Вы тут

Гірлянда з лісцікаў, штучны снег і фокус з паветраным шарыкам


Калі ўлетку пытанне, чым заняць дзяцей, амаль не ўзнікала (яны суткі напралёт бавілі час на вуліцы), то з наступленнем халадоў яно стала актуальным. Чым зацікавіць сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак, каб яны не нудзіліся і хоць на нейкі час забыліся на свае гаджэты? Па падказку мы звярнуліся да Надзеі Аксёненкі, якая вядзе навуковы гурток у цэнтры інавацыйнай псіхалогіі «Одари».


Кансервуем... «восень»

Хтосьці кансервуе агуркі ды памідоры, а Надзея раіць паспрабаваць закансерваваць... яркае восеньскае лісце. Зрабіць гэта нескладана. Вам спатрэбіцца: гліцэрын (прадаецца ў любой аптэцы, каштуе танна), вада, пластыкавыя кантэйнеры ды папяровыя ручнікі. Збярыце падчас сумеснай прагулкі з дзецьмі прыгожыя рознакаляровыя лісцікі і пакладзіце іх у пластыкавы кантэйнер. Затым змяшайце адну частку гліцэрыну і дзве часткі гарачай вады. Выліце раствор на лісцікі. Каб яны не ўсплывалі, пастаўце зверху кантэйнер меншага памеру і прыцісніце каменьчыкамі. Праз 2-3 дні праверце: калі лісцікі навобмацак мяккія і эластычныя — можна даставаць іх з раствору (калі не — пакідайце яшчэ на пару дзён), прамакнуць сурвэткамі і раскласці па адным сушыцца на папяровых ручніках (на газетах гэта рабіць не рэкамендуюць).

Ёсць іншы, больш хуткі, спосаб стабілізацыі прыродных матэрыялаў. Наліваем у невялікую каструльку ваду і гліцэрын, кладзём туды лісце і варым на маленькім агні каля гадзіны. Калі лісцікі зварацца і стануць бліскучымі і гнуткімі, раствор можна зліць у слоік і выкарыстоўваць для наступных партый нарыхтовак. Пасля таго як лісцікі высахнуць (спатрэбіцца каля тыдня), можна прыступаць да творчасці.

З іх робім восеньскія гірлянды, падсвечнікі, карціны (пасля кансервацыі ў гліцэрыне лісцікі не крышацца і не рассыпаюцца, таму з іх можна выразаць розныя дэталі). У такім стабілізаваным выглядзе яны захоўваюцца каля года. Асабліва цудоўна кансервуецца такім спосабам шчыльнае лісце дуба, вяза, «носікі» клёна. Акрамя лісцікаў, можна стабілізаваць імхі, лішайнікі, часткі раслін, кветкі.

Рогі, ногі, хвост…

Восенню бацькі з дзеткамі ходзяць па парках і збіраюць каштаны, шышкі, жалуды, галінкі. У нас дома таксама стаіць цэлы пакет гэтага багацця. Надзея Аксёненка параіла зрабіць з яго разам з дзіцем вельмі мілага аленя: для тулава і шыі спатрэбяцца доўгія яловыя шышкі, для галавы — жолуд, для рагоў, ног, і хвосціка падбярыце падыходзячыя галінкі. Можна ўсе дэталі склеіць карычневым пластылінам, але больш эстэтычна будзе злучыць іх пры дапамозе клеявога пісталета. Алень атрымліваецца вельмі прыгожы і стыльны, таму яго смела можна размясціць на паліцы альбо павесіць на навагоднюю ёлку. З прыродных матэрыялаў можна зрабіць і іншых жывёл, а потым усёй сям’ёй паставіць сапраўдны лясны спектакль. У якасці гледачоў паклікаць суседзяў, бабуль і дзядуль.

Мой сын апошнім часам марыць пра карону. Надзея, даведаўшыся, што ён аматар розных палак і палачак (у яго іх цэлая калекцыя), параіла мне зрабіць яе з галінак. Для гэтага проста трэба выразаць палоску з кардону. На яе наклеіць двухбаковы скотч, да якога прымацаваць галінкі. Каб яны лепш трымаліся, зверху я зафіксавала іх яшчэ адной палоскай двухбаковага скотча, якую аздобіла каляровым кардонам. Да скотча, акрамя галінак, можна прымацаваць мох, яркія лісцікі (для гэтага цудоўна падыдуць менавіта закансерваваныя ў гліцэрыне, так карона будзе даўгавечнай, бо свежыя лісцікі скруцяцца, а засушаныя — занадта крохкія), жалуды і шапачкі ад іх. З прыродных матэрыялаў можна рабіць не толькі кароны, але і бранзалеты, амулеты ды іншыя ўпрыгожванні, стыльныя вянкі на дзверы. Не стрымлівайце фантазію.

А яшчэ сабраныя жалуды і каштаны Надзея раіць замарозіць, а потым на пачатку вясны дастаць з маразілкі і пасадзіць у мокрую зямлю. Праверана: такое насенне прарастае практычна на 100 працэнтаў. А потым год за годам разам з дзецьмі назіраць, як маленькі расток ператвараецца ў сапраўднае дрэва.

