Вы тут

Напярэдадні 70-годдзя Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з яго навучэнцамі


Кожны суворавец ведае прымаўку: той, хто не паступіў у сувораўскае вучылішча, павінен радавацца, а хто паступіў, — ганарыцца. І з гэтым, як кажуць, не паспрачаешся. Насіць пунсовыя пагоны здольныя далёка не ўсе школьнікі. Сур’ёзная адукацыйная і фізічная нагрузка, дысцыпліна, адсутнасць асабістай прасторы і штодзённага бацькоўскага клопату — вытрымаць асаблівасці навучання з ваенным ухілам могуць толькі мэтанакіраваныя, самастойныя і стойкія падлеткі.


Вядома, не ўсе з іх даходзяць да фінішу. Адны выпадаюць з дыстанцыі ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя, іншыя не вытрымліваюць нагрузак. Некаторыя ўвогуле перадумваюць звязваць сваё жыццё з ваеннай службай. Аднак працэнт тых, хто адсейваецца ў працэсе навучання, невялікі. Большасць усё ж такі даходзяць да выпускных іспытаў. Практычна ўсе з іх паступаюць у сілавыя ВНУ.

За пяць гадоў навучання ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы ўчарашнія дзеці становяцца дасведчанымі, інтэлігентнымі, самастойнымі хлопцамі. Пераканаліся ў гэтым і карэспандэнты «Звязды», якія наведалі кузню ваенных кадраў напярэдадні яе юбілею.

Адаптацыя — справа індывідуальная

У сувораўскае вучылішча паступаюць пасля шостага класа. Тут учарашнія школьнікі працягваюць засвойваць навучальную праграму. Акрамя таго, для іх выкладаюцца спецыфічныя прадметы, неабходныя для станаўлення будучых афіцэраў: маладыя людзі вучацца правілам этыкету, спасцігаюць азы бальнага танца і, вядома, ваеннай справы.

Традыцыйна конкурс у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча вялікі. Колькасць ахвотных апрануць ваенную форму заўсёды перавышае магчымасць навучальнай установы прыняць навічкоў. Сёлета ў вучылішча паступіла каля 600 заявак. Па выніках медыцынскага агляду і псіхалагічнага адбору да іспытаў было дапушчана каля дзвюх соцень хлопцаў з усёй краіны. У выніку два месяцы таму шэрагі сувораўцаў папоўнілі 104 учарашнія школьнікі. Усе новаспечаныя ўладальнікі пунсовых пагон мараць аб афіцэрскім званні.

Нягледзячы на тое, што першая чвэрць года ўжо завяршылася, нямногія з трэцяй роты, дзе вучацца навічкі, прызвычаіліся да новай абстаноўкі, жыцця па графіку і парадку ва ўсім. Большасці не хапае бацькоў, іх увагі і цеплыні.

Як расказвае памочнік камандзіра трэцяй роты па маральна-псіхалагічнай падрыхтоўцы — псіхолаг роты лейтэнант Вольга Драздова, менавіта гэтаму аспекту ў адаптацыі навічкоў афіцэрска-выкладчыцкі склад вучылішча ўдзяляе асаблівую ўвагу. «Адаптацыя ў кожнага праходзіць індывідуальна, — адзначае псіхолаг роты. — Хтосьці адаптаваўся на працягу тыдня — і ўпэўнена стаіць у сувораўскім шэрагу, з лёгкасцю ўзаемадзейнічае з таварышамі. Камусьці і пяці гадоў мала, каб прызвычаіцца да абстаноўкі і новага ладу жыцця. У сярэднім, адаптацыя ў дзяцей гэтага ўзросту доўжыцца паўгода».

