Вы тут

Удзельнікі сустрэчы з Прэзідэнтам расказалі, як далей будзе ажыццяўляцца працэс палітычнага будаўніцтва


Лідары партый падзяліліся, якія высновы зрабілі для сябе. А эксперты выказалі меркаванне наконт удзелу партый у хуткай электаральнай кампаніі. 


Алег Раманаў: «Патэнцыял партый яшчэ не раскрыты»

«Наша партыя створана па ініцыятыве грамадскага аб’ядання „Белая Русь“ і працуе ў цеснай сувязі з ім. Акрамя станоўчых бакоў, тут ёсць і пэўныя праблемы. Асноўная заключаецца ў тым, што людзі на месцах не заўсёды адрозніваюць грамадскае аб’яднанне і партыю. Мы бачым рашэнне гэтай праблемы ў тым, што неабходна рэалізаваць такую стратэгічную задачу, якая дазволіць, з аднаго боку, прынесці карысць беларускаму грамадству, заваяваць аўтарытэт у нашых грамадзян, а з другога боку, дакладна вызначыць месца ў палітычным полі нашай краіны. Мяркуем, што такой задачай можа стаць палітычная асвета грамадства і фарміраванне яго палітычнай культуры», — сказаў Алег Раманаў, старшыня Беларускай партыі «Белая Русь». Па яго словах, у грамадскага аб’ядання і ў партыі «Белая Русь», нягледзячы на яе малады ўзрост, ужо напрацаваны пакет праектаў гэтага накірунку. У верасні партыя правяла маштабны патрыятычны праект «Час», стала ўдзельнікам грамадска-палітычнага марафона «17 граняў адзінства» і грамадска-палітычнай акцыі «Беларусь адзіная».. «Патэнцыял партый яшчэ не раскрыты. І Прэзідэнт, які глыбока пагружаны ў тэму партыйнага будаўніцтва, сарыентаваў нас на тое, каб кожная партыя набыла сваё аблічча і людзі разумелі, што яна робіць і чым партыі адрозніваюцца адна ад адно, якую канкрэнтную працу яны праводзяць. Партыйцы павінны валодаць двума важнымі якасцямі — дзяржаўнасць і прафесіяналізм. Недастаткова быць чалавекам, які толькі заяўляе аб сваёй падтрымцы Прэзідэнта, палітычнага курсу... Ён павінен быць прафесіяналам у эканоміцы, ідэалогіі, культуры, медыцыны, нейкай значнай сферы дзейнасці. Тады такія людзі змогуць працаваць над развіццём партыі, а праз гэта і на развіццё беларускага грамадства і дзяржавы», — падкрэсліў Алег Раманаў. 


Алег Гайдукевіч: «Канкурэнцыя будзе моцная, і гэта пойдзе краіне на карысць»

Як адзначыў Алег Гайдукевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якая існуе ў краіне з 1994 года, сёння ў яе шэрагах шмат моладзі. ЛДПБ супрацоўнічае з калегамі з Германіі, Аўстрыі, Францыі, Кітая. «Мы не глядзім: левы сектар, правы сектар, працуем з усімі. Ёсць Беларусь — яна вышэй за ўсё», — падсумаваў Алег Гайдукевіч. 

«Асноўная наша задача, яна заўсёды была, ёсць і будзе — гэта жорсткая рыторыка і абарона нацыянальных інтарэсаў краіны. Я ўпэўнены, што ўсе патрыятычныя сілы будуць гэта рабіць», — сказаў Алег Гайдукевіч на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. 

Сустрэчу Прэзідэнта з лідарамі партый у размове з журналістамі Алег Гайдукевіч назваў новым этапам у палітычным жыцці краіны. Па яго словах, якім яно будзе, у многім залежыць ад палітычных партый. «Трэба працаваць. І першы этап гэтай працы, вельмі адказны — хуткія выбары. Таму што ўсе палітычныя партыі ва ўсім свеце ствараюцца для ўдзелу ў выбарчых кампаніях. Ад таго, якія кандыдаты будуць, як будзе праведзена перадвыбарная кампанія, цізмогуць яны дастукацца да выбаршчыкаў, будзе залежаць поспех палітычнай партыі. Але самае галоўнае, што будзе канкурэнцыя на выбарах. А значыць, у выбаршчыка будзе выбар за каго галасаваць. Гэта таксама важна для развіцця дэмакратыі і народаўладдзя, бо ў канкурэнцыі нараджаецца ісціна. І радуе, што канкурыраваць будуць патрыёты, не здраднікі. Канкурэнцыя будзе моцная, і гэта пойдзе краіне на карысць», — падкрэсліў Алег Гайдукевіч. Ён заўважыў, што паміж беларускімі палітычнымі партыямі ўжо ёсць моцная канкурэнцыя. Лідар ЛДПБ падкрэсліў, што дыскусія павінна быць не на плошчы, а ў парламенце і мясцовых Саветах. 


