Вы тут

Мюзікл для дзяцей, «Альпійская балада» і «Linkin Park classic concert»


«Linkin Park classic concert», мюзікл для дзяцей «Залатое кураня», выстава «У мой вольны час», «Рамэа і Джульета», «Альпійская балада» і мультфільм «Тролі 3» — штотыднёвая афіша «Звязды».​


«Рамэа і Джульета»

 

Дзе: Мінск, Тэатр ім. Я. Купалы (вул. Энгельса, 7)

Калі: 7 лістапада

Колькі: 8 рублеў

Каханне...

Што можа быць мацнейшым за гэтае пачуццё? Якія перашкоды і выпрабаванні здольны пераадолець чалавек, які спазнаў яго?
Больш за чатыры стагоддзі адзін з самых драматычных твораў У. Шэкспіра «Рамэа і Джульета» спрабуе адказаць на гэтыя пытанні.

Рэжысёр Д.Філіповіч прадставіць гледачам сваю сучасную трактоўку бессмяротнага твора, дзе сутыкаюцца не толькі два варагуючыя кланы — Мантэкі і Капулеці, — але і два сямейныя бізнэсы!

Класічны тэкст сугучны з нашым часам, у якім, на жаль, кіруюць грошы, але чыстае шчырае каханне, пераадольваючы ўсё на сваім шляху, атрымае перамогу!
Гісторыя пра маладых закаханых Рамэа і Джульету, расказаная сучаснай мовай, уразіць Вас непрадказальнасцю і нечаканым рашэннем. Пагрузіўшыся ў вядомы сюжэт Шэкспіра, Вы зможаце зноў ацаніць гісторыю вялікага кахання. Кахання Рамэа і Джульеты.

«Плачу за каханне»

 

Дзе: Мінск, Новы тэатр (вул. Л. Чайкінай, 16)

Калі: 5 лістапада

Колькі: 18 рублеў

Што наша жыццё? — гульня!

Месье Амількар наймае сабе акцёраў, якія раптоўна становяцца для яго ідэальнай сям’ёй. Чаму? Усё вельмі проста! Бо для паўнавартаснага жыцця яму не хапае сапраўдных пачуццяў. Уся гэтая абсурдная задума з хатнім тэатрам вельмі неабходная Амількару, паколькі ён шчыра верыць, што толькі так зможа атрымаць усё тое, пра што даўно марыць.

Хто ён, загадкавы месье Амількар? Навошта здзяйсняе ўсе гэтыя недарэчныя ўчынкі? Ці можна набыць кахаючую жонку, дачку і адданага сябра за грошы? Ці прывядзе вар’яцкі эксперымент да шчаслівага фіналу або ўдалае асабістае жыццё апынецца ўсяго толькі ілюзіяй? Развязка авантурнай камедыі апынецца сапраўды непрадказальнай!

«Альпійская балада»

 

Дзе: Гомель, Драматычны тэатр (пл. Леніна, 1)

Калі: 7 лістапада 

Пачуўся роў сірэны... аўтаматная чарга, сабакі...

Няўжо атрымалася? Няўжо сапраўды Іван і Джулія змаглі вырвацца з фашысцкага пекла сярод Альпаў? Але што далей? Холад, крыху хлеба на дваіх. Смерць?..

Не! Варта бегчы, толькі бегчы, каб выжыць, галоўнае — выжыць, каб быць шчаслівымі.

Спектакль «Альпійская балада» паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава — гэта далікатна-кранальная гісторыя кахання, захавання міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах. А таксама гэта разважанні аб тым, чаму людзі цкуюць, знішчаюць і гвалтуюць адзін аднаго.

У спектаклі, створаным па ваеннай аповесці, арганічна спалучаюцца пластыка, відэакантэнт і натуральны спосаб існавання акцёраў на сцэне.

Ролі выконваюць:

  • Іван — Аляксандр Ніканенка
  • Джулія — Юлія Лазоўская
  • Гефтлінг — Сяргей Шымко, Уладзіслаў Віленчыц
  • Голас з будучыні — Ігар Сідорчык 

«Тролі 3»

 

Дзе: Гомель, Кінатэатр ім. Калініна (вул. Камунараў, 4)

Калі: 4 лістапада 

Колькі: ад 7 рублёў

Пасля двух фільмаў пра сапраўднае сяброўства і нястомным флірце Попі і Бранч нарэшце сталі парай! Калі яны збліжаюцца, Попі выяўляе, што Бранч мае таемнае мінулае. Калісьці ён быў часткай яе любімага фенаменальнага бойз-бэнда «Базон» са сваімі чатырма братамі: Флойдам, Джонам Доры, Спрусам і Клэем. «Базон» распаўся, калі Бранч быў яшчэ дзіцем, і з тых часоў Бранч не бачыў сваіх братоў. Але калі брата Бранча Флойда выкрадаюць з-за яго музычных талентаў пара гнюсных поп-зладзеяў — Вельвет і Вінір, Бранч і Попі адпраўляюцца ў пошукі, каб аб’яднаць братоў і выратаваць Флойда ад лёсу, яшчэ страшней, чым забыццё поп-культуры.

