Вы тут

Сакрэтны кампанент карцін Леанарда да Вінчы — яечны жаўток


У Германіі знайшлі ўнікальны меч, выкаваны больш за 3000 гадоў таму

Археолагі выявілі бронзавы старажытны меч, які знаходзіцца ў вельмі добрай захаванасці для артэфакта часоў бронзавага веку.

Як піша «Бі-бі-сі», меч, які мае васьмігранную дзяржальню, знойдзены ў пахаванні ў горадзе Нёрдлінген, быў выкаваны ў XІV стагоддзі да н. э. Іншымі словамі, яму больш за 3000 гадоў. Як распавялі ў Дзяржаўным упраўленні аховы помнікаў Баварыі, прылада «да гэтага часу практычна зіхаціць». Меч і іншыя шматлікія бронзавыя прадметы той жа эпохі былі знойдзены разам з астанкамі трох чалавек — мужчыны, жанчыны і хлопчыка. Ці была гэта сям’я, археолагі пакуль не ўпэўненыя. А вялікая рэдкасць мяча выклікае шмат пытанняў аб яго паходжанні.

Як паведамілі спецыялісты, выраб такой прылады быў справай складанай і патрабаваў тонкага майстэрства. Яны ўстанавілі, што васьмігранную дзяржальню вырабілі асобна, а потым прымацавалі да ляза. Археолагі адзначылі, што на мячы з Нёрдлінгена не ваявалі. Але мужчына, які валодаў ім, насіў яго менавіта як зброю, а не як упрыгожванне.


Ідэнтыфікаваны сакрэтны кампанент у карцінах Леанарда да Вінчы

Вядомыя мастакі Заходняй Еўропы, якія ўвайшлі ў гісторыю мастацтва як «Старыя майстры» (група мастакоў ад эпохі Адраджэння да другой паловы ХІХ стагоддзя), выкарыстоўвалі ў сваіх працах сакрэтны інгрэдыент, які навукоўцам нарэшце ўдалося ідэнтыфікаваць. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным часопісам Nature Communіcatіons. Так, на сусветна вядомых палотнах такіх мастакоў, як Леанарда да Вінчы, Сандра Батычэлі і Рэмбрант, знайшлі рэшткі яечнага жаўтка, які яны, хутчэй за ўсё, спецыяльна спалучалі з алейнай фарбай, каб змяніць яе ўласцівасці.

Даследчыкі гавораць, што раней гэты інгрэдыент на палотнах памылкова ўспрымалі за выпадковае забруджванне. Аднак цяпер становіцца зразумела, што мастакі міксавалі інгрэдыенты і фактычна стварылі новую тэхніку выкарыстання алейнай фарбы для прайгравання новых «эфектаў» на палатне. Дзякуючы асаблівай тэхніцы вырабу фарбы «Старыя майстры» Заходняй Еўропы стваралі непераўзыдзеныя карціны з больш інтэнсіўнымі колерамі і плаўнымі пераходамі. Як пракаментаваў аўтар даследавання з нямецкага Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ Афелі Ранка, жаўток — гэта сапраўды той кампанент, які здольны істотна змяніць уласцівасці фарбы. Гэта ўдалося праверыць падчас рэальных практычных даследаванняў.

Раней падобную тэхніку выкарыстоўвалі ў Старажытным Егіпце. Там прыдумалі тэмперную фарбу — спалучэнне яечнага жаўтка з парашкападобнымі пігментамі і вадой. Аднак выкарыстанне гэтага кампанента з алейнай афарбоўкай дазваляе дасягнуць больш інтэнсіўных колераў, якія плаўна спалучаюцца адзін з адным падчас працы. Таксама жаўток дазваляе даўжэй выкарыстоўваць фарбу ў працы, паколькі дзякуючы яго даданню яна не так хутка высыхае. Аднак ёсць у гэтым «міксе» і недахопы, у прыватнасці, карціны, намаляваныя такімі матэрыяламі, больш уразлівыя да сонечнага святла, пашкоджанняў, а таксама схільныя з часам цямнець.

