Вы тут

АПК Гомельшчыны ўзмоцнены новымі сельгасаб’ектамі


Даільна-малочны блок і кароўнікі на 640 галоў дойнага статка: гэтыя сучасныя памяшканні для буронак адкрылі ў КСУП «Слабадское імя Леніна» Мазырскага раёна. Буйны інвестпраект у рамках Указа Прэзідэнта рэалізаваны на базе малочна-таварнага комплексу паблізу населенага пункта Вялікія Зімовішчы. Павіншаваць мясцовых аграрыяў з важным этапам у развіцці гаспадаркі прыехалі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў і старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.


Будаўніцтва новых памяшканняў у гэтым аддзяленні гаспадаркі дазволіла перавесці ферму ў разрад малочна-таварнага комплексу. Тут плануюць утрымліваць да тысячы галоў дойнага статку. Усяго ў суткі ў гаспадарцы здаюць каля 36 тон малака, а дзякуючы ўводу новых вытворчых аб’ектаў мясцовыя аграрыі павысяць сутачны надой на 12 — 13 тон сыравіны.

Па словах дырэктара КСУП «Слабадское імя Леніна» Юрыя Бажанкова, новыя будынкі малочна-таварнага комплексу змогуць змясціць 640 галоў жывёлы. 

— Наша гаспадарка аб’яднана з чатырох, старыя фермы паступова закрываем, пераводзім жывёлу і працаўнікоў у больш сучасныя блокі, — звярнуў увагу дырэктар КСУП «Слабадское імя Леніна».

Між тым, гаспадарка на тэрыторыі Мазырскага раёна невыпадкова выбрана для рэалізацыі інвестпраекта з удзелам бюджэтных сродкаў. Рэгіён лідзіруе па ўдоі на адну карову ў вобласці, а па выніках сёлетняй работы ўвайшоў у тройку лідараў па гэтым паказчыку ў рэспубліцы.

Як адзначыў у час адкрыцця новых аб’ектаў Іван Крупко, інвестыцыйны праект на базе КСУП «Слабадское імя Леніна» дасць магчымасць сельгаспрадпрыемству павялічыць гадавую вытворчасць малака на 4 тысячы 800 тон і пры таварнасці 97 % забяспечыць дадатковую выручку ў суме 4,5 мільёна рублёў.

— Мы знаходзімся на этапе вялікай мадэрнізацыі ў сферы жывёлагадоўлі, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — Да 2025 года вобласць павінна выйсці на вытворчасць 1,2 мільёна тон малака і 225 тысяч тон мяса. Для гэтага стаіць задача да 2030 года пабудаваць 44 новыя фермы і правесці мадэрнізацыю яшчэ 40 МТФ. Да канца гэтага года на Гомельшчыне ўвядзем у эксплуатацыю яшчэ восем сельгасаб’ектаў.

За сістэмнай работай па абнаўленні і развіццю вытворчай інфраструктуры гаспадарак — рэальная эканоміка і стварэнне годных умоў працы для людзей.

— Ваша прадпрыемства з’яўляецца апорай для навучання кадраў, тут вучыцца моладзь, якую пасля прызначаем на кіруючыя пасады ў аграпрамысловы комплекс. Дзякуючы гэтай карпатлівай рабоце фарміруецца далейшае развіццё рэгіёну, — нагадаў губернатар.

З важным этапам на шляху развіцця ўласнай вытворчасці аграрыяў Мазырскага раёна павіншаваў віцэ-прэм’ер Леанід Заяц.

— Праграма Прэзідэнта разлічана да 2025 года, усяго ў краіне ўзводзіцца больш за 170 аб’ектаў. Усе фермы будуць ператвораны ў малочнатаварныя комплексы, дзе ручная праца зводзіцца да нуля, а прадукцыйнасць павялічваецца. Менавіта ў развіццё аграпрамысловага комплексу ўкладваюцца вялізныя сумы. З разлікам на тое, каб цяперашняе пакаленне і маладыя людзі, якія прыйшлі на змену, змаглі скарыстацца гэтым, каб яны кармілі свой народ і прадавалі лішкі вытворчасці, — падзякаваў Леанід Заяц працаўнікам на вёсцы за іх клопат аб харчовай бяспецы краіны. 

— Мы вырабляем на нашых палях, на нашых фермах менавіта тое, што сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю ў спажыўца. Лішкі паспяхова прадаём на замежных рынках. Толькі па выніках работы за 9 месяцаў экспарт склаў каля пяці мільярдаў долараў. За гэтымі лічбамі каласальная праца нашых земляробаў, работнікаў жывёлагадоўчых комплексаў і ферм, механізатараў, органаў дзяржаўнага кіравання, спецыялістаў, — падкрэсліў Леанід Заяц.

Як адзначыў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, беларускія аграрыі могуць дастойна дэманстраваць самыя сучасныя тэхналогіі вытворчасці на сусветным узроўні.

— У нас многія вучацца, укараняюць нашы тэхналогіі. Гэты малочнатаварны комплекс абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Спадзяюся, вы будзеце павышаць прадуктыўнасць, дзякуючы чаму будзе расці дабрабыт вашых сем’яў, — заклікаў Юрый Горлаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.