Вы тут

Самуіл Маршак: «Дзякую Вам за «Міхасёвы прыгоды...»


Кастрычнік 1935 года. Толькі што створаны Саюз пісьменнікаў СССР. Якуб Колас з 1926 года — народны паэт Беларускай ССР. З 1928-га — акадэмік АН Беларускай ССР. З 1929 года — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР. Колас — ужо аўтар «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», «Палескіх аповесцяў», многіх іншых твораў, якія захапілі ўвагу беларускага і не толькі чытача. У 1934 годзе пісьменнік выдае аповесць «Дрыгва», прысвечаную легендарнаму Дзеду Талашу — удзельніку грамадзянскай вайны, народнаму мсціўцу, барацьбіту з белапалякамі... 


І вось у 1934–35 гг у Коласа нараджаецца паэма «Міхасёвы прыгоды»...

«Налучыла зімою Міхася бяда: / Захапіла Міхася хвароб чарада. / Прыстала ангіна, / А потым адзёр. / Чуць-чуць з дыфтэрыту/ Міхась не памёр. / Забіла дыханне, / І горла, і нос. / Ой, колькі пакуты / Міхась перанёс! / Ды ўсё ж далі рады / Яму дактары. / Вакцыну ўлівалі разоў тры. / Каб не вакцына, / Памёр бы хлапчына. /<...>/ Доктар дзіцячы / Лячэнне прызначыў — / Адправіць Міхася на вёску. / Паветрам гаючым/ І сонцам бліскучым / Міхасевы сілы ўзмацніць. / На ўлонні прыроды / Такія прыгоды, / Што ў горадзе нельга й сасніць. / Аб гэтых прыгодах якраз / І павядзецца тут сказ». 

У 1934 годзе паэма «Міхасёвы прыгоды» друкуецца ў часопісе «Іскры Ільіча» у першым — шостым нумарах. Асобнае выданне да чытача прыйдзе не адразу. Толькі — у 1937 годзе. У 1935 г. народны паэт Беларусі адважваецца і дасылае тэкст твора, якому будзе наканавана доўгае жыццё, славутаму савецкаму дзіцячаму пісьменніку Самуілу Маршаку, які на той час жыў яшчэ ў Ленінградзе. Самуіл Якаўлевіч нарадзіўся ў 1887 годзе, на пяць гадоў пазней за Якуба Коласа... 

У раннім дзяцінстве недзе з паўгода жыў у Віцебску, у бацькоў сваёй маці — Яўгеніі Барысаўны Гітэльсон. А бацька Самуіла — Якаў Міронавіч Маршак — дарэчы, з беларускага Койданава (Дзяржынска). У Ленінградзе пісьменнік арганізаваў дзіцячы альманах «Воробей», дзе друкаваліся Барыс Жыткоў, Віталій Біянкі, Яўген Шварц, іншыя добра вядомыя дзіцячыя пісьменнікі. На Першым з’ездзе савецкіх пісьменнікаў (у 1934 годзе) менавіта С. Маршак зрабіў даклад па дзіцячай літаратуры. І гэта была ініцыятыва Максіма Горкага, каб з грунтоўным дакладам па дзіцячай літаратуры выступіў менавіта Маршак. Таму цалкам зразумела, чаму Колас менавіта яму адпраўляе рукапіс сваё новай паэмы...

Ліст С. Маршака ад 5 кастрычніка 1935 года:

«Дарагі тав. Колас, 
Ад усё душы дзякую Вам за дасыл мне Вашай выдатнай кнігі для дзяцей «Міхасёвы прыгоды». Віншую тых дзяцей, якім патрапіць у рукі гэтая кніга, напісаная вялікім майстрам і сапраўдным паэтам. 
Упэўнены, што і іншыя паэты Беларусі ды і ўсяго Савецкага Саюза пойдуць следам за Вашым прыкладам і ўзбагацяць нашу дзіцячую літаратуру новымі вершамі і песнямі. 

Моцна цісну Вашу руку. 
С. Маршак». 

У карэспандэнцыі ад ужо прызнанага класікам творцы няма ніякіх парад, няма крытычнага разбору. А мо яшчэ Якуб Колас чакаў, што асабіста Самуіл Якаўлевіч пагодзіцца выступіць перакладчыкам твора на рускую мову?.. І ўсё ж ліст гэты па свойму быў, відавочна, важны для Коласа ў той час. Ды і зараз ён бачыцца не толькі знакам ветлівасці, а і старонкай добрай памяці ў стасунках беларускіх пісьменнікаў з іх расійскімі паплечнікамі па савецкай літаратуры.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.