалавек.

Адна з асноўных рэчаў, пра якія варта даведацца загадзя, ці прапісаны хто-небудзь у кватэры. Таму што ад гэтага залежаць камунальныя плацяжы, якія прыйдзецца плаціць арандатару. Калі ў кватэры ніхто не зарэгістраваны, то плаціць трэба будзе па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. А гэта ў некалькі разоў больш, чым звыклыя нам лічбы льготных тарыфаў. Часовая рэгістрацыя тут не дапаможа — яна ніяк не ўплывае на плацяжы па «камуналцы».

Канчатковая цана

Што датычыцца грошай, тут ёсць адразу некалькі важных пытанняў, якія трэба задаць, каб не падмануцца. Трэба пацікавіцца, якая сума будзе прапісаная ў дагаворы і ці будзе прывязка да курсу валюты. Гэта важна, таму што курс можа мяняцца, а арэндную плату ў нас традыцыйна лічаць у доларах. Пажадана даведацца, як будзе адбывацца аплата. Ці трэба сустракацца кожны месяц, каб перадаць наяўныя, або можна пералічваць грошы на рахунак? Ці абавязкова плаціць у валюце (хоць гэта незаконна) або па курсе? Лепш загадзя даведацца, хто плаціць падатак за арэнду. Некаторыя арэндадаўцы ўскладаюць гэты абавязак на кватарантаў.

Падпісваем дагавор удумліва

Часцей за ўсё ў дагаворы ўласнікі выкарыстоўваюць стандартныя фармулёўкі стану кватэры. Але ўсё ж арэнда — гэта замацаваная дакументам здзелка, так што за «недакладнасці» прыйдзецца плаціць кватаранту.

Непасрэдна на месцы трэба праверыць, ці не цякуць краны, ці няма праблем з механізмамі, ці ўсё ў парадку з напорам і тэмпературай вады (актуальна для хрушчовак), ці спраўна працуе змыў ў прыбіральні. Можна даведацца ў гаспадара, за чый кошт будуць рамантаваць, напрыклад, зламаны ўнітаз і ў якім выпадку за гэта прыйдзецца плаціць самому. Калі вы здымаеце кватэру летам, то праверыць цяпло ў ёй наўрад ці выйдзе. Але зімой варта памацаць батарэі, нават калі вам цёпла. Параўнайце тэмпературу з батарэямі ў кватэры, дзе жывяце цяпер.

Не ўсім каты ў радасць

Даведайцеся, ці можна трымаць на здымнай кватэры жывёл і якіх? І нават калі іх у вас цяпер няма, а кватэру вы хочаце зняць надоўга, варта ўдакладніць пра магчымасць завесці гадаванца. Таемна трымаць такога сябра ў кватэры немагчыма. Сабака, кот і любая «жыўнасць» суправаджаюцца своеасаблівым наборам пахаў. Пераязджаць з-за жадання завесці ката будзе непрыемна. Натуральна, людзі баяцца сапсаваных шпалер, мэблі, пахаў, асабліва калі збіраюцца гэтую кватэру здаваць і далей. Пасля таго як у кватэры доўгі час жылі жывёлы, асабліва сабакі, у ёй прыйдзецца рабіць рамонт. А вось асаблівых прэтэнзій да хамячка або птушачак гаспадары здымнага жылля не прад’яўляюць.

Тут жа трэба задаць галоўнае пытанне ўласніку: ці збіраецца ён прадаваць кватэру? Дагавор добра абараняе ад папярэдняга высялення, аднак усё ж варта даведацца аб планах уладальніка на кватэру і ці зможаце вы перазаключыць дагавор праз год.

На жаль, у заканадаўстве не прапісана, што арэнднае жыллё становіцца ў пэўным сэнсе недатыкальнай уласнасцю наймальніка, так што вырашаць пытанне аб візітах і праверках прыйдзецца з гаспадаром у прыватным парадку, і чым раней, тым лепш.

Падатак. Яго лепш заплаціць

Сума падатку за здачу ў арэнду кватэр і гаражоў залежыць ад месцазнаходжання аб’екта. Гаворка ідзе аб фізічных асобах, якія здаюць жыллё без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў.

Так, у Мінску падаходны падатак за здачу аднаго пакоя сёлета павысілі да 43,9 рубля ў месяц. Летась ён складаў 36,8 рубля. Для абласных гарадоў, уключаючы Брэст, гэты збор павялічылі да 41,2 рубля (было — 34,5 рубля).

Падаходны падатак для 16 буйных гарадоў абласнога падпарадкавання павысілі да 27 рублёў. Такая стаўка будзе распаўсюджвацца на Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліду, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Оршу, Пінск, Полацк, Рэчыцу, Светлагорск, Слуцк і Салігорск.

Для іншых гарадоў абласнога, раённага падпарадкавання і пасёлкаў гарадскога тыпу падатак зрабілі 19,8 рубля (было — 16,6 рубля), а ва ўсіх астатніх населеных пунктах — 14,2 рубля (было — 11,9 рубля).

Што датычыцца гаражоў, то ў Мінску падатак за здачу аднаго жалезабетоннага або цаглянага будынка паднялі да 18,2 рубля (раней ён складаў 15,2 рубля), у абласных цэнтрах — да 15,6 рубля (было — 13,1 рубля), у 16 гарадах, пра якія ішла гаворка вышэй, — да 10 рублёў (было — 8,4 рубля).

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Бюджэтныя арэндныя кватэры летам былі «вымытыя», але не ўсе...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.