Вы тут

Юрый Голубеў: Універсітэцкая адукацыя немагчыма без кнігі


У самым канцы ліпеня рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна прызначаны кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Юрый Голубеў, які да гэтага працаваў прарэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Значыць, літаральна праз некалькі дзён Юрый Пятровіч будзе адзначаць сімвалічную дату — 100 дзён на новай пасадзе. Напярэдадні карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з новым рэктарам, распытала пра першыя ўражанні і першыя крокі на новай рабоце, пра погляд на далейшае развіццё навучальнай установы. Аб гэтым і не толькі — у сённяшнім інтэрв’ю.


— Як вам, Юрый Пятровіч, падалося ў Брэсце? Ці заўважылі адрозненні Заходняй Беларусі ад паўночнага рэгіёна?

— Наша краіна шматаблічная, разнастайная, пэўныя адрозненні паміж рэгіёнамі ёсць. І гэта цудоўна. Тая самая разнастайнасць і забяспечвае больш шырокія магчымасці прадстаўляць краіну на знешнім контуры. Дасягненні рэгіёнаў таксама адрозніваюцца. Я ўжо меў магчымасць азнаёміцца з поспехамі аграрнага сектара Брэсцкай вобласці, які вызначаецца культурай вытворчасці, якасцю прадуктаў харчавання, канкурэнтаздольных на мнооіх рынках свету. Маюцца свае асаблівасці ў Віцебшчыны, Гродзеншчыны, многімі з якіх ёсць нагода ганарыцца... Брэст — прыгожы, стыльны, прывабны горад, думаю, тут будзе камфортна жыць і працаваць.

— А студэнты адрозніваюцца ў Брэсце і Полацку?

— Студэнт — ён паўсюль студэнт. Сёння гэта свабодны, сучасны малады чалавек, які мае пэўныя амбіцыі, што цалкам нармальна. У рабоце са студэнтамі я адчуў адрозненні хіба толькі абумоўленыя ўзростам. Там я працаваў з першым-другім курсам, а ў Брэсце ў мяне выпускны курс. Гэта адчуваецца, хлопцы і дзяўчаты ўжо сфарміраваліся як асобы, многія, нават, лепш сказаць большасць, працуюць. А так студэнт — чалавек вясёлы, дасціпны, цікаўны. Такім і павінен быць.

— Вы сказалі, што выкладаеце на старэйшых курсах фізіку. Рыхтуючыся да нашай размовы, нават тэму вашай дысертацыі пазначыла: «Плазменныя крыніцы электронаў з пучкамі вялікага сячэння для электронна-прамянёвых тэхналогій». Для недасведчанага гэта вельмі складаныя матэрыі. Ці ёсць тут, у Брэсце, магчымасці для рэалізацыі навуковых інтарэсаў, працягу вашых распрацовак?

— Універсітэт так уладкаваны, што вынікі даследавання вучоных складаюць пэўную частку выкладчыцкага працэсу. У ходзе выкладання агульнай фізікі я буду разглядаць гэтыя пытанні, вядома, неглыбока, павярхоўна, у рамках вучэбнай праграмы. Ну, а тая навуковая група, у складзе якой я працую, арыентавана на вырашэнне прыкладных праблем прамысловасці, скажам, на стварэнне плазменных крыніц для зваркі цяжканагружаных вузлоў у машынабудаванні. Гэтыя тэхналогіі знаходзяць прымяненне на нашых прадпрыемствах — МТЗ, МАЗ, БелАЗ.

Што датычыцца працягу даследаваннняў па маёй тэме тут, у Брэсце, гэта не ўяўляецца магчымым, таму што патрэбна даволі дарагое абсталяваннне. Аснашчэнне лабараторыі пад мяне аднаго немэтазгодна з дзяржаўнага пункту гледжання. Калі з’явяцца паслядоўнікі, дастойныя напрацоўкі, у перспектыве можна будзе разглядаць. Чаму б і не? Усё ж мяняецца, развіваецца, асабліва ў сферы навукі, тым больш што фізіка-матэматычны факультэт у Брэсцкім універсітэце традыцыйна моцны, тут працуюць добрыя спецыялісты, ёсць свае навуковыя школы.

