Вы тут

Жыхары Бракава скардзяцца на разбітыя дарогі, нязручны прыпынак і закрыццё ФАПа


Спачатку ў магілёўскі карпункт «Звязды» звярнуліся Галіна і Міхаіл Макар. Яны расказалі пра дрэнныя дарогі, складанасці з наведваннем медыцынскай установы, транспартныя няўвязкі ў вёсцы Бракава. Паведамілі, што выступаюць ад імя ўсяго вясковага насельніцтва. «Жыхары ў нас у асноўным пенсіянеры, людзі, якім не рэдка патрэбна медыцынская дапамога, — тлумачылі яны. — З пачатку лета спрабавалі звярнуць увагу мясцовых улад на нашу сітуацыю. Прыязджалі кампетэнтныя работнікі, глядзелі, пагаджаліся, што нешта рабіць трэба. Час ідзе, а нічога не мяняецца». Наколькі востра стаяць названыя праблемы і што абурае насельніцтва, карэспандэнт «Звязды» высвятляла на месцы.


Дарожны калапс

Бракава — не такі ўжо і маленькі населены пункт. Афіцыйна тут жыве каля 500 чалавек. Але вуліцы раскіданыя на вялікай тэрыторыі. Цэнтральная, напрыклад, цягнецца на некалькі кіламетраў, а потым плаўна пераходзіць у Лясную — таксама на некалькі кіламетраў даўжынёй. Дарога на гэтай бясконцай Цэнтральнай-Лясной грунтовая. У вёску ўязджаеш па асфальтавай шашы і ўжо на першых ста метрах — рэзкая перамена. Шасейка, вільнуў у супрацьлеглы ад вёскі бок, бяжыць насустрач цэнтральнай сядзібе сельсавета — Княжыцы.

— Не заўсёды так было, — удакладняюць суразмоўцы. — Тут таксама калісьці ляжаў асфальт, але замест таго, каб яго падрамантаваць, пакрыццё зрэзалі.

Дарожныя праблемы ў вёсцы існавалі і раней, але цярпенне ў людзей лопнула гэтай зімой. Яна была досыць снежная, а дарогі чысціць не спяшаліся. Званкі на «115» і ў сельсавет, па словах жыхароў Бракава, не дапамаглі. Да вёскі дарожная тэхніка не даходзіла. Галіна Макар расказвае, як зімой сядзела ў машыне, а яе сужэнец пешшу ішоў некалькі кіламетраў па заваленай снегам Цэнтральнай-Лясной да дому, каб курэй пакарміць. Начаваць вярталіся ў Магілёў, дзе жылі да пенсіі. Па заснежанай вёсцы ніводная машына праехаць не магла.

Летам стан вуліцы Цэнтральнай істотна пагоршыўся. Вёска знаходзіцца сярод палёў агракамбіната «Зара», і па вуліцы курсіравала велікагрузная тэхніка. Жыхары расказалі, што аднойчы дарога пад грузавіком з рапсам прасела — трэснула водаадводная труба. Утварылася яма глыбінёй паўметра. Пытанне гаспадарка вырашыла радыкальна — яму засыпала пяском. На той момант гэта выратавала сітуацыю, але кардынальна не памяняла. Першыя дажджы звялі высілкі на нуль. Цяпер пясок па меры неабходнасці падсыпаюць самі жыхары. Яны ж робяць канаўкі, каб сцякала вада. Месца тут балоцістае, ды яшчэ сцёкі з палёў збіраюцца. Чакалася, што ўсё зменіцца пасля візіту прадстаўнікоў мясцовага кіраўніцтва і камунальнікаў, але афіцыйны адказ з Магілёўскага райвыканкама, які нядаўна атрымалі, не абнадзейвае.

На дзвюх старонках за подпісам старшыні райвыканкама напісана, што калектыўны зварот быў разгледжаны з выездам на месца з удзелам супрацоўнікаў райвыканкама і «Жылкамгаса», які абслугоўвае дарогі па вуліцах Цэнтральная, Лясная і Калгасная. Эксперты зрабілі выснову, што дарогі ў задавальняльнчым стане і іх рамонт не прадугледжаны. Разам з тым абслуговай арганізацыі даручана вясной наступнага года зрабіць «неабходны комплекс работ па паляпшэнні спажывецкіх якасцяў дарог». Што датычыцца праблем з чысткай ад снегу, то жыхарам нагадалі пра «рашэнне райвыканкама ад 19.12.2022 № 24-30», якім за дадзенымі вуліцамі замацаваны агракамбінат «Зара». Напрошваецца пытанне: хто павінен паўплываць на агракамбінат, каб тое рашэнне не ігнаравалася?

— Ніколі не пісалі скаргаў, але тут дапякло, — раззлавана кажа Міхаіл Лаўрэнцьевіч. — Адказ, лічу, фармальны, хаця візіт быў салідны. Абяцалі пашукаць водаадводную трубу і рэанімаваць пашкоджаны ўчастак. Але, падазраю, пра гэта забылі.

