Вы тут

Акадэмія мастацтваў папоўнілася кітаістыкай


Прадаўжаецца рэалізацыя праекта «Кнігі пра Кітай — моладзі Беларусі», арганізаванага Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда». Розным установам адукацыі, якія так ці іначай звязаны з вывучэннем кітайскай мовы, развіццём беларуска-кітайскіх адукацыйных стасункаў, уручаюцца бібліятэчкі кніг па кітайскай тэме, якія выйшлі ў свет апошнія гады ў Выдавецкім доме «Звязда».


Чарговае ўручэнне кніг разам з сертыфікатам ад Пасольства КНР у Беларусі і Выдавецкага дома «Звязда» прайшло ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Удзел у мерапрыемстве прынялі рэктар навучальнай установы Міхаіл Баразна і дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Міхаіл Рыгоравіч адзначыў высокі ўзровень паліграфічнага і выдавецкага выканання кніг на кітайскую тэму. Найперш — паэтычных зборнікаў класікаў кітайскай літаратуры ў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая».

Рэктар Акадэміі мастацтваў звярнуў увагу на тое, што варта было б наладзіць болей цеснае супрацоўніцтва навучальнай установы і выдавецкага дома. Найперш — у прыцягненні студэнтаў да афармлення кніжнай прадукцыі. У сваю чаргу «звяздоўцы» назвалі цэлы шэраг імёнаў выпускнікоў ВНУ, якія супрацоўнічалі ці супрацоўнічаюць з выдавецтвам. Кнігі для «Звязды» афармлялі і такія аўтарытэтныя майстры, як народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч, народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік, графікі і жывапісцы Каміль Камал, Віталь Дударэнка, Сяргей Волкаў і інш., лёс якіх самым цесным чынам звязаны з акадэміяй.

У час сустрэчы прагучалі і прапановы па актывізацыі медыйнага супрацоўніцтва. Ішла размова пра маючы адбыцца ў 2025 годзе юбілей творчай навучальнай установы. Нагадаем, што Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў заснавана ў 1945 годзе.

Кастусь ХАДЫКА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.