Вы тут

Як ініцыятыва Паднябеснай стала сусветным трэндам


Адной з галоўных сусветных падзей стаў 3-і Форум высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве ў рамках «Пояса і шляху». Ён прайшоў днямі ў Пекіне. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Хуа Чун’ін, тэма форуму — «Высакаякаснае супрацоўніцтва ў рамках „Пояса і шляху“: разам дзеля сумеснага развіцця і росквіту». Больш за 4 тысячы ўдзельнікаў прадстаўлялі на маштабным мерапрыемстве звыш 140 краін і 30 міжнародных арганізацый. Сярод іх — дзяржаўныя лідары, кіраўнікі міжнародных арганізацый, афіцыйныя асобы міністэрскага ўзроўню і прадстаўнікі дзелавых колаў. Маштаб падзеі падкрэсліваў адметную дату — сёлета адзначаецца 10-годдзе абвяшчэння старшынёй КНР глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». За гэты час яна насамрэч стала важкім сусветным трэндам. Чаму так адбылося?


150 краін і тысячы праектаў

7 верасня 2013 года старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас візіту ў Казахстан выступіў з ініцыятывай сумесна сфарміраваць «Эканамічны пояс Шаўковага шляху», які будзе ўключаць пяць канкрэтных кірункаў: умацаванне палітычнай каардынацыі, будаўніцтва адзінай дарожнай сеткі, развіццё гандлёвых адносін, валютных патокаў, сувязяў з грамадскасцю і сяброўскіх кантактаў. Гэта зыходны пункт у развіцці найбуйнейшага сучаснага глабальнага праекта «Адзін пояс, адзін шлях» («Пояс і шлях»). За дзесяць гадоў унікальная ініцыятыва аб’яднала больш за 150 краін свету. У яе рамках рэалізаваны тысячы знакавых праектаў, якія дазволілі прыкметна палепшыць дабрабыт людзей, звязаўшы кантыненты гандлёвымі маршрутамі і мастамі дружбы. На тэрыторыі мегапраекта сканцэнтраваны багатыя запасы рэсурсаў, пражывае 63 працэнты насельніцтва планеты, а меркаваны эканамічны маштаб — звыш 20 трыльёнаў долараў. Адметна, што Беларусь адной з першых далучылася да глабальнай ініцыятывы Паднябеснай. Наша краіна — важны партнёр Кітая ў будаўніцтве «Пояса і шляху». Гэта, дарэчы, неаднойчы падкрэсліваў старшыня КНР Сі Цзіньпін.

Ініцыятыва мае шэраг асаблівасцяў. «Па-першае, адкрытасць. Міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“ заснавана на маршруце старажытнага Шаўковага шляху, але не абмяжоўваецца яго рамкамі. У ініцыятыве могуць удзельнічаць усе краіны свету, а таксама міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі, каб вынікі сумеснага будаўніцтва маглі прынесці карысць больш шырокай частцы свету, — адзначыў у эксклюзіўным інтэрв’ю для „Звязды“ Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн. — Па-другое, інклюзіўнасць. Міжнароднае супрацоўніцтва па ініцыятыве „Адзін пояс, адзін шлях“ выступае за гармонію і талерантнасць паміж цывілізацыямі, паважае шляхі і мадэлі развіцця, абраныя рознымі краінамі, накіраванае на заахвочванне дыялогу паміж рознымі цывілізацыямі, а таксама імкнецца да ўсёабдымнасці і мірнага суіснавання.

Па-трэцяе, рыначная арыентацыя. Міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“ развіваецца па законах рынку і агульнапрынятых міжнародных правілах, цалкам раскрывае вырашальную ролю рынку ў размеркаванні рэсурсаў і месца розных прадпрыемстваў, а таксама заахвочвае ўрады адыгрываць сваю ролю. Па-чацвёртае, узаемная выгада. Міжнароднае супрацоўніцтва па ініцыятыве „Адзін пояс, адзін шлях“ прытрымліваецца прынцыпу ўзаемнага выйгрышу, улічвае інтарэсы і заклапочанасці ўсіх бакоў, імкнецца да пункта перасячэння інтарэсаў і найбольшага агульнага выніку супрацоўніцтва, каб у поўнай меры рэалізаваць перавагі і патэнцыял усіх бакоў».

Варта дакладна разумець, што «Адзін пояс, адзін шлях» — сістэмная з’ява, а не кан’юнктурная, адзначыў у эксклюзіўным інтэрв’ю «Звяздзе» вядомы беларускі палітолаг, усходазнавец Юрый Шаўцоў. «Гэты ўнікальны праект цяпер аб’ектыўна ўзмацняецца. У тым ліку — праз узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках новага тыпу: ШАС, БРІКС. Да работы ў якіх, дарэчы, Беларусь актыўна падключылася, — заўважыў эксперт. — Наша краіна фактычна стала членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, падала заяўку на ўступленне ў БРІКС. Уплыў і роля Кітая будуць павялічвацца і надалей. Створаны ўсе перадумовы да таго, што Беларусь будзе пашыраць сваю прысутнасць на рынку сёння другой эканамічнай сілы планеты, а з 2025-га, як чакаецца, першай. Адпаведна будзе паглыбляцца двухбаковае супрацоўніцтва».

