Вы тут

Валерый Максімовіч аб тым, якой павінна быць дзіцячая літаратура


Саюз пісьменнікаў Беларусі рыхтуецца да чарговага пленума, які гэтым разам будзе прысвечаны выхаваўчай ролі літаратуры. Упэўнены, ніхто не будзе спрачацца з тым, што мастацкая літаратура, і літаратура для дзяцей у тым ліку, валодае ўніверсальнымі магчымасцямі ўплыву на чалавека. Яна аказвае комплекснае ўздзеянне на мысленне, пачуцці, уяўленні, мараль і густы, выступае дзейсным фактарам выхавання асобы. Якая ж сёння літаратура для дзяцей, падлеткаў? Якімі якасцямі павінен характарызавацца твор, каб быць успрынятым дзіцячай чытацкай аўдыторыяй? Што сёння можа задавальняць чытача і якія яшчэ маюцца незапатрабаваныя рэзервы, каб палепшыць, удасканаліць саму фактуру, структуру, напаўненне твора, узмацніць яго мастацка-эстэтычныя вартасці? Гэтыя і іншыя праблемныя блокі мы абмяркоўваем з кіраўніком секцыі крытыкі і літаратуразнаўства Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктарам філалагічных навук, прафесарам Валерыем Аляксандравічам Максімовічам.


— Валерый Аляксандравіч, у чым, на вашу думку, галоўная місія, галоўнае прызначэнне літаратуры для дзяцей, якая яе выхаваўчая роля?

— Усе мы родам з дзяцінства — гэты выраз утрымлівае ў сабе глыбокі сэнс і шмат разнастайных сэнсавых канатацый. Перыяд дзяцінства — вельмі значны этап фарміравання асобы, унутранага свету, псіхалагічна-эмацыянальных складнікаў. У гэты перыяд адбываецца першасная сацыялізацыя дзіцяці, складваецца характар яго адносін да свету, да навакольнай прыроды, да сваіх бацькоў, сяброў, родных і блізкіх людзей. Менавіта ў пару дзяцінства актыўна развіваецца вобразнае мысленне, эмацыянальнае ўспрыманне і суперажыванне, надзвычайная цікавасць да навакольнага асяроддзя, фантазія, уменне здзіўляцца, здавалася б, самым будзённым праявам жыцця. І менавіта гэтае здзіўленне, гэтую неадольную прагу да спазнання невядомага, загадкавага, таямнічага так важна падтрымліваць, падсілкоўваць, культываваць. Гэта ўмова і стымул для ўласнай мастацкай творчасці, для творчасці ўвогуле, для абуджэння цікавасці да спазнання таямніц Сусвету.

— А ўсё ж наколькі важна сёння, у век лічбавых тэхналогій, прагматыкі, тэхнакратыі, займацца як бы ідэалістычнымі рэчамі, вучыць заўважаць прыгажосць вакол сябе?

— Я глыбока перакананы: у дзіцяці неабходна фарміраваць пачуццё прыгожага, уменне і здольнасць заўважаць красу, прыгажосць у навакольным свеце, беражліва і ашчаджальна ставіцца да прыроды, да жывых яе праяў, бо гэта адзін з найістотнейшых складнікаў чалавечага існавання, калі хочаце, жыццёвага аптымізму, духоўнага росту. Зразумела, што ў наш вірлівы, імклівы век, калі ўсё развіваецца хутка і дынамічна, складана бывае прыпыніцца, засяродзіцца, задумацца, палюбавацца той прыгажосцю, тымі цудамі, якія разліты ў прыродзе. Але дзецям неабходна такая арганічная сувязь са шматлікімі стракатымі праявамі жыцця, бо гэта адна з найважнейшых умоў фарміравання асобы дзіцяці, свету дзіцяці, прывівання эмацыянальна-станоўчых адносін да ўсяго, з чым сутыкаецца маленькі чалавек. Праз кнігу, дзякуючы кнізе ў дзіцяці фарміруецца пэўны ідэал, канон стасункаў з навакольным светам. І менавіта дзіцячая кніга (вершы пра самыя розныя з’явы прыроды, чарадзейныя казкі пра жывёл) дае магчымасць завабіць дзіця ў атмасферу дзівоснага, фантастычнага, незвычайнага. Трэба разумець, што фантазія, здольнасць здзіўляцца, захапляцца судакрананнем з жывымі праявамі свету — гэта неабходная прыступка, стымул для творчасці, умова самаразвіцця, самарэалізацыі. 