Як паказваюць назіранні выкладчыкаў і афіцэраў, практычна ўсе сувораўцы вельмі прывязаныя да бацькоў. Таму для больш хуткай адаптацыі ім дазваляецца штодзённа падтрымліваць сувязь з роднымі. У вячэрні час выхаванцы вучылішча звязваюцца з імі або па мабільным тэлефоне, або па таксафоне. Пры неабходнасці не забараняецца патэлефанаваць родным і на працягу дня. Калі для таго, каб настроіцца на навучальны працэс, патрэбна пачуць мамін голас, — ніхто не будзе гэтаму перашкаджаць. Аднак у адносінах да старэйшых сувораўцаў такія «плюшкі» не працуюць.

На працягу першай чвэрці навучання для навічкоў прадугледжаны і штотыднёвыя звальняльныя. У суправаджэнні дарослых сваякоў ім дазваляецца пакінуць сцены вучылішча з пятніцы да нядзелі — такая практыка таксама на карысць адаптацыйнаму працэсу.

— Адна з узроставых патрэб сямікласнікаў — аддзяліцца ад бацькоў, — заўважае Вольга Драздова. — Дзецям, якія развіваюцца ў адпаведнасці з узростам, прасцей адаптавацца да новых умоў. Аднак ёсць і тыя, хто вельмі цяжка перажывае расставанне з бацькамі. У такіх выпадках прадугледжана працяглая індывідуальная работа на зніжэнне эмацыянальных праяў. Без гэтага будзе складана самаарганізавацца і вучыцца.

Звальненне варта заслужыць

Арцемію Алейніку пашанцавала: ён мінчанін, а таму дома бывае кожныя выхадныя. Але так будзе не заўсёды. Магчымасць наведваць родных штотыднёва ёсць толькі падчас навучання ў першай чвэрці першага навучальнага года. Пасля звальненне трэба будзе заслужыць. Калі суворавец добра вучыцца і з дысцыплінай у яго ўсё ў парадку, праводзіць суботу і нядзелю дома, за рэдкім выключэннем, ён можа хоць кожны тыдзень.

Упершыню ў сувораўскае вучылішча Арцемій трапіў будучы ў другім класе — разам з бацькамі ён прыйшоў сюды на дзень адкрытых дзвярэй. Мама і тата хацелі, каб ён сам убачыў, што вучыцца ў вучылішча няпроста, а таму свядома зрабіў выбар. Пасля наведвання навучальнай установы жаданне насіць пунсовыя пагоны ў школьніка толькі ўзмацнілася. Тым больш што з самага дзяцінства ён марыць дасягнуць поспехаў бацькі, які з’яўляецца палкоўнікам Узброеных Сіл. Ёсць у чым раўняцца і на дзядуль, афіцэраў запасу.

Арцемій прызнаецца, што першыя два дні ў вучылішчы вельмі сумаваў па доме, родных. Здаралася, што нават плакаў. Аднак ні разу не патэлефанаваў бацькам з просьбай забраць яго дамоў. Цяжэй за ўсё хлопцу было прызвычаіцца да распарадку дня. Дома, калі ёсць такая магчымасць, можна даўжэй паспаць, пазней легчы. «Захацеў паесці — пайшоў на кухню, у сувораўскім жа ўсё па раскладзе, — заўважае выхаванец. — Праўда, хутка прызвычайваешся і да гэтага. Тым больш што кормяць нас добра, чатыры разы на дзень. Усяго хапае, нават усё і не з’ядаеш».

З іншымі сувораўцамі Арцемій хутка знайшоў агульную мову. Пасля заканчэння вучылішча ён плануе паступаць на авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі.

А вось Іван Лайкоў марыць стаць ваенным урачом. Малады чалавек родам з Магілёва. Аб існаванні сувораўскага вучылішча, якое славіцца сваім прэстыжам, ён даведаўся ад бабулі. Аднак таго, што пачуў, хлопцу было мала — захацелася ўсё ўбачыць на свае вочы. І ў найбліжэйшы Дзень адкрытых дзвярэй разам з бабуляй яны прыехалі ў Мінск. «Мне ўсё спадабалася, — згадвае першае ўражанне Іван. — Бабуля сказала, што летам будзем трэніравацца, каб паступіць. Я быў не супраць. Кожную раніцу прачынаўся, вучыўся правільна і хутка засцілаць ложак, бегаў вакол хаты».

