Вы тут

«Вогненныя вёскі. Нельга забыць». Голас Беразянкі


Памяць пра спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі і іх жыхароў — тэма болю і перажыванняў пра драматычны лёс Беларусі ў сэрцах ужо не аднаго пакалення грамадзян нашай краіны. І не дзіўна, што поруч са святой назвай Хатыні мы ведаем і памятаем пра вогненныя вёскі Дальва, Ала, Прыстань, Боркі...

На Пухавіччыне трымаюць у свядомасці лёс Беразянкі. Адрас гэтай цяпер ужо толькі мясціны (хаця былі пасля вайны спробы ўзнавіць паселішча, надаць яму жыццё) — Пухавіцкі сельсавет, непадалёку ад Зацітавай Слабады...


Дакументальна вывераную, напоўненую архіўнымі і жывымі сведчаннямі памяці біяграфію паселішча і яго трагічнага лёсу ўзнавілі нераўнадушныя даследчыкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, падпалкоўнік запасу Аляксандр Плавінскі і палкоўнік запасу Андрэй Шавель. Кніга так і называецца — «Беразянка». Выданне пабачыла свет невялікім накладам у мінскім выдавецтве «Ковчег».

На самым пачатку свайго расповеду аўтары згадваюць пра тое, што іх падштурхнула да стварэння кнігі, якім быў пачатак даследчыцкай дарогі ў паўтара дзесяцігоддзя. Першаштуршок — у нераўнадушных журналісцкіх памкненнях дачкі Андрэя Леанідавіча Дар'і Шавель, якая праходзіла практыку ў раённай газеце «Пухавіцкія навіны», калі вучылася на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Згадваецца і публікацыя Дар'і — «Восставшие из пепла», якую маладая журналістка змясціла ў чэрвені 2015 года ў «Белорусской военной газете». Сваю падтрымку даследчыкам аказалі дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Таццяна Прысяжнюк і навуковы супрацоўнік музея Юлія Гулецкая. Сваімі знаходкамі падзялілася і галоўны рэдактар газеты «Пухавіцкія навіны» Наталля Пархомчык. Сабраныя дакументальныя матэрыялы пра Беразянку і фотаздымкі пасляваеннага часу аўтарам перадавалі і дзеці і ўнукі людзей, якія перажылі трагедыю спаленай вёскі. Чытаем у кароткай прадмове «Ад аўтараў»: «...У першую чаргу трэба адзначыць неацэнны ўклад жыхара Беразянкі Пятра Аляксеевіча Скарабагатага, які не толькі захаваў успаміны маці, але і шмат гадоў прысвяціў вывучэнню гісторыі роднага краю. Дар'я Шавель запісала аповед Алены Міхайлаўны Верамейчык (Скарабагатай) і зрабіла копіі фотаздымкаў з яе сямейнага архіва. Запісалі ўспаміны Вольгі Леанідаўны Мігуцкай (Шчэрбы) яе ўнучка Алеся Мікалаеўна Міраненка і праўнук Іван Аляксандравіч Міраненка. Шмат надыктаваў успамінаў на дыктафон Мікалай Леанідавіч Шчэрба да таго, пакуль цяжкая хвароба не падарвала яго здароўе. На жаль, ён не дажыў да нашых дзён і памёр 23 снежня 2022 года». І далей: «Багаты архіў фотаздымкаў захаваўся ў Алы Віктараўны Майко. Найболей каштоўным з'яўляецца даваенны сямейны фотаздымак Кузьмы Назаравіча Майко. На ім мы бачым яго жонку Агрыпіну, якая згарэла зажыва ў стайні, і іх нявестку Ганну Іванаўну, якая прыняла пакутніцкую смерць у полымі. Шмат расказала пра бацьку, Уладзіміра Паўлавіча Сухаверхава, і прадставіла электронныя копіі фотаздымкаў яго дачка Наталля Уладзіміраўна Сухаверхава...»

Даваенны сямейны фотаздымак Кузьмы Назаравіча Майко. На ім мы бачым яго жонку Агрыпіну, якая згарэла зажыва ў стайні, і іх нявестку Ганну Іванаўну, якая прыняла пакутніцкую смерць у полымі.

Драбнічка да драбнічкі збіралі даследчыкі факты, якія праліваюць святло на трагедыю, паказваюць яе прычыны, адлюстроўваюць характар зверстваў фашысцкіх акупантаў і іх памагатых.

