Вы тут

Кіраўнік Мінскага Палаца дзяцей і моладзі Надзея Вялікая: За сваю справу стаю гарой!


Яна кіруе Мінскім дзяржаўным Палацам дзяцей і моладзі, узначальвае арганізацыю Беларускага саюза жанчын Цэнтральнага раёна сталіцы. Любіць сваю справу, упэўнена ідзе да мэты і лічыць: чужых праблем не бывае.


З Надзеяй Вялікай пагутарылі аб шляху ў прафесію, жаночым лідарстве і грамадскай рабоце, сакрэтах поспеху і простым чалавечым шчасці.

Даведачна

Гісторыя Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі пачалася ў 1965 годзе, калі ў сталіцы адкрыўся гарадскі Дом піянераў. Сёння гэта адна з найбуйнейшых сацыякультурных і адукацыйных устаноў Беларусі і краін СНД. У Палацы працуюць больш за 700 гурткоў, студый і клубаў. Тут займаюцца больш за 7500 дзяцей, падлеткаў і моладзі, працуюць больш за 300 педагогаў.

«Калі не я, то хто?»

— Хто заклаў у вас падмурак для будучых поспехаў, Надзея Міхайлаўна?

— Усё пачынаецца з сям’і. Я вырасла ў безумоўнай любові. Пры гэтым бацька прывіваў мне працавітасць і ўменне за сябе пастаяць. Вучыў не маркоціцца, быць моцнай, рашучай і не баяцца цяжкасцяў. Такое выхаванне сфарміравала ўва мне тыя лідарскія якасці, якія цяпер вельмі дапамагаюць у рабоце.

Вядома, свой добры след пакінулі і выкладчыкі з маёй малой радзімы — пасёлка Галае Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Гэта ўнікальныя людзі з вялізным жыццёвым вопытам. Яны далі мне глыбокія веды, прывілі павагу і любоў да навакольных. Навучылі быць цягавітай, мець жалезную сілу волі і цвёрды характар.

— Раскажыце пра шлях у прафесію. Чаму ў свой час зрабілі менавіта такі выбар?

— Лічу, што кожнаму чалавеку загадзя наканаваны шлях, які трэба прайсці. У мяне тэатральная і акцёрская адукацыя, але я ніколі не думала, што мой лёс складзецца менавіта так. Пачынала з работы ў школе № 38 Фрунзенскага раёна горада Мінска. Вяла тэатральны гурток, была педагогам-арганізатарам, працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Акцёрская адукацыя дапамагала і ў выкладанні музыкі, і ў рабоце з класам карэкцыі — дзецьмі з нялёгкімі лёсамі. Перад тым, як прыступіць да заняткаў у гэтым класе, задавала сабе пытанне: ці спраўлюся? Але ўспамінала свайго бацьку і сельскіх педагогаў і казала сабе: «Я павінна! Калі не я, то хто?» Укладвала ў гэтых дзяцей сваю любоў і надзею на тое, што ўсё ў іх атрымаецца. Мне ўдалося знайсці да іх падыход, унесці свой уклад у іх выхаванне.

Потым на працягу 18 гадоў у камітэце па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта вяла пытанні выхаваўча-ідэалагічнай работы, сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. За гэты час былі створаны такія выдатныя праекты, як «Зорка — равесніца Перамогі», «Экавелік», «Падарым усмешку дзецям».

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі я ўзначальваю ўжо два гады. Лічу, што сістэма дадатковай адукацыі — вельмі важны аспект.

— Вы задаволены сваёй прафесійнай рэалізацыяй?

— Так. Я вельмі люблю сваю справу. Выхоўваючы моладзь, мы самі становімся лепшымі. Важна фарміраваць у юнакоў і дзяўчат мэтанакіраванасць і веру ў свае сілы, каб кожны з іх у хвіліну сумнення мог сказаць сабе: «Трэба паспрабаваць. Я змагу!» Пры гэтым побач павінен знаходзіцца педагог, здольны дапамагчы, выслухаць ідэі і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча. Сваю задачу я бачу ў тым, каб аб’ядноўваць моладзь, дапамагаць ім рэалізавацца і дасягаць таго, што яны хочуць.

Чужых праблем не бывае

— Вы кіруеце буйной установай, але знаходзіце час для грамадскай работы. Чаму лічыце для сябе важным удзельнічаць у рабоце Беларускага саюза жанчын?

— Я рада, што ў нас у Беларусі ёсць моцны жаночы рух, які аб’ядноўвае і старэйшае пакаленне, і моладзь. Рэалізоўваючы розныя праекты, наша арганізацыя фарміруе моцных лідараў, здольных весці за сабой. Адзін з кірункаў — дапамога тым, хто мае патрэбу. Вельмі важна даць зразумець людзям у складаных абставінах, што яны не адны. Няма чужых праблем — так лічаць нашы жанчыны і дзейнічаюць згуртавана, каб гэтыя праблемы вырашаліся. Калі калегі па грамадскай рабоце падтрымліваюць мае ідэі, адчуваю вялікае задавальненне. Разам мы зможам шмат!