— Ці ацанілі вы ўжо маштабы ўстановы, якой хутка 80 гадоў? Усё ж 9 факультэтаў, магістратура, аспірантура, шэраг навуковых школ, асветніцкія цэнтры і шмат чаго іншага, што павінна функцыянаваць, развівацца.

— Сапраўды, універсітэт уяўляе сабой аграмадны жывы арганізм, гэткую махіну, калі казаць пра структуру спецыяльнасцяў, пра аб’ём падрыхтоўкі, пра колькасці структурных падраздзяленняў. Гэта вялікая ВНУ, якая выконвае вельмі важную функцыю падрыхтоўкі найперш педагагічных кадраў для заходняга Палесся і рэгіёна ў цэлым, спецыялістаў вельмі запатрабаваных. На жаль, так складваецца сітуацыя, што мы не задавальняем усе заяўкі на выпускнікоў. За той кароткі час, што працую, не спасціг дасканала ўсе працэсы, можна сказаць, рухаюся ў гэтым кірунку. Дапамагае тое, што ўсё прафесійнае жыццё я працаваў у гэтай сістэме, разумею, як устроены ўніверсітэт, як ідуць працэсы, як павінны ісці.

— Што новага адкрываеце для сябе ў Брэсцкім універсітэце?

— Яшчэ раз упэўніваюся, што кожны з нашых універсітэтаў індывідуальны, адметнасць ВНУ складаецца з навуковых калектываў, спецыфікі падрыхтоўкі. Пакуль працэс знаёмства працягваецца, актыўна камунікую з выкладчыкамі факультэтаў. Сустрэўся з усімі першакурснікамі. Літаральна днямі сустрэўся з маладымі спецыялістамі, якія прыйшлі ва ўстанову ў 2022–2023 гадах, апошніх, дарэчы, каля паўсотні. Універстэт патрабуе развіцця, прытоку новых кадраў. У нас ёсць перавага, мы можам падрыхтаваць спецыяліста для сябе. Ужо відавочна, што калектыў універсітэта моцны. Ёсць свае навуковыя школы, вучоныя-педагогі, якія могуць павесці за сабой і робяць гэта. Яны прызнаныя і ў нашай краіне, і за яе межамі.

Аб гэтым сведчыць і мая першая замежная паездка ў якасці рэктара. У канцы верасня пабываў на вялікім форуме ў Маскве, які праходзіў на базе Вышэйшай школы эканомікі. Калі выступіў з прэзентацыяй нашага ўніверсітэта, было вельмі шмат водгукаў па тых кірунках, якія распрацоўваюцца ў нас. Да мяне падыходзілі калегі з Масквы, іншых гарадоў Расіі, іншых краін з навуковымі і практычнымі прапановамі. Спадзяюся, што завяжуцца творчыя кантакты. Таму што вышэйшая школа па сваёй прыродзе інтэрнацыянальная. Такія ўзаемасувязі надзвычай важныя і для вучоных, каб разумець свой узровень, і для ўніверсітэта ў цэлым. Удзел у сумесных навуковых праектах дае практычныя вынікі. Яны, у сваю чаргу, апублікаваны ў высакарэйтынгавых часопісах, спрыяюць і рэйтынгу ўніверсітэта, працуюць на прыцягненне замежных грамадзян для навучання ў нашу краіну. Такім чынам наладжваюцца ўсебаковыя дзелавыя сувязі, нават, бывае, сем’і ўтвараюцца. Усё пералічанае прыводзіць да стварэння новых прадпрыемстваў, выстройвання лагістычных ланцужкоў, праз якія пойдуць тавары ў адзін і другі бок. Мы бачылі падобнае на прыкладзе Савецкага Саюза. А ў выніку фінансавыя выгоды маюць і краіна ў цэлым, і ўніверсітэт.