«Па шчупаковым загадзе»

 

Дзе: Гродна, Mooon 

Калі: 6 лістапада

Колькі: ад 17 рублёў

Калі ты ідзеш на рыбалку — будзь гатовы да таго, што выцягнеш рыбу сваёй мары, чароўнага шчупака, які можа выканаць тры любых жаданні. Толькі Ямеля спусціў два жаданні на вецер, а трэцяе вырашыў зберагчы. Таму, каб дамагчыся рукі царскай дачкі Анфісы, прыйдзецца яму дзейнічаць без чароўнай сілы, самому. А дапамагаць яму будзе шчупак, які без сваёй скуркі паўстае звычайнай дзяўчынай Васілісай. Разам ім трэба будзе знайсці абрус-самабранку, сустрэцца з катом Баюном, адправіцца ў змрочнае царства Кашчэя і зразумець, што сапраўдны цуд — гэта быць з тым, каго любіш.

«Linkin Park classic concert»

Дзе: Гродна, Цэнтр культуры (вул. Дзяржынскага, 1)

Калі: 4 лістапада

Колькі: ад 41 рублёў

Канцэрт памяці Чэстэра Бэнінгтана.

Першая касета, першы дыск, першая налепка на вокладцы дзённіка, першая песня, вывучаная на гітары, першы кліп і першае каханне. У кожнага свая гісторыя, свае ўспаміны, свае асацыяцыі, якія аб’ядноўвае адно імя, адна музыка, адзін голас, адна назва — Linkin Park. 

18 ліпеня збіраемся, каб пражыць усе гэтыя моманты зноўку і адкрыць для сябе музыку Linkin Park з нечаканага боку паапладаваўшы вялікаму музыканту Чэстару...

На сцэне сталічнага Дома афіцэраў прагучаць галоўныя хіты знакавай групы ў класічным выкананні раяля, скрыпкі і віяланчэлі. Таксама гледачы ўбачаць унікальны відэашэраг, спецыяльна падрыхтаваны для гэтага канцэрта.

«Смешныя людзі»

Дзе: Віцебск, Драматычны тэатр ім. Я. Коласа (вул. Замкавая, 2)

Калі: 6 лістапада

Колькі: ад 14 рублёў 

Гісторыі спектакля быццам спісаныя з жыцця класікам прозы і драматургіі Антонам Паўлавічам Чэхавым. Прасякнутыя тонкай іроніяй і знаходлівым гумарам, яны захапляюць лёгкасцю сюжэта і вытанчанасцю вобразаў. Героі Чэхава — звычайныя людзі, якія ў прапанаваных абставінах выглядаюць смешнымі, чуллівымі, кранальнымі.

«Пра шкоду тытуню»: Іван Іванавіч Нюхін — звычайны муж, які шукае любую магчымасць, каб у сваіх лекцыях расказаць пра пакуты сямейнага жыцця.

«Юбілей»: Юбілей банка — справа адказная. Але пакуль адныя, як старшыня кіраўніцтва Андрэй Андрэевіч Шыпучын, з хваляваннем чакаюць урачыстасці, іншыя, як бухгалтар Кузьма Мікалаевіч Хірын, займаюцца складанай штодзённай працай. Але ці магчыма па-сапраўднаму засяродзіцца на справе, калі перад вачыма пастаянна мітусяцца то жонка начальніка Таццяна Аляксееўна, то дакучлівыя наведвальнікі, кшталту Настассі Фёдараўны Мярчуткінай, з прашэннямі, то службоўцы з паперкамі і віншаваннямі?!..

«Заляцанне»: Памешчык Іван Васільевіч Ломаў прыходзіць да свайго суседа Сцяпана Сцяпанавіча Чубукова, каб заляцацца да ягонай дачкі Наталлі Сцяпанаўне. І ўсё магло б вырашыцца паспяхова, калі б не да смешнага бессэнсоўная прынцыповасць у меркаваннях усіх трох герояў, прыперчаная спрэчнымі пытаннямі маёмасці і сабакаводства.

Працягласць спектакля — 2 гадзіны з антрактам.

Мюзікл для дзяцей «Залатое кураня»

 

Дзе: Віцебск, Філармонія (пл. Леніна, 69)

Калі: 4 лістапада

Колькі: ад 5 рублёў 

Музычная казка «Залатое кураня» адрасавана маленькім гледачам, якія толькі пачыаюць далучацца да мастацтва. Гэта добрая і простая гісторыя пра даверлівае маленькае кураня Пецю, якога хоча падмануць хітрая ліса, ператварыўшы яго ў квактуху, якая нясе залатыя яйкі. Але падступным планам драпежніцы не наканавана спраўдзіцца, бо ў маленькага Пеці ёсць абаронца — яго любіць «татачка» — самы добры, разумны, моцны і зусім не страшны шэры воўк!

