Вы тут

Штучны дождж, рэальны узрост Месяца і павелічэнне колькасці бяздомных


Паднябесная набірае хуткасць

МВФ палепшыў прагноз росту кітайскай эканомікі да 5,4 працэнта

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) палепшылі свае чаканні па сёлетнім росце кітайскай эканомікі з кастрычніцкіх 5 да 5,4 працэнта. Адпаведны прагноз агучаны ў справаздачы арганізацыі па выніках місіі ў КНР, паведаміла інфармагенцтва «Сіньхуа». Таксама на 0,4 працэнтнага пункта была павышана ацэнка эканамічнага росту ў 2024-м — да 4,6 працэнта. Галоўнай прычынай паляпшэння прагнозаў эксперты МВФ называюць імпульс ад адкрыцця кітайскай эканомікі пасля зняцця антыковідных абмежаванняў. «Кітайская эканоміка, як чакаецца, дасягне пастаўленых урадам мэтаў па тэмпах росту на 2023 год, што адлюстроўвае дынамічнае аднаўленне ў постпандэмійную эпоху», — заявіла першы намеснік дырэктара-распарадчыка МВФ Гіта Гапінат.

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што кітайскім уладам прыйдзецца ўводзіць дадатковыя меры падтрымкі эканомікі і фінансавай сістэмы, каб падтрымаць эканамічны рост і рост інвестыцый. «Меры макраэканамічнай падтрымкі патрэбныя для стымулявання актыўнасці на фоне неабходнага ўрэгулявання сітуацыі на рынку нерухомасці і структурных рэформаў, накіраваных на рашэнне праблемы даўгоў дзяржавы, — падкрэсліла Гіта Гапіат. — Пераарыентацыя бюджэтных выдаткаў на хатнія гаспадаркі і зніжэнне працэнтных ставак падтрымаюць рост і інвестыцыі. Вялікая гнуткасць абменных курсаў дазволіць змякчыць знешнія ўдары і паскорыць працэс грашова-крэдытнай трансмісіі (змяненне эканамічных умоў у залежнасці ад дзеянняў рэгулятара. — рэд.)».

Першы намеснік дырэктара-распарадчыка МВФ у інтэрв’ю CNBC адзначыла, што ўрад Кітая надае ўсё больш значэння «высакаякаснаму росту». «Я чула ад некалькіх аўтарытэтных крыніц, што іх цікавяць не толькі лічбы ў справаздачах, яны хочуць, каб рост быў якасным, устойлівым і інклюзіўным, і яны працуюць над гэтым у некалькіх кірунках», — сказала Гіта Гапінат. Падчас місіі ў КНР яна правяла сустрэчы з шэрагам кітайскіх высокапастаўленых чыноўнікаў, уключаючы кіраўніка Народнага банка Кітая Пань Гуншэня, старшыню Камісіі па рэгуляванні каштоўных папер І Хуэйманя, кіраўніка Нацыянальнага бюро статыстыкі Кан І, першага намесніка міністра гандлю Ван Шоўвэня, а таксама першага намесніка міністра фінансаў Ляа Міня і старшыні EXІM У Фулін.

Гапінат падкрэсліла, што яна разумее, што «высакаякасны рост» уключае ў сябе экалагічную ўстойлівасць, а таксама пераход ад мадэлі росту, заснаванай на інвестыцыях, да мадэлі, заснаванай на спажыванні. Паводле яе слоў, умацаванне сістэмы сацыяльнай абароны стымулюе хатнія гаспадаркі выдаткоўваць сродкі, а не назапашваць іх.

«У Кітая выдатныя моцныя бакі», — адзначыў раней галоўны эканаміст Сусветнага Банка па Усходняй Азіі і Ціхаакіянскаму рэгіёну Аадзіцця Матэі. «Кітай паказаў сваю вялікую глыбіню ў вытворчасці, але не толькі ў базавай, а яшчэ і інавацыйнай, у якую Кітай рэзка ўступае, і ў тым выглядзе чалавечага патэнцыялу, які там ствараецца», — заявіў эканаміст. Як адзначыў Аадзіцця Матэі, Кітай плануе забяспечыць больш высокую якасць росту і думае не толькі пра тое, як паскорыць рост у кароткатэрміновай перспектыве: «Наколькі будзе расці Кітай — гэта менш цікавае пытанне, чым тое, як Кітай выбірае, якім чынам яму расці».