Цуды з... крухмалу

Упершыню я зрабіла для сына і яго сяброў неньютанаўскую вадкасць год таму. Дзеці былі ў захапленні. Ды што хаваць, нават мне было вельмі цікава вывучаць яе чароўныя ўласцівасці. Неньютанаўская вадкасць — гэта такая вадкасць, якая можа быць як цвёрдай, так і вадкай. Усё залежыць ад таго, з якой хуткасцю мы на яе ўздзейнічаем.

Зрабіць яе прасцей простага. 

Спатрэбіцца толькі бульбяны крухмал і вада. Мы для таго, каб гуляць у місцы, бралі 1 шклянку крухмалу і паўшклянкі вады (суадносіны 2:1). Усё трэба добра перамяшаць рукамі. Калі неньютанаўская вадкасць атрымаецца занадта вадзяністая, дадайце яшчэ крухмалу, і, наадварот, калі занадта густой — крыху вады.

Як гуляць з неньютанаўскай вадкасцю? Спачатку мы проста вывучалі яе навобмацак. Калі вадкасць мясіць у руках, ляпіць з яе шарыкі, то яна зацвердзявае, становіцца падобнай да пластыліну. Але як толькі спынішся, расслабіш далонь — усе камочкі літаральна выцякаюць скрозь пальцы. Гэта ўжо і так незвычайная з’ява, з якой можна важдацца цэлую гадзіну.

Можна паспрабаваць пераліваць неньютанаўскую вадкасць. Калі павольна нахіляць міску, то яна сцякае ўніз, як не надта густая смятана. Калі ж ёмістасць з неньютанаўскай вадкасцю рэзка перавярнуць, то яна не выцякае зусім. Ведаючы гэты нюанс, можна смела клікаць у госці, напрыклад, бабулю і паказваць ёй фокус са словамі: «А хочаш, я зараз вылью сабе на галаву гэтую вадкасць?»

Неньютанаўская вадкасць у адрозненне ад той жа вады не пырскаецца. Калі ўзяць тэнісны мячык і кінуць у міску — ён проста ўліпне ў яе, і ніякага чаканага ўсплёску не будзе. Дарэчы, любыя кропелькі, якія накапалі з міскі, прыбраць вельмі лёгка. Іх проста збіраеш у камячок і кідаеш назад у міску, дзе яны тут жа ператвараюцца зноў у вадкасць.

Акрамя таго, можна назіраць разам з дзеткамі, як у неньютанаўскай вадкасці гразнуць, як у балоце, невялічкія пластыкавыя цацкі. Калі імі рэзка «тупаць» па паверхні, то яны лёгка «перабягаюць» міску, як па-сухому. Але калі запаволяцца на адным месцы, то тут жа пачынаюць тануць. І за некалькі секундаў цалкам паглыбляюцца ў «багну», з якой іх потым складана выцягнуць. Так мы на ўласным вопыце адчулі, як бывае, калі засмоктваюць балота ці зыбучыя пяскі. Карацей, уражанняў і новых адчуванняў мора. Іх немагчыма перадаць ні фотаздымкамі, ні словамі. Проста развядзіце крухмал з вадой і... усё зразумееце самі. Тым больш што гэта не патрабуе ні фінансавых выдаткаў, ні асаблівай падрыхтоўкі, ні нейкай суперпрыборкі пасля гульні.

Дарэчы, неньютонаўская вадкасць з часам цалкам зацвердзявае, таму пасля таго, як пагулялі, яе нельга выліваць у ракавіну. Лепш змясціць у цэлафанавы пакет і выкінуць у сметніцу альбо ў кампоставую яму, калі вы жывяце ў вёсцы.

Зіма ў тазіку

Не ведаю, як вашы дзеці, а мой сын ужо не можа дачакацца зімы. І я вырашыла парадаваць яго і зрабіць штучны снег. Для гэтага трэба змяшаць у невялікім тазіку 500 грамаў крухмалу са 100-150 грамамі дзіцячага касметычнага масла (можна ўзяць і раслінны алей). У працэсе змешвання алей дадавайце не адразу ўвесь, а порцыямі. Можа спатрэбіцца крыху менш ці крыху больш указанага аб’ёму. Правяраць трэба навобмацак: «снег» павінен быць сухі і рассыпчаты, але пры гэтым добра ляпіцца. Ён прыемны навобмацак, нават рыпіць зусім як сапраўдны сняжок і цалкам бясшкодны для скуры. Дарэчы, корпацца ў ім ды ляпіць снегавікоў цікава будзе не толькі малечы, але і школьнікам.

Раю на гэтым не спыняцца. У інтэрнэце цяпер можна знайсці вялікае мноства ідэй для розных майстар-класаў ды навуковых эксперыментаў. Напрыклад, мы ўсёй сям’ёй нядаўна надзімалі паветраны шарык пры дапамозе звычайных харчовых соды і воцату. Для гэтага спачатку насыпалі ў паветраны шарык дзве чайныя лыжкі соды, затым налілі ў пластыкавую бутэльку пры дапамозе лейкі чатыры сталовыя лыжкі воцату. Як толькі нацягнулі шарык на гарлавіну бутэлькі і сода высыпалася ў воцат — шарык пачаў паступова надзімацца. Сакрэт гэтага фокуса ў тым, што пры змешванні соды і воцату выдзяляецца вуглякіслы газ, які і напаўняе паветраны шарык. Таму, як бачыце, усё арыгінальнае проста. І вельмі цікава.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.