Мне вельмі прыемна ісці за такім моцным лідарам, як Вольга Чамаданава, начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі БСЖ. Нягледзячы на занятасць, Вольга Мікалаеўна не проста знаходзіць час для грамадскай работы, яна генерыруе ідэі і матывуе навакольных.

— Якія праекты рэалізоўвауе арганізацыя БСЖ Цэнтральнага раёна?

— У нашым плане мерапрыемстваў пазначаны ўсе важныя падзеі года: дзяржаўныя святы, значныя даты, народныя традыцыі і гэтак далей. Да кожнай даты, якая пазначана ў календары, мы рыхтуемся. У нас ёсць «падшэфныя» сацыяльныя ўстановы, сярод якіх рэабілітацыйны цэнтр «Выток», хоспісы — мы закупляем для іх неабходныя медыкаменты і абсталяванне. Наведваем пажылых людзей дома. На тэрыторыі Цэнтральнага раёна знаходзіцца сацыяльна-педагагічны цэнтр для дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Для іх мы купляем абутак, адзенне, канцылярскія прыналежнасці і, вядома, прысмакі.

Акрамя таго, арганізоўваем цікавыя сустрэчы для жанчын — членаў нашай арганізацыі са спецыялістамі з розных галін. У планах — правесці чарговую экалагічную акцыю: высадзіць дрэвы, навесці парадак на гарадской тэрыторыі.
Калі бачыш, што ты дасягнуў вызначанай мэты для лепшага жыцця навакольных, — гэта шчасце.

За сваю каманду – гарой!

— Ці патрабавальны вы кіраўнік? Як выбудоўваеце адносіны ў калектыве?

— Скажу шчыра: я патрабавальная. На мой погляд, у рабоце павінна быць дысцыпліна. Але я заўсёды пачынаю з сябе. Імкнуся верыць у людзей, дапамагаць ім, імкнуся падысці да кожнага супрацоўніка, спакойна растлумачыць і паставіць задачы. Але калі чалавек не апраўдвае чаканні, я раблю высновы.

— Ці цяжка быць лідарам? Якімі якасцямі павінна валодаць жанчына-кіраўнік?

— Вядома, быць лідарам няпроста. Пасада патрабуе вытрымкі, мудрасці, пэўных стратэгій і тактык. Галоўнае — арганізаваць работу. Думаю, у мяне гэта атрымліваецца. Я люблю людзей, сваю справу, бачу далягляды. Лідарам была з юнацтва. Без цяжкасці вяла за сабой аднакласнікаў, аднакурснікаў.

Мае прынцыпы: трэба любіць сваю работу, якасна выконваць службовыя абавязкі, рухацца наперад і ніколі не падводзіць іншых людзей. За сваю каманду, педагогаў і сваю справу я ўстану гарой!

Калі адпачываць, то актыўна

— Ці знаёма вам эмацыянальнае выгаранне? Як пераключаецеся, папаўняеце сілы, каб гэтага пазбегнуць?

— Вядома, «выгаранне» здараецца, але я ўмею спраўляцца з гэтай праблемай. На мой погляд, лідару нельга паказваць сваю слабасць, бо на цябе раўняюцца людзі. Ідэальны выхадны для мяне — не той, які можна правесці на канапе. Аддаю перавагу актыўнаму адпачынку. Магу з’ехаць з горада, напрыклад, на экскурсію. Люблю адпачываць на прыродзе, чэрпаю ў гэтым сілы і энергію, займаюся агародніцтвам, кветкаводствам. Лічу, што заўжды можна знайсці магчымасць, каб пабыць з бацькамі. Галоўнае — правільна размеркаваць свой час.

— Дома вы «выключаеце» ў сабе дырэктара? Якая вы ў пазарабочай абстаноўцы?

— Спачатку было цяжка пераключацца, гэта стала атрымлівацца з часам. Цяпер прыязджаю дадому, зачыняю машыну і імкнуся з гэтага моманту адысці ад рабочага настрою. Муж Аляксандр з разуменнем ставіцца да таго, што я кіраўнік. Калі затрымліваюся на працы, муж самастойна гатуе для нас вячэру. У выходныя гэты абавязак бяру на сябе я. Калі ў адносінах ёсць гармонія, разуменне і ўзаемавыручка — ты шчаслівы чалавек.

— Ці захапляе вас самаразвіццё? Ці ёсць штосьці, чаму хацелі б навучыцца?

— Паставіла сабе задачу абавязкова навучыцца гуляць у більярд. Лічу, новыя веды, уменні можна і трэба асвойваць у любым узросце. Кіраванню, напрыклад, я навучылася ў 40 гадоў. І цяпер не спыняюся на дасягнутым.

— У чым сакрэт вашага жыццёвага поспеху? З якім дэвізам ідзяце па жыцці?

— Не маркоціцца і не здавацца. Трэба заўжды быць удзячнай за тое, што маеш, і рухацца наперад. Яшчэ важна нікому не зайздросціць. Шчыра радуюся, калі бачу, як заахвочваюцца заслугі і дасягненні маіх калег. Вучуся ў тых, хто ўмее нешта рабіць лепш за мяне.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта нумар 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Лізавета МАЛЬЧУК

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.