Вы тут

Інжынеры заўтрашняга дня. У «Канікулах ў БНТУ» паўдзельнічалі больш за 300 старшакласнікаў


«Моладзь — магутны акумулятар жыццёвай энергіі. Галоўнае — накіраваць яе ў правільнае рэчышча... Падчас прыёмнай кампаніі вырашаецца лёс маладых людзей. І мы павінны дапамагчы ім зрабіць правільны выбар», — такую думку выказаў падчас сустрэчы з патэнцыяльнымі абітурыентамі першы прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Георгій Вяршына. Падчас восеньскай паўзы ў навучальным працэсе для школьнікаў у вядучым тэхнічным універсітэце краіны было арганізавана прафарыентацыйнае мерапрыемства «Канікулы ў БНТУ». Удзел у ім узялі больш за 300 старшакласнікаў з 21 населенага пункта.


Перспектывы працаўладкавання

На дадзены момант у БНТУ навучаюцца 30 тысяч чалавек, а калі прыбавіць колькасць супрацоўнікаў, то атрымаецца 40 тысяч чалавек — гэта насельніццтва даволі вялікага горада.

— Мы — салідная дзяржаўная арганізацыя, якая вырашае пытанні адукацыі, прычым навучанне арганізавана па сістэме непарыўнай падрыхтоўкі. Толькі дзіцячага садка няма. Затое ёсць Ліцэй БНТУ, дзве ступені вышэйшай адукацыі, Міжнародны інстытут дыстанцыйнай адукацыі, аспірантура, дактарантура, два інстытуты павышэння кваліфікацыі... І хачу вас запэўніць, што калі вы зробіце свой выбар на карысць БНТУ, то зможаце рэалізаваць сябе тут у поўнай ступені, — паабяцаў абітурыентам Георгій Вяршына. — Я маю на ўвазе не толькі інжынерную адукацыю. У нас ёсць аркестр народных інструментаў, ансамбль танца, каманды па 32 відах спорту, творчыя клубы — калі ласка, рэалізуйце сабе, дзе ваша душа пажадае. У нас толькі народных калектываў — шэсць.

Па словах першага прарэктара, усе абітурыенты падзяляюцца на чатыры катэгорыі. Першая група — тыя, хто самі прымаюць рашэнне. Ніхто на іх выбар ужо паўплываць не зможа. Такіх прыкладна 40 працэнтаў. Другая катэгорыя — тыя, хто паступае па парадзе ці па валявым рашэнні бацькоў (іх 25–30 працэнтаў). Кожны пяты паступае па парадзе сяброў. А яшчэ 10 працэнтаў арыентуюцца на суму набраных балаў і глядзяць, куды яны могуць з імі прайсці.

Не сакрэт, што моладзь часта выбірае спецыяльнасць, арыентуючыся на моду і кідкую назву, а не на перспектывы працаўладкавання. «Для мяне як для першага прарэктара ўсе спецыяльнасці актуальныя і патрэбныя краіне, я іх сам адкрываў. Не сумнявайцеся, патрэба ў інжынерных кадрах у краіне настолькі вялікая, што падчас размеркавання выпускнікоў мы не можам задаволіць усе заяўкі ад наймальнікаў. Многія работадаўцы прыглядаюцца да нашых студэнтаў яшчэ на першых курсах», — запэўніў Георгій Вяршына.

Цэнтралізаваны экзамен і ЦТ

Па словах першага прарэктара, шмат карыснай інфармацыі можна знайсці на сайце ўніверсітэта, але пра важныя нюансы там не даведаешся…

— Усе выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі 2024 года будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены. Першы — па дзяржаўнай мове — абавязковы. Дысцыпліну для другога абавязковага цэнтралізаванага экзамену абітурыенты выбіраюць самі. Калі вы збіраецеся паступаць на спецыяльнасці тэхнічнага блока, трэба, каб другой дысцыплінай на ЦЭ была матэматыка. Яна ідзе ў нас першай профільнай дысцыплінай. А на ЦТ тады будзеце здаваць фізіку, — параіў Георгій Вяршына. — Калі ж размова ідзе пра эканамічныя спецыяльнасці, там абавязковая дысцыпліна — замежная мова. Можна здаваць на ЦЭ любую з замежных моў, у тым ліку і кітайскую.

