Вы тут

Лісты кахання Яўгеніі Пфляўмбаўм да беларускага паэта


І дрэвы твае у лістах адцвітання,

І вецер зрывае часцей галаву,

Але падымае цябе на світанні

Той боль, што чамусьці 

любоўю завуць...

115 гадоў таму ў сям’і мінскага чыгуначніка Эргарда Пфляўмбаўма нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Яўгеніяй.


Ёй было наканавана доўгае, багатае на падзеі, жыццё.

Выхоўваў яе не бацька — айчым, выкладчык Сакалоўскі, якога яна вельмі любіла і які дапамог атрымаць выдатную адукацыю.

Яўгенія пісала вершы... У асяродку маладых літаратараў, на хвалі нацыянальнага адраджэння, яна і пазнаёмілася з іншым паэтам, на год маладзейшым за яе, Аляксандрам Каратаем, які ўзяў псеўданім Максім Лужанін. Яна — інтэлігентная гарадская дзяўчынка, начытаная, з вытанчанымі манерамі, ён — нядаўні вясковы хлапчук, сын дзяка сельскай царквы... Але надзелены талентам і вострым розумам, і ён цягнуўся да ўзроўню сяброўкі — і апантана назапашваў веды. А яшчэ быў падобны да Маякоўскага... Нават галаву галіў, як той.

Так пачалася доўгая гісторыя кахання. Усё было... У васямнаццаць, у 1926-м, Яўгенія Пфляўмбаўм стала аўтаркай калектыўнага паэтычнага зборніка разам з Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай. Наступны зборнік у яе выйшаў у 1989-м.

Быў шлюб з Максімам Лужаніным. Калі яго ў 1933-м арыштавалі разам з іншымі маладымі паэтамі, былі пакутлівыя чэргі, каб перадаць зняволенаму перадачу... Шлях за каханым у Сібір. Потым ён быў на фронце, яна — у Маскве. Потым вярнуліся ў Мінск, дзе яна да канца жыцця пісала ў стол, нічога не друкуючы, перакладала сусветную класіку, падпісваючыся прозвішчам славутага мужа... А пасля яе сыходу ён, ужо зусім стары, нямоглы, разбіраў яе запісы — у сшытках, нататніках, на аркушыках, перапісваў, рыхтаваў да публікацыі... У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа захоўваецца перапіска Лужаніна і Пфляўмбаўм. Нават знешне тыя лісты вельмі адрозныя — у Лужаніна дробны роўны почырк, Яўгенія піша размашыста, імкліва, літары нібы крычаць... Радкі напоўненыя каханнем. 

Такая напруга, такая адточанасць думкі і гуку, такая жарсць... Так цяпер ніхто не лістуецца. Давайце згадаем урыўкі з лістоў таго часу, калі Яўгенія рыхтавалася ехаць да мужа ў Сіблаг. Гэта было цяжка... Трэба было знайсці грошы. Зняволенага паэта пераводзілі туды-сюды... Урэшце ён апынуўся ў будаўнічым гарадку ў Марыінску. У абодвух бракуе цёплага адзення, прыстойнага абутку, яны клапоцяцца аб здароўі адзін аднаго — і апантана чакаюць сустрэчы.

Яна:

«09.10.1933. Атрымала тры твае лісты. Такія яркія, ці ад сібірскага снегу, ад бадзёрасці тваёй ці ад майго чакання. Цяпер жыву магчымасцю зусім блізкай сустрэчы. Калі б цябе пакінулі ў Новасібірску да заканчэння тэрміну, — я зараз жа выехала б да цябе... Напішы мне пра ўсё, маючы на ўвазе толькі адно тое, што нам трэба быць разам — так будзе ярчэй і жыццё, і праца, і радасць. Хочацца ў Сібір, у халодны чысты снег, у свежасць новага нашага жыцця. У мінулым нічога не шкада. Чаму ты не ўзяў ні курткі, ні цёплых бурак? Вось цяпер мерзнеш у чаравіках, і я нічым не магу дапамагчы. Напішы, ці можна даслаць табе пасылку? Толькі напішы так, як у сапраўднасці, а то ты напішаш, што нельга, каб не прычыняць мне клопату. Ведаю я твой родны ўпарты позірк».

Ён:

«12.11.1933. Дакладней і цвярдзей хадзіць мне зараз, думаючы пра цябе. Хоць гэта мала, але ведаю, што ты бадзёрая, пачуў цябе пасля бясконца доўгіх дзён і начэй. Дзявятага адказаў на твой ліст ад 26-га, а ўчора атрымаў паштоўку. Увечары позна прыйшла яна да мяне, азорыла мутнаватую ноч, паклікала сёння радаснае сонца... Добра, што зноў стала цёпла, і адтуль, дзе ты, — мяккі, зусім не па-зімоваму, хвалюючы вецер. Ідзеш, усміхаючыся сонцу майму, жмурачыся ад белі. Вох, як сонечна! Адчуваю побач думкі, вочы твае. І ўжо расцвітаюць сінія гарызонты блізкай, неабсяжнай, бязмежнай будучыні».