Градус раздражнення

Павольна рухаемся на машыне па вуліцы Цэнтральнай, бо месцамі яна нагадвае пральную дошку. Здалёк бачу, што народ ужо чакае. Робім прыпынак каля дома № 68. Дарогу перасякаюць дзве вялікі лужыны. Пытанне — адкуль? Дажджу вялікага яшчэ не было. «Дастаткова і невялікага», — балюча рэагуюць мясцовыя.

— Калі нам зробяць дарогу? — адразу бярэ быка за рогі тутэйшы жыхар. — Як пачне затапляць, усё ў мой агарод цячэ.

Жанчына, якая жыве насупраць, падключаецца да размовы, але яе больш турбуе ФАП, які закрылі і трэба цяпер ездзіць па медыцынскія паслугі ў суседнюю вёску. Жанчыне 74 гады, пакуль ёсць сілы карыстацца веласіпедам, але ж яна не маладзее. Тэма ФАПа ў Бракаве таксама актуальная. Людзі заклапочаны адразу ўсім, таму крычаць кожны пра сваё. «Асфальт зімой за вёскай чысцяць, а ў нас — не», «Хуткая» з-за снегу не магла праехаць, і чалавек памёр", «Віця на калясцы вёз жонку амаль кіламетр да «хуткай», «Навошта ФАП закрылі: будынак добры, стаіць цяпер без справы, а нам трэба за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску матацца?».

У суправаджэнні вяскоўцаў — хто пешшу, хто на машыне — інспектуем вуліцу далей. Чарговы прыпынак робім каля дома № 133. Тут Цэнтральная звужаецца так, што дзвюм машынам не размінуцца. Гэта той самы ўчастак, дзе летам трэснула водаадводная труба і ўтварылася глыбокая яма. Ямы цяпер няма, але дарога насамрэч непрыглядная.

— Гэты ўчастак добра ведаюць мясцовыя ўлады, — кажуць жыхары. — Труба зламаная, забілася зямлёй і брудам настолькі, што сцёкавая вада праз яе не ідзе — льецца праз дарогу. Месца падсыпаюць перыядычна, а сёлета зусім дрэнныя справы. Раней сваімі сіламі засыпалі. Камунальнікі прыязджалі, пагаджаліся, што трэба рабіць адвод. Чаму не робяць?

Паабапал дарогі сцяной стаіць бур’ян, пад ім — вада. Жыхары наперабой крычаць, што, як толькі дажджы пойдуць, тут ніводная машына не праедзе. У вушах звініць ад многагалосся: «Гарантыі, што машына тут не праваліцца, ніякай», «Робім траншэі, каб вада сцякала», «Прыехалі, падсыпалі гліны. Першы раз сыпанулі — размыла. Другі раз сыпанулі — таксама. Яшчэ параілі: скажыце „дзякуй“, што мы хоць так вам зрабілі», «Тут кольцы трэба мяняць і рабіць нармальны праезд», «Бачыце, дрэвы ўжо ледзь не на дарозе растуць і бур’ян навокал», «Слупкі пастаўце, разметку якую зрабіце...». І рэфрэнам: «Дапамажыце нам, калі ласка!»

Яшчэ адно слабае месца знаходзіцца там, дзе Цэнтральная пераходзіць у Лясную. Дарога тут нагадвае латок — абочыны вышэйшыя за цэнтр.

— Вада сцякае і стаіць у нізінцы, — скардзяцца жыхары. — Нават гаспадарчыя пабудовы залівае.

Як самі дарогу рабілі

Віктар Параскевіч з жонкай Зояй жывуць на вуліцы Калгаснай. Расказвае, як з суседам, які ўжо памёр, дарогу будаваў.

— Сабралі грошы, хлопцы знаёмыя з калгаса прывезлі машын 5-6 пяску і адсыпалі, — кажа ён. — Ад вуліцы Цэнтральнай нас адразала поле. Людзі каляю прабілі і хадзілі. А як на машыне праехаць? Пагутарылі і вырашылі рабіць самастойна. Мы, вядома, не дарожныя будаўнічыя, таму як маглі, так і зрабілі. Усе ўдзельнічалі, тут у нас дамоў 20. Зямлю насыпалі, але дарога гуляе, бо пад пяском ніякай «падушкі» няма. Летам можна праехаць, а зімой — бяда. Ветрам снегу надзьме да метра, чакаеш, пакуль растае. Калі сеў у сумёт, гадзіны дзве трэба раскопвацца.

Віктар Фёдаравіч расказвае, як гэтай зімой, калі іх снегам засыпала, жонку ратаваў.