На цэнтралізаваны экзамен выпускнікоў зарэгіструюць у школе, а на ЦТ трэба рэгістравацца самім. Важна не прапусціць тэрміны. Першае правіла: і на цэнтралізаваным экзамене, і на цэнтралізаваным тэсціраванні трэба мець з сабой дакумент, які сведчыць асобу, прычым ён не павінен быць пратэрмінаваным. Без яго ў экзаменацыйную аўдыторыю не патрапіць. Забыты ці згублены пропуск можна аднавіць, аформіць у месцы правядзення экзамену дублікат. Але роўна ў 11 гадзін дзверы пунктаў правядзення ЦЭ і ЦТ зачыняюцца. Таму трэба прыходзіць загадзя.

Першы прарэктар параіў нікому не спадзявацца на «разумныя» гадзіннікі ці класічныя шпаргалкі. Ва ўсіх памяшканнях універсітэта дзейнічае відэаназіранне. Быў выпадак, калі ад удзелу ў экзамене адхілілі маладога чалавека. Калі бацькі паспрабавалі гэта рашэнне апратэставаць, ім паказалі відэазапіс. У прыбіральню хлопец выходзіў пяць разоў, прычым са смартфонам, якога ў яго ў прынцыпе не магло быць з сабой, бо ён забаронены. У экзаменацыйную аўдыторыю можна ўзяць з сабой пашпарт, пропуск, чорную ручку і спадзявацца толькі на свае веды.

Георгій Вяршына папярэдзіў, што цяпер пры паступленні ў ВНУ можна здаваць толькі тры дысцыпліны: школьнікі здаюць два ЦЭ і адно ЦТ, а выпускнікі каледжаў і выпускнікі агульнаадукацыйных устаноў папярэдніх гадоў здаюць тры ЦТ. Здаць рэзервовую дысцыпліну, каб пашырыць кола спецыяльнасцяў, немагчыма. Трэба вызначацца з выбарам адразу.

Льготы для інжынерных класаў

Першы прарэктар параіў абітурыентам прыгледзецца да мэтавага набору. Ужо сёння можна пачынаць пошукі наймальніка, які будзе згодны падаць заяўку на мэтавую падрыхтоўку спецыяліста за сродкі рэспубліканскага бюджэту. А заключаць дагаворы на мэтавую падрыхтоўку цяпер могуць усе прадпрыемствы, незалежна ад месца іх знаходжання, у тым ліку і ў буйных гарадах.

Для тых, хто прэтэндаваў сёлета на мэтавыя месцы, была створана асаблівая траекторыя паступлення. Па-першае, яны здавалі толькі адзін іспыт па профільным прадмеце ў вуснай форме прыёмнай камісіі, створанай у ВНУ, а па-другое, тэрміны прыёмнай кампаніі для іх былі выдзелены ў асобны этап.

Вынік уступнага іспыту і сярэдні бал атэстата абітурыента — гэта тая сума балаў, што ўплывае на рэзультатыўнасць удзелу ў конкурсе. А конкурс на мэтавае месца павінен быць забяспечаны, бо ў процілеглым выпадку мэтавае месца перадаецца на агульны конкурс.

Апошні дзень падачы дакументаў у БНТУ — традыцыйна адзін з самых эмацыянальна напружаных. Спецыяльнасцяў шмат, а набор сертыфікатаў на многіх з іх аднолькавы. У кагосьці не вытрымліваюць нервы, і пачынаецца рух дакументаў: забіраюць, падаюць, спрабуюць угадаць, куды яшчэ можна прайсці…

— Апошняе абнаўленне інфармацыі аб пададзеных дакументах будзе ў 17 гадзін. У 18 гадзін мы зачыняем дзверы ў корпус, дзе знаходзіцца прыёмная камісія. Нікога не выганяем на вуліцы. Калі абітурыенты непаўналетнія, яны могуць заставацца ў корпусе разам з бацькамі. Да 18 гадзін прыёмная камісія выдае дакументы. Пасля шасці вечара забраць дакументы ўжо будзе немагчыма. А вось падаваць іх можна. Прыёмная камісія працуе да таго моманту, пакуль дакументы не падасць апошні абітурыент. А гэта можа адбыцца і апоўначы. Потым усе павінны выйсці з корпуса. Новыя звесткі аб пададзеных дакументах з’явяцца ў 12 гадзін наступнага дня.

