Вы тут

Да чаго прыводзіць непатушаная цыгарэта?


Практычна кожны дзень, а то і па некалькі разоў у суткі ў розных куточках краіны чуваць гук пажарнай сірэны. Гэта ратавальнікі спяшаюцца на чарговае паведамленне аб узгаранні. У пошуку пацярпелых яны адважна заходзяць у ахопленыя полымем хаты і кватэры — і нярэдка выносяць на руках нежывое цела...


Пік пажараў з гібеллю людзей у жыллёвым фондзе прыходзіцца на кастрычнік — красавік. Гэта звязана з больш актыўнай эксплуатацыяй пячнога абсталявання і электрасетак. Многіх надзвычайных сітуацый можна было б пазбегнуць, калі б людзі загадзя рыхтаваліся да пахаладання: праверылі і пры неабходнасці адрамантавалі печ, упэўніліся ў надзейнасці электраправодкі і абагравальных прыбораў. Праўда, мала толькі праверыць. Да трагічных наступстваў нярэдка прыводзіць і грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печы і электрапрыбораў. Што датычыцца печы, гаспадары дапускаюць яе перагрэў, рана зачыняюць засланку, не клапоцяцца аб перадтопачным лісце, які ўратуе ад раптоўнай іскры.

Аднак большасці пажараў можна было б пазбегнуць, калі б людзі вялі здаровы лад жыцця: не курылі ў памяшканні, не выпівалі пры гэтым.

Статыстыка несуцяшальная: сёлета практычна кожны другі загінулы на пажары знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Усяго па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём падчас курэння загінула 245 чалавек. Пры гэтым 169 ахвяр агню на момант трагедыі знаходзілася «пад мухай».

Другі шанц на жыццё

Праўда, некаторым аматарам пакурыць дома, а потым заснуць шанцуе. Днямі ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў аграгарадку Шашкі Стаўбцоўскага раёна. Першыя падраздзяленні МНС, якія прыбылі да месца выкліку, устанавілі, што жылы дом гарыць адкрытым полымем.

«Першапачаткова ў нас была інфармацыя, што ў хаце знаходзяцца людзі: гаспадыня і яе сын, — расказаў старшы інструктар-ратавальнік Юрый Янушэвіч. — Калі мы прыбылі да месца пажару, то ад суседзяў даведаліся, што гаспадыня самастойна змагла пакінуць дом. Унутры заставаўся яе сын. Мы правялі разведку, пасля чаго адразу ж стварылі звяно і ўвайшлі ўнутр».

У кухні на падлозе у беспрытомным стане быў знойдзены мужчына. Выкарыстоўваючы спецыяльную маску, супрацоўнікі МНС вынеслі пацярпелага на свежае паветра і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Выратаваны быў дастаўлены ў прыёмнае аддзяленне Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы. У прамым сэнсе людзі засталіся без даху над галавой. Таксама быў пашкоджаны легкавы аўтамабіль, які знаходзіўся побач з хатай. Як пасля ўстанавілі следчыя, да пажару прывяло неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Па гэтай жа прычыне ўзгаранне адбылося ў Радашковічах. Калі падраздзяленні МНС прыбылі да месца выкліку, то выявілі шчыльнае задымленне ўнутры жылога дома.

«Суседзі на вуліцы паведамілі, што ў доме знаходзяцца людзі, — распавёў начальнік дзяжурнай змены Уладзіслаў Паўловіч. — Утварыўшы звяно газадымаабаронцаў, мы ўвайшлі ў дом і ў адным з пакояў на падлозе знайшлі мужчыну. Ён знаходзіўся ў прытомнасці, але не разумеў, што адбываецца, бо быў вельмі п’яны. Мы вывелі яго на вуліцу. Потым зноў вярнуліся ў дом. Па словах мужчыны, там яшчэ знаходзілася яго жонка». У шпіталізацыі пацярпелыя не мелі патрэбы. А вось аб рамонце ў найбліжэйшы час гаспадарам варта паклапаціцца.

Ад згубнай звычкі аднаго нядобрасумленнага грамадзяніна пацярпелі жыхары шматпавярховага дома ў Мачулішчах, што пад Мінскам. Паведамленне аб узгаранні кватэры на першым паверсе двухпавярховага шматкватэрнага жылога дома ратавальнікам паступіла ноччу. Прыбыўшы да месца выкліку, супрацоўнікі МНС убачылі, што з кватэры, размешчанай на першым паверсе, ідзе дым.

Наступствы пажараў, якія адбыліся па віне курцоў

«Пры пад’ездзе да дома ў акне кватэры ўбачылі мужчыну, які спрабаваў выбрацца, — згадалі ратавальнікі. — Праз акно яго дасталі. Нашы калегі адначасова вывелі з вышэй размешчаных кватэр шэсць чалавек, траіх з іх — па трохкаленнай лесвіцы». На шчасце, абышлося без пацярпелых.

