Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Стратэгічныя праекты — гэта будучыня не толькі любой сістэмы, але і любой краіны ў цэлым


Удасканаленне сістэмы планавання стратэгічных праектаў абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тэма шырокая і рознабаковая. Кіраўнік дзяржавы дадаў у парадак дня яшчэ адзін важны пункт — «кантроль за рэалізацыяй стратэгічных праектаў». Тэма насычаная, разнастайная, таму нарада працягвалася амаль чатыры гадзіны. 


Ад даручэнняў да выканання

«Стратэгічныя праекты — гэта будучыня не толькі любой сістэмы, але і любой краіны ў цэлым. Стратэгічныя праекты, калі казаць аб Беларусі, — гэта будучыня нашай краіны. Без будучыні не можа існаваць ні адзін чалавек, ні адна сістэма, ні адна дзяржава. Значыць, стратэгічнымі праектамі трэба займацца», — задаў тон размовы Прэзідэнт. І тут жа звярнуў увагу, што ў гэтай рабоце ёсць праблемы. «У нас нават, калі разумна выпрацаваны праекты стратэгічнага характару, то яны не заўсёды рэалізуюцца. Улічваючы наш аўтарытарызм (хтосьці дыктатурай называе), і надалей будзе жорсткі кантроль за рэалізацыяй і выкананнем тых даручэнняў, якія даюцца ў тым ліку Прэзідэнтам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што гэтыя даручэнні — не выдумка самога Прэзідэнта. Многія пытанні адпрацоўваліся і прымаліся калегіяльна з удзелам спецыялістаў, у тым ліку канкрэтна на канкрэтных месцах, дзе будуць рэалізаваны канкрэтныя стратэгічныя праекты. Прэзідэнт у асноўным фармулюе тое ці іншае рашэнне, і яно даводзіцца да выканання ўсіх у краіне. «Гэта не парушэнне нашых законаў і Канстытуцыі. Такая сістэма ўлады і кіравання ў Беларусі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што часам прынятае рашэнне ніхто не спяшаецца рэалізаваць. Таксама па яго словах, несвоечасовая рэалізацыя праекта — гэта ўжо норма. «Мяне больш за ўсё ў апошні час хвалюе тое, што, здараецца, наш урад замест таго, каб займацца канкрэтнай справай, пачынае хлусіць і дэзінфармаваць Прэзідэнта для таго, каб паказаць сябе ў лепшым свеце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы пры гэтым, што гаворыць пра крайнія выпадкі, а не аб традыцыі. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што гэта недапушчальна і такія падыходы ні ў якім разе не павінны стаць традыцыяй. «Глядзечы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем і новыя імпульсы ёй не нададзім, якія б стратэгічныя праекты і планы ў нас ні існавалі», — рэюмаваў Прэзідэнт.

Па кожным накірунку трэба паглыбляцца

Беларускі лідар акрэсліў, у якіх напрамках могуць рэалізоўвацца стратэгічныя напрамкі. Адзін з іх звязаны з паглыбленнем тэхналагічных працэсаў, якія ўжо існуюць у Беларусі. Гэта магчыма ў розных галінах, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, перапрацоўцы і іншых. «Па кожным накірунку ёсць магчымасць і неабходнасць паглыбляцца. Тэхналогіі зразумелыя, нам гэта вядома, школы існуюць, кадры ведаюць, у якім напрамку рухацца», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат. «Слухайце, „у лесе жывём — цэлюлозу закупаем“. Было прынята рашэнне — цэлюлозе быць, і вырабляць з яе канчатковую прадукцыю», — сказаў ён. Беларусь наладзіла гэту вытворчасць, вырабляла цэлюлозу (якая па сутнасці з’яўляецца паўфабрыкатам), прадавала яе іншым краінам, у якіх потым купляла вырабленыя з яе тавары. Таму па даручэнні краўніка дзяржавы вытворчасць у Светлагорску была пашырана, каб на заводзе маглі атрымліваць прадукцыю з большай дабаўленай вартасцю, карыстацца ёй у сябе і пастаўляць на экспарт. Зараз будаўніцтва дадатковага цэха амаль закончана. «Як бы ні было цяжка, мы яго забяспечваем тэхнічным абсталяваннем. І санкцыі не перашкаджаюць». — сказаў беларускі лідар. Па яго словах, гэта толькі адзін прыклад стратэгічнага праекта, рэалізаванага за паўтара-два гады. «Мы рэалізоўваем гэты праект, паглыбляючы тое, што сёння маем. І гэта аснова нашага далейшага развіцця», — сказаў ён.

