Вы тут

Аршанскай зямлі прысвячаецца...


Такія кнігі, адну з якіх мне пашчасціла адкрыць, — рэдкая з’ява ў сучасным айчынным кнігавыданні. Размова пра асобнік «Аршанская зямля. Вялікая гісторыя малой радзімы» — сапраўдны фаліянт, што пабачыў свет у выдавецтве «Форум». Укладальнікі калектыўнай працы — Валянцін Голубеў, Таццяна Бялова, Алена Пастэрнакевіч. Пад адной вокладкай сабрана амаль 100 умоўных друкаваных аркушаў.


Выдаўцы падкрэсліваюць на адной з першых старонак, што кніга выдадзена ў Год міру і стваральнай працы. І побач з гербам — словы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі: «У нас ёсць спрадвечныя светапоглядныя асновы, якія робяць беларусаў нацыяй. Іх нельга страціць. Задача — зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі». А праз старонку — эпіграф неўміручага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча — з яго знакавага твора «Орша»: «Яна не блішчыць красою, // А ў сэрца навек запала // З паркам сваім змарнелым, // З сваёй Кабыляцкай гарой, // З лянівай сястрой Аршыцай, // Што летам бруіцца памалу // Ў шырокі, як песня наша, // Магутны, сівы Дняпро».

У «Аршанскай зямлі...» — сем раздзелаў: «Рша», «Прывілей», «Буквар», «Вера», «Замкі», «Войны», «Радзіма». Аповед пачынаецца з далёкай мінуўшчыны. На самым пачатку выдання пададзены гістарычны каляндар — «Орша ў коле часу». Адметна, што істотнае месца займаюць у ім падзеі, даты, звязаныя з тысячагоддзямі да нашай эры, са стагоддзямі да вызначальнага 1917 года. Несумненна, сучасны летапіс носіць даволі падрабязны характар.

Уражваюць дызайнерскія, мастацкія рашэнні ў афармленні кнігі. Літаральна кожная ілюстрацыя (а іх у «Аршанскай зямлі...» сотні) працуе на змест, дапаўняе словы, дазваляе затрымлівацца на кожнай старонцы. Вельмі моцнай падаецца тая частка, дзе распавядаецца пра археалагічныя знаходкі ў Оршы і ваколіцах. І гэта невыпадкова. Адзін з аўтараў кнігі — доктар гістарычных навук, вядомы беларускі археолаг Вольга Ляўко (1947–2021), якая, на вялікі жаль, не дачакалася выхаду ў свет гэтай унікальнай працы. Рэпрадукцыі старадаўніх мініяцюр, карт ствараюць атмасферу прысутнасці ў далёкіх часінах. Аўтары кнігі падрабязна ўзнаўляюць асноўныя фрагменты Аршанскай гісторыі, у якасці аргументаў прыводзяць архіўныя дакументы. Даволі цікавым падаецца нарыс «Гербы горада Оршы». Яго дапаўняе расповед «Гербы Аршанскага раёна». Свая адметная геральдычная «біяграфія» ў Копысі, Балбасава, Барані — слаўных паселішчаў Аршанскай зямлі, кожнае з якіх вартае асобнага кніжнага выдання. Мяркую, што фаліянт, выпушчаны ў «Форуме», зрушыць ініцыятыву мясцовых даследчыкаў, мясцовых краязнаўцаў — і ў дадатак да існуючай ужо бібліятэкі кніг пра Аршаншчыну з’явяцца новыя выданні. Іх не хапае ў школьных бібліятэках, яны патрэбныя ва ўсіх ВНУ краіны. Такія кнігі выхоўваюць праз веды сапраўдны патрыятызм.

Ужо з першых старонак «Аршанскай зямлі...» поруч з дакументальнымі, навукова-папулярнымі, публіцыстычнымі тэкстамі і фатаграфічным і мастацкім ілюстрацыйным матэрыялам да ўвагі чытачоў — малюнкі таленавітага, яркага мастака Каміля Камала. Ён, захоўваючы свой светапогляд, узіраецца ў сівыя стагоддзі, у самыя розныя падзеі. Кніжны графік паказвае жыццё і людзей праз уласнае шкельца асэнсавання Оршы і яе насельнікаў. Ён, мастак, не развітваецца з чытачом, адлюстраваўшы даўніну, а крочыць па ўсёй кнізе…

Першыя раздзелы «Аршанскай зямлі...» пераконваюць у тым, што каманда навукоўцаў, публіцыстаў здолела працаваць у «адным ключы», ведаючы, дзеля якой мэты іх аб’яднала выдавецтва, аб’ядналі ўкладальнікі кнігі. А мэта надзвычай адказная — стварыць папулярную і разам з тым надзвычай грунтоўную, дакладную ў выкладанні гістарычнага і сучаснага матэрыялу энцыклапедыю. І мэта — сумнявацца ў гэтым не даводзіцца! — дасягнута!.. Прыклад такой супольнай працы ўражвае. Аб’яднанне вакол аднаго выдавецтва гэтулькі аўтарытэтных аўтараў — таксама вартая ўвагі падзея.

Старонкі раздзела «Духоўнае жыццё Оршы канца XVІ—XXІ стст.» можна з пэўнай доляй дакладнасці лічыць асобнай кнігай ці на крайні выпадак — асновай для кнігі на гэтую тэму. Храмы ў Оршы будавалі на працягу ўсяго Сярэднявечча. Як сведчанне гэтага, захавалася знакамітае Аршанскае рукапіснае Евангелле XІІІ ст. У 1593 г. рускі дзяк Ціхан Карабейнікаў у сваіх дарожных нататках адзначыў наяўнасць у Оршы сямі прыходскіх цэркваў. Падрабязны расповед у гэтым раздзеле — пра Куцеінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр. Можна, прачытаўшы яго гістарычную «біяграфію», прагледзеўшы добрых два дзясяткі ілюстрацый, прысвечаных манастыру, адразу выбірацца ў вандроўку да гэтых мясцін.

Асобная тэма ў «Аршанскай зямлі...» — Вялікая Айчынная вайна, абарона Оршы ў 1941 годзе, вызваленне Аршаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (горад быў вызвалены 27 чэрвеня 1944 года — войскамі 11-й гвардзейскай арміі і 31-й арміі), партызанская барацьба на Аршаншчыне. Падрабязна расказваецца ў кнізе пра Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Унікальныя здымкі сведчаць і пра падзеі, звязаныя з ушанаваннем подзвігаў гэтага легендарнага арганізатара партызанскагга руху: пра тое, як у 1955 г. усталёўваўся помнік К. Заслонаву. Нельга без хвалявання ўглядацца ў фотаздымкі пра першыя дні пасля вызвалення... Гэтыя ілюстрацыйныя дакументы яшчэ многія дзесяцігоддзі і стагоддзі будуць расказваць нашым нашчадкам пра здзекі фашыстаў і іх памагатых з мірных жыхароў, пра генацыд народа Беларусі. Такое не забываецца! За такое не даруюць!..

Выданне «Аршанскай зямлі...» — працаёмкі творчы, друкарскі праект. Кніга аддрукавана на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа і сведчыць пра адказнасць, высокі ўзровень працы нашых паліграфістаў, іх шырокія творчыя і тэхналагічныя магчымасці.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.