Што ж здарылася ў Беразянцы вераснёўскай раніцай 1943 года?.. Мясцовыя жыхары невялікага паселішча актыўна дапамагалі партызанам. Каля двух дзясяткаў жыхароў паселішча ўліліся ў шэрагі народных мсціўцаў. Беразянкаўцы ўсяляк падтрымлівалі партызан, перадавалі ў лес прадукты харчавання, аказвалі падтрымку ў пераправах праз раку Свіслач, папярэджвалі пра набліжэнне немцаў і іх засады, збіралі для партызан звесткі пра дзеянні акупантаў у гарнізонах у Тальцы, Мар'інай Горцы, Блужы і Пухавічах... Выканаўшы баявое заданне, трое партызан вярталіся ў брыгаду «Полымя», размешчаную за ракой Свіслач. Па дарозе Аляксей Шчэрба зайшоў да жонкі — Алесі Шчэрбы. Далей дадзім слова сведку — Віктару Майко: «У нядзелю 5 верасня 1943 года група партызан спынілася ў Аляксандры Рыгораўны Шчэрба. У гэты час у 11 гадзін дня да вёскі на веласіпедах пад'ехалі немцы. Яны спынілі некалькі вясковых хлопцаў — Віктара Майко, Віктара Ількевіча і Леаніда Шчэрбу, якія не паспелі схавацца, і пачалі распытваць, ці ёсць у Беразянцы партызаны. Затрыманыя, каб спыніць немцаў, сталі даваць блытаныя адказы. Партызаны, якія ўбачылі немцаў, што затрымаліся каля вёскі, выскачылі праз дзверы з хаты. Немцы адкрылі агонь, але партызанам удалося ўцячы. У гэты час падлеткі разбегліся».

Немцы пайшлі па хатах. Забіралі прадукты і вопратку. У хаце Шчэрбы адзін з немцаў знайшоў пінжак-ватнік, які забыўся партызан, і абойму патронаў ад нямецкай вінтоўкі. Карнікі забралі з сабою гаспадыню Алесю Шчэрбу. Непадалёку ад Блужы, на Майскім раз'ездзе, яе расстралялі. Згодна з расповедам Пятра Скарабагатага, гэта падзея адбывалася ўсё ж 4 верасня... Заслуга аўтараў кнігі яшчэ і ў тым, што яны даюць слова памяці цэлага шэрагу сведкаў альбо падаюць тое, што пераказваюць іх блізкія... Гэта дапамагае праліць болей дакладнае, аб'ектыўнае святло на падзеі даўно забытых дзён.

Асобны раздзел кнігі так і называецца: «Беразянка, 6 верасня 1943 года». Менавіта ў гэты дзень адбылася страшная трагедыя. Нягледзячы на папярэджанне партызан, што дабром нядзельная гісторыя не завершыцца, мала хто з жыхароў пакінуў родную вёску... Меркавалі болей грунтоўна падрыхтавацца да жыцця ў лесе. І не паспелі...

22 верасня 1944 года ўпаўнаважаны Пухавіцкага раённага аддзела НКУС Іван Крывашэеў запісаў сведчанні калгасніц «Пуцілаўца», якія на той час жылі ў Зацітавай Слабадзе. Расказвае Марыя Якаўлеўна Карлюкевіч (дата нараджэння — 15 верасня 1900 года): « ... на нашу вёску Беразянка напаў атрад карнікаў з раз'езда Блужа. Прыехалі яны на світанні. Дачка мая 18 гадоў, як і іншыя маладыя дзяўчаты, дома ніколі не начавала. Яны баяліся нечаканай начной аблавы для адпраўкі ў Германію, таму і начавалі ў лесе. Дома я была адна. Убачыўшы праз акно немцаў, я хутка пачала апранацца. Праз некалькі хвілін забягаюць двое — з чарапамі чорнымі на шапках і адразу пачалі шнырыць па хаце. Адкрылі шафу, пачалі забіраць вопратку. Адчынілі куфар — хапаюць бялізну, палатно, што пад руку патрапіць. Пачалі мяне з хаты выштурхоўваць. А на двары, я бачу, — ужо карову з хлева выводзіць немец.