— Прыгадаў выраз-заклік: «Часцей здзіўляйцеся!» Ці маюцца яшчэ нейкія аргументы на карысць таго, што свет прыгожага мае надзвычайную важнасць для фарміравання ўнутраных канстантаў юных чытачоў?

— Безумоўна, маюцца. Кніга для дзяцей вучыць пазнаваць свет, узаемадзейнічаць з ім праз эмацыянальна-пачуццёвае, эстэтычнае (праз прызму прыгажосці) перш за ўсё, успрыманне жыцця ў мастацкіх вобразах. Яна заклікана фарміраваць комплекс першасных уяўленняў і важных якасцей — любоў да прыроды, любоў да радзімы, уменне ладзіць са сваімі равеснікамі, бацькамі, старэйшымі. Мне гэтае ўменне, гэтая здольнасць падаюцца надзвычай важнымі, асноватворнымі ў сённяшніх умовах татальнага замбіравання інфармацыйнымі тэхналогіямі і рэсурсамі, нейкай татальнай адчужанасці ад жывога жыцця. Бо ўменне камунікаваць, атрымліваць задавальненне ад гэтага — таксама з разраду чалавекафарміруючых і нават лёсавызначальных фактараў.

Дзіцячая кніга мае і прагназуючае значэнне. Дзіця не проста слухае ці чытае твор. Яно вучыцца, яно нават на падсвядомым узроўні спасцігае культурныя коды, сэнсы, значэнні, характэрныя для таго атачэння, дзе жыве. Гэта дапамагае хутчэй адаптавацца да роднаснага асяроддзя, улавіць яго базавыя, сталыя характарыстыкі, а ў далейшым будзе скіроўваць на пошук ісціны, на засваенне тых сэнсаў, адносін і ўзаемаадносін, якія падаюцца найбольш прыймальнымі і аптымальнымі. А яшчэ гэта аблягчае шлях пошуку ўласных рашэнняў, уласнага выбару, абуджае ініцыятыву і адказнасць. Іншымі словамі, дзіцячая кніга як істотны складнік нашай культурнай і літаратурнай традыцыі задае пэўную праграму сацыяльных паводзін, вызначае сацыяльны статус дзіцяці ў будучым. Я хачу падкрэсліць тую думку, што засваенне грамадскіх і індывідуальных норм і прынцыпаў жыццядзейнасці з’яўляецца шмат у чым і вынікам культывавання, наследавання тых духоўных (казачных, фантастычных) ідэалаў, якія былі «вычытаны» з дзіцячых кніг. 

— Фармат дзіцячай кнігі скіроўвае да таго, што асноўны канфлікт — паміж дабром і злом. Гэта аксіёма. Значыць, дзіцяці трэба выбіраць, яно павінна выразна ўсвядоміць для сябе прыроду зла і прыроду дабра? Ці не так?