— На якіх кірунках цяпер лічыце неабходным засяродзіць намаганні?

— Кірункаў шмат. Калі казаць пра адзін з глабальных, магістральных, лічу сваёй задачай арыентаваць калектыў, каб ён сам выпрацоўваў стратэгію развіцця на даволі доўгатэрміновую перспектыву. Нягледзячы на вялікія маштабы, мы адзіны калектыў, свайго роду карпарацыя, кожны член якой павінен разумець сваё месца і ролю, усведамляць, што ад яго многае залежыць.

Важны кірунак — падрыхтоўка навуковых кадраў. Гэтаму буду ўдзяляць асаблівую ўвагу. Не скажу, што ў ім сітуацыя зусім дрэнная, але ж па некаторых факультэтах патрабуецца амаладжэнне. Гэта аб’ектыўны працэс, заўсёды неабходна працаваць з маладымі, каб яны актыўна ішлі ў навуку. Найперш трэба ствараць умовы, будзем з калегамі працаваць над гэтым: дзесьці, можа, дастаткова падкарэкціраваць, паднастроіць, а недзе і ўключыць новыя механізмы.

Як вядома, галоўная задача ўніверсітэта — падрыхтоўка кадраў. Тут мы працуем у цеснай звязцы з абласнымі ўладамі, з Галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама. На ўніверсітэт ускладаецца шмат іншых задач. Скажам, работа з адоранымі вучнямі. У нас добрая спартыўная база, яна павінна працаваць на рэгіён. Гэта толькі прыклады, якія першыя прыйшлі на думку, насамрэч падобных задач многа.

Патрабуе абнаўлення матэрыяльная база: пачынаючы са знешняга выгляду і заканчваючы аснашчэннем вучэбным, лабараторным абсталяваннем, тым, якое будзе адпавядаць сучаснаму ўніверсітэту. Гэтыя пытанні мне задаюць калегі, калі сустракаюся на факультэтах, вось і днямі іх узнімалі маладыя спецыялісты. Тут на першы план выступае фінансавы складнік. З вырашэннем пытання фінансавання работа па абнаўленні пачнецца.

— Інфарматызацыя і лічбавізацыя цяпер таксама ў шэрагу прыярытэтных кірункаў…

— Ніхто не вядзе гаворку аб тым, што трэба замяніць выкладчыка штучным інтэлектам, хоць такія прапановы дзе-нідзе ў свеце ўжо гучаць. Не думаю, што чалавека ў гэтым плане стане магчымым замяніць нават у далёкай перспектыве. І ўсё ж інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, у тым ліку дыстанцыйная адукацыя, павінны прысутнічаць. Напрыклад, адукацыя дарослых. Цяпер рэалізоўваецца прынцып: адукацыя праз усё жыццё. Сёння, як вядома, навучыцца адзін раз на ўсё жыццё немагчыма — павышаць кваліфікацыю трэба пастаянна. Агульнавядома, што любы спецыяліст, калі хоча расці альбо хоць бы адпавядаць, павінен вучыцца. У нас ёсць інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. І вось тут большую частку адукацыйных праграм можна рэалізаваць у дыстанцыйнай форме. Пэўная іх частка прадугледжана і для студэнтаў, калі да традыцыйных формаў навучання дадаюцца дыстанцыйныя. Гэты працэс ідзе і ў цэлым па краіне, і ў нашым універсітэце ў прыватнасці.

