Вы тут

Палац мастацтваў запоўнілі веласіпеды розных тыпаў


Незвычайны выставачны праект паяднаў творцаў і спартсменаў. Першы паверх Палаца мастацтва (о, такога ніколі не было!) бадай цалкам займаюць веласіпеды розных тыпаў. Выставачнымі аб’ектамі сталі цішоткі, у якіх ездзяць веласіпедысты. Двухколавыя сродкі перамяшчэння розных тыпаў у гэтай прасторы выглядаюць як арт-аб’екты (усё робіць кантэкст), а іх групы — як інсталяцыі. Сучаснае мастацтва дазваляе любы аб’ект убачыць з іншага ракурсу. А потым тут жа гэты ракурс можна падправіць альбо наогул змяніць. Еднасць у дзеянні дзвюх праектаў: «Vivа Rovar Art» і «Viva Kola Art». І мастакі пайшлі на такую калабарацыю. Таму што ім трэба, каб было што разглядаць, маляваць, раскладаць на часткі ці асэнсоўваць. Веласіпед з гэтага пункту гледжання — вельмі цікавая рэч. Бо на колах. А кола — філасофская тэма, вечная для мастацтва.


Не чакайце выяў веласіпедаў у кожным творы, хоць і яны ёсць. Пейзажы з імі ў розных тэхніках, веласіпеды па частках, альбо толькі кола ці наогул матыў дарогі, руху — вось што дала гэтая калабарацыя. 

Новы тып выстаўкі, кажуць арганізатары. Таму што мастацкі рэспубліканскі конкурс «Viva Kola Art» — гэта крок на шляху да сінтэзу спорту і мастацтва. Мала таго, будзе працаваць журы, якое 11 лістапада назаве пераможцаў у 7 намінацыях: «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Арт-аб’ект», «Фатаграфія» і «Творчы дэбют». Тут работы розных стыляў і аўтараў. Удзельнічаюць як маладыя мастакі, хто толькі пачынае свой шлях, так і больш дасведчаныя, нават паважаныя ў акадэмічных колах асобы. А гледачы могуць выказаць сваё меркаванне, указаўшы на квітку некалькі найбольш упадабаных твораў, — так будзе вызначаны лёс прыза сімпатый гледачоў (у нас гэта так любяць!). Арганізатары хацелі, каб выстаўка стала інтэрактыўнай, таму нават для дзяцей ёсць зона вольнай творчасці, дзе можна намаляваць штосьці тэматычнае. 

Веласіпед стаў сродкам мастацкага выяўлення таму, што ідэя сыходзіла ад Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту і Веласіпеднага клуба «Мінск», які нядаўна адзначыў сваё 10-годдзе. І першы паверх — даніна аднаму з партнёраў праекта. Тут можна паглыбіцца ў дынаміку веласпорту, адчуць яго эмоцыі, складнікі. І пасля, ужо на другім паверсе, адкрыць для сябе нешта іншае... 

Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў, адзначыў: 

— Сёння знакавая падзея для Беларускага саюза мастакоў, для супрацы з нашымі спартыўнымі калегамі, бо стала магчыма выразная і ёмістая па сваім напаўненні выстаўка. Удзельнічаюць мастакі з усёй нашай краіны, з Расіі. Такога яшчэ не было ў Палацы мастацтва. Сёння наша сяброўства са спартыўным клубам, з Беларускай федэрацыяй веласіпеднага спорту дало новы позірк і ўздых натхнення для адкрыцця і пошуку новых вобразаў. Сёння — мастацтва ў спорце і спорт у мастацтве. Новы крок, чаго няма ў нашых суседніх краінах, нідзе на міжнароднай арэне. 

Генеральны дырэктар Веласіпеднага клуба «Мінск» Аляксей Іваноў падзякаваў, што творцы прынялі спорт у сваім доме. І спартсменам ёсць чым і кім ганарыцца. Напрыклад, шматразовая чэмпіёнка свету па веласпорце Наталля Цылінская здабывала бронзавы медаль алімпійскіх гульняў для Беларусі. Цяпер яна ўзначальвае Беларускую федэрацыю веласіпеднага спорту і з’яўляецца адной з заснавальніц веласіпеднага клуба «Мінск». 

Але ці не галоўная задача гэтага праекта для спартсменаў — прывіць любоў да свайго віду спорту, да веласіпеда як часткі чалавечага жыцця. Таму супольна з Беларускім саюзам мастакоў і вырашылі зрабіць нешта неардынарнае. Толькі з адной умовай: каб гэта не перашкаджала творчасці мастакоў. Таму з’явілася ідэя ў межах праекта «Vivа Rovar Art» правесці выстаўку «Viva Kola Art», а яна патрабуе глыбокага прагляду. У адрозненні ад спорту, дзе ёсць першае, другое і трэцяе месца, у мастацтве няма месцаў, але тут свае рэкорды.

— Я прадстаўнік спорту — нялёгкага, але прыгожага, — кажа Наталля Цылінская. — Спадзяюся, людзі пачнуць яго любіць пасля гэтай выстаўкі. Мастацтва — гэта прыняцце, разуменне, пашана. А ў спорце галоўнае — перамога, мы на п’едэстале бачым тры прыступкі, але самая галоўная адна — першае месца. І сёння мы на першым месцы, таму што тое, што бачым, на мой погляд, атрымалася добра. Бо мы гэта рабілі з душой, каб людзі ацанілі веласпорт і палюбілі яго праз жывапіс. 

Але хто сказаў, што не можа быць роўна наадварот: цікавішся спортам, а тут прыйшоў на выстаўку — і новыя адчуванні, нечаканыя эмоцыі. Як шлях да фінішу, на якім шмат што можа адбыцца... 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.