Вы тут

Перамовы аб свабодным гандлі і рэцэсія эканомікі Еўропы


Брусель разышоўся з Канберай

Перамовы ЕС з Аўстраліяй аб свабодным гандлі з трэскам праваліліся

Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўрапейскім саюзам і Аўстраліяй, якое распрацоўваецца з 2018 года, у бліжэйшы час заключана не будзе. Спроба завяршыць здзелку з трэскам правалілася, паведаміла Еuronews. Днямі прадстаўнікі Еўрасаюза і Аўстраліі адправіліся ў Асаку (Японія) для правядзення новага раунда перамоў на палях міністэрскай сустрэчы «сямёркі». Меркавалася, што гэтыя перамовы стануць фіналам карпатлівай тэхнічнай работы, дазволяць ліквідаваць прабелы, што засталіся, і дасягнуць папярэдняй дамовы на палітычным узроўні.

Але не паспелі абедзве каманды сесці адна насупраць адной, як міністр гандлю і турызму Аўстраліі Дон Фарэл вылучыў патрабаванні па далейшаму пашырэнню доступу аўстралійскіх фермераў на рынкі, сцвярджаюць высокапастаўленыя прадстаўнікі ЕС. Патрабаванні Фарэла былі перададзеныя віцэ-старшыні Еўракамісіі Валдзісу Дамброўскісу, які адказвае за гандлёвыя адносіны. Яны былі ўспрынятыя еўрапейскім бокам як адмова ад прагрэсу, дасягнутага за апошнія тыдні, і паслужылі прычынай раптоўнай адмены перамоваў.

У сваю чаргу, Дон Фарэл заявіў, што яго задача як міністра гандлю Аўстраліі заключаецца ў тым, каб «дамагчыся найлепшых умоў для нашых вытворцаў, нашых прадпрыемстваў, нашых рабочых і нашых спажыўцоў. Я прыехаў у Асаку з намерам завяршыць работу над пагадненнем аб свабодным гандлі з Еўрапейскім саюзам. На жаль, нам не ўдалося дабіцца прагрэсу».

Хоць Дамброўскіс і Фарэл пакінулі адкрытымі дзверы для працягу перамоваў у будучыні, палітычныя карты выкладваюцца супраць іх: ЕС хутка пачне кампанію падрыхтоўкі да чэрвеньскіх выбараў у Еўрапарламент, а аўстралійцы павінны прыйсці на ўчасткі для галасавання дзесьці да верасня 2025 года. ЕС і Аўстралія часта называюць адзін аднаго «партнёрамі-аднадумцамі». Агульны аб’ём тавараабароту ў мінулым годзе склаў 56,4 мільярда еўра. Спробы заключыць пагадненне аб свабодным гандлі (ПСГ) з моманту афіцыйнага запуску працэсу ў 2018 годзе суправаджаліся рознага кшталту скандаламі. Так, у 2021-м Канбера прыняла рашэнне разарваць кантракт з Францыяй на пастаўку падводных лодак коштам 56 мільярдаў еўра, што раз’юшыла Елісейскі палац і прывяло да працяглага зрыву перамоваў.

Хоць еўрапейская і аўстралійская версіі разыходзяцца ў пытанні аб тым, хто вінаваты, яны вызначаюць пытанне, якое стала асноўнай прычынай правалу перамоваў, — экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Па словах Дамброўскіса, прапанаваная мадэль павінна была даць «камерцыйна значны» доступ на еўрапейскі рынак аўстралійскай сельскагаспадарчай прадукцыі, такой як ялавічына, бараніна, цукар і малочныя прадукты. Увоз гэтых тавараў на адзіны рынак блока традыцыйна абкладаецца высокімі пошлінамі з-за іх патэнцыйна спусташальнага ўздзеяння на еўрапейскіх фермераў, якія схільныя адпрэчваць любую замежную канкурэнцыю.

Еўракамісія выступіла з прапановай знізіць гэтыя тарыфы і стварыць доступ на рынак аб’ёмам 1 мільярд аўстралійскіх долараў (каля 600 млн еўра) у год, растлумачылі высокапастаўленыя чыноўнікі ЕС, якія казалі на ўмовах ананімнасці. Прапанова была разлічана на эканамічную і палітычную выгаду для абодвух бакоў.

