Вы тут

У Гомельскай вобласці набывае папулярнасць практыка выязных урачэбных прыёмаў на базе ФАПаў


Нагадаем, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 студзеня 2024 года выправіць усе недахопы ў сістэме аховы здароўя. Кіраўнік дзяржавы ў тым ліку звярнуў асаблівую ўвагу на павышэнні якасці і даступнасці меддапамогі на вёсцы. Персанальная адказнасць за санітарна-тэхнічны стан будынкаў і збудаванняў устаноў аховы здароўя ўскладзена на кіраўніцтва мясцовых органаў улады. У Гомельскай вобласці ў самым працяглым па тэрыторыі Лельчыцкім раёне за тры лётныя месяцы змаглі прывесці ў належны санітарна-тэхнічны стан усе ФАПы, амбулаторыі, участковыя бальніцы. Сёння праведзеную значную работу пацвярджаюць і самі пацыенты-вяскоўцы. У раёне вельмі папулярная практыка выязных урачэбных прыёмаў на базе фельчарска-акушэрскіх пунктаў.


Сарафаннае радыё ў ФАП прывядзе

Трапіць на прыём да тэрапеўта, акуліста, отарыналарынголага, зрабіць ЭКГ, здаць аналізы, а яшчэ атрымаць выпісаныя лекі... На выязным прыёме cпецыялістаў Лельчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў вёсцы Астражанцы заўсёды шматлюдна. У цэнтры іх сельсавета, аграгарадку Буйнавічы, ёсць урачэбная амбулаторыя і бальніца сястрынскага догляду. У самой жа Астражанцы працуе фельчарска-акушэрскі пункт. Мясцовы фельчар Валянціна Дубраўская — вопытны спецыяліст. Тое, што жыхары Астражанкі актыўна праходзяць дыспансерызацыю, прыходзяць на выязныя прыёмы спецыялістаў, прывіваюцца ў сезон вострых рэспіраторных вірусных інфекцый, — вялікая заслуга менавіта Валянціны Міхайлаўны, лічаць мясцовыя.

— У Астражанцы пераважная большасць — пенсіянеры. Таму вельмі важна атрымліваць меддапамогу. У нас створана група ў вайберы, дзе старшыня сельсавета інфармуе загадзя, калі і якія спецыялісты будуць праводзіць выязны прыём у нашым ФАПе, — тлумачыць старэйшына вёскі Астражанка Буйнавіцкага сельсавета Валянціна Багдановіч. — Фельчар наш Валянціна Дубраўская ўжо ведае, якія лекі трэба заказаць людзям. Мая задача — дапамагчы Валянціне Міхайлаўне: абысці па дамах, папярэдзіць, што будзе прыём у ФАПе, бо не ўсе пажылыя карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі. Некаторыя рэдка выходзяць з дому ўвогуле.

У Буйнавіцкай сельскім Савеце 17 населеных пунктаў. Пражываюць у іх амаль 1300 чалавек.

— Асаблівасць нашай тэрыторыі ў тым, што яна вельмі працяглая па плошчы. Пры гэтым 12 вёсак адносяцца да малых населеных пунктаў, дзе пражывае ад трох да трыццаці чалавек. 

У нас на тэрыторыі сельсавета тры фельчарска-акушэрскія пункты. Не так даўно выязная брыгада Лельчыцкай цэнтральнай райбальніцы праводзіла прыём пацыентаў у аграгарадку Сініцкае Поле, — дадае старшыня Буйнавіцкага сельвыканкама Людміла Сарнаўская.

Асноўныя яе памочнікі ў вёсках менавіта старэйшыны. Як гаворыцца, 24/7 на сувязі з вяскоўцамі. Яны ж і прыклад для сваіх, як клапаціцца аб здароўі, праходзіць своечасова дыспансерызацыю. Цікава, што ў населеных пунктах Сініцкае Поле, Астражанка, Крупка, дзе самыя актыўныя старэйшыны, і вяскоўцы самыя актыўныя ў плане клопату аб сваім здароўі. Вакцынуюцца тут у сезон усплёску захворванняў на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі 98 працэнтаў насельніцтва.

Увесь комплекс медпаслуг

У самім райцэнтры і ў сельскіх населеных пунктах раёна пражывае па 12 з паловай тысячы жыхароў. 

Медабслугоўванне мясцовага насельніцтва вядзе адпаведна цэнтральная райбальніца, шэсць урачэбных амбулаторый і 18 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Выязныя прыёмы пацыентаў урачы-спецыялісты з Лельчыц праводзяць якраз на базе ФАПаў.

— У брыгадзе — урач агульнай практыкі, хірург, отарыналарынголаг, неўролаг. Таксама выязджае лабарант для забору аналізаў, памочнік урача, каб зрабіць ЭКГ. Спецыялісты нашы на месцы вызначаюць: калі можна паставіць дыягназ без дадатковага абследавання, даюць прызначэнні, выпісваюць неабходныя прэпараты. У выпадку, калі пацыента трэба даабследаваць, накіроўваюць у раён, — тлумачыць галоўны ўрач Лельчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Гусак.

Па яго словах, спецыялісты праводзяць такія прыёмы ў вёсцы штотыдзень. У месяц у такой форме аказваецца меддапамога жыхарам чатырох сельскіх населеных пунктаў.

— Падчас выездаў спецыялісты праводзяць і скрынінгі, у тым ліку для ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Пасля агляду ўрача можна зрабіць прышчэпкі ад грыпу і COVІD. Спісы ахвотных вакцынавацца фельчар складае загадзя і перадае ў раён. Словам, аказваецца ўвесь комплекс паслуг, — дадае галоўны ўрач Лельчыцкай ЦРБ. — Абавязкова працуем з сельскімі Саветамі, каб усе жыхары населеных пунктаў былі папярэджаны аб прыёме спецыялістаў.

