Вы тут

У Марый Эл выйдзе беларуская кніга


У Йошкар-Але падрыхтавана да выдання кніга беларускай дзіцячай прозы ў перакладзе на марыйскую мову. Праект рыхтаваўся на працягу некалькіх гадоў.


Расказвае перакладчык твораў беларускіх аўтараў марыйскі празаік, публіцыст і драматург Юрый Салаўёў, які і ў Беларусі гасцяваў, і не аднойчы прымаў удзел у розных мерапрыемствах беларускіх і замежных пісьменнікаў, якія даволі часта праводзяцца ў розных фарматах — і з непасрэднымі жывымі выступленнямі суразмоўцаў, і ў фармаце анлайн:
    
— У нашай рэспубліцы ў апошнія гады склаліся добрыя кантакты з беларускімі пісьменнікамі. Старонкі нашага аўтарытэтнага літаратурна-мастацкага часопіса «Ончыко» сістэмна, з года ў год, прадстаўляюцца перакладам з беларускай паэзіі і прозы. У сучаснай марыйскай літаратуры сфарміравалася каманда руплівых перакладчыкаў — Ігар Папоў, Генадзь Аяр, Святлана Грыгор’ева, Анатоль Ціміркаеў. І вельмі рады, што і я — таксама ў гэтай аўтарытэтнай кагорце. За мінулыя гады «Ончыко», іншыя выданні надрукавалі вершы і апавяданні Алеся Бадака, Валерыя Казакова, Кастуся Турко, Васіля Сахарчука, Віктара Шніпа, Людмілы Рублеўскай і іншых паэтаў і празаікаў. Гэта — своеасаблівы працяг тых перакладчыцкіх памкненняў, якія ажыццяўляліся марыйскімі мастакамі слова ў 1960-1990-я гады. У свой час у Йошкар-Але выйшла кніга вершаў «Сто паэтаў». Перакладчыкі — Макс Майн, Іван Осмі, Барыс Данілаў. З беларускіх паэтаў у кнізе прадстаўлены вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі. У газетах і часопісах на марыйскай мове былі надрукаваны творы народных паэтаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна, аўтарытэтных мастакоў слова Еўдакіі Лось, Івана Калесніка.
    
У новы анталагічны зборнік, які ўклаў Юрый Салаўёў, увайшлі мастацкія здабыткі Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Раісы Баравіковай, Аляксея Дударава, Анатоля Зэкава, Клаўдзіі Каліны, Уладзіміра Караткевіча, Паўла Місько, Пятра Рунца, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і іншых вядомых беларускіх пісьменнікаў.
    
Мяркуецца, што ў Беларусі ў сваю чаргу ў бліжэйшы час пабачыць свет анталогія твораў марыйскіх пісьменнікаў у перакладзе на мову Купалы і Коласа.
    
— Мы збіраемся рэалізаваць і іншыя сумесныя творчыя праекты, дзеліцца сваімі меркаваннямі пра беларуска-марыйскія літаратурныя сувязі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — Найперш яны звязаны з развіццём стасункаў перакладчыкаў у нашых нацыянальных літаратурах. Іх уважлівыя погляды на паэзію і прозу іншага народа, беларусаў — на марыйскую літаратуру, марыйцаў — на беларускую, паспрыяюць знайсці лепшыя творы, якія варты перакладу. Па-другое, неабходна наладзіць супольную працу літаратуразнаўцаў, літаратурных крытыкаў, каб параўнаць тое, куды і як рухаюцца нашы паэзія і проза, у чым яны падобныя ці адрозныя. Магчыма, ужо на пачатку наступнага года мы арганізуем супольны круглы стол на тэму «Сучасны стан беларуска-марыйскіх літаратурных сувязяў». Добра было б прыцягнуць да гэтай справы і ўніверсітэцкую і акадэмічную моладзь.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.