Вы тут

У БНТУ праходзіць ХІІ форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю


Ва ўмовах сур’ёзнага санкцыйнага ціску падрыхтоўка інжынерных кадраў для высокатэхналагічных галін эканомікі з’яўляецца найважнейшым складнікам тэхналагічнага суверэнітэту кожнай краіны. Гэта думка рэфрэнам гучала ў словах усіх удзельнікаў ХІІ форуму ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы, які праходзіць гэтымі днямі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. На яго пляцоўках сабраліся прадстаўнікі каля 40 універсітэтаў з Расійскай Федэрацыі і Узбекістана: кіраўнікі, студэнты, аспіранты, маладыя навукоўцы, прадстаўнікі стартапаў...


 БелтА

— У Беларусі падрыхтоўку інжынерных кадраў праводзіць каля дзясятка ВНУ. Штогадовы набор на інжынерныя спецыяльнасці складае больш як 17 тысяч чалавек, — праінфармаваў гасцей міністр адукацыі нашай краіны Андрэй Іванец. — Хацеў бы адзначыць, што падрыхтоўка высакакласных спецыялістаў у першую чаргу забяспечваецца за кошт рэалізацыі падыходаў гібрыднай адукацыі: школа — універсітэт — прадпрыемства. Каля чатырох тысяч спецыялістаў, якія працуюць у рэальным сектары эканомікі, прымаюць непасрэдны ўдзел у адукацыйным працэсе і ў падрыхтоўцы інжынерных кадраў. Для павышэння матывацыі нашых навучэнцаў да выбару інжынерных прафесій прымаецца цэлы комплекс мер. Дзейнічае Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, дзе рэалізоўваюцца праграмы падрыхтоўкі будучых інжынераў. Іх выпускнікі могуць без экзаменаў паступаць у нашы ўніверсітэты. З гэтага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адкрыліся інжынерныя класы, дзе навучаюцца больш як 2,5 тысячы нашых школьнікаў. Мы плануем стварыць умовы, каб іх паспяховыя выпускнікі маглі без экзаменаў паступаць на інжынерныя спецыяльнасці.

Андрэй Іванец адзначыў, што сёння на парадку дня стаіць пытанне больш цеснай кааперацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі дзвюх краін. «Падрыхтоўка інжынерных кадраў можа праводзіцца ў сеткавай форме ўзаемадзеяння, каб у поўнай ступені выкарыстоўваць патэнцыял вядучых беларускіх і расійскіх ВНУ. Мы гатовы сёння рыхтаваць тых спецыялістаў, якія важныя для нашай эканомікі, і выконваць фактычна дзяржаўны заказ. Адукацыя — не проста атрыманне той ці іншай спецыяльнасці або кваліфікацыі, а падрыхтоўка высакакласнага спецыяліста пад канкрэтнае высокатэхналагічнае прадпрыемства», — падкрэсліў міністр адукацыі.

Андрэй Іванец паведаміў, што вельмі важную ініцыятыву агучыў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы — аб стварэнні Беларуска-Расійскага ўніверсітэта высокіх тэхналогій. «Мы яе падтрымаем, — паабяцаў ён. — Упэўнены, што рэалізацыя дадзенай ініцыятывы ў сеткавай форме ўзаемадзеяння вядучых беларускіх і расійскіх ВНУ дазволіць нам падрыхтаваць насамрэч высакакласнага інжынера».

Як прыклад паспяховага ўзаемадзеяння Андрэй Іванец прывёў праект «Перадавыя інжынерныя школы», які рэалізоўваецца БНТУ і Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам. У яго рамках праводзіцца падрыхтоўка міжгаліновага інжынера. А вось патэнцыял Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, на яго думку, раскрыты яшчэ не поўнасцю.

— ХІІ форум ВНУ інжынерна-тэхнічнага профілю сабраў вельмі аўтарытэтны састаў. Гэта яшчэ раз пацвярджае запатрабаванасць інжынернай навукі і навуковых кадраў на новым этапе. Устойлівасць вытворчага і навукова-тэхналагічнага патэнцыялу Расіі і Беларусі дазваляе нам годна спраўляцца з сённяшнімі выклікамі і фарміраваць адзіную прамысловую палітыку, якая звернутая ў заўтрашні дзень, — падкрэсліў у сваім выступленні дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.

Ён нагадаў, што ў нядаўнім мінулым прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зацвердзілі 28 саюзных праграм (дарожных карт інтэграцыі). Адна з ключавых мае на ўвазе стварэнне адзінай прамысловай палітыкі.

«Гэта немагчыма зрабіць без уключанасці тысяч маладых грамадзян Расіі і Беларусі, якія маюць добрую, якасную, сучасную адукацыю», — падкрэсліў дзяржсакратар.

Ён таксама звярнуў увагу, што прэм’ер-міністр Расіі, старшыня Саўміна Саюзнай дзяржавы Міхаіл Мішусцін падпісаў важны дакумент — саюзную стратэгію навукова-тэхнічнага развіцця да 2035 года.

Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў лічыць недапрацоўкай тую акалічнасць, што ў Беларусі дзейнічаюць усяго два філіялы расійскіх ВНУ: «Ёсць стратэгічная лінія ў нашай Саюзнай дзяржаве — гэта забеспячэнне роўных правоў для грамадзян, якія пражываюць у Расіі і ў Беларусі. У тым ліку, безумоўна, гэта роўныя правы на атрыманне годнай адукацыі. Расія дае магчымасць беларускім студэнтам навучацца ў рамках урадавай квоты — гэта бясплатнае навучанне. На бягучы год было выдзелена 1,3 тысячы месцаў. Таксама вучацца і расіяне ў беларускіх ВНУ».

Пасол адзначыў, што ва Узбекістане працуюць 13 філіялаў расійскіх ВНУ, у Казахстане — восем, у Арменіі — шэсць, а ў Беларусі — толькі два. «У Саюзнай дзяржаве трэба выправіць гэты недахоп. Ёсць тыя ВНУ, якія хацелі б стварыць тут свае філіялы. І гэта было б абсалютна правільна. У беларускіх абітурыентаў папулярнасцю карыстаюцца такія расійскія ВНУ, як Санкт-Пецярбургскі політэхнічны ўніверсітэт, ён знаходзіцца на першым месцы па пажаданнях. Таксама паступаюць беларусы ў Інстытут дакладнай механікі і оптыкі, у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны электратэхнічны ўніверсітэт», — канстатаваў ён.

Барыс Грызлоў падкрэсліў, што ў Беларусі створана атамная галіна. А ў Расіі ёсць інстытут МІФІ, які рыхтуе спецыялістаў-ядзершчыкаў. «Мяркую, што туды павінны паступаць і беларускія абітурыенты для таго, каб атамная галіна была менавіта беларускай. Так што ў нас вельмі шмат пытанняў, якія мы хацелі б абмеркаваць у рамках ХХІІ форуму ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю», — дадаў пасол.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.