Вы тут

Ускладанне кветак і патрыятычны аўтапрабег прайшлі на Суражчыне


Гарадскі пасёлак Сураж, што знаходзіцца ў Віцебскім раёне, стаў другім населеным пунктам паўночнага рэгіёна пасля Лёзна, які быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта гістарычная падзея адбылася 28 кастрычніка 1943 года, і праз 80 гадоў удзячныя нашчадкі герояў-вызваліцеляў нясуць чырвоныя гваздзікі да падножжаў воінскіх мемарыялаў на Суражчыне.


Фота: БелТА

Два гады і тры месяцы Сураж знаходзіўся пад фашысцкай акупацыяй. Ужо 10 ліпеня 1941 года жыхары райцэнтра бачылі, як да ракі Каспля набліжаюцца бронетранспарцёры з нямецкімі крыжамі. У будынку райкама партыі размясцілася камендатура, а неўзабаве з’явіліся першыя нямецкія загады. У пачатку 1942 суражчане былі вымушаны пакінуць родныя мясціны, страшна ўявіць, што давялося перажыць насельніцтву пад гітлераўскім прыгнётам. Па некаторых гістарычных даных, праз год пасля пачатку вайны ў Суражскім раёне карнікі спалілі 1918 двароў, 16 школ, 8 бальніц. Тысячы лёсаў мірных жыхароў абарваліся на працягу некалькіх гадоў.

Са студзеня 1942 да снежня 1943 года існавала Суражская партызанская зона, а першы партызанскі атрад пад камандаваннем Міная Піліпавіча Шмырова быў створаны рашэннем Суражскага райкама партыі 5 ліпеня 1941 года. Ужо 12 верасня ён разграміў у райцэнтры нямецкі гарнізон і на працягу трох гадзін утрымліваў пасёлак.

За два месяцы — у жніўні — верасні 1941 года — з-за дзеянняў партызанскага атрада Шмырова немцы страцілі восем аўтамашын, каля 70 салдат, чатыры масты былі ўзарваны, са строю была выведзена тэлефонная станцыя пасёлка Пудоць. А ў ноч з 9 на 10 верасня атрад у 80 партызан разграміў Суражскі гарнізон ворага, вярнуўшыся ў лес са шматлікімі трафеямі: машынамі і матацыкламі. Фашысты ў сваіх рапартах пісалі, быццам на іх напала дзве ці тры тысячы партызан. За галаву «бацькі Міная» абяцалі ўзнагароду: спачатку — участак зямлі, карову, каня і 10 000 нямецкіх марак, затым «стаўка» вырасла да 20 000 марак, потым — да 50 000 марак. Але ніхто Бацьку не здаў.

Страціўшы надзею расправіцца з народнымі мсціўцамі, 19 кастрычніка 1941 года гітлераўцы ўзялі ў заложнікі малалетніх дзяцей камандзіра: Лізу (14 гадоў), Сярожу (10 гадоў), Зіну (7 гадоў), Мішу (3 гады). Іх даставілі ў Сураж, трымалі вязняў у голадзе і холадзе, катавалі і палохалі. Дзеці спачатку крычалі, плакалі, потым перасталі. Старэйшым казалі, што бацьку ўжо злавілі і павесілі, а малодшаму, Мішу, было горш за ўсё — яму ўвесь час ладзілі «вочныя стаўкі» са злоўленымі партызанамі ў надзеі, што Міша пазнае і выдасць тым самым бацьку.

Фашысты абяцалі пакінуць дзяцей жывымі, калі Бацька Мінай добраахвотна здасца ў палон. Шмыроў губляўся: ісці на штурм, як прапаноўвалі партызаны, ён не хацеў — Сураж ім было не ўзяць, а менавіта на гэта і разлічвалі фашысты. Спачатку ён хацеў здацца немцам адзін у абмен на жыццё дзяцей, затым вырашыў пакончыць з сабой, спадзеючыся, што немцы не стануць забіваць дзяцей. Але многае вырашыла запіска старэйшай дачкі Лізы, перададзеная Шмырову: «Тата, за нас не хвалюйся, нікога не слухай, да немцаў не ідзі. Калі цябе заб’юць, то мы нямоглыя і за цябе не адпомсцім. А калі нас заб’юць, тата, то ты за нас адпомсціш». 14 лютага 1942 года гітлераўцы расстралялі дзяцей, сястру камандзіра і маці жонкі. У яго больш не засталося родных. Запіску Лізы Мінай усю вайну насіў у кішэні каля сэрца. На тэрыторыі Суражскай сярэдняй школы цяпер узвышаецца помнік у гонар малалетніх ахвяр фашызму, а ўстанова адукацыі носіць ганаровае імя легендарнага камбрыга.

У вызваленні Суража ўдзельнічалі 1189-ы стралковы полк пад кіраўніцтвам Пятра Курэні 358-й стралковай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі 4-й ударнай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту, 1-я Віцебская партызанская брыгада. Баі за райцэнтр пачаліся 12 кастрычніка. Аднак ён быў вельмі ўмацаваны: вакол — траншэі, кулямётныя гнёзды, драцяныя загароды, замініраваныя дарогі і палі. Больш за два тыдні ішлі баі, толькі раніцай 28 кастрычніка ўдалося прарваць абарону праціўніка і выгнаць яго з гарпасёлка. Немцы адступілі да вёсак Сакольнікі, Мішуткі і замацаваліся ў раёне Вымна — Котава. За вызваленне Суражскага раёна звання Героя Савецкага Саюза пасмяротна ўдастоены Анатоль Углоўскі, Аляксей Томскі, Генадзь Пацёмкін.

Жыхары, якія вярнуліся ў вызвалены Сураж, не пазналі яго: замест дамоў — голыя абгарэлыя коміны, два-тры паўразбураныя замініраваныя будынкі і зямлянкі. Яшчэ доўга ад суседніх вёсак да райцэнтра даляталі варожыя снарады і міны.

Святочныя мерапрыемствы ў раёне, прымеркаваныя да 80-й гадавіны вызвалення Суража ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачаліся з патрыятычнага аўтапрабегу, пасля кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь і мясцовыя жыхары ўзялі ўдзел у мітынгу на воінскім мемарыяле, дзе знайшлі свой апошні прытулак каля 400 байцоў.

«Тут і на тэрыторыі нашай краіны ляжаць сотні тысяч байцоў і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія аддалі свае жыцці дзеля нашай свабоды. Вялікі сімвалізм, што з намі нашы сябры са Смаленскай і Пскоўскай абласцей, бо нашы дзяды і прадзеды разам адваёўвалі свабоду гэтых зямель. Сёння амаль не засталося ўдзельнікаў вайны, але жывуць іх удзячныя нашчадкі. Тое, што адбываецца ў нашай краіне, яшчэ раз падкрэслівае, як важны і патрэбны мір. Мы 80 гадоў жывём пад мірным небам, і для нас гэты дзень — не проста дзень вызвалення, а яшчэ адзін урок, як трэба шанаваць і памятаць, якімі пакутамі і болем дастаецца свабода», — адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Уладзімір Цярэнцьеў.

Напярэдадні падзеі ў Віцебскім раёне прайшла акцыя «Капсула часу», у межах якой старшыні 15 сельскіх выканаўчых камітэтаў збіралі зямлю з найбуйнейшых воінскіх пахаванняў у сваіх Саветах. Лампады з зямлёй былі прывезены ў Сураж і занялі месца каля Вечнага агню як сімвал агульнай гераічнасці і агульнай памяці.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Загаловак у газеце: Боль і гонар Суражскага краю

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.