Ва ўдзельнікаў мерапрыемства была магчымасць задаць пытанні першаму прарэктару. Іх, у прыватнасці, цікавіла, ці будуць карыстацца льготамі пры паступленні выпускнікі інжынерных класаў.

— Адкрыццё па ўсёй краіне інжынерных класаў было ініцыятывай БНТУ. Навучальную праграму курса распрацоўвалі таксама нашы выкладчыкі. У гэтым годзе мы набралі дзясятыя інжынерныя класы, у якіх навучаюцца 2,5 тысячы вучняў. Адпаведна выпуск адбудзецца толькі ў 2025 годзе. Мы плануем, што пры паступленні па тэхнічным профілі для іх выпускнікоў будуць прадугледжаны такія ж льготы, якія маюць выпускнікі педагагічных, спартыўна-педагагічных, ваенна-патрыятычных і сельскагаспадарчых класаў. Гэта значыць, што паспяховыя вучні змогуць паступаць на інжынерныя спецыяльнасці без экзаменаў па выніках гутаркі, якая дапаможа пераканацца, што выбар абітурыентам здзяйсняецца свядома.

Дызайн + тэхнічныя веды

Далей усе ўдзельнікі былі падзелены на тры профілі (інжынерны, эканамічны, архітэктурны) і адправіліся на тэматычныя мерапрыемствы, якія ўключалі лекцыі, майстар-класы, бізнес-гульні і экскурсіі, экскурсію ў Навукова-тэхналагічны парк «Палітэхнік».

Адзін з майстар-класаў па прамысловым дызайне аўтатранспартных сродкаў прайшоў на аўтатрактарным факультэце БНТУ. 

І правялі яго для школьнікаў старшыя выкладчыкі кафедры «Трактары» Кацярына Ганчарова і Андрэй Дзёма. На факультэце ёсць спецыяльнасць «Прамысловы дызайн» (дызайн транспартных сродкаў).

Кацярына Ганчарова: «Усе праекты ствараюцца пад тэмы, якія дасылаюць нам прадпрыемствы»

Слухачоў майстар-класа пагрузілі ў гісторыю дызайну аўтатранспартных сродкаў, якая налічвае ўжо амаль паўтара стагоддзя. За гэты час пройдзены шлях ад першых аўтамабіляў, якія вельмі нагадвалі конныя фурманкі з мудрагелістымі рашоткамі і латуневымі ліхтарамі да канцэпт-артаў, якія могуць з’явіцца ў будучыні. Кожная эпоха ў аўтамабілебудаванні характарызавалася ўласным стылем, эстэтыкай і тэхналагічнымі інавацыямі. Па-сапраўднаму таленавітыя прамысловыя дызайнеры не толькі дасягаюць «вау-эфекту» з дапамогай незвычайных візуальных рашэнняў, але і выдатна выкарыстоўваюць усе гэтыя прыёмы для паляпшэння тэхнічных характарыстык машын.

У апошняе дзесяцігоддзе ў аўтамабільным дызайне акрэслілася некалькі новых тэндэнцый. Адной з найболей прыкметных з’яўляецца арыентацыя на электрычныя аўтамабілі, якія становяцца ўсё больш папулярнымі ў сувязі з ростам увагі да экалогіі.

— Размяшчэнне колаў у электрычных транспартных сродках дазваляе ствараць практычна любы дызайн, — тлумачыць Кацярына. — Электрычныя аўтамабілі вылучаюцца гладкім, аэрадынамічным дызайнам. Ёсць такое паняцце, як залатая прастора аўтамабіля, якая робіць яго больш дарагім. Гэта прастора паміж колам і лабавым шклом. Калі вы глядзіце на аўтамабіль збоку, чым больш дарагая машына, тым большай будзе гэта прастора. І калі дызайнеры ствараюць аўтамабіль прадстаўнічага класа, яны павінны гэта патрабаванне ўлічваць.