Як канстатуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч, практычна ўсе курцы мяркуюць, што сітуацыя знаходзіцца ў іх пад кантролем і што з імі бяда дакладна не здарыцца. «Як правіла, менавіта саманадзейнасць і становіцца прычынай пажару, — заўважае яна. — Тэмпература недакуркаў, якія тлеюць, дастатковая для ўзгарання гаручых матэрыялаў: выклікаўшы тленне, сам недакурак праз некаторы час згасае. Але ачаг тлення пры спрыяльных умовах ператвараецца ў пажар».

Прадстаўнікі ратавальнага ведамства рэкамендуюць выконваць правілы пажарнай бяспекі ў побыце, не дапускаць курэння ў жылых памяшканнях, сачыць за тым, каб запалкі і цыгарэты пасля выкарыстання былі патушаны. «Усталюйце ў жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія ў выпадку ўзнікнення пажару своечасова папярэдзяць вас аб небяспецы, — раіць Анастасія Швайбовіч. — І памятайце: адна непатушаная цыгарэта можа загубіць жыццё. І не адно! Агонь бязлітасны, беражыце сябе і сваіх блізкіх!»

Дайсці да кожнага

На жаль, па трагічныя прыклады далёка хадзіць не трэба. 20 кастрычніка пажар адбыўся ў адной са сталічных кватэр. Загінуў гаспадар 1963 года нараджэння. Праз пяць дзён няшчасны выпадак быў зафіксаваны ў Віцебску: агонь забраў жыццё мужчыны 1960 года нараджэння. Адразу да дзвюх смерцяў 18 кастрычніка прывяло ўзгаранне ў жылым доме ў Свіслачы: заўчасна з жыцця пайшлі мужчыны 1979 і 1982 гадоў нараджэння. 1 лістапада пажар успыхнуў у аграгарадку Валеўка Навагрудскага раёна, у выніку чаго загінуў мужчына 1964 года нараджэння. Усе гэтыя трагічныя выпадкі аб’ядноўвае адна прычына, па якой загінулі людзі, — неасцярожнасць пры курэнні.

З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём падчас курэння стартавала рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Не прапальвай сваё жыццё!». Акцыя пройдзе ў два этапы і завершыцца 28 лістапада.

Як адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, ратавальнае ведамства пастаянна сочыць за аператыўнай абстаноўкай з пажарамі, аналізуе асноўныя рызыкі іх узнікнення. «Адпаведна праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне пажараў у жылым фондзе, — патлумачыў ён. — З улікам высокага ўзроўню небяспекі ўзнікнення пажараў, звязаных з неасцярожным абыходжаннем з агнём падчас курэння, праводзіцца акцыя „Не прапальвай сваё жыццё!“. Прафілактычныя мерапрыемствы пройдуць на прамысловых прадпрыемствах, у пунктах прыёму другаснай сыравіны, інтэрнатах, месцах размяшчэння аўтакрам, а таксама ў месцах масавага знаходжання людзей. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правядуць інтэрактыўную гутарку з удзельнікамі акцыі і прадэманструюць фільм „Ахвяры згубнай звычкі“, а таксама відэаролікі, у якіх расказваецца пра наступствы неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні».

Аб гэтым ратавальнікі нагадаюць і ў ВНУ, каледжах, ліцэях, цэнтрах бяспекі, іншых месцах з масавым знаходжаннем людзей. Для ўдзельнікаў акцыі будуць падрыхтаваны віктарыны, конкурсы мініяцюр, адкрытыя дыялогі, тэматычныя дыскатэкі, дзе кожны зможа замацаваць свае веды ў галіне бяспекі жыццядзейнасці.

У месцах з масавым знаходжаннем людзей і на адкрытых пляцоўках прапагандысты МНС правядуць «Парк бяспечных атракцыёнаў», «Шоу без цыгарэт». У гэты час усе ахвотныя змогуць адмовіцца ад курэння і памяняць цыгарэты на каштоўныя прызы і падарункі, а таксама зрабіць яркія фатаграфіі з роставай лялькай і на фоне тэматычных стэндаў. Будзе аб’яўлены конкурс на размяшчэнне ў інтэрнэце найлепшага відэароліка па тэме «Я не куру ў ложку і табе не раю», у якім зможа прыняць удзел кожны.

Ратавальнікі прапануюць далучацца да мерапрыемстваў, каб перамагчы ў барацьбе са згубнай звычкай і зрабіць жыццё больш бяспечным.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.