Улады Нью-Дэлі плануюць выклікаць штучны дождж, каб справіцца са смогам

Улады Нью-Дэлі плануюць выклікаць штучны дождж, каб дапамагчы гараджанам, якія ў прамым сэнсе слова задыхаюцца з-за рэзкага пагаршэння якасці паветра. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на міністра навакольнага асяроддзя дэлійскага ўрада Гапала Раі. Чыноўнік правёў сустрэчу з удзелам міністра фінансаў горада і камандай навукоўцаў з Індыйскага тэхналагічнага інстытута ў Канпуры. Спецыялісты прапанавалі выклікаць штучныя ападкі, каб дапамагчы палепшыць сітуацыю з якасцю паветра ў Нью-Дэлі. Для гэтага навукоўцы маюць намер «засеяць аблокі» — метад, у якім для выкліку ападкаў выкарыстоўваюцца такія рэчывы, як ёдыд серабра. Аднак для стварэння штучнага дажджу неабходная воблачнасць не меншая за 40 працэнтаў. На думку спецыялістаў, такая верагоднасць чакаецца 20–21 лістапада. Гапал Рай заявіў, што ўлады горада маюць намер падаць гэты план у Вярхоўны суд, які запатрабаваў прымянення тэрміновых мер па барацьбе з рэзкім пагаршэннем якасці паветра.

Напрыканцы кастрычніка ў сталіцы Індыі на фоне пажараў на фермах і адсутнасці ветру быў зафіксаваны найвышэйшы ўзровень забруджвання паветра сярод 110 гарадоў свету. Аб гэтым паведаміла Bloomberg. Сезонныя пажары, якія адбываюцца пры расчыстцы сельскагаспадарчых угоддзяў, выхлапныя газы ад транспартных сродкаў, будаўнічыя работы, а таксама праца вугальных электрастанцый істотна ўплываюць на якасць паветра.

Дрэнная якасць паветра выклікана таксама падзеннем тэмпературы і нізкай хуткасцю ветру, адзначыў Анджу Гоэл, навуковы супрацоўнік Інстытута энергетыкі і рэсурсаў у Дэлі. Паводле дадзеных ІQ Aіr, у індыйскай сталіцы таксама зафіксаваны індэкс PM10 (утрыманне ў паветры грубых, бачных няўзброеным поглядам часціц), які падняўся да ўзроўню ў 296 мікраграмаў на 1 куб. м, што амаль у 20 разоў перавышае дапушчальны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўзровень у 15 мікраграмаў на 1 куб. м.

Даследаванне Чыкагскага універсітэта паказвае, што забруджванне паветра дробнымі часціцамі скарачае працягласць жыцця ў сярэднім на 5,3 года. Урад Індыі ўвёў шэраг мер, накіраваных на барацьбу з забруджваннем паветра, але намаганні пакуль неэфектыўныя. Па словах Суніла Дахіі, аналітыка Цэнтра энергетычных даследаванняў, у той час як колькасць сельскагаспадарчых пажараў у раёнах вакол Дэлі значна скарацілася за апошнія пяць гадоў, іншыя крыніцы забруджвання, звязаныя з будаўніцтвам і жыццядзейнасцю, становяцца ўсё горш з-за росту насельніцтва. Паводле яго слоў, на электрастанцыях, якія працуюць вакол сталіцы, павінны быць устаноўлены сродкі кантролю забруджвання, але гэта патрабаванне не выконваецца. Верагодна, у бліжэйшы час сітуацыя пагоршыцца.

На мінулым тыдні індэкс якасці паветра ў індыйскай сталіцы ў сярэднім дасягнуў 500 пунктаў. Пры гэтым «добрым» паветра лічыцца пры індэксе ад 0 да 50. У некаторых частках горада ўзровень забруджвання яшчэ вышэйшы — да 800 пунктаў. Такі смог уяўляе рэальную небяспеку для здароўя і можа выклікаць хранічныя захворванні. З-за крытычнага становішча ў Нью-Дэлі закрыты школы, вучняў перавялі на дыстанцыйную форму навучання. У горадзе спынена будаўніцтва. Акрамя гэтага, улады маюць намер ўвесці абмежаванні на выкарыстанне транспарту.