Яна:

«8.11.33. Масква. Дні два я блізкая была да вар’яцтва. Трымалі твае рукі, твае родныя вочы, наша сустрэча. Цяпер пакіну ўсё, абы да цябе, пакліч мяне хутчэй, у любыя абставіны. Сцярплю ўсё, абы разам. Бо так даўно, так доўга без цябе я больш не магу... Як ты там? Так даўно няма ад цябе вестачкі! Заінеў ты ад сцюж, родны мой, холадна табе?.. Сонца снежнага табе, сілы».

Ён:

«1933. Як я хачу цябе бачыць! Стагоддзі нібыта ўсталі паміж намі. І клічу цябе кожным рухам, кожнай думкай. І ў клічы ўсё ясней і магутней забываецца сінеча, пырскае з вачэй сіла і бадзёрасць, ярчэйшыя ўсплываюць агні над горадам. Адзін у вялікім пакоі. І праз змрок акна, праз шматкі снегу — твар твой, родны... Няма разлукі ў нас. Добрай табе ночы! Спакою».

Яна:

«13.11.1933. Родны мой! Няўжо не атрымаў ты да гэтага часу ніводнага майго ліста? Па-ранейшаму трывожышся аб пашпарце, аб працы маёй... А я ж столькі жадала табе ў лістах спакою і радасці нашай... Цяпер засталося адно — дабіцца таго, каб быць разам. На дарогу патрэбны грошы. Пасля месяца працы ў Белліце яны будуць у мяне, прынамсі, на квіток. Астатняе дасць энергія і вялізнае, як бясконцыя кіламетры да снягоў тваіх, маё жаданне бачыць цябе.

Ён:

«20.11.1933. Буркатлівы стары паклаў мне на стол твой ліст. І добрым-добрым здаўся. Вось што ты робіш праз вялізны скрутак прасторы! Сем дзён імчыцца да мяне слова родных вуснаў тваіх. Сем дзён цягнецца яно ў шэрым канверце, каб расцвісці ў мяне ў руках нябачанымі кветкамі нябачаных вясёлак, гарэць не згасаючы. Пятае яно сёння, слова тваё, пяць вялікіх-вялікіх радасцей у адну гэтую дэкаду. Дзявятага — першае, а перад гэтым месяц нясцерпнага чакання, трывогі і разнастайных здагадак. Уначы адчуў, ідучы дадому, што гэта немагчыма. Трэба быць разам нам, а да астатняга праб’ем дарогу».

Яна:

«20.11.1933. Так доўга ідуць лісты. Я ведаю толькі тое, пра што думаў, чым дыхаў ты 6-7 дзён таму. А зараз, а ўчора, а ўначы? А ці заўсёды і ўсюды без мяне? Калі ты атрымаеш гэты ліст, я ўжо буду вельмі блізкая да дарогі насустрач табе... Толькі беражы сябе радасным, бадзёрым, здаровым да майго прыезду. Беражы, таму што вельмі цяжка будзе, калі сустрэну цябе з затуманенымі вачыма. Зберажэш? Ведаю, упэўнена як у сабе, і невымерна больш. Родны мой, Аль! Як радасна думаць аб тым, што разам... Хутчэй бы перагартаць пакінутыя дні. У тваім горадзе шмат святла. Ты чытаеш Тэкерэя, працуеш, думаеш, дыхаеш. А мой горад кажа мне — едзь, тады я пакахаю цябе больш і паклічу назад. Зберажы сябе!»

Ён:

«21.11.1933. Папярэдзіў цябе тэлеграмай, што сёння балюча і нечакана звалілася вестка аб пераездзе. Выязджаць трэба некалькі паўночней, у Марыінск, за пару дзён зматаўшы пажыткі. А я ўжо жыў думкай убачыць цябе тут, бачыў ужо, разам былі. Такое ўжо нешанцаванне ў жыцці, як кажаш ты... Цяжка, але не згасаюць галасы бадзёрасці, не апускаю я галавы. Сілаю ўсёй кідаюся на дапамогу табе — нашу сустрэчу мы адваюем усё ж такі…

...Чакаю і баюся клікаць цябе сюды ў глуш, у мароз, у малярыю. Баюся за здароўе тваё, за сілу... Не падрыхтавана ж ты ні да шляху, ні да жыцця тут, у якім будзе нямала складанага і цяжкага. Але чамусьці я зусім не адчуваю ні расстання, ні адлегласці паміж намі. Бачу цябе, сустракаю цябе, чакаю тваіх слоў».

Яна:

«20.07.34. Мінск. Як мала патрэбна жанчыне. Маленькае слова і родны клопат…

...Апошні ліст твой зноў пра тое, чым я жыла ў Сібіры... І можа быць, невыпадкова: сёння ў сне я зноў была там, блукала па лесе, у багне, пры бурных рэчках і з яснасцю ў думках. Ад таго, што стала пастаянным у маіх днях, менавіта маіх — не нашых, бо гэта толькі жанчыне трэба — гэтыя твае словы бясконцай шчырасці — ветрык не падзьме — словы, якія не паўтараюцца як словы, а пачынаюць жыць жыццём таго, хто вымавіў іх. І адразу адчула трывогу. Адчула твае родныя рукі. Гэта багацце. Як заўсёды. І гэтага нельга нічым парушыць».

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.