Яшчэ адзін важны кірунак работы — пазіцыянаванне ўніверсітэта ўнутры краіны і за межамі. І тут на першы план выступаюць сучасныя медыя. Мы робім упор на развіццё ўніверсітэцкіх камунікацый, гэта каналы навін у сацсетках, вядома, наш сайт. З дапамогай пералічанага можна выстройваць дыялог з партнёрамі — заказчыкамі кадраў, з абітурыентамі і іх бацькамі, а таксама ўнутраную камунікацыю. Я зацікаўлены ў тым, каб была зваротная сувязь, якая заклікана працаваць на стварэнне карпаратыўнага асяродка ў найлепшым сэнсе, таго, што фарміруе прыналежнасць кожнага члена калектыву да ўніверсітэта. І ў дапамогу нам — сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Дарэчы, на сустрэчы з маладымі спецыялістамі мне задалі пытанне: «Цяперашняя лічбавая гісторыя — гэта добра ці дрэнна?» Я сказаў, што і скальпель у руках злыдня можа стаць прыладай забойства. Дрэнна заганяць сябе ў залежнасць ад «Гугла», ад інтэрнэту ў цэлым. Сёння, на жаль, забяры гэта ў некаторых, і яны адразу зробяцца бездапаможнымі. Каб такое не здарылася, чалавеку патрэбна развівацца. А развіццё немагчыма без падмурка класічнай літаратуры, асноў навук, якія ўтрымліваюць кнігі. Без кнігі не бачу адукаванага чалавека, універсітэцкай адукацыі наогул.

— Кожны новы кіраўнік імкнецца стварыць сваю каманду. Кадравыя рашэнні вы яшчэ не прымалі?

— Гэта сапраўды так. І пэўныя кадравыя рашэнні непазбежныя. Але я не маю намеру рабіць гэта хутка, з наскоку. Пакуль прыглядаюся, знаёмлюся з людзьмі. Потым, спадзяюся, час, само развіццё падзей падкажуць правільныя рашэнні.

— Калі можна, крышачку раскажыце пра сябе. Вы з сям’і выкладчыкаў-вучоных ці не, што паўплывала на выбар прафесіі і рашэнне працаваць у адукацыі?

— Я не прадаўжальнік дынастыі, нарадзіўся ў Наваполацку, паходжу з інжынерна-рабочай сям’і. Некалі ў малады горад з суседніх населеных пунктаў прыехалі хлопец і дзяўчына, мае будучыя бацькі, сустрэліся, стварылі сям’ю. Цікавасць да дакладных навук ад бацькі, які заўсёды быў з тэхнікай на «ты». Старэйшы брат таксама цікавіўся электронікай, радыётэхнікай, у школьныя гады я займаўся на станцыі юных тэхнікаў. Таму і пайшоў вучыцца на радыётэхнічны факультэт Полацкага ўніверсітэта. Вучыўся з задавальненнем, думаў, што буду працаваць на адным з прадпрыемстваў па спецыяльнасці. Але нечакана для мяне на апошнім курсе прапанавалі застацца ва ўніверсітэце. На канчатковае рашэнне паўплывала знаёмства з доктарам навук Уладзімірам Аляксеевічам Груздзевым, які ў свой час прыехаў да нас з Расіі, стварыў навуковую групу. Шматгранны, таленавіты чалавек, тыповы сібірак, прыехаў ужо сфарміраваным вучоным. Выбраў не Мінск, нават не абласны цэнтр, а Наваполацк, і гэта стала вялікай удачай для ўніверсітэта і ўсіх нас, хто працаваў на тым падмурку, які стварыў прафесар. Тэматыка і кірунак даследаванняў, пра які мы гаварылі спачатку, абумоўлены навуковай школай Груздзева.

Далей так склалася, што будаваў кар’еру па адміністацыйнай лініі, прайшоў усе прыступкі ад асістэнта кафедры, выкладчыка да прарэктара ВНУ. Вядома, калі б пайшоў па размеркаванні на прадпрыемства, жыццё склалася б інакш, але аб тым, што выбраў навуку і выкладанне, ні разу ў далейшым не пашкадаваў.

— Жадаю вам і па выніках работы ў Брэсце ніколі не пашкадаваць аб тым, што сюды закінуў лёс!

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Нават у эпоху глабальнай лічбавізацыі ўніверсітэцкая адукацыя немагчыма без кнігі»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.