— Абсалютна так. Мадэлюючы сітуацыю змагання дабра і зла, пісьменнік тым самым фарміруе і каштоўнасныя адносіны да свету. Канешне, зразумець, «што такое добра, а што такое кепска», дзіця можа і праз размовы з дарослымі, бацькамі (праз народную сямейную педагогіку), праз удала змадэляваныя сітуацыі, нарэшце, праз уласны вопыт, жыццёвую неабходнасць рабіць свой выбар. Пазнанню «паводзінных стратэгій» шмат у чым дапамагае і кніга, якая дае красамоўныя ўяўленні пра навакольны свет — багаты, разнастайны, рознакаляровы, шматгалосы. Вельмі важным складнікам дзіцячай кнігі выступае (павінна выступаць), на маю думку, тое эмацыянальна-ацэначнае перажыванне, якое суправаджае чытанне, слуханне, успрыманне. Перажыванне, якое звязана з суперажываннем, з абуджэннем, з нараджэннем гэтага пачуцця. Дзіця павінна вучыцца разводзіць, падзяляць дабро і зло, рабіць свой выбар, які звязаны, як гавораць дарослыя, з гуманнымі, чалавечнымі адносінамі да ўсяго жывога на зямлі. На жаль, сённяшняя кніга для дзяцей не заўсёды можа ўпэўнена прадэманстраваць свой чалавекалюбівы пафас, сваё катэгарычнае, настойлівае, пераканаўчае адмаўленне нядобрага, злога, пачварнага, цёмнага. Сюжэт некаторых сённяшніх твораў для дзяцей мне падаецца нейкім інфантыльным, флегматычным, апісальна-канстатуючым. Там няма душы, няма (ці ён занадта прыглушаны, завуаляваны) звароту да пачуцця спагады, жалю, міласэрнасці, дабрыні. Прыгадваецца час, калі яшчэ малым быў мой сын. Але чытаць умеў. Мы чыталі байку І. А. Крылова «Воўк і Ягня». Калі я дайшоў да слоў «Сказал и в темный лес ягненка уволок», сын расплакаўся і стаў моцна біць па ваўку, намаляванаму на карцінцы разам з ягнём. Цяпер, кажуць, не варта пісаць так, каб даводзіць дзіця да слёз, бо гэта не педагагічна. А чаму? Урэзваецца ў памяць, застаецца ў сэрцы тое, што эмацыянальна перажыта, ад чаго атрыманы незвычайны эмацыянальны ўсплёск, моцнае хваляванне, узрушэнне. Але ж гэта і індыкатар настроенасці дзіцяці на суперажыванне, на непрыманне зла, насілля, гвалту. Не варта выпускаць з поля зроку і тую акалічнасць, што дзіця няўзнак пражывае са сваімі героямі сітуацыі, якія ўзнаўляюцца ў сюжэце. Таму тэкст, прызначаны для дзяцей, павінен праграмаваць дзіцячую душу на адмаўленне зла, цёмнай варожай сілы, якая спрабуе знішчыць дабро, усталяваць свае злачынныя законы. Зразумела, што для кожнага ўзросту варта знайсці сваю меру і ступень дапушчальнасці, дэманстрацыі падобных калізій, але саму ідэю, як думаецца, варта прызнаць універсальнай, першаснай пры прадумванні сюжэтнай канвы, пабудове вобразных антыномій.

— Які сэнс вы ўкладваеце ў паняцці «выхаванне сродкамі мастацкай літаратуры», «выхаваўчае значэнне літаратуры для дзяцей»? Якія можаце адзначыць недахопы, пралікі, слабыя месцы ў творах, прызначаных для дзіцячай аўдыторыі?

— Выхаванне, у тым ліку выхаванне сродкамі мастацкай літаратуры, — гэта складаны феномен, які інтэгруе, аб’ядноўвае ў сабе мноства самастойных аспектаў, праяў, вектараў, падыходаў. Гэта важны сродак, найперш этнакультурнага выхавання дзяцей, фарміравання добразычлівых, прыязных, сардэчных адносін да сваёй мовы, культуры, традыцый, якія перадаюцца па розных каналах, у тым ліку біялагічнай, генетычнай, культурнай памяці. Усе нашы высілкі, уся наша творчасць павінны садзейнічаць умацаванню сувязі падрастаючага пакалення са сваімі спадчыннымі каранямі, культурнымі, духоўнымі сімваламі, народнай традыцыяй. Для таго каб дастукацца да розуму і сэрца дзіцяці, важна ўсё — і адметнасць сюжэтнай фабулы, і характарыстыка вобразаў, і мастацкія дэталі, і само гучанне мовы, пабудова сказаў, багацце лексічных, слоўных канструкцый. Мова ж асобных твораў для дзяцей, на вялікі жаль, падаецца відавочна збедненай, канцылярскай, бязвобразнай. А яна павінна быць жывой, сакавітай, яркай, экспрэсіўна і эмацыянальна афарбаванай, выразнай, у вобразнай і лаканічнай форме перадаваць сутнасць з’явы, вобраза, персанажа. Бо кнігі для дзяцей — тое ж мастацтва, а ўспрыманне мастацтва мае эмацыянальна-інтэлектуальную прыроду, прадугледжвае ўменне адэкватна ўспрыняць змест, зразумець выразнасць вобразаў, іх характарыстыку, дадзеную мастаком. Варта ўсім нам усведамляць сваю адказнасць за сказанае, напісанае, вымаўленае слова, асабліва тое, што павінна, урэшце, запасці ў сэрца маленькага чытача, застацца там і прарасці суквеццем прыгожых дум, мар, спадзяванняў, якія будуць натхняць і дапамагаць будаваць свой уласны свет, сваю жыццёвую стратэгію, не страчваць веру ў цуд, у моц святла, любові, міласэрнасці, клікаць наперад, каб не звялося дабро, каб і надалей мы спрычыняліся да жыватворных крыніц народнай мудрасці. Хай жыве ў нашых сэрцах нязгасны свет дзяцінства!

Гутарку вёў Максім ТРАЯНОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.