Вы тут

Чым здзіўляюць спектаклі Карняга ў лялечным тэатры


Тэатральны сезон толькі пачаўся, і найбліжэйшыя прэм’еры не хутка — разважаць пра тэндэнцыі не мае сэнсу. Але нават калі ў тэатры зацішша, хочацца яго любіць і шукаць тое адметнае, што дазваляе не губляць веру ў сілу гэтага мастацтва і жыцця наогул. Таму можна звярнуцца да прэм’ер мінулага сезона і аўтараў, якія найбольш здзівілі. Здзівілі ў добрым сэнсе, дапамагаючы душэўна ўзняцца над будзённасцю. І тут адразу згадваюцца два спектаклі ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Спектаклі для дзяцей — і што тут такога дзіўнага? У лялечным жа іх ці не большасць у параўнанні з тымі, якія значацца як спектаклі для дарослых... Дзіва дзіўнае палягае ў тым, што гэтыя два дзіцячыя спектаклі паставіў рэжысёр, які дагэтуль ствараў адметныя пастаноўкі для дарослых, прычым такія, што часам нават зацятых тэатралаў яны маглі прымусіць зніякавець і жыць пад уплывам убачанага досыць доўгі час. Канешне, гаворка пра Яўгена Карняга. Менавіта ён здзівіў найбольш, калі прадставіў спектаклі «Прададзены смех» і «Разумны сабачка Соня»: і не толькі самім фактам звароту да маленькіх гледачоў.


«Прададзены смех»

Рэжысёр, за якім замацаваўся імідж эксперыментатара, хоць усё ж гэта хутчэй праява асаблівай эстэтыкі і аўтарскага стылю, калі мы кажам пра яго найбольш вядомыя і ўпадабаныя публікай спектаклі, што пастаўлены ў розных беларускіх тэатрах: «Інтэрв’ю з ведзьмамі», «Бетон», «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Запіскі юнага ўрача»... Чалавечы дух існуе і дзейнічае ў абстрактнай прасторы, як правіла паўзмрочнай, выклікае моцную эмоцыю (прычым і ў тых, хто прымае такі тэатр, і ў тых, хто не прымае) і выкрышталізоўвае думку, з якой выходзіш пасля прагляду. Зусім не па-дзіцячы. Сур’ёзны рэжысёр са сваім светаадчуваннем і стылем. 

І вось з’яўляюцца два спектаклі Карняга для дзяцей у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Яны зусім іншыя вонкава — яркія, прыгожыя. Пры тым, што таксама зроблены ў супрацы з мастачкай Таццянай Нерсісян. Здаецца, што для рэжысёра прыйшоў час змяніцца і, замест таго, каб азадачыць, проста дарыць радасць. Але ж ці так гэта напраўду? Што стаіць за гэтымі зменамі? 

Па-першае, канешне, узрост гледачоў. Ён шмат што вызначае ў тэатры, а стварыць добры дзіцячы спектакль, на якім бы не сумавалі і бацькі з бабулямі, прыводзячы малых, — справа не толькі высокага прафесіяналізму, але ў нейкім сэнсе выклік для аўтара, які з гэтай аўдыторыяй яшчэ не працаваў. Аўдыторыя складаная, а яе трэба заахвоціць сядзець у зале больш за гадзіну... 

Узроставая катэгорыя спектакля «Прададзены смех» пазначана як «6+». Гэта гісторыя, якую распавёў пісьменнік Джэймс Крус. Мне здаецца, што ўсё ж больш для падлеткаў, бо сур’ёзная. Нездарма яна кранула дарослых не менш, чым дзяцей. А, хто ведае, можа, і больш, бо, акрамя сюжэта, на спелую свядомасць накладваюцца яшчэ і алюзіі ды адсылкі, закладзеныя рэжысёрам па ходзе спектакля, — такая інтэлектуальная гульня з бацькамі, якія прывялі дзяцей у тэатр, каб не было сумна. І сумаваць не даводзіцца нікому, нават самым маленькім, якія, можа быць, не цалкам разумеюць сэнс. Але па ходзе спектакля іх чакаюць цікавыя хады, павароты і цудоўныя лялькі, што ўцягвае ў дзею. 

Хлопчык Цім Талер умеў смяяцца ад душы. Яго дзіўны смех запальваў радасцю сэрцы тых, хто быў побач. Але Цім не адчуваў шчасця, асабліва калі пасля смерці таты застаўся з мачахай, якая яго не любіла. А любому дзіцяці хочацца, каб яго любілі. Любяць, напэўна, тых, хто багаты. І аднойчы Цім знаходзіць грошы, з якімі ідзе на іпадром, яго стаўка выйграе. Цім радуецца, яшчэ не разумеючы, што трапіў у пастку. Барон Трэч хоча атрымаць смех Ціма, пазбавіўшы яго назаўсёды асаблівага дару... Бедны маленькі Цім стаў зусім няшчасны. 