Другім напрамкам развіцця стратэгічных праектаў Аляксандр Лукашэнка назваў стварэнне новых выворчасцей. Напрыклад, атамная электрастанцыя. «Мы ж увогуле былі ні ў зуб нагой, як у народзе кажуць, нічога не ўмелі ў гэтым плане рабіць. Сёння стварылі цэлую галіну. Памятаеце, я вас угаворваў атамную электрастанцыю пабудаваць. Дык у нас „народ чарнобыльскі“ — цяжка. Але гэта мае рашэнне — трэба яе пабудаваць. Выбралі дзве пляцоўкі, адну станцыю пабудавалі. І сёння ў нас спажыванне атамнай энергіі ў агульным спажыванні электраэнергіі вышэйшае, чым у ЗША і нават у Расіі. Ад агульнага мы недзе чвэрць замяшчаем ад мірнага атаму. Сёння я вас так акуратна падводжу да таго, што трэба і другую атамную электрастанцыю мець у краіне. Гэта вельмі выгадна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што такія прапрацоўнкі на першапачатковым этапе ідуць: «Вызначыліся, ці дадаем два блокі да станцыі, якая ўжо існуе, ці на другой пляцоўцы ў Магілёўскай вобласці будуем яшчэ два блокі. І тады больш за палову электрычнасці мы атрымаем ад атамнай станцыі — чыстага, вельмі выгаднага прадукта. І нашы дзеці ўжо могуць жыць спакойна». Яшчэ адзін прыклад новага стратэгічнага праекта — Беларуская нацыяльная біятэхналагічная кампанія. 

Па словах Прэзідэнта, гэта стратэгічныя накірункі, якія падымуць краіну на дзве-тры ступені вышэй, чым яна ёсць зараз. Кіраўнік дзяржавы арыентуе на тое, што ў гэтым накірунку трэба рухацца. 

Чаму распрацоўкі не даходязцьда вытворчасці?

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў рэалізацыі стратэгічных праектаў важна ўсё — ад ідэі да ўвасаблення яе ў жыццё і гарантаванага атрымання эканамічнага эфекту. «Усё павінна быць прапрацавана: ідэя, рэалізацыя, эфект», — канстатаваў ён. Але, па словах, беларускага лідара, да таго, як ідэя будзе рэалізавана, трэба дакладна вызначыць акупнасць праекта, і які эфект ён дасць. 

«Шокавая пераналадка ў сусветных палітычных, эканамічных, фінансавых адносін прымушае кожную краіну думаць не толькі аб ахоўных і кампенсуючых мерах. Трэба пралічваць стратэгічныя далягляды развіцця нацыянальнай эканомікі (а значыць, і дзяржавы). Гэта значыць глядзець у будучыню», — заявіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што за 30 гадоў у Беларусі сфарміравана цэлая сетка даследчых інстытутаў у розных галінах. Звяртаючыся да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, кіраўнік дзяржавы даручыў да новага года разабрацца з даследчымі інстытутамі. «Каб на дух не было тых, якія проста лічацца, а не выдаюць вынік», — заявіў Прэзідэнт. Па яго словах, за кошт бюджэту і ў адукацыі, і ў медыцыне, у спорце і культуры вельмі шмат арганізацый, якія не прыносяць рэальнага эфекту. 

