Вы тут

Цікавінкі XXVІІ Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму Energy Expo


Інавацыйныя тэхналогіі ў сферы энергетыкі, экалогіі, лічбавізацыі, электратранспарту, энергазберажэння на мерапрыемстве прадставіла больш як 200 айчынных і замежных арганізацый. Тут было ўсё: ад прылад для рэалізацыі смарт-праектаў «разумнага горада» і лічбавых рашэнняў у сферах энергетыкі да электрамабіляў, віртуальных трэнажораў і карцін, напісаных на мармуровай аснове камянямі розных памераў. Эксперты ўпэўнены, што выстава дазваляе аб'яднаць энергетыкаў, спажыўцоў энергарэсурсаў, эколагаў, ацаніць ужо зробленае і пазнаёміцца з найноўшымі прадуктамі і тэхналогіямі.


Сімбіёз ІT-рашэнняў і эканомікі

Вогнеўстойлівыя кабелі; разумныя сігналізатары загазаванасці і лічыльнікі газу; свяцільнікі, якія самі ўпраўляюць асвятленнем; прадукцыя з металу, надрукаваная на 3D-прынтары; прадукты для энергазберажэння; прылады для лічбавізацыі... На выставе экспаненты прадставілі шырокі спектр тэхналогій, прылад і праграмных рашэнняў, адзначалі спецыялісты.

— Час паказвае, што без лічбавых тэхналогій ні ў адной галіне справа не абыходзіцца, і тут важнае разумнае эканамічна абгрунтаванае прымяненне, — выказаўся Канстанцін ШУЛЬГАН, міністр сувязі і інфарматызацыі. — Найперш, эканоміка, бо за кожнай работай стаяць затраты, якія кладуцца на плечы спажыўца. Каб ён з задавальненнем мог аплачваць паслугі па электрычнасці, яны павінны быць для яго зручнымі і пад'ёмнымі. Сёлетняя выстава парадавала сімбіёзам ІT-рашэнняў і рэальнага сектара эканомікі і ў галіне энергетыкі. Хацелася б яшчэ, каб час пераходу ад пагадненняў да канкрэтных праектаў быў мінімальны.

На інтэрактыўным стэндзе Дзяржэнерганагляду, напрыклад, можна было ў віртуальнай прасторы наведаць ванны пакой, дзе на сабе адчуць небяспеку, якая там хаваецца. Напрыклад, калі дакрануцца да электраразеткі мокрымі рукамі. А яшчэ даведацца, што будзе, калі лавіць рыбу пад электрасеткамі.

З дапамогай віртуальных трэнажораў у 3D-рэальнасці наведвальнікі спрабавалі сябе ў якасці зваршчыка ці экскаватаршчыка. Дарэчы, менавіта на такім абсталяванні і навучаюцца гэтым прафесіям. Заснавальнікі абсталявання кажуць, што пасля асваення такіх поўнапамерных прылад чалавек напрацоўвае маторыку рук і навыкаў і можа адразу працаваць з рэальнымі аб'ектамі. А ў Беларуска-Расійскім універсітэце праграмаванню і робататэхніцы студэнтаў у лабараторыях вучаць міні-робаты, якія таксама былі на выставе.

Насценныя і напольныя станцыі зарадкі SKAT для электрамабіляў паказала кампанія «Белсельэлектрасеткабуд». Яе спецыялісты расказалі, што ўжо гэтай восенню ў Шклове і Магілёве з'явяцца станцыі з вялікай магутнасцю на 160 кВ для зарадкі электробусаў, і патлумачылі, што хуткая зарадка ў 5-7 разоў даражэйшая за звычайную, таму пры выбары станцыі для прыватнага карыстання варта пралічваць суадносіны хуткасці і кошту энерганосьбіту.

Стратэгічнае партнёрства і імпартазамяшчэнне

Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, у тым ліку і па атамнай тэматыцы, апошнім часам дало штуршок развіццю і іншых спадарожных кірункаў: ядзернай медыцыны, адытыўных тэхналогій і іншых, заўважыла Таццяна СТАЛЯРОВА, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ):

— Узаемадзеянне і кааперацыя беларускіх і расійскіх вучоных дапамагае аб'ядноўваць патэнцыялы і садзейнічаць развіццю нацыянальных эканомік краін. Рэалізавана больш за 60 праграм у сферы мікраэлектронікі, інфармацыйных тэхналогій, машынабудаўніцтва, медыцыны і іншых. Толькі ў галіне космасу рэалізавана сем навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы, дзякуючы чаму ўдалося стварыць касмічную групоўку спадарожнікаў і адпаведную інфраструктуру. Сёлета рэалізуюцца яшчэ чатыры праграмы. А ў дзяржаўным рэестры навукова-даследчых, вопытна-канструктарскіх і вопытна-тэхналагічных работ ДКНТ за апошнія тры гады зарэгістравана 16 работ па адытыўных тэхналогіях, шэсць — па ядзернай медыцыне, сем — па электратранспарце, дзевяць — у сферы «разумны горад».