«Дзяды ў горадзе Б»

Дзе: Брэст, Тэатр лялек (пр-т Партызанскі, 15)

Калі: 4 лістапада 

Колькі: ад 15 рублёў 

Ночы ў лістападзе становяцца цямней ды халадней. На вуліцы вые бура, паўночы ідзе агідны дождж з мокрым снегам. Затое ў хаце асабліва ўтульна. Запаліш свечку, возьмеш келіх ды сядзеш за добрую вячэру. Адно галіны дрэў старога саду грукаюць у вокны, як быццам хтосьці хоча зайсці ў госці. Дарэчы, сёння ж Дзяды...

Дзяды — традыцыйнае свята памінання продкаў на Беларусі. Лічылася, што ў гэты дзень мёртвыя прыходзілі да жывых вячэраць. Трэба накрыць багаты стол ды запрасіць усіх продкаў па імёнах. Потым забаўляць ды шанаваць дзядоў, дзяліцца ежай. А што будзе, калі забыцца на гэтае свята? Гісторыя ў першай частцы распавядзе пра адзін такі выпадак.

Вока Чарота — фолк-рок гурт, які грае музыку на мяжы сучаснасці і гісторыі. У другой частцы канцэрту вы пачуеце легенды пра цмокаў ды дзікае паляванне пад гукі старадаўніх інструментаў (колавая ліра, жалейкі, бузукі, флейты). Rey Show — пакажа перформанс хадулістаў, светавое шоў і спецэфекты. Postscriptum — тэатр танцу, што правядзе вас у глыб сабе праз магію пластыкі рухаў.

«Папялушка»

Дзе: Брэст, Тэатр лялек (пр-т Партызанскі, 15)

Калі: 4 лістапада 

Колькі: ад 8 рублёў 

Спектакль «Папялушка» — блізкі і зразумелы кожнаму. Гэта не проста казка, гэта гісторыя аднаго цуду.

Папялушка — бедная дзяўчына, якую сварлівая мачыха і яе дачкі прымушаюць цяжка працаваць з раніцы да ночы. Дзяўчынка ператварылася ў служанку ва ўласным доме. А ёй так хочацца быць шчаслівай і, вядома, трапіць на каралеўскі баль...

Дзіўная атмасфера, сучасныя дэкарацыі і чароўная музыка — усё гэта чакае гледача ў спектаклі.

«Марозка»

Дзе: Магілёў, Магілёўскі тэатр лялек

Калі: 8 лістапада

Колькі: 6 рублёў

Драматург-педагог Марыя Шурынава апрацавала аднайменную рускую народную казку спецыяльна для тэатраў лялек, у лёгкай іранічнай форме паказваючы на прыкладах герояў, чалавечыя слабасці і заганы: прагнасць да грошайй і асабістай карыснасці, лянота, глупства – пры гэтым супрацьпастаўляюцца ім працавітасць, дабрыня і бескарыслівасць. Спектакль дапамагае дзецям зразумець: рабі дабро, і яно да цябе вернецца сто разоў.

Спектакль карыстаецца асаблівай папулярнасцю і не сыходзіць са сцэны ўжо больш за 20 гадоў.

Выстава «У мой вольны час»

Дзе: Магілёў, Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі

Калі: 9 лістапада

Колькі: ад 2 рублёў

Аўтар гэтай экспазіцыі — фотааматар, урач па адукацыі, член народнага фотаклуба «Мінск» — адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускай фатаграфіі Віктар Бутра.

Яшчэ ў школьныя гады, папрасіўшы на свой дзень нараджэння фотаапарат у падарунак, стаў здымаць. Захапленне працягнулася і ў студэнцкія гады ў медінстытуце ў Віцебску. Пры гэтым Віктар здымаў не для паказу, а для сябе. «Ці змагу злавіць патрэбны яркі момант, захаваць сваё стаўленне да таго, што адбываецца побач», – думаў ён. Прычым, фатаграфаваў на вакацыях, у выходныя дні, а потым, калі стаў працаваць лекарам, — у адпачынках, у вольны час. Калі некаторыя сябры па захапленні зацікавіліся аддрукаванымі працамі, вырашыў зрабіць першую выставу ў Віцебскім медінстытуце.

На чорна-белых фотаздымках, знятых на вузкую і шырокую чорна-белую фотастужку, адлюстравана палітра нягучнага жыцця 1960-1970-х гг., філасофскае стаўленне аўтара да навакольнай рэчаіснасці.

Работы экспанаваліся на многіх міжклубных фотавыставах у СССР і за мяжой.


Прэв’ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.