Вы тут

Як гэта — гадаваць тройню?


Падчас Тыдня бацькоўскай любові ў Гродне ўшанавалі сем’і з дзецьмі-трайнятамі. Урачыстасць адбылася ў абласным перынатальным цэнтры, дзе сем’і сустрэліся з урачамі, якія прымалі роды. Для гасцей былі падрыхтаваны салодкія падарункі і сувеніры. Прыгожых шкляных буслоў для памятнай падзеі спецыяльна зрабілі на Бярозаўскім шклозаводзе. 


Сустрэча прайшла даволі сардэчна. Яно і зразумела — гаворка ішла пра самае дарагое, што ёсць у сямейным жыцці — дзяцей. А тут і наогул унікальная сітуацыя — сустрэліся адразу дзевяць сем’яў, дзе нарадзіліся тройні. 

—Шчасця многа не бывае, — лічыць старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, — але ў гэтых сем’ях трайное шчасце. Вядома, гэта і вялікая адказнасць, вялікія клопаты, і можна ўявіць, з чым сутыкнуліся на першых этапах бацькі. Праходзіць час, і многія цяжкасці адыходзяць, забываюцца. З’яўляецца трайная ўпэўненасць у будучым, што сям’я і надалей будзе жыць, развівацца, бо ўсе дзеці маюць схільнасць да чаго-небудзь, варта ім дапамагчы, таму хачу павіншаваць з Тыднем бацькоўскай любові, я упэўнены, што ў гэтых сем’ях усё гэта ёсць.

Самым малым, што прыйшлі на сустрэчу, усяго некалькі месяцаў. Тры дзяўчынкі сёлета нарадзіліся ў Людмілы Паўловіч. Яна не чакала такога цуда, але расказала, што імёны сваіх дзяўчат убачыла ў сне. І потым ужо ведала, у якім месцы знаходзіцца яе Варвара, Васіліса і Марыя.

А вось Святлану і Віталія Мохань можна назваць вопытнымі бацькамі, іх дзецям па 16 гадоў. Двое сыноў-Мікалай і Антон — навучэнцы Гродзенскага тэхналагічнага каледжа, дачка Аліна вучыцца ў 11 класе і плануе паступаць у медыцынскі універсітэт. Па словах Святланы, сям’я ў іх дружная, хоць і нямала клопатаў. А некалі была разгублена, калі пачула, што чакае тройню. Праўда, разгубленасць у хуткім чале змяніла ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. Так і адбылося. Пры тым, што дзеці нарадзіліся даволі вялікімі, іх агульная вага склала больш за 10 кілаграм. У сям’і з першых дзён адчулі ўсе клопаты сацыяльнай дзяржавы.

—Калі дзеці нарадзілася, нам адміністрацыя Кастрычніцкага раёна прадаставіла сацыяльную няню, яна прыходзіла 5 разоў на тыдзень і працавала цэлы дзень- з 9 да 17 гадзін. Гэты доўжалася тры гады, таксама да трох гадоў мы атрымлівалі бесплатнае харчаванне- малако, ёгурты, мясныя кансервы і іншае. Атрымалі пазачаргова кватэру як шматдзетная сям’я. 

У сям’і Святланы і Аляксандра Лукашэвічаў расце трое сыноў. Праўда, пры даследванні прагназавалі двух дзяўчынак і хлопчыка. Але не гэта здзівіла тады цяжарную жанчыну, а сама колькасць дзетак. Калі ёй сказалі, што тройня — не паверыла, пакуль урач не прапанаваў ёй самой іх палічыць. Зараз Саша, Максім і Станіслаў вучацца ў трэцім класе, прычым у адным. Праўда, Саша лічыць сябе старэйшым, хоць нарадзіўся на адну хвіліну раней. Наогул наўрад ці хто можа сказаць, што дзеці нарадзіліся з даволі малой вагой, малодшы Станіслаў важыў усяго 900 грам. Некалькі тыдняў хлопчыкі знаходзіліся у спецыяльных кювезах, потым некалькі месяцаў набіралі вагу пад наглядам урачоў у дзіцячай бальніцы. 

Сваімі эмоцыямі падзялілася Вольга Варабей. Яна з мужам Андрэем выхоўвае дваіх хлопчыкаў і дзяўчынку. Дзеці ўжо з ранняга дзяцінства захапляюцца спортам. Сямігадовыя Макар і Мікіта займаюцца футболам, дачка Арына — мастацкай гімнастыкай. Дарэчы сваё майстэрства юная спартсменка прадэманстравала ўсім прысутным. 

У сям’і Вольгі і Міхаіла Можджар таксама спорт у пашане. Дзеці Анастасія і Цімафей займаюцца каратэ. Дарэчы, нараджэнне тройні для сям’і стала сапраўдным цудам. Адбылося гэта 11 гадоў таму. А паспрыяла яму, можна сказаць, дабрыня. Паколькі ў сям’і доўгі час не было дзяцей, яны ўсынавілі прёмнага хлопчыка. І ў хуткім часе пасля гэтага ў сям’і нарадзілася адразу тройня. Як тут не паверыць у цудадзейную сілу дабрыні. Сям’я быццам атрымала ўзнагароду за тое, што агарнула сваім клопатам чужое дзіця і выхоўвае яго як уласнае. А ў падарунак — яшчэ і свая тройня. 

Са сваім урачом Таццянай Калеснікавай сустрэлася сям’я Азерскіх. Святлана прызналася, што да гэтай пары ў памяці захавалася тая цеплыня, клопат, які яна сустрэла ў абласным перанатальным цэнтры. Свайму ўрачу яна поўнасцю давярала. І нездрама. Таццяна Калеснікава толькі тройняў за сваё жыцця прыняла больш за дзесятак. У Гродне такіх выпадкаў у яе было тры, у тым ліку і Святлана Азерская. 

— Гэта цуда — вынасіць і нарадзіць адразу траіх дзяцей. Мы ведаем свае тройні, кожны такі выпадак для нас – свята, стараемся падтрымаць такія сем’і, падказаць, бо гэта сапраўдны мацярынскі подзвіг. А ўвогуле зараз колькасць шматдзетных сем’яў павялічылася, амаль у два разы вырасла колькасць партнёрскіх родаў. А ўсяго за 9 месяцаў у абласным перынатальным цэнтры нарадзілася больш за 2 тысяч дзяцей. Прычым, хлопчыкаў нараджаецца больш, чым дзяўчынак, — паведаміла Таццяна Калеснікава. 

Усе удзельнікі сустрэчы прынялі ўдзел у пасадцы туй на сямейнай алее і пакінулі ў альбоме свае пажаданні будучым сем’ям —тройням. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.