Ціма сапраўды шкада — яго лялька самая маленькая сярод іншых. Але яна такая крохкая і рэальна завадная: калі ён радуецца, то ў яго бадзёра ўздымаюцца ручкі. І гэта цуд, бо ў самыя напружаныя моманты акцёр Дзмітрый Чуйкоў сыходзіць у цень. Лялька нібыта ажывае, становіцца самастойнай і вельмі прывабнай — што ні кажы, а гэты малы ўмее радаваць. Акцэнт, які працуе: не дае галоўнаму герою згубіцца ў велічыні і стракатасці персанажаў, прысутных на сцэне і па-за ёй. 

Каларытныя, яркія і нават гламурныя тры апавядальніцы, якія ўводзяць у сюжэт і час ад часу правакуюць на адвольныя эмоцыі. Але ўсім сваім выглядам і паводзінамі яны страшнае могуць ператварыць у камічнае і гратэскавае (гэта ўжо для дарослых) і страката-вясёлае (для маленькіх), бо на сцэне павінна панаваць радасць, нягледзячы ні на якія сюжэтныя выкрутасы. Паколькі інсцэніроўку рэжысёр ствараў сам, то адаптаваў яе так, каб не моцна абцяжарваць гледача, калі той паглыбляецца ў сюжэтную лінію. Сюжэт тут не проста распавядаюць, яго ў большай ступені паказваюць і абазначаюць сімвалічна ды нават музычна. І тут ты пазнаеш рэжысёра, які застаўся сабой і пры сваіх задачах. 

Таму што «Прададзены смех» — глыбокая гісторыя, а спектакль даволі працяглы — на два акты. Трымаць увагу маленькага гледача дапамагае рваны рытм спектакля. Расповед падмацаваны метафарычным увасабленнем. Градус зацікаўленасці і ўцягнутасці ў дзею падтрымліваюць то звароты да публікі з простымі пытаннямі, то акцёрскі інтэрактыў у самой зале, калі кожны глядач становіцца ўдзельнікам таго, што адбываецца, — напрыклад, перадае ліст, каб Цім паспеў збегчы з-пад варты барона. На радасна-стракатым фоне адбываюцца сапраўдныя жахі: барон Трэнч узнікае там, дзе яго не чакаеш, а жудасныя лапы раптоўна вылазяць з цемры, калі ніхто не чакаў небяспекі... Ды і самі героі вельмі розныя. Некаторыя ролі выконваюць акцёры, а некаторыя ўвасоблены з дапамогай лялек. І яны таксама здзіўляюць. Вось вам мачаха — ну, сапраўдная змяя, здольная ўкусіць сваім зубам. Фрау Бербер надзімаецца ў пышку на нашых вачах, Крашымір з яркімі вачыма — гэта яго асабістая ўласцівасць, якая таксама прыцягнула ўвагу барона Трэнча. А вось Рыкерт, успрымаецца як абсалютна чалавечны. Таму што не павінна быць так, каб у няшчаснага сіраты не было на каго абаперціся ў жыцці. І не павінна быць такога жыцця, што чалавек развучыўся радавацца. 

Гэтая гісторыя для дарослых дзецей. І для дзяцей, якія не паспелі стаць дарослымі. Звышзадача — аб’яднаць і зацікавіць гледачоў розных узроставых катэгорый — выканана. Але не адно яна, бо спектакль — толькі пачатак размовы, што адбудзецца ў малых з мамамі і татамі, якім дакладна будзе аб чым паразмаўляць з дзецьмі. А гэта значыць, што спектакль працягне працаваць і пасля заканчэння. Што абсалютна па-карнягаўску. 

І вось новая амбіцыйная мэта для рэжысёра: пастаноўка з пазнакай узросту ад «3+». Што тут ставіць, шмат хто падумае, а некаторыя з такім падыходам і спрацуюць. Але ж не спяшайцеся рабіць высновы. Бо спектакль «Разумны сабачка Соня» бацькам падабаецца не менш, чым дзецям. Можа, таму, што дапамагае ўспомніць маленства — тыя моманты спасціжэння свету, калі ён адкрываўся з нечаканага боку, прымушаючы рабіць высновы пра тое, што можа быць прыемна, што карысна, а што небяспечна. Калі мы вучыліся лепш разумець вонкавыя абставіны, сябе і іншых. 

Галоўны герой — прыдуманы дзіцячым пісьменнікам Андрэем Усачовым сабачка Соня, на сцэне маленькі-маленькі персанаж — лялька больш падобная на мяккую цацку, якую хочацца прыціснуць да сябе, гладзіць ды люляць. Соня пачынае жыць і вывучае свет, прыстасоўвае пад яго свае паводзіны. Але ж гэта не так проста, калі ёсць гаспадар кватэры, у якой уладарыць Соня, і ёсць шмат якіх абмежаванняў і правілаў паводзінаў з людзьмі ды іншымі сабакамі. Нават вельмі вялікімі. Але яны Соні не роўня. 

