Вы тут

У Мінску праходзіць фінал міжнароднага праекта «100 ідэй для СНД»


Разлічваць, у першую чаргу, на сябе, а не на штучны інтэлект, заклікаў удзельнікаў міжнароднага маладзёжнага праекта «100 ідэй для СНД» міністр адукацыі нашай краіны Андрэй Іванец.


— Тэхналогіі штучнага інтэлекту ствараюцца менавіта вамі, таму, упэўнены, што яму чалавечы розум не перасягнуць. Толькі чалавек будзе рухаць навуку і грамадства наперад, — падкрэсліў ён.

— Сёння тэхналогіі штучнага інтэлекту знаходзяць паўсюднае прымяненне, пачынаючы ад падтрымкі людзей, якія маюць абмежаванні мабільнасці, парушэнні зроку, слыху, да прамысловасці і сельскай гаспадаркі, дзе адбываецца скарачэнне колькасці людзей, задзейнічаных у аграпрамысловым комплексе і на вытворчасці. Рабатызацыя, аўтаматызацыя робяць сваю справу. На дапамогу чалавеку прыходзяць беспілотныя лятальныя апараты. І нашы маладыя людзі вельмі актыўна ўцягваюцца ў навуковыя распрацоўкі ў гэтых сферах.

Сёння на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ўрачыста адкрыўся фінал міжнароднага праекта «100 ідэй для СНД».

Беларусь на міжнароднай арэне прадстаўляюць 12 пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» адзінаццатага і дванаццатага сезонаў. Сярод іх — такія праекты, як «Сэнсарная пальчатка для алічбавання жэстаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі», «Атрыманне высокаактыўнага мезапорыстага вугалю з адходаў дрэваапрацоўчай вытворчасці», праекты «HoReCa 3D-food prіntіng», «Yacard» — бескантактная smart-візітка, «Беларускі тэтрапак», «Сэнсарныя акуляры для людзей са слабым зрокам», «Клопат пра жывёлін з пратэзамі як новы спосаб рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю» і іншыя.

Трэба заўважыць, што Рэспубліканскі праект «100 ідэй для Беларусі» стаў візітнай карткай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і брэндам маладой незалежнай Беларусі. Ён стартаваў 12 гадоў таму. А затым яго падхапілі і іншыя краіны — удзельніцы СНД.

— Гэта праект, які дае пуцёўку ў жыццё кожнай маладзёжнай распрацоўцы. Усе навуковыя ідэі маладых людзей павінны быць не проста рэалізаваныя ў лабараторных умовах — яны павінны дайсці да рэальнага сектара эканомікі, да канкрэтнага спажыўца. Менавіта на гэта нацэльвае нас дзяржава, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Важна сказаць, што многія хлопцы і дзяўчаты, якія сталі пераможцамі нацыянальнага адборачнага этапу і сёння прадстаўляюць тут свае праекты, — учарашнія школьнікі. Хтосьці з іх з’яўляецца выпускніком Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Сёння яны ўжо сталі студэнтамі вядучых беларускіх універсітэтаў і працягваюць працаваць над сваімі ідэямі пад кіраўніцтвам сур’ёзных вучоных (акадэмікаў і прафесараў).

У міжнародным фінале прадстаўлена 40 праектаў. Міністр адукацыі адзначыў іх высокі ўзровень і падзякаваў Выканкаму СНД за ўвагу, якая ўдзяляецца маладым навукоўцам на прасторы краін Садружнасці.

— Мы бачым тут удзельнікаў з васьмі краін: вялікія прадстаўнічыя дэлегацыі прыбылі ў Мінск з Азербайджана, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана... Гэта сведчыць аб тым, што мы выбудоўваем адзіную навукова-тэхналагічную прастору, праводзім адзіную маладзёжную палітыку і нашы прыярытэты сыходзяцца ў адным — інтэлект мы павінны выкарыстоўваць для таго, каб нашы краіны былі эканамічна перадавымі, а людзі адчувалі сябе абсалютна камфортна…

Дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Аляксей Сазонаў зачытаў прывітальны адрас генеральнага сакратара СНД Сяргея Лебедзева да ўдзельнікаў фіналу: «Уцягванне маладога пакалення грамадзян у інтэграцыйныя працэсы ва ўсіх сферах дзяржаўных адносінаў — адзін з прыярытэтаў, вызначаных кіраўнікамі нашых краін у канцэпцыі далейшага развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У гэтай сувязі радуе, што праект „100 ідэй для СНД“, асноўнай мэтай якога з’яўляецца аб’яднанне моладзі і актывізацыя яе інавацыйнай дзейнасці для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Садружнасці, з кожным годам становіцца ўсё больш вядомым і запатрабаваным. Рэспубліка Беларусь ініцыявала гэты праект у 2015 годзе пры падтрымцы Савета па справах моладзі дзяржаў—удзельніц СНД і стала першапраходцам у яго арганізацыі ў пілотным рэжыме.

Сёння Беларусь зноў прымае маладых людзей, якія падзяляюць агульныя інтарэсы ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця супрацоўніцтва краін Садружнасці і валодаюць высокім узроўнем крэатыўнага мыслення. Упэўнены, што ўдзел у мерапрыемствах праекта запомніцца яркімі ўражаннямі аб Мінску, яго навукова-тэхналагічнай структуры, а таксама змястоўнымі дыскусіямі і дапаможа ў пошуку аднадумцаў для рэалізацыі сваіх ідэй».

Цяперашні фінал — ужо пяты па ліку. На міжнародным узроўні конкурс праводзіцца раз на два гады. Сярэдні ўзрост фіналістаў — ад 17 да 30 гадоў. Побач прэзентуюць свае ідэі як школьнікі, так і маладыя паспяховыя бізнесмены. Сярод намінацый гэтага года — «ІT-сфера», «Бяспека» , «Медыцына і ахова здароўя», «Вытворчыя тэхналогіі і прамысловая інфраструктура», «Рацыянальнае прыродакарыстанне», «Сацыяльная сфера», «Адукацыя», «Гасціннасць, турызм і нацыянальная культура».

— Сёння мы бачым тут прафесійны падыход і, галоўнае, прафесійны вынік, — падзяліўся ўражаннямі ад убачаных на выставе праектаў Аляксей Сазонаў. — Лічу, што задача — абудзіць у маладых людзях інтарэс да даследчай дзейнасці, да пошукавай работы — дасягнутая. Шчыра кажучы, я не зайздрошчу членам журы, якім давядзецца вызначаць пераможцаў. Мы разумеем, што конкурсны фактар заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці, ён яшчэ больш актывізуе нас і матывуе да пошуку рашэнняў. Але галоўнае на гэтай пляцоўцы — усё ж не перамога, а знаёмствы, сяброўства, магчымасць заявіць аб сабе на самую шырокую аўдыторыю і быць пачутымі.

У рамках фіналу для гасцей беларускай сталіцы падрыхтавана экскурсійная праграма. Яны ўжо наведалі Палац Незалежнасці. Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь арганізаваў для гасцей інтэлектуальную гульню «Аднойчы ў СНД». Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фіналу адбыўся адкрыты дыялог з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэем Іванцом.

Маладых наватараў таксама чакаюць майстар-класы па прамоўніцкім майстэрстве і развіцці асабістага брэнда, прэзентацыя Цэнтра садзейнічання маладым спецыялістам — базавай арганізацыі па развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва ў СНД.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.