У Еўропе і ЗША імкліва павялічваецца колькасць бяздомных

На абодвух берагах Атлантыкі вялікія праблемы. У Еўропе яны датычацца і найбуйнейшых эканомік Старога Свету. Улады Вялікабрытаніі не могуць справіцца з чарговым крызісам, на гэты раз жыллёвым. Паводле апошніх дадзеных урада краіны, у перыяд з красавіка 2022-га да сакавіка 2023-га каля 300 тысяч сем’яў у Англіі сталі бяздомнымі або рызыкуюць стаць такімі, у тым ліку звыш 104,4 тысячы сем’яў з дзецьмі. Колькасць сем’яў, якія пражываюць у часовым жыллі, перавысіла 104,5 тысячы. Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю вядзення падлікаў. Статыстыка, апублікаваная Дэпартаментам павышэння ўзроўню жыцця, жыллёвага будаўніцтва і супольнасцяў (DLUHC), сведчыць аб тым, што колькасць людзей, якія атрымалі апавяшчэнні аб высяленні, павялічылася на 27,4 працэнта. За гэты ж перыяд на 30,5 працэнта ўзрасла колькасць брытанцаў, якіх мясцовыя ўлады ахрысцілі «спячымі пад адкрытым небам».

Колькасць бяздомных у Германіі за мінулы год узрасла на рэкордныя 58 працэнта. Аб гэтым паведаміла РІА «Навіны» са спасылкай на даныя некамерцыйнай арганізацыі «Дапамога бяздомным» у Берліне (BAG Wohnungslosenhіlfe). Агульная колькасць бяздомных у Германіі за 2022 год складала 607 тысяч чалавек. У апошнія тыдні ў Германіі актыўна абмяркоўваюць магчымасці абмежавання міграцыйных патокаў. У канцы верасня Шольц заявіў, што ў краіну імкнецца занадта вялікая колькасць бежанцаў.

Паводле звестак, сабраных газетай Wall Street Journal, сёлета ў ЗША назіраецца рэкордны рост колькасці бяздомных. Гэты трывожны паказчык перавысіў 577 тысяч чалавек. Праведзены выданнем аналіз паказаў, што ў 2023 годзе колькасць людзей, якія жывуць на вуліцы, павялічылася на 11 працэнтаў у параўнанні з 2022-м. На думку журналістаў Wall Street Journal, прычынай сітуацыі, якая склалася, стаў рост цэн на жыллё і адсутнасць даступнай арэнднай платы. Як паведаміла выданне Breіtbart, павелічэнне колькасці амерыканскіх грамадзян, якія вымушаныя жыць на вуліцы, адбываецца на фоне абмеркавання жыллёвага пытання для мігрантаў.

У амерыканскім штаце Нью-Мексіка на фоне росту кошту жылля рэзка павялічылася колькасць бяздомных людзей, паведаміла агенцтва Assocіated Press. Тут назіраецца самы высокі ўзровень беднасці на захадзе ЗША. У даследаванні, якое было праведзена па замове Міністэрства жыллёвага будаўніцтва і гарадскога развіцця ЗША, таксама паказваецца на зніжэнне даступнасці жылля, паколькі рост арэнднай платы значна апярэджвае рост даходаў насельніцтва.


Навукоўцы вызначылі рэальны ўзрост Месяца

Навукоўцы пры дапамозе сучасных тэхналогій даследавалі месяцавы грунт, які здабылі астранаўты карабля «Апалон-17» у 1972 годзе, і даведаліся пра яго рэальны ўзрост. Месяцавыя крышталі падвергнулі атамна-зондавай тамаграфіі, паведамляецца ў публікацыі часопіса Geochemіcal Perspectіves Letters.

Спецыялістам удалося высветліць, што натуральны спадарожнік Зямлі насамрэч утварыўся каля 4,46 мільярда гадоў таму. Такім чынам, Месяц апынуўся прыкладна на 40 мільёнаў гадоў старэйшы, чым меркавалася першапачаткова. Як удакладняе выданне, такія дадзеныя дазволілі зрабіць выснову і пра ўзрост Зямлі. Сонечнай сістэме і планеце прыкладна 4,57 мільярда гадоў. Месяц пры гэтым з’явіўся праз 110 мільёнаў гадоў пасля ўзнікнення Зямлі. Атрымліваецца, што натуральны спадарожнік планеты з’явіўся практычна з самага пачатку яе існавання.

Паводле асноўнай версіі, Месяц утварыўся з-за сутыкнення Зямлі з невядомай планетай. Такое было магчыма, бо ў пачатку фарміравання Сонечнай сістэмы арбіты планет былі нестабільныя. Дзякуючы з’яўленню натуральнага спадарожніка, клімат стабілізаваўся і жывыя арганізмы здолелі адаптавацца. Акрамя таго, Месяц замарудзіў кручэнне Зямлі, з-за чаго суткі сталі даўжэйшыя і з’явілася больш часу для фотасінтэзу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.