Не дзіды, а караваны

Старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай гатовы разам з усімі зацікаўленымі бакамі садзейнічаць пераходу сумеснага будаўніцтва «Пояса і шляху» на новы этап высакаякаснага развіцця і прыкладаць нястомныя намаганні для ажыццяўлення мадэрнізацыі ва ўсіх краінах свету. Аб гэтым ён заявіў у сваёй праграмнай прамове на цырымоніі адкрыцця 3-га Форуму высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве ў рамках «Пояса і шляху», паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн».

Старшыня КНР заявіў, што толькі пры наяўнасці супрацоўніцтва і ўзаемнага выйгрышу можна дасягнуць поспеху і рабіць добрыя і важныя справы. Паводле яго слоў, калі ў краін ёсць імкненне да супрацоўніцтва і скаардынаваныя намаганні, натуральныя перашкоды могуць быць пераадолены і ператвораны ў транспартныя магістралі, краіны, якія не маюць выхаду да мора, — стаць узаемазлучанымі, а слабаразвітыя тэрыторыі — ператварыцца ў квітнеючыя землі.

«Краіны, у якіх эканоміка развіваецца хутчэй, павінны працягнуць руку дапамогі партнёрам, якія пакуль яшчэ плятуцца ззаду. Мы ўсе павінны ставіцца адзін да аднаго як да сяброў і партнёраў, паважаць і падтрымліваць адзін аднаго і дапамагаць адзін аднаму ў дасягненні поспеху», — сказаў Сі Цзіньпін. Па яго словах, як той казаў, «рука, якая даруе ружы, захоўвае іх водар», іншымі словамі, дапамагаючы ў дасягненні поспеху іншым — аказваеш паслугу і сабе.

Дух Шаўковага шляху, які спалучае ў сабе мір і супрацоўніцтва, адкрытасць і інклюзіўнасць, узаемнае навучанне і агульную выгаду, з’яўляецца найважнейшай крыніцай сілы для сумеснага будаўніцтва «Пояса і шляху», перакананы кітайскі лідар. «Я ж казаў, што старажытны Шаўковы шлях змог увекавечыць сябе ў гісторыі не дзякуючы баявым коням, доўгім дзідам, ваенным караблям і магутным гарматам, а дзякуючы караванам вярблюдаў і парусным суднам, набітымі таварамі, а таксама добразычлівасці і дружбе», — падкрэсліў ён.

Паводле меркавання старшыні КНР, супрацоўніцтва ў рамках «Пояса і шляху» заснавана на веры ў тое, што, чым больш людзей будзе падкладаць галлё ў вогнішча, тым ярчэйшым будзе яго полымя, і што дзякуючы ўзаемнай падтрымцы і дапамозе можна пайсці далей. Сі Цзіньпін таксама адзначыў, што такое супрацоўніцтва накіравана на забеспячэнне добрага жыцця не толькі сабе, але і жыхарам іншых краін. Гэта спрыяе ўзаемазвязанасці, узаемнай выгадзе, агульнаму развіццю, сапрацоўніцтву і ўзаемнаму выйгрышу. «Ідэалагічнае супрацьстаянне, геапалітычнае суперніцтва і блокавая палітыка — не наш выбар. Тое, супраць чаго мы выступаем, — гэта аднабаковыя санкцыі, эканамічны прымус, разрыў сувязяў і абрыў гандлёвых ланцужкоў», — рэзюмаваў ён.

Старшыня КНР прапанаваў удасканальваць механізмы міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках «Пояса і шляху». Паводле яго слоў, Кітай будзе працаваць з краінамі — удзельніцамі ініцыятывы над умацаваннем фарміравання платформ шматбаковага супрацоўніцтва, якія ахопліваюць энергетыку, падаткаабкладанне, фінансы, зялёнае развіццё, памяншэнне шкоды ад стыхійных бедстваў, барацьбу з карупцыяй, аналітычныя цэнтры, СМІ, культуру і іншыя вобласці.

Цяперашні форум «Адзін пояс, адзін шлях» паслаў свету сігнал, што нам трэба супрацоўнічаць, а не канфліктаваць, заявіў на прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў КНР Ван І. «Форум адсюль, з Пекіна, паслаў свету сігнал аб тым, што мы павінны аб’ядноўвацца, а не расколвацца, супрацоўнічаць, а не канфліктаваць, нам трэба быць адкрытымі, а не замыкацца, патрэбен агульны выйгрыш, а не гульня з нулявой сумай», — сказаў Ван І. Ён таксама адзначыў, што ва ўмовах зменлівай сітуацыі ў свеце «Адзін пояс, адзін шлях» заўсёды будзе прыносіць свету стабільнасць і пазітыўную энергію.