Пагналі мяне з астатнімі маімі суседзямі да амбара. Паставілі каля нас варту. А астатнія немцы — чалавек 40-50 — з хат маёмасць выносяць, кароў выганяюць, курэй страляюць. Тут, на месцы, спехам, і ядуць іх. Кішэні ва ўсіх туга набіты. А ў некаторых прама з-за пазухі хусткі жаночыя шарсцяныя тырчаць. Аглядзелі яны наш амбар і пагналі нас да былой стайні — вялікага калгаснага будынка, у якім захоўваўся ўвесь наш ураджай. Адбілі замок, загналі нас усіх туды.

Было нас 60 чалавек. Некалькі хвілін мы чулі толькі адзінкавыя стрэлы. Праз шчыліну бачылі, як падбягаюць немцы і падпальваюць будынак. Пасля наша стайня пачала напаўняцца дымам. І мы ўбачылі, што загарэлася салома з абодвух бакоў. Я з іншымі людзьмі, якія стаялі каля варот, кінулася ламаць засовы. Пад націскам людзей вароты адчыніліся, і мы выскачылі ў двор. Але па нас пачаў страляць кулямёт, некалькі чалавек павалілася, астатнія кінуліся назад у хлеў. Дзверы за намі зачыніліся. Тады я кінулася да акна. Бачу, жанчыны, якія ў стане былі трымацца на нагах, выкідваюць у акно дзяцей і лезуць самі. Сукенка на мне пачала гарэць. Вочы раз'ядае дым. Сабраўшы апошнія сілы, я таксама выскачыла ў акно. Я не адчувала болю ад ран на руках і нагах, не чула ніводнага стрэлу, крыкаў, бегла, колькі сілы хапала. Прыйшла ў сябе на балоце. Вакол стаяла цішыня. Я з цяжкасцю дабралася да Беразянкі. Прыйшла да таго часу, калі партызаны і тыя, хто застаўся жывымі, капалі магілу для 37 чалавек, якія загінулі ў той дзень. Вечарам усе ацалелыя жыхары Беразянкі пайшлі за партызанамі за рэчку, у лес».

Аўтары кнігі прыводзяць і іншыя дакументальныя сведчанні, падрабязна расказваюць пра тое, як была ўспрынята трагедыя ў партызанскім злучэнні, якім камандаваў Яўген Філіпскіх. Расказваюць і пра здраднікаў, якія спрыялі фашыстам у іх крывавых справах. Асобныя старонкі кнігі — пра Соф'ю Лі, яе мужа Уладзіміра Сухаверхава, іх сына Германа Лі. Сям'я мастакоў ваявала ў складзе партызанскай брыгады «Полымя». І Соф'я Дзмітрыеўна, і Уладзімір Паўлавіч першыя месяцы вайны знаходзіліся ў Беразянцы. Калі прыйшлі ў лес да народных мсціўцаў, займаліся і баявой работай, не забываліся, што яны — творчыя людзі. Уладзімір Сухаверхаў афармляў раённую падпольную газету «Партизан Белоруссии». За ўдзел у партызанскім руху, за канкрэтныя баявыя здзяйсненні муж і жонка адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І ступені. У кнізе — і пра Яніну Крайнік, партызанскую паэтэсу, якая адгукнулася на трагедыю паэмай «Якубу Коласу (голас з Беразянкі)»: «Дарагі Канстанцін Міхайлавіч! // З пажаўцелых кутоў ды з халоднай зямлянкі // Рвецца голас к табе, дарагі наш пясняр. // Голас тых, хто застаўся жывы з Беразянкі, // Расказаць, што зрабіў з ёю чужынец-дзікар...» Чаму паэтэса звярнулася да народнага паэта Беларусі?.. Якуб Колас у перадваенныя гады разам з сям'ёю адпачываў у Беразянцы, пісаў у гэтых мясцінах свае творы. Ведаў усе клопаты і ўсе трывогі беразянкаўцаў...

Кніга Аляксандра Плавінскага і Андрэя Шавеля «Беразянка» — сапраўдны падручнік патрыятычнага выхавання маладых людзей. Асабліва прыдатнай павінна быць іх праца ў навучальных установах Мар'інай Горкі Пухавіцкага раёна. На старонках выдання, напоўненага дакументамі, ілюстрацыямі, успамінамі, выразна прасочваецца лінія захавання нашчадкамі памяці пра генацыд нашага народа, пра боль, пра мужнасць нашых прашчураў. Нераўнадушша многіх пухавіччан, дзяцей і ўнукаў беразянкаўцаў, — прыклад таго, як беларусы ставяцца да гістарычнай, ваеннай памяці.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.