Вы тут

Выстаўка памяці Аляксандра Ларыёнава адкрылася ў Гродне


У выставачную залу зайшлі дзве жанчыны і, набыўшы білеты, адразу накіраваліся да работ, што былі відаць з вуліцы праз вялікія вокны. Патлумачылі, што ўбачылі загадкавыя пейзажныя выявы і захацелі разгледзець бліжэй. Гэта былі работы з серыі «Мой бераг» Аляксандра Ларыёнава (1949–2013), выстаўка памяці якога адкрылася ў Гродне. Калі лічыць усе прыжыццёвыя выстаўкі Аляксандра Мікалаевіча, гэта 57-я. Першая ж персанальная адбылася ў студзені 1984 г. у Гродне, а затым — Масква, Санкт-Пецярбург, Нью-Ёрк, гарады Польшчы, Літвы. Аляксандр Мікалаевіч — выпускнік Гродзенскага педінстытута, працаваў дацэнтам кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ імя Я. Купалы, з’яўляўся членам Еўрапейскай федэрацыі мастакоў. Быў заснавальнікам галерэі «Тызенгаўз» у Гродне, куратарам універсітэцкай галерэі «Універсум».


«Чорныя дошкі» (прысвечана А. Рублёву). 1990-я гг.

У цяперашняй экспазіцыі — творы амаль з кожнай серыі, створанай мастаком. Ён працаваў у графічных тэхніках, часта выкарыстоўваючы змешаную. Калі аглядаеш разначасавыя цыклы работ Ларыёнава, уражвае шматграннасць яго натуры. Кожная з аўтарскіх серый нясе асабістую эстэтычную канцэпцыю, але ўсе аб’ядноўваюцца імкненнем мастака па-філасофску асэнсаваць месца чалавека ў гарманічнай структуры навакольнага асяроддзя, дакрануцца да таямніц светабудовы.

Нават пейзажы 80-х гадоў не выглядаюць знаёмымі відарысамі, гэта своеасаблівая містыка першароднай прыгажосці, чуйная ўрачыстасць цішыні. Пластыка твораў апелюе да элегантнай эстэтыкі мадэрну, стылістыка якога больш выразна чытаецца ў фларальных матывах серыі «Кветак боскія твары», дзе дынамічнасць і цякучасць лінейных пляценняў вызначае пэўную дэкаратыўнасць форм і сілуэтаў. Кветкі і травы ўспрымаюцца прыналежнымі да нейкага фантастычнага незямнога свету, які створаны аўтарам у карцінах прыроды і які існаваў на нашай планеце стагоддзі назад.

Як вядома, вобразная сістэма класічнага мадэрну ўзыходзіць да ўсходняга мастацтва з тонкім гучаннем фарбаў і пачуццяў. А. Ларыёнаў таксама звярнуўся да ілюстрацый вершаў японскага паэта XVII ст. Мацуа Басё. Мастак не проста праілюстраваў яго хоку (хайку) — жанр традыцыйнай японскай паэзіі вака, а праз выяўленчыя метафарычныя коды пастараўся перадаць светапоглядныя абагульненні майстра філасофскіх паэтычных мініяцюр. Першыя работы А. Ларыёнава з гэтай серыі лаканічныя, знешне нагадваюць папулярныя ў перыяд Эдо лёгкія роспісы традыцыйных японскіх шырмаў, чайных павільёнаў, калі дэкаратыўная дасканаласць спалучана з віртуознай пластыкай трансфармаваных прыродных форм, а больш познія ўвасабляюць чысціню мройнай бясконцасці, напоўненую спакойнай сузіральнасцю.

Хвалявалі мастака і вершы Арсенія Таркоўскага, перш за ўсё, біблейскімі і антычнымі матывамі, тэмамі кахання і быцця прыроды, праз якія сцвярджаюцца каштоўнасці чалавечага існавання. А меркаванне, што набыццё людзьмі духоўнай цэласнасці магчыма толькі праз веру, любоў і пакаянне, лейтматывам гучыць у кінематаграфічных лентах Андрэя Таркоўскага, што складае асаблівую маральную каштоўнасць і для А. Ларыёнава. У выніку ў мастака з’явілася серыя «У імя айца і сына». Пазачасавыя вобразы-знакі ва ўмоўнай прасторы асацыіруюцца з экзістэнцыяльным мадэляваннем свету.

Шматзначныя духоўныя памкненні Максіма Багдановіча сталі надзвычай блізкія ўнутранаму свету А. Ларыёнава, таму нізка твораў, прысвечаных беларускаму паэту, арганічна спалучаецца з іншымі цыкламі мастака. Прадстаўлены не ілюстрацыі да вершаў, а лірычныя выяўленчыя рэмінісцэнцыі з нагоды вытанчана-філасофскіх разваг паэта пра шчымлівую адзіноту і каханне, таямніцы мовы прыроды і адвечнае хараство жыцця.

Андрэю Рублёву, выдатнай асобе ў сусветным і рускім мастацтве на мяжы XIV–XV стагоддзяў, прысвечана серыя «Чорныя дошкі». Мы бачым асбістыя перафразы А. Ларыёнава на тэмы, звязаныя з перыпетыямі лёсу і творчымі здабыткамі сярэднявечнага іканапісца. Зробленыя ў стылістыцы візантыйскага абраза на дошцы, работы адрозніваюцца выкарыстаннем пластычных прыёмаў візантыйскага канона, дзе ў зрокавых вобразах увасабляецца іх звышпачуццёвая, ідэалізаваная, «боская» прыналежнасць. Тактоўна падкрэсліваецца аўтарам і той момант, што айчынная гісторыя сакральнага мастацтва і культуры зведала і «чорныя» перыяды.

Цыкл, які адрозніваецца адкрытай эмацыянальнасцю пачуццяў, выяўленых, у першую чаргу, праз каларыстыку, — ілюстрацыі да паэмы Мікалая Клюева «Пагарэльшчына». Мастак дае асабістую выяўленчую інтэрпрэтацыю паэтычнага сюжэта і, як выказаўся сам Ларыёнаў, «аповеду пра трагічны пострэвалюцыйны рускі зыход». Ілюстрацыі працягваюць «іконную» тэндэнцыю аўтара, калі ў большай ці меншай ступені абагуленыя партрэты мужчын і жанчын нагадваюць лікі святых і пакутнікаў, а ўмоўная прастора пульсуе навокал чырванню пажару, сімвалізуючы драматычны лёс народа.

«У імя бацькі і сына» (прысвечана Таркоўскім). 1980-я гг.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы пластыкі, прасякнутыя экспрэсіянізмам пачуццяў аўтара, успрымаюцца лаканічнымі формуламі-сімваламі чалавечай існасці.

Эзатэрычная эстэтыка твораў А. Ларыёнава злучае свет відавочны і ўяўны, які ляжыць на мяжы падсвядомасці, пераконваючы нас, што кожны чалавек далучаны да ўсяго, што адбываецца навокал: жыцця людзей, зямной прыроды, космасу, што ўсё павінна быць у дыялектычнай гармоніі і прыгажосці. Мы схіляем галаву перад тым храмам, які пабудаваў для нас Аляксандр Мікалаевіч, куды мы можам увайсці ўсе разам і кожны паасобку і прыслухацца да сябе і свету. 

«Знічка» (прысвечана М. Багдановічу). 1991 г.

Марына ЗАГІДУЛІНА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.