Актуальнасць ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» бясспрэчная, заявіў у сваім выступленні на форуме ў Пекіне генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. «Разам, дзякуючы ўкладу ініцыятывы, мы можам ператварыць надзвычайную інфраструктурную сітуацыю ў інфраструктурныя магчымасці, паскорыць рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця і даць надзею і прагрэс мільярдам людзей і планеце, на якой мы жывём», — заўважыў генеральны сакратар.

Многія краіны, якія развіваюцца, адчайна маюць патрэбу ў стварэнні інфраструктуры, іх неабходна падтрымаць. Без інфраструктуры не можа быць развіцця, адзначыў кіраўнік ААН. Міжнародная супольнасць, па словах генеральнага сакратара, павінна знайсці спосабы прафінансаваць эканамічны рост, стварэнне годных працоўных месцаў і пераўтварэнне энергетычных сістэм у краінах, якія развіваюцца.

Час канкрэтных дзеянняў

Старшыня КНР Сі Цзіньпін прапанаваў восем крокаў па падтрымцы высакаякаснага сумеснага развіцця ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Сярод ключавых пунктаў — развіццё транспартнай сеткі, фарміраванне адкрытай сусветнай эканомікі, зялёнае развіццё, прасоўванне навукова-тэхналагічных інавацый, пашырэнне культурна-гуманітарных сувязяў, разгортванне практычнага ўзаемадзеяння, удасканальванне механізму міжнароднага супрацоўніцтва. Таксама кітайскі лідар заклікаў будаваць «сумленны шлях», каб пазбегнуць праблемы карупцыі.

Краіны ініцыятывы гатовыя змагацца з гэтым выклікам, а наша дзяржава можа прапанаваць свае напрацоўкі. Як паведаміў тэлеканал «Беларусь 1», з партфелем ідэй у Пекін прыляцела дэлегацыя Камітэта дзяржкантролю з Мінска. «Як неаднаразова казаў кіраўнік дзяржавы, для таго каб надаць магутны імпульс эканоміцы, неабходна прыбраць бар’еры. Адзін з такіх бар’ераў — карупцыя. Гэта праблема, вядома, актуальная для ўсёй сусветнай супольнасці, — адзначыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі Васіль Герасімаў. — Мы расказалі пра свае ініцыятывы ў гэтым кірунку, аб сваім вопыце. Больш за тое, адбылося некалькі дзвюхбаковых сустрэч, у прыватнасці з кіраўніцтвам Дзяржаўнага камітэта кантролю Кітая і Дзяржаўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Кітая. На іх мы абмеркавалі ўзаемадзеянне Кітая і Рэспублікі Беларусь, а таксама вызначыліся па далейшым удасканаленні нашых сумесных дзеянняў для таго, каб мы забяспечвалі якаснае выкананне тых даручэнняў, якія нам даюць кіраўнікі дзяржаў».

У форуме ў Пекіне ўзялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі саюзаў СМІ з больш чым 40 краін свету, паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны». Беларускі саюз журналістаў прадстаўляў кіраўнік БСЖ Андрэй Крывашэеў. Ён прапанаваў тры ініцыятывы, у іх ліку — пашырэнне навуковага падыходу да развіцця глабальнай медыяпрасторы: «Мы маглі б выкарыстоўваць так званую медыясацыялогію, апытанні грамадскай думкі, у тым ліку штучны інтэлект, каб зразумець, якія праекты найбольш запатрабаваныя ў грамадстве той ці іншай краіны, а якія маюць патрэбу ў дадатковым растлумачэнні, і дзе нам, журналістам, трэба прыкласці больш намаганняў для таго, каб яны былі прынятыя нашымі грамадствамі. Гэта, на мой погляд, надасць дадатковую дынаміку нашай рабоце». На фінальнай дыскусіі форуму былі выказаны ідэі аб стварэнні клуба медыйнаактыўных экспертаў BRІ, развіцці медыясацыялогіі ў рамках платформы, аб супрацоўніцтве ў галіне штучнага інтэлекту ў прэсе, адкрыцці міжнародных дамоў журналістаў BRІ, падрыхтоўцы маладых экспертаў, пашырэнні медыяшкол для маладых журналістаў з краін BRІ і аб стварэнні сумесных антыфэйк-праектаў.

Дарэчы, «Звязда» стала адным з першых беларускіх СМІ, якія ўвайшлі ў склад інфармацыйнай сеткі «Адзін пояс, адзін шлях» (The Belt and Road News Network — BRNN), якая была створана ў 2019-м. Цяпер гэтая ўнікальная медыяплатформа аб’ядноўвае больш за 1,5 мільёна прафесійных журналістаў з больш чым 100 краін свету. І яшчэ. Што датычыцца менавіта ўзаемадзеяння СМІ, то паміж «Жэньмінь жыбаа» і «Звяздой» развіваецца плённае супрацоўніцтва, што замацавана ў адпаведным Мемарандуме, падпісаным рэдакцыямі ў 2015-м. Мы рэалізоўваем сумесны праект, які прадстаўлены на нашых інтэрнэт-парталах (на сайце «Звязды» ён называецца «Весткі з Кітая»), а таксама на старонках выдання. Так што для нас «Пояс і шлях» — гэта насамрэч кіраўніцтва для канкрэтных дзеянняў.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.