Але пасля, па словах прадстаўнікоў ЕС, Фарэл здзівіў удзельнікаў перамоваў новымі патрабаваннямі па пашырэнню доступу на рынак, якія ніяк не адпавядалі прапанове Еўракамісіі, асабліва ў дачыненні да ялавічыны і бараніны. Патрабаванні Фарэла былі расцэненыя як празмерныя ў інтарэсах аўстралійскіх фермераў, што зрабіла немагчымым дасягненне кампрамісу ў бліжэйшай перспектыве. У сваю чаргу ў інтэрв’ю тэлеканалу Sky News пасля сустрэчы ў Асацы міністр сельскай гаспадаркі Аўстраліі Мюрэй Уот аспрэчыў прэтэнзіі еўрапейцаў, заявіўшы, што яны «абсалютна не адпавядаюць рэальнасці».


Эканоміцы Еўропы пагражае рэцэсія пасля падзення вытворчасці

Эканоміка еўразоны рызыкуе ўпасці ў рэцэсію ужо ў гэтым годзе, пасля таго як афіцыйныя дадзеныя паказалі, што аб’ём вытворчасці скараціўся ў трэцім квартале. Пра гэта паведаміла CNN.

Згодна з першапачатковай ацэнкай, апублікаванай Еўрастатам, ВУП у 20 краінах, якія выкарыстоўваюць еўра, упаў на 0,1 працэнта з ліпеня да верасня у параўнанні з папярэднімі трыма месяцамі. Падзенне рушыла ўслед за ростам усяго на 0,2 працэнта за квартал з красавіка да чэрвеня, яно падкрэслівае тонкую мяжу паміж спадам і ростам у еўразоне, адзначаюць эксперты.

ВУП знаходзіўся ў стагнацыі ў апошнія тры месяцы мінулага года і сёлета ў першым квартале. «Агульная карціна такая, што Еўразона знаходзіцца ў цяжкім становішчы. За апошні год рост толькі на 0,1 працэнта, а самыя актуальныя бізнэс-апытанні нязменна паказваюць на зніжэнне актыўнасці ў пачатку чацвёртага квартала », — напісаў Джэк Ален-Рейнольдс, намеснік галоўнага эканаміста еўразоны ў Capіtal Economіcs. Эканоміка, дадаў ён, «застанецца млявай», па-за залежнасці ад таго, ці перажыве Еўразона тэхнічную рэцэсію, якая вызначана як падзенне ВУП на працягу двух кварталаў запар.

Эканоміка еўразоны з усіх сіл спрабуе аднавіць тэмпы пасля таго, як яна пацярпела ад росту цэн на энерганосьбіты. Павышэнне працэнтных ставак з мэтай утаймаваць рост інфляцыі яшчэ больш паўплывала на выдаткі спажыўцоў і бізнэсу. Дадзеныя нядаўняга апытання сведчаць аб тым, што актыўнасць у вытворчым сектары і сектары паслуг еўразоны згортваецца, попыт на тавары і паслугі таксама будзе працягваць зніжацца. Нават калі рэгіёну ўдасца пазбегнуць рэцэсіі, эканамісты адзначаюць, што да значнага аднаўлення яшчэ далёка. Афіцыйныя дадзеныя па ВУП Германіі і Францыі — першай і другой эканоміках Еўропы — пацвярджаюць гэты пункт гледжання. ВУП Францыі ўзрос усяго на 0,1 працэнта трэцім квартале ў параўнанні з папярэднімі трыма месяцамі. Тым часам аб’ём вытворчасці ў Германіі некалькі скараціўся ў трэцім квартале. Валацільны ВУП Ірландыі ўпаў на 1,8 працэнта, што спрыяла спаду еўразоны.

«Працяг эканамічнай і геапалітычнай нявызначанасці разам з уздзеяннем больш высокіх ставак будзе аказваць ціск на эканамічную актыўнасць у бліжэйшыя кварталы», — адзначыў старшы эканаміст па еўразоне галандскага банка ІNG Bank Берт Калейн. Еўропа знаходзіцца на мяжы рэцэсіі ва ўмовах хуткага ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і моцных эканамічных узрушэнняў. Пра гэта гаворыцца щ дакладзе Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД). Паводле дадзеных ЮНКТАД, рост эканомікі ў Еўропе стрымлівае стагнацыя або зніжэнне рэальнай заработнай платы, пагаршаюць мерамі жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў. Паводле прагнозаў экспертаў арганізацыі, тэмпы росту сусветнай эканомікі замарудзяцца сёлета да 2,4 працэнта ў параўнанні з 3 працэнтамі летась. Яны таксама папярэджваюць, што пакуль «мала што сведчыць аб аднаўленні росту ў наступным годзе».