У рамках стратэгічнага партнёрства «Расатамам» сумесна з беларускім бокам падрыхтаваны вялікі стратэгічны дакумент — комплексная праграма па развіцці супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў: адытыўных тэхналогіях, ядзернай медыцыне, лічбавізацыі і іншых. Гарызонт планавання гэтай праграмы, пачынаючы з канца бягучага года да 2030-га, мае на мэце ўкараненне інавацыйных рашэнняў у сферы лічбавізацыі і інавацыйную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, а таксама стварэнне сумесных вытворчасцяў, паведаміў Станіслаў ЛЯВІЦКІ, дырэктар краінавага офіса Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі:

— У нас ёсць цудоўны праект па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра адытыўных тэхналогій агульнага доступу. 19 кастрычніка з арганізацыяй «Прамсувязь» была падпісана Дарожная карта па ўзаемавыгадным супрацоўніцтве па наладжванні, сумесным вырабе і пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання, згодна з якой да канца 2024 года ў Беларусі будзе створана сумеснае прадпрыемства — інавацыйны цэнтр для 3D-друку металаў. Гэта неабходна, каб аператыўна замяшчаць крытычныя камплектуючыя ва ўмовах абмежаванняў, паскараць правядзенне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ. Гэта можа стаць яркім прыкладам першага ўкаранення апошняй тэхналогіі індустрыі 4.0 на тэрыторыі Беларусі.

У галіне ядзернай медыцыны пачынаецца рэалізацыя праграмы па стварэнні інавацыйнага радыефармпрэпарата з прыцягненнем адной з беларускіх арганізацый у правядзенні выпрабаванняў прамысловага вырабу. Прапрацавана пытанне частковай лакалізацыі і, магчыма, стварэння новай лінейкі медыцынскага абсталявання, якая будзе распрацоўвацца за кошт саюзнага бюджэту.

Па праграме лічбавізацыі расійскі бок пастаўляе ў Беларусь бясплатныя ліцэнзіі для ВНУ (ідзе працэс афармлення экспартнай ліцэнзіі па інавацыйным праграмным забеспячэнні матэматычнага мадэліравання). Гэта адзін з найбольш інавацыйных прадуктаў (праграмны прадукт «Логас»), які перавышае ўсе замежныя аналагі, удакладніў Станіслаў Лявіцкі:

— Дзяржкарпарацыя «Расатам» пачынае рэалізацыю праекта электрамабіля «Атам» і плануе ў найбліжэйшы час звярнуцца да кіраўніцтва Міністэрства прамысловасці, каб абмеркаваць пытанне ўваходжання Беларусі ў асобе пэўных арганізацый і ведамстваў у гэты праект з боку вырабу камплектуючых і арганізацыі сумесных камерцыйна-збытавых сетак.

Ядзерныя адходы, МВП, лічбавы двайнік, электратранспарт

У рамках дзелавой праграмы форуму адбылося некалькі мерапрыемстваў, дзе эксперты абмяркоўвалі пытанні навацый у сферы энергетыкі, устойлівага развіцця, лічбавізацыі. Так, падчас навукова-практычнай канферэнцыі «ESG-трансфармацыя і ўстойлівае развіццё», тэматыка якой ахоплівае галіны прамысловасці, лічбавізацыі, забеспячэння экалагічных рашэнняў, спецыялісты закранулі пытанні, звязаныя з праблемамі энергазберажэння і экалогіі, падзяліўся Уладзімір БАБРОЎ, прадстаўнік арганізацыі «Русатам Бел»:

— Мы разгледзелі актуальныя для Беларусі новыя пытанні абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі, абмеркавалі, як садзейнічаць іх правільнай утылізацыі і наступнаму захоўванню. Закранулі падыходы да арганізацыі і кіравання разумнымі гарадамі, якія садзейнічаюць развіццю ЖКГ, і іншыя экапраблемы, якія спадарожнічаюць лічбавізацыі.

