Вы тут

Качанава сустрэлася з актывам Беларускага Саюза жанчын Магілёўскай вобласці


На сустрэчу са Cтаршынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь у Магілёў прыехалі жаночыя дэлегацыі з усіх раёнаў вобласці. Амаль тысячу актывістак «Беларускага Саюза жанчын» прынялі ўдзел у размове, якая адбылася ў абласным Палацы культуры. Перад тым, як прыступіць да яе, Наталля Качанава азнаёмілася з выставай, прысвечанай сямейнай тэматыцы, пацікавілася ў прадстаўнікоў мясцовай улады лёсам дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Ёй паведамілі, што ў вобласці створана 55 дамоў сямейнага тыпу. На сённяшні дзень налічваецца 3200 сірот.


Наталля Качанава сустрэлася са шматдзетнай сям’ёй Сяргея і Юліі Дубанос, выслухала іх расказ пра сябе і свае спадзяванні. Спікер адзначыла, што дзякуючы такім пазітыўным сем’ям і квітнее наша Беларусь.

Пасля гэтага спікер верхняй палаты парламента расказала жаночаму актыву пра асноўныя напрамкі развіцця беларускага грамадства. Закранула тэму работы над законапраектамі, прыпынілася на галоўных пасылах Усебеларускага Народнага Сходу, рабоце з хворымі дзецьмі і стварэнні для іх спрыяльнага асяроддзя. Выдзеліла вельмі актуальную сёння тэму развіцця рэгіёнаў, падкрэсліла важнасць узаемнага даверу паміж грамадствам і дзяржавай, закранула шмат іншых не менш важных тэм. У адказ ад жанчын прагучалі пытанні агульнага і асабістага плану. 

Маладую жанчыну з Быхава цікавіла магчымасць атрымання льготнага крэдыту на пабудову жылля. Наталля Іванаўна падрабязна растлумачыла, хто сёння мае правы на жыллё з льготнай падтрымкай, нагадала, што шмат чаго залежыць ад таго, колькі метраў жылой плошчы маецца ў наяўнасці ў жадаючага атрымаць такі крэдыт, пра прыярытэтныя кірункі ў будаўніцтве арэнднага жылля. Яна паведаміла, што гэта пытанне знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і карэкціруецца з улікам заўваг. 

З задавальненнем прыняла прапанову ад яшчэ адной прадстаўніцы «БСЖ» аб стварэнні пастаяннай тэлеперадачы пра паспяховыя сем’і, дзе сваімі меркаваннямі дзяліліся б прафесійныя эксперты і сем’і, якія маюць цікавы і карысны вопыт. Жанчын таксама хвалявала тэма сямейнага капіталу, пенсійнага ўзросту, патрыятычнага выхавання і іншыя. 

Журналісты папрасілі Наталлю Качанаву падзяліцца меркаваннем, чым выкліканы такі інтарэс да гэтых сустрэч, бо колькасць жадаючых да іх далучыцца толькі расце. 

— Я думаю, што гэта таму, што мы сумуем па чалавечых стасунках, — паведаміла яна. — Калі мы разам, можам пагутарыць на любыя тэмы, якія нас хвалююць, пачуць адзін аднаго, задаць пытанні, унесці прапановы. Сустрэчы праходзяць вельмі дынамічна і цікава. Я б нават сказала, што гэта не нейкая там інфармацыйная сустрэча, калі ты спрабуеш данесці нешта. А менавіта стасункі, пытанні і прапановы, якія датычацца, перадусім, таго, чым жывуць сем’і. Гэта і дзіцячая неўладкаванасць, і будаўніцтва жылля. Жанчыны задаюць шмат асабістых пытанняў, напрыклад, іх цікавіць, як можна сумяшчаць высокую адказную пасаду і быць маці, бабуляй. На мой погляд, гэта проста. Спачатку трэба стаць мамай, а потым да цябе прыйдзе ўсё, калі ты маеш сур’ёзную грамадзянскую пазіцыю, адказныя адносіны да сваёй справы, любоў да радзімы, народу. На сустрэчу збіраюцца менавіта такія жанчыны: яны працуюць, займаюцца сям’ёй, яшчэ і жывуць праблемамі нашага грамадства. У выніку атрымліваюцца цікавыя, шчырыя размовы. Напэўна таму колькасць людзей з кожным разам прырастае і мы рады гэтаму. Гэта добрая магчымасць падзяліцца адзін з адным сваімі ўражаннямі, радасцямі, інфармацыяй і гісторыямі.

Наталля Качанава прызнаецца, што сама атрымлівае зарад энергіі і станоўчых эмоцый ад такіх сустрэч. Яны ўзаемна цікавыя, лічыць яна.

— У нас вельмі цудоўныя жанчыны, — рэзюмуе Наталля Іванаўна. — І я вельмі ўдзячная ім за тое, што яны патрыёткі краіны, сямей, вытворчасцяў, арганізацый, прадпрыемстваў, дзе працуюць. І гэта прыклад для нас ўсіх.

Сустрэчы з актывісткамі Беларускага Саюза жанчын адбываюцца пры непасрэдным удзеле старшыні гэтай рэспубліканскай арганізацыі Вольгі Шпілеўскай. 

— Жанчыны могуць усё, асабліва, калі яны аб’ядноўваюцца ў грамадскія суполкі, для іх няма нічога немагчымага, — перакананая яна. — Мы аб’ехалі літаральна ўсю краіну і пераканаліся, што сустрэчы заўсёды праходзяць у вельмі душэўнай, добрай атмасферы. У жанчын ёсць магчымасць наўпрост задаць набалелыя пытанні, закрануць абсалютна любую праблематыку. І наогул работа грамадскага аб’яднання накіраваная на тое, каб забяспечыць рэалізацыю жанчын па ўсіх кірунках. Няважна чаго гэта тычыцца — юрыдычнай сферы, сацыяльнай, адукацыі — Беларускі Саюз жанчын прадстаўлены сёння ва ўсіх структурах. Таму і задача наша зводзіцца да таго, каб жанчына змагла рэалізавацца. Каб яна ведала, што побач хапае тых, хто можа падставіць плячо. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.