Студэнты БНТУ, па словах Кацярыны, рэдка канцэнтруюць увагу на дызайне легкавых транспартных сродкаў, таму што ў нашай краіне больш перспектыўна ствараць дызайн пасажырскага транспарту (аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў), машын спецыяльнага прызначэння, дарожна-будаўнічай тэхнікі, гусенічнай, аўтатрактарнай тэхнікі, бо ёсць прадпрыемствы, якія могуць гэта рэалізаваць: МАЗ, БелАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, МТЗ. Напрыклад, яны ўдзельнічалі ў стварэнні пажарных машын, машын для шахт, розных пагрузчыкаў. Дарэчы, аўтамабіль-цягач для вайскоўцаў «Волат» стварала дзяўчына. Дзякуючы новай эрганоміцы, колероваму рашэнню, цікавай рашотцы з каласком ваенная тэхніка выглядае вельмі па-сучаснаму і нават стыльна.

— Усе дызайн-праекты ствараюцца пад тэмы, якія дасылаюць нам прадпрыемствы. Студэнты выбіраюць са спіса тое, што ім цікава, — расказвае Кацярына. — Адзін з такіх праектаў — турыстычны аўтобус павышанай змяшчальнасці — 80 чалавек замест звычайных 60. Аўтар (зноў такі дзяўчына) цяпер працуе на МАЗе, дзе і ўвасабляе яго ў жыццё. Увогуле, распрацоўваючы экстэр’ер і інтэр’ер сучаснага пасажырскага транспарту, мы заўсёды думаем аб людзях з дадатковымі патрэбамі.

Андрэй Дзёма: «На выхадзе выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю „інжынер, дызайнер“»

Праграма навучання па спецыяльнасці «Прамысловы дызайн (транспартных сродкаў)» пабудавана так, што ў першыя гады студэнты вывучаюць інжынерны складнік разам з такімі дысцыплінамі, як фізіка, вышэйшая матэматыка, інжынерная графіка, чарчэнне, камп’ютарная графіка, інфарматыка і інфармацыйныя тэхналогіі. Пасля асноў ідуць профільныя прадметы, звязаныя непасрэдна з дызайнам. Асноўныя дысцыпліны — малюнак, жывапіс, каларыстыка, асновы дызайну, канструяванне і праектаванне ў дызайне, макетаванне і 3D-мадэляванне. На выхадзе выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю «Інжынер, дызайнер» і могуць працаваць на пасадах дызайнераў, інжынераў, мастакоў-канструктараў у сферах, звязаных з праектаваннем, даследаваннямі ў галіне машынабудавання, дызайнерскіх бюро.

Ксенія Саўчык і Сабіна Лёвіна: «Творчасць — тая сфера, у якой нам хацелася б развівацца»

Для абітурыентаў архітэктурнага факультэта для ўдзельнікаў «Канікул у БНТУ» прайшла лекцыя-кансультацыя на тэму здачы ўступных іспытаў па прадмеце «Творчасць»: малюнак, кампазіцыя, жывапіс і чарчэнне. Атрымліваецца вельмі сур’ёзны марафон з улікам здачы яшчэ двух ЦЭ. Алё ён не пужае дзвюх сябровак — Сабіну Лёвіну і Ксенію Саўчык, вучаніц 11 класа 147-й мінскай школы. Яны ўпэўнены, што творчасць — менавіта тая сфера, дзе ім хацелася б развівацца. Не пужае і тая акалічнасць, што яны будуць канкурыраваць на экзамене ў тым ліку і адна з адной. «Бацькі спрабуюць мяне адгаварыць, прапануюць разгледзець іншыя спецыяльнасці, куды паступіць, па іх меркаванні, прасцей», — прызнаецца Ксенія. «А мае бацькі ведаюць, што адгаварыць мяне немагчыма, калі я што-небудзь для сябе вырашыла, — кажа Сабіна. — Хацелася б, канешне, паступіць з першай спробы. Але ж мне ў армію не ісці. У крайнім выпадку можна будзе лепш падрыхтавацца і паспрабаваць паступіць праз год. Але я ўпэўнена, што хачу рэалізоўваць сябе ў дызайне».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.