Вы тут

Месячнік па навядзенні парадку стартаваў ва ўсіх раёнах Брэстчыны


У перыяд з 16 кастрычніка да 17 лістапада праводзіцца асенняя прыборка тэрыторый. Да зімы трэба падрыхтавацца належым чынам, каб не чакаць снежнага покрыва, якое схавае заганы добраўпарадкавання. Тым больш што снегу ў нашым паўднёвым рэгіёне апошнім часам бывае вельмі мала.


Фота: pixabay.com

Таму вуліцы, скверы, паркі, двары павінны выглядаць дагледжанымі заўсёды. З заклікам правесці масавую кампанію па прыборцы, пасадцы дрэў і кустоў да гараджан праз свой тэлеграм-канал звярнуўся старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі. Як выглядае, мэра падтрымалі дэпутаты, прадстаўнікі грамадскасці і працоўных калектываў.

Ужо на мінулым тыдні супрацоўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, работнікі ЖЭС-1 КУП «ЖРЭУ», навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа прыйшлі з адпаведным інструментам на вуліцу Герояў абароны Брэсцкай крэпасці. Гэта знакавая для горада вуліца, да таго ж даволі вялікая тэрыторыя, якая ўключае ў сябе зялёна-паркавыя зоны, двары і гарадскія аб’екты.

Удзельнікі працоўнага дэсанту ачышчалі ад апалага лісця дзіцячую пляцоўку, газоны, пешаходныя зоны, месцы агульнага карыстання. Вялікую работу камунальнікі і валанцёры правялі ў дварах дамоў №№ 70, 72, 74, 76, у ваколіцах жылых дамоў стрыглі і раўнялі кусты, прыбіралі лісце.

У Маскоўскім раёне стараліся не адстаць ад суседзяў, таксама правялі шэраг працоўных акцый. На прыборку разам з камунальнікамі выйшлі супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, моладзь. Тым часам работнікі парку культуры і адпачынку наводзілі парадак на тэрыторыях, якія прылягаюць да парку.

На гэтым тыдні работа працягваецца, да добрай справы днямі далучыліся вучні сярэдняй школы № 18 абласнога цэнтра. Яны прыйшлі ў двор дома № 25 па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Двор гэты даволі вялікі і мае выхад на гарадскую набярэжную, адну са славутасцяў Брэста. Пакуль работнікі КУП «ЖРЭУ» высякалі сухастой, абразалі сухія галіны, вучнні зграбалі ўсё ў кучу, збіралі апалую лістоту і загружалі ў машыны для вывазу. Пасля гэтай працоўнай акцыі наваколле ў раёне двара пераўтварылася.

У горадзе-спадарожніку Брэста Жабінцы на тыдні з’явілася цэлая алея маладых елачак. Акцыю па пасадцы дрэў правялі ў рамках добраўпарадкавання і назвалі «Алеяй бацькоў» у гонар свята Дня бацькі. У закладцы паўдзельнічалі старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Андрэй Кузьміч, старшыня Брэсцкага абласнога камітэта аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Ян Вянсковіч, начальнік Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Іван Паўлюковіч, а таксама шматдзетныя бацькі ўстаноў і арганізацый раёна, якія прыйшлі з дзецьмі. Дапамагалі і маці сямействаў. Агульнымі намаганнямі каля возера ў гарадскім парку паявіўся цудоўны куточак, які ўпрыгожылі і азелянілі грамадой.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч, 38 блакітных елак зрабілі яшчэ больш прывабнай частку парку, дзе любяць адпачываць гараджане з сем’ямі. А само мерапрыемства стала добрай нагодай сабрацца сем’ямі і папрацаваць на карысць роднага горада. Акцыя па навядзенні прадку ў Жабінцы працягваецца. Да яе падключыліся навучальныя ўстановы, камунальныя арганізацыі.

Марафон чысціні і парадку праходзіць ва ўсіх раёнах. Напрыклад, работнікі Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі навялі парадак на вайсковым пахаванні ў вёсцы Руднікі Пружанскага раёна. Такую ж работу праводзяць у сельсаветах Пінскага і іншых раёнаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.