Праз старшынь сельскіх Саветаў, старэйшын у населеных пунктах, дарэчы, пасля прыёмаў медыкі наладжваюць з вяскоўцамі зваротную сувязь. Бо трэба, здараецца, і пракантраляваць, як пажылы адзінокі чалавек выконвае прадпісанні. Калі неабходна, старэйшына ці старшыня сельсавета перададуць на ФАП, што патрабуецца выклік урача-спецыяліста да чалавека на дом.

Увогуле, выязныя прыёмы пацыентаў на вёсцы ў раёне вельмі папулярныя. Для многіх вяскоўцаў, якія рыхтуюцца да планавай шпіталізацыі, праходзяць медкамісію, вельмі зручна здаць аналізы, флюараграфію і атрымаць неабходныя выпіскі па месцы жыхарства.

— У сярэднім на выязным прыёме кожны ўрач-спецыяліст прымае не менш, чым 10–15 чалавек. Ва ўрача агульнай практыкі пацыентаў, вядома, больш. У такіх выездах, калі ёсць неабходнасць, бярэ ўдзел і псіхіятр-нарколаг. Ён праводзіць прафілактычныя гутаркі з вяскоўцамі, якія злоўжываюць алкаголем. У найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты прыязджае стаматолаг. Калі ёсць у вёсцы дзеці, то едзе педыятр. Кожны канкрэтны выезд адпрацоўваецца індывідуальна, з улікам просьбаў пацыентаў. Таму брыгады можам дакамплектаваць неабходным спецыялістам, — звяртае ўвагу Аляксандр Гусак.

Рамонт у ФАПах і чаканне тамографа

Аляксандр Мікалаевіч у тым ліку як дэпутат не можа не адзначыць актыўную грамадзянскую пазіцыю медыцынскіх працаўнікоў у іх раёне. Сёлета ўрачы, сярэдні і малодшы медперсанал, іх жонкі, мужы і нават дзеці падтрымалі правядзенне суботнікаў. Талакой прыводзілі ў парадак тэрыторыі ўрачэбных амбулаторый, ФАПаў на вёсцы.

— Увесну ў нашым раёне прайшоў раённы суботнік. Сабраныя падчас яго сродкі накіравалі менавіта на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. Нарада ў Прэзідэнта па пытаннях сістэмы аховы здароўя дала дадатковы імпульс у гэтай сацыяльна значнай рабоце, — перакананы галоўны ўрач Лельчыцкай ЦРБ.

Менавіта Лельчыцкі раён адным з першых у Гомельскай вобласці справіўся з пастаўленай задачай: за тры летнія месяцы ў раёне змаглі прывесці ў належны санітарна-тэхнічны стан усе ФАПы, амбулаторыі, участковыя бальніцы.

— Дзякуючы сродкам ад раённага суботніка да пачатку лета нам удалося закупіць неабходныя матэрыялы для правядзення рамонту ва ўстановах. Рабілі ўсё гаспадарчым спосабам, таму змаглі выканаць запланаваны вялікі аб’ём работ без дадатковых выдаткаў, — падкрэсліў галоўны ўрач. — Быў праведзены касметычны рамонт памяшканняў, рамонт дахаў, дзе было неабходна, замена вокнаў, падлогавых пакрыццяў. Недзе на ФАПах не было водаправодаў, каналізацыі, — усё гэта было выканана. Для таго каб забяспечыць гарачай вадой, усталявалі праточныя воданагравальнікі. У ФАПах, дзе пячное ацяпленне, праверылі дадаткова, атынкавалі, пакрылі пліткай грубкі, каб была магчымасць іх мыць і апрацоўваць дэзсродкамі. У некаторых населеных пунктах на ФАПах патрабавалася замена ганка, дзвярэй.

Цяпер рамонтныя работы працягваюцца ў Лельчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Спецыялісты райбальніцы ў чаканні значнай падзеі для іх раёна. Справа ў тым, што ў гэтым годзе выдзелены сродкі на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для адкрыцця кабінета камп’ютарнай тамаграфіі ў Лельчыцкай ЦРБ. З наступнага года ўжо пачнуцца работы па падрыхтоўцы адпаведнага памяшкання.

— Асаблівасць нашага раёна ў тым, што ён самы працяглы па тэрыторыі ў Гомельскай вобласці і другі ў Беларусі пасля Століншчыны, — звяртае ўвагу Аляксандр Гусак. — На тэрыторыі раёна самы далёкі фельчарска-акушэрскі пункт у населеным пункце Дзяржынск — за 75 кіламетраў ад райцэнтра. Акрамя таго, ад Лельчыц да Мазыра, як найбліжэйшага міжраённага пункта, за якім мы замацаваны ў плане меддапамогі, яшчэ 75 кіламетраў. Сёння робіцца ўсё для таго, каб захаваць тую самую «залатую гадзіну». Гэта час, калі пацыентам з мазгавой сімптаматыкай, падазрэннем на інсульт неабходна хутка паставіць правільны дыягназ і аказаць дапамогу. Па дарожнай карце нашай тэрыторыі мы не паспяваем такіх экстранных пацыентаў давезці да Мазыра. Таму прынята рашэнне аказаць нам такую высокатэхналагічную дапамогу і адкрыць кабінет камп’ютарнай тамаграфіі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Лельчыцкай раённай газеты

Загаловак у газеце: Доктар з дастаўкай

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.