Таксама працуе Камітэт па навуцы і тэхналогіях, Акадэмія навук. «Зімой Акадэмію навук трэба падвергнуць найсур’ёзнаму аналізу. Дай бог, каб было так, як нам кіраўнік Акадэміі навук дакладвае. Яны сёння робяць усё: ад беспілотнікаў да прадуктаў з сухога малака, якія прадаюць у Кітаі. Паглядзім, ці так гэта. Я маю на ўвазе электрамабілі і так далей», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Спецыялісты ў шматлікіх навуковых установах і арганізацыях даследуюць, аналізуюць, складаюць прагнозы навукова-тэхнічнага прагрэсу на дзесяцігоддзі наперад, публікуюць артыкулы ў спецыялізаваных часопісах. Па словах Прэзідэнта, усё гэта трэба. «Але трэба прызнаць, што рэальны сектар эканомікі масава выкарыстоўваць працы навукоўцаў чамусьці не імкнецца. Я ведаю чаму — балбочаце, хлусіце, а рабіць не хочаце. Да вытворчасці даходзяць не ўсе новыя распрацоўкі. Ды і па-сапраўднаму буйных, прарыўных праектаў за гэты час створана не так шмат, — сказаў ён. — Што мы хвалімся атамнай станцыяй і БНБК. Прабачце за нясціпласць — гэта было маё рашэнне, дамоўленасць з лідарамі краін. Вось і ўся ваша навука». 

Прэзідэнт іранічна пацікавіўся, дзе праекты, народжаныя ў выніку «дзікай працы ў нетрах Акадэміі навук». «Так, мы пабудавалі атамную станцыю і БНБК, выпускаем найбуйнейшую на планеце кар’ерную тэхніку, ёсць касмічныя праграмы, распрацоўваем і выпрабоўваем прадукты — інавацыйнай біямедыцыны, якія не маюць сусветных аналагаў. Аднак і за іх узяліся толькі з падачы Прэзідэнта. Як бачым, прабелы ёсць. Перш за ўсё ў планаванні стратэгічных праектаў, аб’ектаў высокіх (5-га і 6-га) тэхналагічных укладаў», — сказаў ён.

«Ніякіх новых структур быць не павінна»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ вясной даручаў ураду, Акадэміі навук і свайму памочніку Аляксандру Косінцу прапрацаваць тэму стварэння ў краіне так званага мазгавога ядра, здольнага ацэньваць і курыраваць маштабныя праекты. Праекты вызначаны, прааналізаваныя і сабраныя. «Павінен быць цэнтр, які пры Прэзідэнце, ад імя Прэзідэнта, побач з Прэзідэнтам будзе бачыць, што адбываецца, і будзе прымушаць усіх рэалізоўваць гэтыя праекты», — паставіў задачу беларускі лідар. 

Урад прадставіў варыянт з дзвюма асноўнымі структурамі: Цэнтрам, які напрацоўвае ідэі і пралічвае іх эканамічны эфект, і Саветам, дзе прымаюцца рашэнні аб жыццяздольнасці і актуальнасці такіх ідэй. Канчатковае рашэнне па найбольш буйных праектах будзе прымаць кіраўнік дзяржавы. У Прэзідэнта гэтая прапанова выклікала шэраг пытанняў. Як у гэты ланцужок убудаваны тыя, хто непасрэдна будзе ўвасабляць вытворчы аб’ект у жыццё: профільныя міністры, дырэктары, галоўныя інжынеры, у рэшце рэшт? Як праекты будуць забяспечвацца кадрамі і рэсурсамі? Хто ў прапанаванай схеме будзе браць на сябе рызыкі, гарантаваць эканамічную жыццяздольнасць і паспяховасць работы новых прадпрыемстваў? Савет? Цэнтр? Міністр? Дырэктар? «На гэта пытанне лёгка адказаць, калі зацвярджаць такія стратэгічныя праекты будзе кіраўнік дзяржавы. Ён там і вызначыць, хто за гэта будзе адказваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паставіў пытанне: навошта ствараць новую структуру (у прыватнасці, Цэнтр)? Магчыма, яго і не трэба. Таксама беларускага лідара цікавіць, што перашкаджае рэалізоўваць тыя задумкі, што ўжо ёсць. 