У ЗША падлічылі будучыя даходы ад канфлікту ў Газе

Амерыканскія карпарацыі чакаюць выбуховага росту прыбытку на фоне канфлікту паміж Ізраілем і Палестынай, паведаміла брытанская газета The Guardіan. Прагнозы бізнэсу грунтуюцца на скачку кошту акцый з пачаткам эскалацыі на Блізкім Усходзе. Morgan Stanley і TD Bank ускладаюць вялікія надзеі на рост авіякасмічнай і зброевай галіны, бачачы сяміпрацэнтнае павелічэнне кошту акцый з пачаткам вайны паміж Ізраілем і ХАМАС, адзначаецца ў публікацыі.

Па словах фінансавых аналітыкаў, сітуацыя на Блізкім Усходзе «відавочна жудасная і яна толькі развіваецца». Пры гэтым расце попыт на ваенную прадукцыю, і асабліва тую, што звязана з артылерыяй. Па словах аднаго з экспертаў, гендырэктара TD Cowen Кая фон Румора, «ХАМАС стварыла дадатковы попыт на $106 млрд».

Аглядадбніка The Guardіan абурылі падобныя прагнозы. Абмеркаванне фінансавай выгады ад узброенага канфлікту ён назваў «бяздушнасцю і чэрствасцю». Як вядома, раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас тэлезвароту да нацыі заявіў, што дапамога Украіне і Ізраілю з’яўляецца «разумнай інвестыцыяй», якая будзе прыносіць прыбытак будучым пакаленням амерыканцаў.


The Beatles выпусцілі «апошнюю песню»

Больш за 50 гадоў прайшло пасля распаду The Beatles, дваіх удзельнікаў квартэта ўжо няма ў жывых. Але дзякуючы штучнаму інтэлекту прыхільнікі легендарнай групы пачулі яе «новую» песню, паведаміла «Бі-бі-сі». Усё пачалося з таго моманту, калі ў сацыяльных сетках завірусілі фота звязаных з The Beatles славутасцяў Ліверпуля, на якіх спраецыяваўся малюнак старой аўдыёкасеты. Загадкавае пасланне, як мы і думалі, прадвесціла выхад песні. Нарэшце, так і адбылося.

Кампазіцыя Now And Then з’явілася ў продажы 2 лістапада ў выглядзе сінгла, у тым ліку на вініле з Love Me Do на адваротным баку (самым першым сінглам групы, які выйшаў ў 1962 годзе). Now And Then узятая з той жа партыі нявыдадзеных дэма-запісаў Джона Ленана, што і Free As a Bіrd і Real Love, якія яго калегі па групе дазапісалі і выпусцілі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Пол Макартні, Рынга Стар і Джордж Харысан яшчэ тады спрабавалі дапрацаваць Now And Then, але ім перашкодзілі тэхнічныя абмежаванні.

З дапамогай штучнага інтэлекту рэжысёр Пітэр Джэксан ліквідаваў гэтыя праблемы, «аддзяліўшы» арыгінальны вакал Ленана ад фартэпіяна, пад акапанемент якога ён выконваў песню пад запіс у 1978 годзе. Так Макартні і Стару ўдалося завяршыць працу над кампазіцыяй у мінулым годзе. У ёй ёсць гітарныя партыі, запісаныя Харысанам амаль тры дзесяцігоддзі таму, новая партыя ўдарных Стара, бас Макартні, а таксама фартэпіянны пасаж і сола на слайд-гітары, якое ён дадаў у памяць аб Харысане, які памёр у 2001 годзе. Акрамя таго, Пол і Рынга выканалі партыі бэк-вакалу. Макартні таксама ўключыў у трэк струнную аранжыроўку, напісаную разам з Джайлзам Марцінам, сынам прадзюсара The Beatles Джорджа Марціна. Нарэшце, яны дадалі бэк-вакал з арыгінальных запісаў песень Here, There and Everywhere, Eleanor Rіgby і Because.

«Вось ён — крышталёва чысты голас Ленана,» — сказаў Макартні. — Ён вельмі эмацыйны. Гэта сапраўдны запіс The Beatles. У 2023 годзе працягваць працаваць над музыкай The Beatles і выпусціць новую песню, якую публіка яшчэ не чула, — гэта захапляльна«. За дзень да выхаду песні, у Сетцы з’явіўся 12-хвілінны фільм, які распавядае пра тое, як аднаўлялася Now And Then. Як паведаміў Euronews, 10 лістапада будуць выпушчаныя пашыраныя версіі «Чырвонага» і «Сіняга» альбомаў. У апошні зборнік будзе ўключана песня Now And Then, нягледзячы на тое, што яна з’явілася значна пазней 1970 года.

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.