Вы тут

Штучны інтэлект абмеркавалі на навукова-практычнай канферэнцыі


Кошт нематэрыяльных актываў у свеце перавысіў цану матэрыяльных, то-бок дзесьці ў 2010 годзе ў эканоміцы адбыўся пераход да новага развіцця, і сёння цана, напрыклад, Samsung, Tesla, ІBM і іншых буйных кампаній — гэта кошт не матэрыяльных актываў (станкоў ці абсталявання), а тэхналогій (інтэлектуальных рэчаў). Добрым тэхналагічным рашэннем стала стварэнне штучнага інтэлекту, і цяпер трэба думаць, як «упісаць» яго ў развіццё ўсяго чалавецтва. Гэтыя і іншыя думкі гучалі на ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця», дзе выступоўцы ўздымалі таксама і праблемныя пытанні, датычныя сферы інтэлектуальнай уласнасці.


Мала стварыць — важна абараніць

На канферэнцыю, зладжаную Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ), накіравана звыш 120 работ ад 128 аўтараў, у тым ліку замежных. У параўнанні з мінулым годам колькасць дасланых матэрыялаў узрасла больш як на 21%, а колькасць замежных удзельнікаў павялічылася ўдвая: з 16% да 32%. На мерапрыемстве абмяркоўваліся пытанні прававога рэгулявання інтэлектуальнай уласнасці (ІУ), аховы і абароны аб’ектаў ІУ, у тым ліку ў інтэрнэце, яе эканамічныя аспекты.

Інтэлектуальныя тэхналогіі сёння — драйвер развіцця ўсіх эканамічных працэсаў. Аднак мала стварыць інтэлектуальную ўласнасць (тэхналогію) — важна яе абараніць і забяспечыць пытанні яе рэгулявання, засяродзіў увагу Аляксандр Шумілін, акадэмік-сакратар аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі:

— У Акадэміі навук робіцца прыблізна дзве тысячы праектаў за год, палова з якіх адразу атрымлівае вынік і набывае абаронны дакумент. Сёння ў НАН больш за 500 патэнтаў, якія працуюць, і каля 600 ліцэнзійных пагадненняў (каля 160 з іх — у галіне сельскай гаспадаркі на насенне раслін і саджанцы). У галіне штучнага інтэлекту ўзнікае пытанне, як абараніць праграмны прадукт. Мы ўзялі за аснову для гэтага сістэму дэпаніравання, якая пацвярджае, што пэўная распрацоўка належыць адпаведнаму распрацоўшчыку. Толькі за апошні год задэпаніравана звыш 1,5 тысячы такіх распрацовак (толькі ў НАН больш за 107).

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці актыўна працуе над пытаннем работы са штучным інтэлектам (ШІ). Не так даўно ў Акадэміі навук прайшоў ІІ форум ІT-Акадэмграда і выстава «Штучны інтэлект у Беларусі». 

У рамках форуму адбылося першае пасяджэнне экспертнага савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, дзе Беларусь выйграла тэндар і стала галоўнай арганізацыяй распрацоўкі мадэльнага закона па штучным інтэлекце для краін СНД.

Гэта абсалютна новы кірунак дзейнасці, і як рэгуляваць яго, у прыватнасці як вызначаць інтэлектуальную ўласнасць, створаную штучным інтэлектам, ва ўсім свеце пакуль не вельмі разумеюць. Аднак штучны інтэлект ужо ўплывае на ўсіх нас, мы ўсе карыстаемся гаджэтамі, і, як мінімум, трэба разумець, развіццё якіх гэта тэхналогій. У амерыканскім Галівудзе адбываюцца забастоўкі, бо рэдактары не згодныя з тым, што пэўныя сцэнарыі да фільмаў пачынае пісаць штучны інтэлект, а ў інтэрнэце можна набыць намаляваныя ім карціны, і за іх плацяць рэальныя грошы, дадаў спецыяліст:

— Нельга развіваць навуку без атрымання дакладнай інфармацыі. Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці рэалізуе праект па стварэнні цэнтраў падтрымкі тэхналогій і навацый. Два такія цэнтры створаны ў Акадэміі навук: на базе нашай бібліятэкі і цэнтра стратэгічных даследаванняў. І гэта вельмі важна, таму што інфармацыі шмат, і пытанне ў тым, наколькі яна дакладная. Калі я пачытаў патэнт, то павінен разабрацца, наколькі ён рабочы, наколькі падтрымліваецца ў сіле, а, можа, нехта ўжо стварыў гэта да нас.

Драйвер прагрэсу і захавання суверэнітэту

У апошнія гады сістэма інтэлектуальнай уласнасці стала важным інструментам у сучасным свеце. Развіццё сістэмы ІУ стварае ўмовы развіцця інавацый, што вядзе да павелічэння вытворчасці і эканамічнага росту, павышае канкурэнтаздольнасць краіны на міжнародным узроўні. У рамках канферэнцыі ўздымаліся вельмі важныя пытанні ў сферы інтэлектуальнай уласнасці: далейшае яе ўбудоўванне ў інфармацыйную сістэму, уплыў інтэлектуальнай уласнасці на эканамічныя працэсы, акрэсліла Таццяна Сталярова, намеснік старшыні Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях:

— У Беларусі ў гэтай сферы выбудавана даволі гарманічнае заканадаўства, пытанні інтэлектуальнай уласнасці максімальна ўрэгуляваны. У 2021-м для рэалізацыі зацверджанай урадам стратэгіі развіцця ІУ вызначаны комплекс мерапрыемстваў. На пачатку 2023-га прынятыя два законы і тры пастановы па развіцці пытанняў у сферы ІУ. У дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гг. упершыню асобнай главой унесена інфармацыя па развіцці ІУ, якая з’яўляецца ключавым элементам нацыянальнай інавацыйнай сістэмы.

Яна дадала, што ў краіне праводзіцца актыўная работа па інфармаванні грамадзян аб пытаннях ІУ, ладзяцца навукова-практычныя семінары, конкурсы сярод моладзі на найлепшыя работы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці (сёлета на конкурс паступіла каля 50 работ). Летась створаны конкурс «Адкрываючы свет» для школьнікаў.

Без інтэлектуальнай уласнасці не можа быць гаворкі пра развіццё прагрэсу і суверэнітэту, а Беларусь дэманструе высокі ўзровень развіцця гэтай галіны і вялікі патэнцыял. Інтэлектуальная ўласнасць дазваляе і гарманізаваць інтарэсы, і ў той жа час забяспечыць суверэнітэт краіны. У Беларусі і Расіі вельмі падобныя падыходы ў сферы ІУ, напрыклад у галіне фармакалогіі, адзначыла Таццяна Эрыванцава, намеснік дырэктара Федэральнага інстытута прамысловай уласнасці (Расія):

— Вопыт, які мае Расія, дазваляе даваць парады, у прыватнасці ў сферы судовых спрэчак у галіне фармацэўтыкі, што дапамагае выпрацаваць метадалагічныя падыходы. Мы падзяліліся вопытам у дачыненні да заканадаўства па разглядзе крышталічных форм, фармацэўтычных кампазіцый, расказалі, як мы цяпер разглядаем заяўкі. Нам стаў цікавы падыход, які выкарыстоўвае Беларусь для ацэнкі вынаходстваў, метады, якія прымяняюцца для пастаноўкі на баланс.

Важна развіваць не толькі нацыянальную сістэму ІУ, але і міжнароднае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, рэзюмавалі яе ўдзельнікі і дадалі, што па выніках мерапрыемства будзе выдадзены зборнік матэрыялаў канферэнцыі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Інтэлект чалавечы і штучны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».