На семінары «Магчымасці прымянення прыродных холадагентаў з мэтай энергазберажэння і павышэння эфектыўнасці халадзільных установак» спецыялісты шукалі аднадумцаў па пытаннях, звязаных з пераходам ад штучных холадагентаў на прыродныя, расказаў Леанід ПАЛЯШЧУК, намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці дзяржкамітэта па стандартызацыі:

— Беларусь прыняла Кігалійскую папраўку, якая абавязвае краіну перайсці на прымяненне такіх холадаагентаў, як аміяк, СО2, прапан, бутан, якія будуць садзейнічаць павышэнню халадзільных установак і пры гэтым памяншаць нагрузку на азонавы слой. Штогод у межах энергазберажэння мы скарачаем спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў на 1 мільён т. у. п. і за 17 гадоў зменшылі выкіды СОна 31 млн тон.

Лічбавы парадак дня ІІІ навукова-практычнай канферэнцыі «Лічбавізацыя вытворчага, паліўна-энергетычнага і нафтахімічнага комплексаў» вельмі актуальны, бо аўтаматызацыя і лічбавізацыя ўсіх працэсаў нашага жыцця — гэта вельмі цікава, а яшчэ таму, што сёння шмат выклікаў і праблем, звязаных з рэалізацыяй рашэнняў і праектаў у гэтым напрамку, ахарактызавала мерапрыемства Вольга ПРУДНІКАВА, намеснік міністра энергетыкі:

— Гэта і пытанні захавання персанальных даных, паколькі любая лічбавізацыя ў аснове мае абарот персанальных даных; і пытанні кібербяспекі, бо, калі ў гэтым кірунку не працаваць, мы станем уражлівымі, паколькі дыстанцыйна можна адключаць сёння любое абсталяванне; і аховы нашых інфармацыйных сістэм, лічбавай інфармацыі. І ў гэтай сферы энергетыкі і газавікі вельмі шмат зрабілі за мінулы год. Узровень лічбавізацыі галіны штогод расце, займае першыя пазіцыі ў Беларусі. Шмат зроблена ў электраэнергетычнай сферы, і ўжо прагучалі заяўкі пра выкарыстанне нейрасетак, з дапамогай якіх можна кіраваць адказамі сістэм. Мы рухаемся да гэтага, актыўна вывучаем вопыт калег з Расіі, Казахстана.

Расійскія выступоўцы ў сваю чаргу падзяліліся вопытам прымянення інтэлектуальных прылад уліку для папярэджання крадзяжоў электраэнергіі і інтэлектуальнай дыягностыкі энергааб'ектаў з дапамогай нейрасеткі, якая аналізуе здымкі з месцаў. Яны расказалі, што аглядаць аб'екты электрычнай сферы ў 7,5 раза эфектыўней, калі карыстацца для гэтага беспілотнікамі.

Важным на выставе быў і экалагічны складнік. Мясцовыя віды паліва (МВП) маюць усё большае значэнне ў энергетычным балансе краіны, і ўдзельнікі круглага стала «Выкарыстанне мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў» паказалі, якія існуюць тэндэнцыі ў гэтай сферы і звязаныя з гэтым праблемы, расказаў Вадзім КІЦІКАЎ, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі:

— Адзін з важных кірункаў павышэння эфектыўнасці выкарыстання МВП — адначасовае прымяненне аднаўляльных крыніц энергіі. Ёсць і дрэвы, якія хутка растуць, каб выкарыстоўваць іх на шчапу. Можна эфектыўна прымяняць і сонечныя воданагравальныя ўстаноўкі адначасова з работай кацельных, што дазваляе ў пэўны перыяд года зніжаць сабекошт.

З развіццём электратранспарту звязана тэма зялёнай эканомікі, і шмат прадпрыемстваў гатовы да кааперацыйнага супрацоўніцтва ў гэтым кірунку, падзяліўся вынікамі V Навукова-практычнай канферэнцыі «Электрычны транспарт: рэальнасць і перспектывы» Мікалай РАГОЖНІК, намеснік дырэктара Дэпартамента прамысловай палітыкі ЕЭК:

— Па ініцыятыве Беларусі прапрацоўваецца пытанне рэалізацыі праекта «Еўразійскі электробус». Мы вызначылі з краінамі — удзельніцамі ЕўрАзЭС пералік крытычных камплектуючых і вузлоў. «Расатам» запрашае да сябе на пляцоўкі беларускія кампаніі.

Удзельнікамі Energy Expo былі падпісаны міжнародныя пагадненні, заключаны новыя дамоўленасці і інвестпраекты, і кожны, пэўна, хоць бы на крок наблізіўся да ўяўлення таго, якая яна — лічбавая будучыня, якая ўжо надышла.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.