Вы тут

Невядомыя інскрыпты Якуба Коласа


Нядаўна, 3 лістапада, адзначаўся чарговы дзень нараджэння Якуба Коласа. Раскажам пра аднаго чалавека з акружэння паэта, які віншаваў класіка з юбілеем у 1942 годзе і з якім звязаны новыя знаходкі ў галіне навуковага коласазнаўства.


«Константин Михайлович! Не только юбилейный, а самый искренний, сердечный Вам привет», — такую запіску з віншаваннем даслаў Якубу Коласу Барыс Лепскі. Тэкст напісаны на невялікім аркушы паперы, дзе збоку чытаецца надпіс «г. Ташкент, тип.[ография] „Фрунзевец“, зак. № 4310-42 г.».

Пра аўтара паштоўкі вядома нямнога. Барыс Аронавіч Лепскі нарадзіўся ў 1902 годзе. Ён — літаратар. Да 1921 года працаваў бібліятэкарам. Напрыканцы 1920-х гадоў Лепскі — сябра праўлення Смаленскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, працаваў рэдактарам часопіса «Наступление» (1931–1932), намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Красноармейская правда».

Лёс Барыса Лепскага пакручасты. У 1938 годзе ён быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС. У 1939-м апраўданы і вызвалены з турмы, з’ява даволі рэдкая па тым часе. Пасля вызвалення Лепскі пераехаў у Ташкент, дзе жылі яго маці і сястра. У сталіцы Узбекістана Барыс Аронавіч працаваў у рэдакцыях газет «Правда Востока» і «Фрунзевец», з якімі падчас Вялікай Айчыннай вайны цесна супрацоўнічаў Якуб Колас.

Свайму сябру, беларускаму пісьменніку Міхасю Лынькову 8 кастрычніка 1941 года Якуб Колас напісаў: «Здесь, в Ташкенте, я встретил одного из твоих знакомых, тов. Лепского. Он был сначала секретарём в „Правде Востока“. Сейчас работает в той же должности в одной из военных газет».

Класік беларускай літаратуры два з паловай года жыў і працаваў у Ташкенце, куды падчас вайны была эвакуіравана Акадэмія навук БССР. Барыс Лепскі згадваецца і ў дзённіках паэта, напісаных у гады ваеннага ліхалецця. Так, 29 сакавіка 1943 года паэт напісаў: «Заходзіў у рэдакцыю Фрунзеўца, гаварыў з т. Лепскім...».

Падчас сустрэч з Барысам Лепскім паэт падарыў яму дзве кнігі, на якіх пакінуў некалькі радкоў на памяць. На асобніку зборніка вершаў «Адпомсцім», які быў выдадзены ў Маскве ў 1942 годзе, беларускі пясняр напісаў: «Дорогому Борису Ароновичу Лепскому на память. Якуб Колас. 

31.VІІІ.1942 г. Ташкент.». Праз месяц Колас падарыў Лепскаму яшчэ адну кнігу — зборнік вершаў «Голос земли», выдадзены ў Ташкенце на рускай мове ў 1942 годзе да юбілею паэта. На тытульным лісце кнігі фіялетавымі чарніламі аўтар напісаў: «Дорогому Борису Ароновичу Лепскому. Я. Колас. 13.ХІ.1942 г.». Рукапісныя прысвячэнні Якуба Коласа друкуюцца ўпершыню.

Арыгіналы абедзвюх кніг з інскрыптамі класіка беларускай літаратуры захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Узбекістана імя А. Наваі. Якасныя копіі выданняў былі перададзены ў фонды музея песняра дырэктарам Цэнтра народнай дыпламатыі ШАС ва Узбекістане Кабулжонам Касымавічам Сабіравым падчас яго візіту ў Мінск у 2022 годзе.

У 1943 годзе Барыс Лепскі пакідае сталіцу Узбекістана. З яго ад’ездам з Ташкента сувязь з класікам не перапынілася. З дзеючай арміі Барыс Лепскі даслаў Якубу Коласу паштоўку: «Дорогой Константин Михайлович! Пишу Вам наугад в Москву. Сообщения об освобождении от немцев белорусских городов и областей так радостны, что мне захотелось от души поздравить Вас с этим нашим общим торжеством. Я с огромным удовольствием вспоминаю о хороших часах бесед и о чтении Ваших стихов в наших тесных редакционных комнатках. Как Вы живете, что сейчас пишете? О выходе Вашей книги я читал в газетах. Как поживает Лыньков. Прошу передать ему мой самый искренний привет. Желаю Вам всего наилучшего. 3 июля 1944. Б. Лепский». Сімвалічна, што ліст быў напісаны ў дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З архіўных матэрыялаў вядома, што Барыс Лепскі працаваў рэдактарам газеты «Советский патриот» 6-й запасной стралковай дывізіі, у 1945–1946 гадах — агітатарам палітаддзела 110-й стралковай дывізіі Харкаўскай ваеннай акругі. Лепскі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а ў 1946 годзе ў званні капітана звольнены з арміі па стане здароўя. Далейшы лёс адрасата коласавых інскрыптаў невядомы.

Спадзяёмся, што знаходкі і новыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, яшчэ будуць радаваць даследчыкаў і навукоўцаў. Архівы, музеі, бібліятэкі і прыватныя архівы Узбекістана — адзін з прыярытэтных кірункаў для ажыццяўлення іх пошуку.

Васіліна МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».