Хандра — вечная спадарожніца восені. Але пазбавіцца ад яе не так і складана. Дастаткова выконваць некаторыя правілы. Пра іх расказаў загадчык аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Віктар Даніловіч.

— Стрэс можа выклікаць любы фактар: ад званка будзільніка (грубасці мужа, крыку суседкі і непрыемнасці на працы) да выпадковага выйгрышу ў латарэю і нечаканага павышэння па службе. Такіх «фактаў» назапашваецца нават за дзень. А калі на вуліцы цёмна, холадна і сыра, маркоціцца пачынаюць нават закаранелыя аптымісты. Пад каўпак сябе не схаваеш, таму выйсце адно: навучыцца жыць са стрэсам і правільна рэагаваць на яго, кажа ўрач.
Як мінімізаваць негатыў:
- Не спрачайцеся без патрэбы, пазбягайце канфліктных сітуацый.
- Не пераацэньвайце ступень важнасці праблемы, магчыма, затрачаныя эмоцыі не вартыя чаканага выніку.
- Пакідайце невялікую долю сумневу ў поспеху справы. Прадугледжвайце і адмоўны вынік, каб няўдача не ашаламіла вас. Майце запасны варыянт і падрыхтуйце «шляхі адступлення».
- Не дайце адмоўным думкам авалодаць вамі, не канцэнтруйцеся толькі на іх.
- Імкніцеся кожнае выпрабаванне, якое выпала на вашу долю, успрымаць як чарговы ўрок мужнасці, прабачэння і цярпення.
- Будзьце аптымістамі, верце, што вашы непрыемнасці не самыя страшныя. Успомніце, што вакол многа людзей, якім нашмат цяжэй, чым вам цяпер.
- Не займайцеся самакапаннем, проста перад сном спакойна прааналізуйце мінулы дзень, паглядзіце на факты ва ўпор.
- Не паддавайцеся пачуццю схавацца ад навакольнага свету і адысці ад праблем. Гэта спараджэнне дэпрэсіі і шлях у нікуды. Найлепшым варыянтам выхаду з такой сітуацыі з’яўляецца абмеркаванне назапашаных праблем з сябрамі і членамі сваёй сям’і: вы атрымаеце неабходную падтрымку і не будзеце адчуваць сябе самотным.
- Усе вашы непрыемнасці выкладзіце падрабязна на паперы. Скамячце гэты ліст і выкіньце.
- Дазвольце сабе (калі няма сведак) выкрычацца, даць поўную волю эмоцыям, выплюхнуць іх вонкі.
- Зляпіце вашу «крыўду» з пластыліну, сцісніце яе, камячце, лайце, біце.
- Часцей усміхайцеся, імкніцеся сканцэнтравацца на станоўчых эмоцыях, вучыцеся радавацца малому.
- Навучыцеся замяшчаць непрыемныя думкі прыемнымі. Не спрабуйце змяніць тое, што не ў вашых сілах, і паспрабуйце гэта прыняць.
- Запомніце: усе праблемы рана ці позна вырашаюцца.
Фізічная нагрузка і смех у дапамогу
Зняць стрэс дапамагаюць і заняткі фізкультурай. Гэта цудоўны спосаб зняць напружанне і падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме.
Не забывайце адпачываць, расслабляцца, бегайце трушком. Расслабце плечы, зніміце напружанне з плечавога пояса, вам стане лягчэй. Прымайце кантрасны душ, аблівайцеся халоднай вадой. Кожную раніцу пачынайце ўсміхацца, а потым смяяцца хоць бы тры хвіліны. Медытацыя смехам паляпшае настрой на цэлы дзень.
Час надышоў
Вось прыкметы, якія падкажуць, што час рабіць пэўныя крокі для паляпшэння самаадчування:
- пастаянны непакой;
- пачуццё стомленасці, якое не праходзіць;
- немагчымасць засяродзіцца;
- болі ў сэрцы;
- расстройствы стрававання, алергія;
- болі ў мышцах спіны, шыі і плячэй.
Экспрэс-дапамога
- Займіцеся фізічнымі практыкаваннямі, пагуляйце на свежым паветры, зрабіце прабежку, пакатайцеся на веласіпедзе, роліках.
- Засяродзьцеся на дыханні. Канцэнтрацыя на працэсе дыхання прымушае на час забыцца пра крыніцу стрэсу. Павольна ўдыхніце носам, затрымайце дыханне на некалькі секундаў, выдыхніце павольна праз нос.
- Цалкам расслабцеся.
- Майце зносіны з людзьмі.
- Змяніце абстаноўку, схадзіце ў кіно, музей, тэатр.
Алена КРАВЕЦ