«Ніякіх новых структур і ніякіх дадатковых кадраў быць не павінна. У нас хапапе цэнтраў, і каляцэнтраў, і іншых, якія трэба арганізаваць у адзіны кулак, каб мы маглі рухацца ў патрэбным напрамку. Таму і гаворкі быць не можа, што будзе новы ўрад ці нейкае новае міністэрства. З гэтага трэба зыходзіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу і на губернатараў, якія, па словах, людзі нібыта не адхіленыя ад ўсіх гэтых працэсаў. «Вы людзі не староннія. Правал нейкага дзяржаўнага праекта на вашай тэрыторыі — ваш правал. Гэта таксама зона вашай адказнасці. Вы там бачыце лепей, чым хто іншы. Ды і падаткаў частку ад рэалізацыі таго ці іншага праекта вы будзеце атрымліваць», — звярнуўся Прэзідэнт да губернатараў, якія таксама прысутнічалі на нарадзе. 

Ён заклікаў удзельнікаў нарады выказваць розныя пункты гледжання, улічваць усе меркаванні і прапановы, каб выбраць самы аптымальны шлях. 

Аб’ектыўна, сёння ў Беларусі няма адзінага цэнтра, які вызначае масштабныя праекты

«Вы адзначна прыйшлі да рашэння, да высновы, што гэты цэнтр павінен быць. Ці ёсць тыя, хто сумняваюцца. Вось гэта галоўнае пытанне — быць ці не быць», — спытаў Аляксандр Лукашэнка. Першым з дакладам выступіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч. Ён расказаў, што падчас падрыхтоўкі прапаноў быў праведзены аналіз праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць пры планаванні і рэалізацыі буйных стратэгічных праектаў, вывучаны замежны і айчынны, перш за ўсе савецкі досвед стварэння буйных вытворчасцей. Максім Ермаловіч нагадаў, як гэта работа была выбудавана ў Савецкім Саюзе. Цэнтрам масштабных праектаў у СССР быў Дзяржплан, які ажыццяўляў кантроль за выкананнем гаспадарчых планаў, каардынаваў і фінансаваў тэхніка-эканамічныя даследаванні навуковых і праектных арганізацый усёй краіны, укараняў праекты асабліва буйных прадпрыемстваў і саюзных будоўляў. Масштабныя праекты рэалізоўваліся на аснове сістэмнага падыходу, разам з якім ішло развіццё народнай гаспадаркі, як па галінах, так і па рэгіёнах. Прымяналяся планаванне і па міжгаліновых праблемах. «Аб’ектыўна, сёння ў Беларусі няма адзінага цэнтра, які вызначае масштабныя праекты і капітальныя ўкладанні. Працэс распрацоўкі дэцантралізаваны і ажыццяўлецца па прапановах рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў ці інвестараў. Найбольш значныя ў гісторыі суверэннай Беларусі праекты — БелАЭС, БНБК, Белджы, маштабная мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны, былі ініцыяваны кіраўніком дзяржавы», — падкрэсліў Максім Ермаловіч.

Прэзідэнт нагадаў, што калісьці прызнаўся ў тым, што яго мара — мець свой легкавы аўтамабіль у Беларусі. І началася прапрацоўка гэтага пытання. І сёння Беларусь мае свой якасны аўтамабіль, які карыстаецца попытам. Па словах Прэзідэнта, на гэтым спыняцца не трэба: сёння ўжо замахнуліся не на 30-40 тысяч аўтамабіляў у год, а на 120 тысяч. «Бачыце, як жыццё павярнулася, што Джылі сёння займае першае месца па продажы ў Беларусі У Расіі просяць-моляць: „дайце“. Чэргі з’явілся. Калі такое было. Гэта сведчыць аб тым, што трэба гэтым займацца і трэба бачыць перспектывы», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Максім Ермаловіч у працяг свайго даклада заўважыў, што і рэалізацыя стратэгічных праектаў часта ішла без недастатковага міжведамаснага ўзаемадзення. Выканаўцы сутыкаліся з неабходнасцю паўторнага абмеркавання, узгаднення і абгрунтавання інвестыцый. «Цяпер праблемы ўзнікаюць як на стадыі выпрацоўкі праектных рашэнняў — як будаваць і дзе, так і падчас непасрэднага будаўніцва. Напрыклад, выкананне даручэння Прэзідэнта аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па прынцыпе „адзін раён — адзін праект“ выклікае занепакоенасць. У асобных раёнах праекты існуюць на паперы. За інавацыйныя праекты выдаюцца базавыя вытворчасці, напрыклад, міжпакаёвыя і ўваходныя дзверы, кандытарыскія вырабы. Па інфармацыі НДІ Міністэрства эканомікі, 46 з 156 інвестпраектаў мэтавага плана на 2023 год з’яўляюцца малазначнымі і не акажуць належнага ўплыву на сацыяльна-эканамічнае развіццё», — далажыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. 