— «Хуткую» выклікаў, а яна пад’ехаць не можа, — перажывае ён зноў тыя падзеі. — У жонкі гіпертанічны крыз, ціск за 200, двойчы аперацыю рабілі, з палачкай ходзіць. Я яе на санкі — і пацягнуў. Ад нашага дома да вуліцы Цэнтральнай амаль паўкіламетра. Вёска за 18 кіламетраў ад Магілёва, а жывём як у глушы.

Жыхары вуліцы Калгаснай звяртаюць увагу на яшчэ адну вадасцёкавую трубу.

— Таксама самі паклалі, — расказвае Віктар Фёдаравіч. — Не было з чаго рабіць, дык мы з калодзежных кольцаў сабралі. Таўшчыня іх, самі ведаеце, невялікая. Не ўсякую машыну вытрымае. Таксама трэба нешта мяняць, бо вада сцякае ў агароды.

Прыпынак з краю

Новы прыпынак для грамадскага транспарту з’явіўся на ўскрайку вёскі, а жыхары Бракава хацелі б бачыць яго на скрыжаванні вуліц Лясная, Калгасная і Зарэчная. Тады было б зручна ўсім. Насельніцтва немаладое, некаторым 100 метраў прайсці цяжка. А тут некалькі кіламетраў трэба пераадолець.

— Ці гэта не пацвярджэнне таго, што вясковая дарога ні на што не прыдатная? — задаюць рытарычнае пытанне жыхары. — Вось пусцілі б сюды аўтобус, можа, і з дарогай пытанне вырашылася б.

Логіка ў іх разважаннях ёсць. Магчыма, і адсутнасць ФАПа так балюча не ўспрымалася б. Жыхары цяпер карыстаюцца паслугамі княжыцкай амбулаторыі, але ім цяжка туды дабрацца. Грамадскі транспарт рэдка курсіруе. Новы прыпынак як здзек: чалавеку меддапамога патрэбная, а яго вымушаюць некалькі кіламетраў тупаць па дрэннай дарозе якраз міма дыхтоўнага цаглянага дома, дзе некалькі гадоў таму яшчэ быў ФАП. Цяпер абавязкі мясцовага фельчара на добраахвотных пачатках выконвае Галіна Макар, якая да пенсіі працавала медыкам. Дае парады, робіць уколы, ціск мерае. Але ж гэта не ўваходзіць у яе абавязкі. Таму жыхары спадзяюцца, што графік руху транспарту да Княжыц зменяць на больш зручны.

P. S. Пра неабходнасць рамонту ўчастка дарогі па вуліцы Цэнтральнай у Бракаве сёлета пісала раённая газета «Прыдняпроўская ніва». Тым не менш пакуль пытанняў у жыхароў вёскі больш, чым адказаў. Дарэчы, Прэзідэнт прапанаваў назваць наступны год Годам якасці…


Аўтарытэтна

Тэму рамонту і ўтрымання мясцовай дарожнай сеткі неаднаразова узнімаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. «Без дарог у нас жыцця няма. Гэта і настрой людзей, і эканоміка, і транзіт, на якім мы жадаем зарабіць», — некалькі гадоў таму адзначыў ён падчас візіту ў Слаўгарадскі раён.

Сёлета дарожнае пытанне з удзелам Прэзідэнта разглядалася на прыкладзе аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна, дзе кіраўніку краіны паказалі розныя падыходы па асфальтаванні, бетанаванні і іншыя спосабы прывядзення вуліц і дарог у населеных пунктах у нармальны стан. Па словах намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Сівака, які даваў справаздачу па гэтым пытанні, «ЖКГ раней не ўваходзіла ў сельскую мясцовасць, гэта былі мясцовыя органы ўлады, але мы ўбачылі, што трэба збіраць агульную інфармацыю, даваць агульныя методыкі...». Размова ішла пра тое, што для кожнай вуліцы ці дарогі трэба выбіраць той від тэхналогій, які неабходны ў дадзенай канкрэтнай мясцовасці.


У тэму

Старшыня Княжыцкага сельсавета Віктар Палтаран:

— У планах раённага аддзела добраўпарадкавання ЖКГ у 2025 годзе — зрабіць у Бракаве пясчана-гравійную падсыпку вуліцы Рачная. Гадоў восем таму рабілася падсыпка на вуліцы Зарэчнай. Што датычыцца вуліц Цэнтральная і Калгасная, пакуль пытанне застаецца адкрытым.

ФАП прыйшлося закрыць, бо, улічваючы, што ў Княжыцах ёсць амбулаторыя, сацстандарты па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва ў Бракаве выконваюцца. Прыпынак грамадскага транспарту ўстаноўлены з улікам звароту жыхароў суседняй вёскі Лахва, да якой ад Бракава некалькі кіламетраў. Непасрэдна ў іх населеным пункце зрабіць гэта было немагчыма. Таму знайшлі кампраміснае рашэнне. Абяцаю, што ў найбліжэйшы час мы з жыхарамі на сельскім сходзе абмяркуем гэтыя пытанні яшчэ раз.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі раён

Загаловак у газеце: Званок з Бракава

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».