Бабуля для Вані — самы блізкі чалавек і найлепшы сябар. Так склалася, што маму і тату сувораўца пазбавілі бацькоўскіх правоў. Увесь клопат аб траіх унуках (у Івана яшчэ ёсць брат і сястра) узяла на сябе бабуля. «Стэлефаноўваемся з ёй кожны дзень, — кажа хлопец. — Яна цікавіцца, як мае поспехі. Я, у сваю чаргу, пытаюся пра брата і сястру».

Іван прызнаецца, што да сур’ёзнай фізічнай нагрузкі, як і да распарадку дня, ён ужо прызвычаіўся. А вось вучоба даецца не так проста. Невыпадкова кожную вольную хвіліну ён бярэцца за падручнікі.

Дарэчы, дзеці-сіроты, а таксама дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, залічваюцца ў сувораўскае вучылішча па-за конкурсам. Такім чынам, дзяржава падтрымлівае гэтую катэгорыю юных грамадзян. Таксама без уступных іспытаў у навучальную ўстанову паступаюць выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў пры воінскіх часцях, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях, дзеці ваеннаслужачых, прадстаўнікоў іншых сілавых структур, якія загінулі або сталі інвалідамі падчас нясення службовых абавязкаў.

Кожны суворавец — пад кантролем

Нягледзячы на тое, што вучэбная праграма адпавядае школьнай (за некаторымі выключэннямі), такога паняцця, як «клас», у сувораўскім вучылішчы не існуе. Замест класа — узвод, замест паралелі — рота.

За кожнай ротай замацаваны камандзір, яго памочнік па маральна-псіхалагічнай падрыхтоўцы, старшы афіцэр-выхавацель, афіцэр-выхавацель (у кожнага ўзвода свой), памочнікі афіцэраў-выхавацеляў. Фотаздымкі каманднага складу роты, як і ў цэлым вучылішча, з указаннем імён і прозвішчаў, а таксама пасад размешчаны на стэндзе — так выхаванцам прасцей запомніць людзей, якія за іх адказваюць.

У кожнага з іх — свае задачы. Камандзір роты адказвае за ўсе бакі жыццядзейнасці сувораўцаў: харчаванне, забеспячэнне рэчавай маёмасцю, арганізацыю навучальнага працэсу, наведванне культурна-масавых мерапрыемстваў і іншае. На плячах старшага афіцэра-выхавацеля — планаванне навучальнага працэсу і выхаваўчай дзейнасці, вядзенне дакументацыі. Афіцэр-выхавацель працуе канкрэтна са сваімі дзецьмі. Ён поўнасцю адказвае за іх стан здароўя, знешні выгляд, падрыхтоўку да заняткаў, арганізацыю асабістай прасторы. Пакажа, як правільна заслаць ложак, падшыць каўнерыкі, дапаможа папрасаваць кіцель. Аднак гэта толькі на першапачатковым этапе навучання. Затым выхаванцы ўсё павінны рабіць самі.

Аднак гэта не азначае, што яны сам-насам застаюцца са сваімі праблемамі. Афіцэр-выхавацель або яго памочнік заўсёды знаходзяцца побач, таму ў любым момант можна разлічваць на іх дапамогу. Што датычыцца настаўнікаў, якія не з’яўляюцца ваеннаслужачымі, то яны адказваюць выключна за навучальны працэс. Псіхолаг назірае за маральна-псіхалагічнай гатоўнасцю сувораўцаў да знаходжання і навучання ў вучылішчы, кантралюе ўзаемаадносіны выхаванцаў з калектывам, іх настрой.

