Вы тут

Ветэрана вайны Валянціну Баранаву ўрачыста павіншавалі са 100-гадовым юбілеем


Гэту жанчыну па праве можна назваць легендай. І хаця ў яе, былой франтавой сувязісткі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, за плячыма ўжо цэлае стагоддзе, Валянціна Пятроўна не выглядае на свой узрост. Мабыць, таму, што займае актыўную жыццёвую пазіцыю, не тоіць у сабе злосці, з аптымізмам і гумарам ставіцца да наваколля і можа пажартаваць адносна свайго, такога ганаровага, узросту.


Вось і падчас урачыстасці з нагоды стагадовага юбілею ў Валянціны Баранавай не сыходзіла з вуснаў усмешка. Кожнага, хто падыходзіў да яе, шчыра вітала. Здаецца, сярод прысутных, якіх нямала сабралася ў раскошным старажытным палацы, не было раўнадушных да гэтай стойкай і мужнай жанчыны. Павітаць заслужаную і ганаровую гродзенку прыйшлі кіраўнікі вобласці, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. З журналістамі юбілярша падзялілася сакрэтам свайго настрою.

— Я па натуры аптыміст, хаця ў маёй біяграфіі было вельмі шмат драматычных і трагічных момантаў. Але не варта трымаць гэта на твары, няхай наша сэрца перажывае, а нервы трэба трымаць пры сабе. Мы павінны жыць момантам, — зазначыла Валянціна Пятроўна. — І чаму я сёння такая вясёлая, усмешлівая, радасная? Таму што ведаю, што жыву ў свабоднай краіне, моцнай і незалежнай, а галоўнае — міралюбівай. Нездарма наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паставіў такую задачу: весці барацьбу за мір не толькі ў нас, але і на ўсёй зямлі. Мы ўсе павінны быць салідарныя ў тым, каб захаваць мір, жыць у любові, дабрыні, радасці.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціну Баранаву са 100-гадовым юбілеем.

«Сімвалічна, што гэтую знамянальную дату вы адзначаеце ў Год міру і стваральнай працы, цану якім ведаеце з уласнага досведу, — гаворыцца ў віншаванні. — Мужнасцю, гераізмам, устойлівасцю і адвагай адзначаны вашы вогненныя вёрсты, пройдзеныя за гады Вялікай Айчыннай вайны».

Сапраўдным узорам самаахвярнага служэння Айчыне стала і наступная працоўная біяграфія Валянціны Пятроўны, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «З’яўляючыся захавальнікам і прапаведнікам гістарычнай праўды, вы даносіце яе да пакаленняў, якія не спазналі жахаў вайны. Валодаючы жыццёвай мудрасцю і выключным абаяннем, несяце ў грамадства ідэі любові, дабра і справядлівасці», — падкрэсліў Прэзідэнт у віншавальным пасланні і пажадаў добрага здароўя, дабрабыту, радасці і шчасця пад мірным небам Беларусі.

У дзяцінстве Валянціна Пятроўна марыла стаць артысткай. У 1941 годзе яна скончыла школу ў Абакане, куды ў 30-я гады пераехалі бацькі з Краснаярскага краю. Увесь клас ішоў сустракаць світанак, а раніцай даведаліся, што пачалася вайна. Праз год 18-гадовай дзяўчынай яна пайшла на фронт. Служыла ў якасці памочніка камандзіра ўзвода, начальніка змены ваенна-тэлеграфнай станцыі. Яе баявы шлях ляжаў па Украіне, Польшчы, Германіі. Перамогу сустрэла ў Празе. Сведкі гэтага шляху — ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй». У маі гэтага года атрымала з рук Прэзідэнта ордэн Пашаны.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік упэўнены, што сакрэт даўгалецця 100-гадовай юбіляршы ў тым, што ў яе сэрцы жыве любоў. У першую чаргу, да Радзімы, якую абараняла са зброяй у руках. Вядома, гэта любоў да людзей. Валянціна Баранава не стала рызыкаваць жыццём маладога байца і сама адправілася выпраўляць разрыў сувязі на лініі фронту. Яе мужнасць атрымала дастойную ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі. Адзначалася яе любоў да падрастаючага пакалення, з якім жанчыну звязваюць доўгія гады педагагічнай працы.

— Як чалавек з медыцынскай адукацыяй хачу сказаць, што гэта яшчэ не мяжа — 100 гадоў. Мы спадзяёмся, што будзем сустракацца на розных мерапрыемствах і яшчэ неаднойчы выказваць вам словы падзякі, — з упэўненасцю рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.

І ўсё ж у нашай гераіні ёсць і свой асабісты сакрэт даўгалецця, аб якім яна расказала журналістам з доляй жарту.

— Я ўвесь час сачыла за спінай. З трох гадоў. Маці мне заўсёды казала: як ты трымаеш спіну? А яшчэ балерынай хочаш быць! Гэта фраза засталася на ўсё жыццё. Бо дома стаіш нахіліўшыся: над плітой, над сталом ці падлогу мыеш. Таму выйшлі на вуліцу і далі сабе сігнал: трымай роўна спіну! А ведаеце, чаму? Таму што хрыбет напоўнены нервамі. Як чалавек сагнуўся, пазванкі сціскаюць нейкую частку нервовай сістэмы, і яна блакіруецца. Ад гэтага ўсе хваробы. Выходзіце з дома — спіну выпрамляйце.

Гэта жанчына — крыніца мужрых і слушных парад, у якіх глыбокая жыццёвая пазіцыя сумленнага і вельмі прыстойнага чалавека. «Яе місія — дабрыня», — зазначыла дачка Наталля. І прыгадала, што маці нікога не адпусціць, пакуль не пачастуе сваімі знакамітымі рагалікамі з грэцкімі арэхамі. А іх яна выпякае кожны тыдзень.

«Я ўся прасякнутая патрыятызмам», — сказала нядаўна падчас нашай сустрэчы Валянціна Пятроўна. Вось і цяпер, у свой 100-гадовы юбілей, яна зноў вяртаецца да гэтай тэмы і жадае сваім нашчадкам шанаваць сваю краіну, рабіць для яе росквіту ўсё, што магчыма.

— Калі ўвесь народ адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, тады мы зможам зрабіць нешта сапраўды моцнае для сваёй краіны. Але толькі калі мы разам, у адным страі, — падкрэсліла юбілярша.

Аб сваіх планах сказала так: «Я, канешне, пайду такім страявым крокам наперад, а далей буду спадзявацца на Усявышняга».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.