Аляксей Сокал: «Мэта і задача ў нас адна — захаваць нашу краіну»

Падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Аляксей Сокал расказаў пра асноўныя напрамкі дзейнасці сваёй партыі. Першы — шырокая агітацыйна-прапагандысцкая работа. Другі — далейшае развіццё арганізацыйных структур партыі і павелічэнне колькасці яе членаў. Па словах Аляксея Сокала, у стварэнні пярвічных арганізацый упор будзе рабіцца на сельскую мясцовасць. 

Аляксей Сокал таксама расказаў, што кампартыя мае маладзёжнае крыло «Ліга камуністычнай моладзі». «Яна ні ў якім разе не дзейнічае ў процівагу БРСМ. Наадварот, сумесна выбудоўваем работу дзеля палітычнай і дыпламатычнай асветы моладзі і стварэння на партыйнай аснове сацыяльнага ліфта для маладога пакалення», — расказаў ён. Ліга камуністычай партыі ўваходзіць у Сусветную федэрацыю дэмакратычнай моладзі. «СФДМ бачыць у Рэспубліцы Беларусь дзяржаву, у якой захаваліся найлепшыя традыцыі постсавецкай прасторы, і звярнулася да нас з просьбай аб магчымасці правядзення ў Беларусі Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў», — расказаў лідар партыі. Ён прапанаваў сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання прапрацаваць гэтую ініцыятыву. Аляксей Сокал нагадаў, што сёлета партыя правяла ў Мінску антыфашысцкі форум. Лідар Камуністычнай партыі падкрэсліў, што форум і далей будзе праходзіць на пляцоўках Беларусі, Расіі, далёкага замежжа.

«Час няпросты, знешні контур не дае магчымасці расслабляцца. Таму дзяліць парламенцкую або мясцовую ўладу мы не будзем. Мэта і задача ў нас адна — захаваць нашу краіну, захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць», — сказаў Аляксей Сокал журналістам. 


Аляксандр Хіжняк: «Час прымушае працаваць больш інтэнсіўна»

Каментуючы журналістам вынікі сустрэчы з Прэзідэнтам, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк выказаў меркаванне, што Прэзідэнту блізкія тыя пытанні, якія падымае яго партыя. «Праца — аснова дзяржавы, гэта магчымасць самарэалізацыі, гэта магчымасць для далейшага жыцця і развіцця. Неаднойчы Прэзідэнт падымаў пытанні справядлівасці, яе каштоўнасці і неабходнасці сёння ва ўнутраных і ў міжнародных адносінах. Мы таксама разумеем, што гэта наша тэматыка і мы будзем яе выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці», — сказаў ён. Па яго словах, сакрэт поспеху заўсёды адзін — адданая праца. Зараз перад Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці стаіць задача павысіць сваю пазнавальнасць сярод насельніцтва, больш гучна заявіць аб сабе. 

«Этап, які мы прайшлі перед перарэгістрацыяй, змена кіраўніцтва, вывядзенне партыі на іншыя магчымасці, арганізацыйная работа паказала, што, калі ты працуеш, даносіш да грамадзян сваю пазіцыю, тады і знойдзеш пэўны водгук. Таму мы працягнем работу ў гэтым накірунку. Час прымушае працаваць больш інтэнсіўна, чым калі-небудзь», — расказаў Аляксандр Хіжняк. 


Ігар Карпенка: «Прадстаўнікі партый могуць патрапіць у склад УНС»