«Калі дзеці толькі прыйшлі ў вучылішча, яны яшчэ не зусім разумеюць, хто ёсць хто і куды яны трапілі, — тлумачыць Вольга Драздова. — Першыя два месяцы — максімальнае назіранне за кожным сувораўцам. На гэта накіравана работа ўсяго афіцэрскага складу. Афіцэры-выхавацелі знаходзяцца з хлопцамі ад пад’ёму да адбою. Калі бачаць, што ў кагосьці з іх ёсць пэўная праблема, звяртаюцца па дапамогу да псіхолага. Як толькі сувораўцы пачынаюць разумець, з кім могуць падзяліцца сваёй бядой, прыходзяць да мяне самі».

Псіхолаг роты знаходзіцца на пастаяннай сувязі з бацькамі. Калі ёсць пэўнае пытанне, якое патрабуе ўдакладнення, яна ім тэлефануе. І, наадварот, мамы і таты, заклапочаныя паводзінамі і настроем сваіх дзяцей, нярэдка звязваюцца з псіхолагам роты: удакладняюць інфармацыю, просяць парады ў канкрэтнай сітуацыі. «Чым хутчэйшы званок — тым больш эфектыўным з’яўляецца вырашэнне праблемы», — лічыць Вольга Драздова.

«Не шкадую, што паступіў»

Распарадак дня ў сувораўцаў строгі і дакладны. Усё ўзаемазвязана, таму адхіляцца ад плана непажадана. Дзень у выхаванцаў вучылішча пачынаецца ў сем гадзіны раніцы (толькі ў выхадныя дазваляецца паспаць на гадзіну больш). Пасля — зарадка, сняданак. Заняткі з перапынкам на абед доўжацца з 8.40 да 15.50. Пасля ўрокаў прадугледжаны падвячорак. Затым — выхаваўчая работа, самастойная падрыхтоўка, падчас якой сувораўцы вучаць урокі на будучы дзень. Вячэраюць у вучылішчы ў восем гадзін вечара. У абавязковым парадку — прагляд інфармацыйнай перадачы па тэлебачанні: маладыя людзі павінны быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Перад сном — вячэрняя прагулка і гігіенічныя працэдуры. Дзень у сувораўцаў заканчваецца ў 22.00 — 22.15.

Як прызнаецца Мікіта Цэбрук, да распарадку ён хутка прызвычаіўся. Будучы дома, хлопец таксама рана ўставаў, ніколі да апоўначы не сядзеў. Мікіта родам з Пружанскага раёна. Жыхары аграгарадка Кабылаўка ганарацца сваім аднавяскоўцам, які вучыцца ў сувораўскім вучылішчы. Напэўна, хтосьці зайздросціць, калі Мікіта прыязджае дадому ў параднай форме. «Настаўнікі сказалі, што парадная форма мне пасуе», — дзеліцца ўражаннямі пасля першай паездкі на малую радзіму ён.

Мікіта са шматдзетнай сям’і. Так склалася, што яго разам з малодшым братам выхоўвае бацька. Менавіта ён параіў сыну паступаць у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Вельмі ганарыцца, што ўсё атрымалася.

«Вельмі сумую па бацьку, брату, рэгулярна ім тэлефаную, — расказвае суворавец. — Дома бываю нячаста — далёка. Калі застаюся ў Мінску, праводжу час з хросным бацькам. Мне вельмі падабаецца сталіца!»

Хлопец адзначае, што кормяць у вучылішчы добра. «Я б нават сказаў, што шмат, — удакладняе Мікіта. — Добра, што ў размяшчэнні ёсць турнік, мы на ім як малпачкі. Займаемся і ў спартыўнай зале. З задавальненнем наведваю бібліятэку. У нас самы добры афіцэр-выхавацель. Дзмітрый Іванавіч і пажартуе з намі, і дапаможа, калі трэба. Мы як адна сям’я. Не шкадую, што паступіў. Мне тут падабаецца».

Заўтрашнія афіцэры

На фінішнай дыстанцыі знаходзяцца выхаванцы вучылішча Раман Камкоў і Уладзімір Ігнатковіч. Маладыя людзі вучацца ў выпускной, чацвёртай, роце. Яны кажуць, што час, праведзены ў сувораўскім, пралятае вельмі хутка, таму рэкамендуюць сваім малодшым таварышам атрымліваць асалоду ад кожнага дня, праведзенага ў гэтых гістарычных сценах.