У тэму 

Будзе створаны Савет па стратэгічных інвестпраектах пры Прэзідэнце Беларусі

Вынікі нарады ў размове з журналістамі падвёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч. Ён звярнуў увагу на тое, што тон нарады задаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што мы будуем эканоміку будучага, запускаем інвестыцыйны цыкл, таму нам патрэбны масштабныя стратэгічныя праекты для развіцця краіны. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта заўважыў, што ў Беларусі рэалізаваны шэраг знакавых маштабных праектаў. У той жа час некаторыя не такія паспяховыя. Ёсць выпадкі, калі пры наяўнасці фінансаў назіраецца дэфіцытперспектыўных праектаў. Максім Ермаловіч расказаў, што падчас нарады Прэзідэнт звяртаў увагу на ход рэалізацыі яго ініцыятывы «Адзін праект — адзін раён», важных праектаў для развіцця рэгіёнаў. «На ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў узгоднена выдзяленне дадатковых фінансавых рэсурсаў на рэалізацыю сумесных з Расіяй кааперацыйных праектаў. Там таксама дынаміка павінна быць паскорана. Абмяркоўвалі, якія арганізацыйныя меры павінны быць прыняты, як павінна быць выбудавана істытуцыянальная структура для таго, каб гэтыя праекты нараджаліся, праходзілі адпаведную экспертызу і выносіліся на разгляд кіраўніка дзяржавы, а ў далейшым пры ўмове іх адабрэння рэалізоўваліся ў найкарацейшыя тэрміны», — сказаў ён.

Вялікую ўвагу ўдзельнікі нарады ўдзялілі асаблівасцям функцыянавання цэнтра і Савета па стратэгічных інвестпраектах. Як і заклікаў кіраўнік дзяржавы, прагучала шмат прапановаў, як неабходна арганізаваць гэту работу. «У выніку базавым прызнана наступная прапанова: стварэнне Савета па маштабных, па стратэгічных інвестпраектах пры Прэзідэнце Беларусі. Гэта будзе магутны інтэлектуальны інстытут, убудаваны ў сістэму дзяржаўнага кіравання, які будзе аналізаваць і прапаноўваць Прэзідэнту такія стратэгічныя праекты», — расказаў Максім Ермаловіч.

Што датычыцца арганізацыі цэнтра па стратэгічных праектах, то па словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, падчас нарады была адзначана неабходнасць надання дадатковага імпульсу Міністэрству эканомікі. У ведамстве неабходна арганізаваць работу такім чынам, каб праекты, якія распрацоўваюць вучоныя, прапануюць прадпрыемствы і інвестары, праходзілі адпаведную навукова-тэхнічную экспертызу ў рамках адзінага комплекса сістэмы органаў. Згодна з гэтай прапановай Міністэрства эканомікі павінна будзе рыхтаваць абгрунтаванне да такіх тэхналагічных праектаў, глядзела на іх акупнасць і эфект для эканомікі. Мяркуецца, што Савет будзе суправаджаць рэалізацыю гэтых праектаў. У тым ліку з прыцягненнем усіх дзяржаўных органаў, у якіх ёсць кампетэнцыі і кантрляваць ход даручэнняў, якія дае кіраўнік дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.