Вы тут

Класікам прысвечаны пісьменніцкі суботнік


У Пісьменніцкім парку каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшоў суботнік, арганізаваны Саюзам пісьменнікаў Беларусі. 


Такога характару мерапрыемствы сталі добрай традыцыяй. Парк, заснаваны па ініцыятыве ганаровага старшыні СПБ, народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца, набірае сваю сілу. Дрэвы, пасаджаныя ў розныя гады ў гэтай утульнай мясціне, якую добра ведаюць гараджане і госці сталіцы, цягнуцца ўсё вышэй і вышэй. З мінулай восені, калі адзначалі 85-годдзе народнага пісьменніка Беларусі, аўтара дзесяткаў раманаў і аповесцяў, літаратара, які амаль два дзесяцігоддзі ўзначальваў Саюз пісьменнікаў, было высаджана першае імянное дрэва — у гонар Мікалая Іванавіча Чаргінца. Сёлетняй вясной дадаўся дуб, пасаджаны ў сувязі са 140-гадовым юбілеем класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра. 

Традыцыя працягваецца. І вось у лістападзе, на самым пярэдадні Кастрычніцкага свята, пасаджаны дуб з імянной таблічкай у гонар народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Літаратары, якія прымалі ўдзел у суботніку, не маглі не ўзгадаць неўміручыя панчанкаўскія радкі:

«Бой пад вечар скончыўся,
А мы ўсё
Пра атаку,
Хоць былі ўжо «тыл».
І ніхто яшчэ з нас не памыўся,
І ніхто яшчэ з нас не астыў.

І ляжаць сябры ў магіле братняй —
У каманды пахавальнай многа спраў.
Не спяшыў камбат пісаць аб стратах,
Аб сваіх салдатах гараваў.

Кроіў хлеб мой друг рукою чорнай,
З гімнасцёркі не абмыўшы кроў.
Выпівалі па чатыры нормы —
Нашы
І загінуўшых сяброў».

У суботніку ўдзельнічалі паэт Рагнед Малахоўскі, кіраўнік Цэнтра папулярызацыі літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі празаік Анатоль Матвіенка, паэт і перакладчык Міхась Пазнякоў, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота, паэт Уладзімір Мазго, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі дзіцячая пісьменіца Алена Стэльмах і шмат хто яшчэ. Многія з сённяшніх рупліўцаў добра ведалі народнага паэта, не аднойчы слухалі яго выступленні... 

Шчырымі памагатымі пісьменнікаў у пасадцы дрэў выступілі працаўнікі УП «Мінскзеленбуда». А яшчэ удзел у суботніку прынялі прадстаўнікі башкірскай дыяспары, якія жывуць і працуюць у Беларусі. У прыгожых народных строях, з усмешкамі на тварах, яны не выпадкова прыйшлі ў Пісьменніцкі парк. З 10 па 12 кастрычніка праходзілі Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі. Прыехала да беларусаў вялікая пісьменніцкая дэлегацыя з Уфы. Яшчэ ў час перамоў пра прыезд башкірскіх сяброў у Беларусь ішла размова пра тое, каб пасадзіць дрэва ў гонар класіка башкірскай літаратуры Хазіят Даўлетшынай. Яна ў 1936 годзе гасцявала ў Беларусі, прыняла ўдзел у Пленуме Саюза савецкіх пісьменнікаў, які быў прысвечаны беларускай і башкірскай паэзіі. Але ў кастрычніку па прычыне неспрыяльнага надвор’я не ўдалося высадзіць дрэва. І жаданне сваіх гасцей і сяброў беларускія калегі выканалі ў лістападзе, пасадзіўшы разам з прадстаўнікамі башкірскай дыяспары дрэва ў гонар Хазіят Даўлетшынай.

У 1936 годзе ў Мінску знаёміліся з беларускімі калегамі па літаратурным цэху больш за дзесяць башкірскіх паэтаў і празаікаў. З дакладам «Нараджэнне і шляхі башкірскай літаратуры» на Пленуме выступіў старшыня Саюза пісьменнікаў Башкірскай АССР Афзад Тагіраў (1890 — 1938), які сваю літаратурную дзейнасць пачаў яшчэ ў 1907 годзе. Адзін з першых яго твораў — аповесць «Басякі», напісаная пад уплывам Максіма Горкага. У 1930-я гады А. Тагіраў напісаў тры раманы пра тое, як народныя масы ішлі ў рэвалюцы, як усталёўвалі Савецкую ўладу. Але ў1937 годзе пісьменнік быў рэпрэсіраваны... 

З просьбай пракаменціраваць падзею мы звярнуліся да Алены Стэльмах:

— Парк набывае сваё адметнае аблічча. Мы штогод побач з ім праводзім фестываль дзіцячай літаратуры «У гасцях у Францыска Скарыны». І калі будзем збірацца наступны раз, а фестываль ладзіцца звычайна ў верасні, абавязкова прывядзём на экскурсію да памятных дрэў, высаджаных у гонар класікаў, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія цікавяцца літаратурай, родным словам. Мажліва з часам мы размесцім тут, у парку, інфакіёскі з QR-кодамі, праз якія можна будзе зайсці на розныя інфармацыйныя рэсурсы пра беларускую літаратуру. Мне здаецца, што сёння ўсе, хто нераўнадушна ставіцца да развіцця беларускай літаратуры, увогуле да літаратурнага выхавання моладзі, разумеюць, што ў гэтай справе патрэбна быць разам, рабіць усё магчымае дзеля папулярызацыі і сучаснай мастацкай літаратуры, і багатай творчай спадчыны нашых папярэднікаў. 

Пакуль яшчэ на вуліцы рознымі краскамі радуе восень, але ўжо набліжаюцца халады, хутка выпадзе снег. Ды ўсё ж наперадзе — шчодрае вясеннее сонца, зялёная лістота і, канешне ж, новая, ужо вясенняя пара, якая, безумоўна, будзе спрыяльная і для пасадкі новых дрэў у Пісьменніцкім парку, што месціцца ў сталіцы нашай краіны каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.