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка расказаў журналістам, што лідары ўсіх чатырох палітычных партый пацвердзілі свой намер актыўна ўдзельнічаць у будучай выбарчай кампаніі. Партыі маюць права і плануюць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склады выбарчых камісій, удзельнічаць у выбарах у якасці наглядальнікаў. Увогуле старшыня ЦВК заўважыў, што апошнім часам у Беларусі адбылася сур’ёзная трансфармацыя выбарчай сістэмы. «Гэта звязана з тым, што прыняты змены ў Канстытуцыю, адначасова ўнесены змены ў Выбарчы кодэкс. Пасля адзінага дня галасавання неабходна абраць членаў Савета Рэспублікі і дэлегатаў УНС ад дэпутацкага корпуса Саветаў і структур грамадзянскай супольнасці. Партыі ў дадзеным выпадку не з’яўляюцца структурамі грамадзянскай супольнасці. Разам з тым іх прадстаўнікі могуць патрапіць у склад УНС праз удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў», — сказаў Ігар Карпенка. Ён расказаў, што ЦВК падрыхтаваў метадычныя рэкамендацыі для ўдзельнікаў электральнай кампаніі, у тым ліку і для партый. Яны будуць у свабодным доступе. «Калі спатрэбяцца нейкія кансультацыі, адказы на пытанні, звязаныя з прымяненнем норм выбарчага заканадаўства, мы гатовы такія кансультацыі правесці для прадстаўнікоў усіх палітычных партый і тых суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе, — сказаў кіраўнік ЦВК.


Вадзім Гігін: «Нам палітычны антураж не патрэбен»

Старшыня РДГА «Веды», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін падкрэсліў, што цалкам нармальна, калі і ў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і ў прадстаўнікоў палітычнай сферы ёсць палітычныя амбіцыі. Нармальна, што ў людзей ёсць розныя ідэалагічныя арыенціры для людзей. «Але мы павінны накіроўваць гэта ў правільнае рэчышча — вось гэта галоўная функцыя палітычных партый. Як гэты працэс арганізаваць? Заканадаўчы базіс сфарміраваны. Цяпер задача ў актыўнасці саміх палітычных дзеячаў і вельмі дакладным узаемадзеянні з уладай», — сказаў ён. 

Эксперт упэўнены, што людзі павінны ведаць кожную партыю па яе лідарах, а не па адным чалавеку. Павінны ведаць па ідэалагічнай платформе. Па словах Вадзіма Гігіна, усе палітычныя партыі стаяць на адной платформе (аб чым усе дамовіліся) — на павазе да Канстытуцыі, дзяржаўных сімвалаў, нашых дасягненняў. А на іншыя пытанні, як напрыклад, вырашаць праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскай гаспадаркі, на што ўказаць мясцовым органам улады, ураду, кожная партыя вырашае сама. 

Важным момантам у дзейнасці палітычных партый Вадзім Гігін назваў міжнароднае супрацоўніцтва. «У парламентах ёсць партыі, дэпутаты, якія гатовы ісці насустрач Беларусі, прычым часта апярэджваючы свае ўрады. У гэтым задача партыяў», — сказаў ён. Пры гэтым, эксперт нагадаў, што Прэзідэнт дакладна абазначыў — не трэба нічога капіраваць. Таксама па словах Вадзіма Гігіна, не трэба гнацца за мноствам партый. 

«У Беларусі палітыка вельмі рацыянальная. Нам палітычны антураж не патрэбен. Нам патрэбная рэальная прагматычная дзейнасць, накіраваная на ўмацаванне грамадства, на тое, каб мы бачылі крытычныя заўвагі ў людзей, давалі магчымасць легальнай цывілізаванай крытыкі. І вось у гэтай нармальнай цывілізаванай дыскусіі, засноўваючыся на нашай Канстытуцыі, рухаліся краінай наперад. Мы не будзем выбудоўваць па заходніх лякалах маніпулятыўную дэмакратыю — для карцінкі стварыць партыі, зымітаваць нейкую палітычную барацьбу. Вазьміце для прыкладу Польшчу. Такая бойка ішла напярэдадні парламенцкіх выбараў, да лютасці даходзіла. Ну і што зараз? Што, Польшча неяк прынцыпова курс змяніла? Ці ў ЗША імітуюць такую бойку, а насамрэч усё кантралюе глыбінная дзяржава». — сказаў Вадзім Гігін. Па яго словах, у Беларусі глыбіннай дзяржавы няма. Рэальная ўлада ў Прэзідэнта. Урад адказвае за эканоміку. Парламентарыі ўключаны ў пытанні заканадаўчыя і не толькі. Задача партый — накіроўваць ініцыятыву людзей у законнае рэчышча. 

«У нас паступова сфарміруецца такая катэгорыя людзей, як „прафесійныя палітыкі“ — людзі з жыццёвым вопытам, якія будуць займацца барацьбой за ўладу, хоць мы і баімся гэтага слова. Барацьба за ўладу ўсё роўна ідзе, яна ёсць ва ўсіх краінах. Яна, як Прэзідэнт сказаў, не павінна ператварацца ў бойку за ўладу. Вось у гэтым функцыя палітычных партый — захоўваць цывілізаванае рэчышча», — сказаў эксперт. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.