«Разумны сабачка Соня»

Соня — персанаж настолькі складаны і шматгранны, што да актрысы Наталлі Кот-Кузьмы, якая агучвае думкі малечы, далучалася Ганна Гаспадарык, а яшчэ і Уладзіслаў Соладаў (гэта адзін склад), які пераўвасабляецца ў Івана Іванавіча, ён ходзіць на працу і пакідае час ад часу Соню дома аднаго. Тут і пачынаецца самае цікавае, а па вяртанні гаспадар здзіўляецца кемлівасці Соні. І не толькі ён, бо здарэнні з удзелам Соні абмяркоўваюць іншыя сабачнікі. На пачатку спектакля яны выходзяць на прагулку са сваімі гадаванцамі — сабачак нават можна пагладзіць, калі яны крочаць праз усю глядзельную залу! Малыя гледачы адразу пачынаюць усміхацца — далей, што б ні рабілася ў зале, яны ўключаны ў працэс. Спектакль уцягвае гледачоў інтэрактывамі і нават гульнямі з сабачкамі, якія перыядычна выбягаюць (вылятаюць, выкотваюцца) да глядацкіх крэслаў. Усё пралічана і разлічана, што і калі павінна адбывацца, каб трымаць увагу малых і крыху азадачваць актуальнымі для Соні пытаннямі: што лепш — быць маленькім ці вялікім, каго баяцца іншыя сабакі, коткі і нават людзі? Як вялікія сабакі ставяцца да таго, што на іх надзяваюць наморднік?.. Вялікі і злы бульдог Макс гэта нават тлумачыць не стаў. Калі яго лапы цягнуцца ва ўсе ўваходы, то зразумела: маленькай істоце прасцей схавацца і стаць недасяжнай. А яшчэ з ёю больш захочуць пагуляць... 

За выхаваннем Соні назіраць не проста цікава, бо ты сам задумваешся над яе простымі пытаннямі. Каб рабіць нешта правільна, Соні трэба гэта асэнсаваць. Зразумець сутнасць, вывесці лагічную сувязь паміж прычынай і вынікам, каб дзейнічаць рацыянальна. Каб стаць самым лепшым сабакам у свеце, Соня вучыцца думаць, а калі пачынаеш думаць, то становішся больш разумным. Тады можаш на ўласным прыкладзе вучыць дзетак, якія глядзяць збоку. Яны нават удзельнічаюць у навучанні, калі разам гучна чытаюць словы. Альбо як у выпадку з электрычнай разеткай: калі зразумеў небяспеку то не палезеш туды, дзе жыве злы ток. Дзеці кожны раз адчуваюць небяспеку, і шчыра за Соню перажываюць: гамоняць, даюць парады і нават крычаць з месцаў. 

Розныя эпізоды спектакля лёгка трансфармуюцца адзін у другі, за гэтым таксама цікава назіраць і захапляцца вынаходлівасцю стваральнікаў і яркасцю вобразаў як людзей, так і сабак. Яшчэ больш яркасці! Яшчэ больш энергетыкі! Музыка, спевы. І больш уключанасці нават на тактыльным узроўні. Усё гэта з павучальнай думкай, але без нудотнага маралізатарства. Таму што Соня — персанаж вясёлы, хоць і разважлівы. Часам здаецца, нават схільны да філасафічнасці, бо працэс сталення гэтага вымагае так ці інакш, калі хочаш выхаваць добрага, прыстойнага і разумнага гадаванца і чалавека — дзеля гэтага ўсё ж і задумана. Не быў бы гэта Карняг. 

Яго работы для дзяцей абсалютна адрозныя, але такія ж таленавітыя і разумныя, як і ранейшыя спектаклі, якія часам называлі мудрагелістымі. Але жыццё паказвае, што такую метафарычную і сімвалічную мудрагелістасць дзеці счытваюць часам лепш за дарослых. І ім гэта падабаецца. Падабаецца не толькі гульня. Ім падабаецца адразу ж задаваць пытанні: што добра, а што кепска ў гэтым свеце, дзе кожнага чакаюць свае выпрабаванні і прыгоды. Яны задумваюцца. А звычка думаць — вельмі карысны навык па жыцці. Ёсць розныя сродкі яго падтрымліваць у дарослых. У тым ліку ў гэтым дапамагае тэатр. І спектаклі Яўгена Карняга для любога ўзросту, таму што яны развіваюць чуллівасць і фантазію, вобразнае мысленне і даюць моцны эмацыянальны выбух. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.