Раман родам з Бабруйска. Ён згадвае, што рашэнне вучыцца менавіта тут было свядомым з самага пачатку. Пра сувораўскае хлопцу расказаў настаўнік працы, палкоўнік у адстаўцы. Узнікла жаданне паглядзець на ўсё знутры. Пасля наведвання вучылішча ў Дзень адкрытых дзвярэй Раман прыняў рашэнне, што будзе сюды паступаць.

Уладзімір упершыню задумаўся пра сувораўскае пасля таго, як разам з бацькам наведалі ваенны парад у Мінску, прымеркаваны да Дня Незалежнасці. Захапленне прыгожымі хлопцамі ў форме з пунсовымі пагонамі і генеральскімі лампасамі, сінхронным біццём у барабаны — і лёс юнага жыхара сталіцы быў прадвызначаны. Калі прыйшоў час, ён паспяхова здаў уступныя іспыты і быў залічаны ў вучылішча.

Уладзімір прызнаецца, што да новай абстаноўкі прызвычайваўся на працягу года. «Тэлефанаваў маме, плакаў, хацелася пагуляць з сябрамі, але стойка пераносіў усе цяжкасці, — успамінае ён той перыяд. — Праз год стала лягчэй, прыйшло ўсведамленне, дзе знаходжуся і для чаго мне гэта патрэбна».

Раман згадвае, што складанасці ў адаптацыйны перыяд дадала каранавірусная інфекцыя. «І калі да гэтага мы хоць раз на месяц ездзілі дадому, то з увядзеннем ковідных абмежаваняў сувязь з роднымі трымалі выключна па тэлефоне, — кажа ён. — Афіцэры-выхавацелі арганізоўвалі цікавую культурную праграму, але нам, першакурснікам, не хапала роднага дома».

Праз пэўны перыяд родным домам стала і вучылішча. Сувораўцы прызнаюцца, што тут сустрэлі сапраўдных сяброў. Хутка яны паступяць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, але гэта не перашкода падтрымліваць сяброўскія сувязі. Раману па душы дакладныя навукі, таму пасля заканчэння вучылішча малады чалавек плануе паступаць на ваенны факультэт БНТУ — марыць быць эканамістам. Уладзіміру лягчэй даюцца хімія і біялогія: ён хоча стаць курсантам Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава, якая знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу.

Маладыя людзі ніколі не шкадавалі аб тым, што паступілі ў сувораўскае. І не толькі таму, што вырашылі звязаць сваё жыццё са службай. «Выходзячы адсюль, адчуваеш сябе сапраўдным мужчынам, — кажа Раман. — Параўноўваючы сябе з нашымі равеснікамі, якія вучацца ў школах (нікога не хачу пакрыўдзіць), магу сказаць, што мы больш самастойныя і дысцыплінаваныя».

«За гады навучання ў вучылішчы мы атрымалі і сур’ёзнае духоўнае выхаванне, — дадае Уладзімір. — Пабывалі ва ўсіх тэатрах Мінска і не толькі. За чатыры гады ні разу не схадзілі на пэўную пастаноўку два разы. Заўсёды было нешта новае і цікавае. З трэцяга курса пачалі ўдзельнічаць у балях. Спадзяюся, што гэты вопыт нам абавязкова спатрэбіцца».

Хочацца верыць, што ўсе мары гэтых маладых людзей і іншых сувораўцаў абавязкова спраўдзяцца. Калі ў кагосьці з іх і не атрымаецца стаць афіцэрам, у любым выпадку адукацыя і выхаванне, якое яны набылі ў гэтых сценах, ім абавязкова спатрэбяцца. Што ні кажы, а сувораўская загартоўка заўсёды на карысць сапраўдным мужчынам і патрыётам.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Кузня геніяў і яе юныя выхаванцы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.