Таксама спецыяліст адзначыў, што адчувальную розніцу паміж карцінамі, дзе ёсць яечны жаўток і дзе яго няма, можна прасачыць на прыкладзе карціны Леанарда да Вінчы «Мадонна з гваздзіком»: праца дэманструе відавочныя маршчыны на твары Марыі і дзіцяці, якія ўдалося б прадухіліць пры даданні да алейнай фарбы яечнага жаўтка. Адной з прычын з’яўлення маршчын можа быць недастатковая колькасць пігментаў у фарбе: «Гэта даволі дзіўна, таму што ў вашай фарбе такая ж колькасць пігменту, але наяўнасць яечнага жаўтка мяняе ўсё», — кажа ён.

Яшчэ навукоўцы звярнулі ўвагу на працу «Аплакванне мёртвага Хрыста» Батычэлі. Яна выканана ў асноўным тэмперай, але для фону і некаторых другарадных элементаў выкарыстоўвалася алейная фарба. Раней даследчыкі ўжо выяўлялі ў яго працах прысутнасць бялкоў у фарбе, аднак толькі цяпер прыйшлі да высновы, што ён мог дадаваць іх наўмысна.


Кляшчы з чумой. У Расіі адкрылі новыя небяспечныя іх віды

Навукоўцы Цюменскага медыцынскага ўніверсітэта адкрылі тры новыя віды кляшчоў, якія пераносяць чуму і ліхаманку Заходняга Нілу. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе Persіan Journal of Acarology.

Згодна з высновамі спецыялістаў, паразіты шырока распаўсюджаны ў Манголіі і Сібіры. Знойдзеныя насякомыя, паводле слоў вучоных, належаць да двух відаў. Адзін вядомы як пераносчык бартанелеза, а другі — клешчавога энцэфаліту, барэліёзу, ліхаманкі Заходняга Нілу, чумы, а таксама іншых небяспечных захворванняў.

Паразіты належаць да двух сямействаў — Spіnturnіcіdae і Macronyssіdae. Адзін від выявілі ў 2020 годзе з заспіртаваных збораў калекцыі кажаноў. Другога знайшлі прыжыццёва: знялі з рукакрылых, адлоўленых у Бураціі і Туве.

Навукоўцы адзначылі, што марфалагічна новыя кляшчы не падобныя да апісаных раней. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што, хутчэй за ўсё, яны насяляюць паўднёвую азіяцкую частку Расіі і могуць, як мяркуецца, знаходзіцца на тэрыторыі Кітая. У далейшым вучоныя плануюць працаваць сумесна з кітайскімі спецыялістамі.


Без удзелу бацькі. Самка кракадзіла зацяжарыла сама па сабе

У заапарку Коста-Рыкі адбыўся першы выпадак самаапладнення. У самім гэтым факце новага нічога няма — такое сустракаецца сярод птушак, рыб і рэптылій. Але з кракадзілам падобнае адбылося ўпершыню, паведамляе «Бі-бі-сі». Як адзначылі навукоўцы, гэта можа казаць аб тым, што здольнасць да партэнагенезу кракадзіл атрымаў у спадчыну ад сваіх продкаў — дыназаўраў, якія таксама маглі размнажацца такім спосабам.

Навукоўцы расказалі, што 18-гадовая самка кракадзіла адклала яйка ў заапарку «Парк Рэптыліяна». Плод у ім быў цалкам сфарміраваны, але мёртвы, таму ён так і не вылупіўся.

Самка патрапіла ў заапарк у двухгадовым узросце, і яе ніколі не паказвалі самцам. Таму, знайшоўшы яйка, супрацоўнікі заапарка паведамілі пра гэта ў Політэхнічны ўніверсітэт Вірджыніі ў аддзел, які спецыялізуецца на партэнагенезе. Паводле аналізу навукоўцаў палітэха, плод генетычна амаль цалкам ідэнтычны маці, гэта значыць, што ён з’явіўся без удзелу бацькі.

Навукоўцы пакуль да канца не высветлілі, чаму некаторыя віды жывёл аддаюць перавагу партэнагенезу. Згодна з адной з тэорый, да яго звяртаюцца тыя віды, якім пачынае пагражаць выміранне.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.