Вы тут

«ПіСава перамога»


Па выніках парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы 15 кастрычніка, найбольшая колькасць галасоў атрымала кіруючая партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) — 35,38 працэнта, паведаміла радыё RMF 24. Апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» на чале з былым прэм’ерам Польшчы і экс-старшынёй Еўрасавета Дональдам Тускам набрала 30,7 працэнта. Блок «Трэці шлях» набраў 14,4 працэнта, «Левыя» — 8,61 працэнта і партыя «Канфедэрацыя» — 7,16 працэнта. Кіруючая партыя «Права і справядлівасць» страціла большасць у парламенце Польшчы. Як адзначаюць аналітыкі, сукупны вынік трох апазіцыйных сіл дазволіць ім атрымаць большасць у Сейме і прэтэндаваць на фарміраванне ўрада. Цяпер у апазіцыі ёсць шанц сфарміраваць кіруючую кааліцыю. Адметна, што яўка на выбарах склала больш за 74 працэнты — найвышэйшы паказчык з 1989 года. Што ж чакае Польшчу?


Чыстая матэматыка

Замежныя медыя падрабязна акрэслілі пікантнасць «ПіСавай перамогі». «Апісаць вынікі выбараў у Польшчы можна проста, — адзначыла «Бі-бі-сі». — Першае месца на іх заняла партыя ўлады, «Права і справядлівасць» — гэта праўда. Але яе вынік (нават калі дадаць да яго вынік ультраправай «Канфедэрацыі», якая лічылася верагодным кааліцыйным партнёрам ПіС) аказаўся недастатковым для таго, каб стварыць парламенцкую большасць і, адпаведна, прызначыць свой урад.

Пакуль што прадстаўнікі ПіС пераконваюць сваіх прыхільнікаў, што здзейсняць неабходныя дзеянні «для таго, каб застацца ва ўладзе, але рэалізаваць такі сцэнарый складана чыста з матэматычнага пункту гледжання».

Такім чынам, партыя Качыньскага можа разлічваць на 194 месцы ў Сейме, «Канфедэрацыя» — на 18 месцаў, а аб’яднаная апазіцыя («Грамадзянская кааліцыя», «Трэці шлях» і «Левыя») — 248 месцаў, паведаміла БелТА. Каб сфарміраваць большасць у польскім Сейме, неабходна атрымаць больш за 230 месцаў. Гэта значыць, фармальна ў апазіцыі ўжо ёсць большасць. Што датычыцца ПіС, то, нават стварыўшы кааліцыю з крайне правай «Канфедэрацыяй», яна можа разлічваць толькі на 212 мандатаў.

Наступны ход — за прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Напярэдадні польскі лідар выступіў з прамовай па выніках парламенцкіх выбараў. Аднак Дуда так і не сказаў галоўнага: каму ён даверыць місію па фарміраванні новага ўрада. Традыцыйна такое права атрымлівае партыя-пераможца. Але, улічваючы расклад месцаў у Сейме, было б лагічна не цягнуць час і адразу выбраць кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі.

Кірмаш ганарыстасці

Апазіцыйная партыя «Грамадзянская кааліцыя» будзе вылучаць свайго лідара Дональда Туска на пасаду прэм’ера Польшчы. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка партыі Цэзарый Томчык, паведамляе RMF24. Ён назваў Туска «натуральным кандыдатам» на пасаду прэм’ера і адзначыў, што «Грамадзянская кааліцыя» знаходзіцца ў кантакце з лідарамі іншых партый. «Мы хочам, каб кааліцыйныя перагаворы адбыліся як мага хутчэй», — сказаў Цэзарый Томчык. Генеральны сакратар «Грамадзянскай кааліцыі» Марчын Кервіньскі ў эфіры тэлеканала Polsat адзначыў, што кандыдатам на пост прэм’ера можа быць толькі Дональд Туск. «Мяркую, што кандыдат на пасаду прэм’ера адзін. Без энергіі і мэтанакіраванасці Дональда Туска перамены ў Польшчы былі б немагчымыя», — заўважыў сакратар.

У сваю чаргу сам Дональд Туск у звароце да прэзідэнта Анджэя Дуды заявіў, што польскія апазіцыйныя партыі ў любы момант гатовыя ўзяць уладу ў свае рукі. «Людзі чакаюць першых рашэнняў, якія стануць наступствамі выбараў. Выбары выйгралі дэмакратычныя партыі, яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце і гатовыя ўзяць адказнасць за кіраванне краінай у любы момант», — сказаў кіраўнік «Грамадзянскай кааліцыі».

Туск мае палітычную вагу не толькі ў Польшчы, але і ў Еўрасаюзе. На працягу сямі гадоў — з 2007 да 2014 года — ён займаў крэсла прэм’ер-міністра Польшчы, затым пачаў будаваць кар’еру ў Бруселі, нагадала БелТА. І вельмі паспяхова. На працягу пяці гадоў Туск узначальваў Еўрапейскі савет, а затым і вядучую фракцыю Еўрапарламента — Еўрапейскую народную партыю. Для польскай апазіцыі, якая жадае вывесці краіну з ізаляцыі, у якую Польшча імкліва скочвалася пры ПіС, вяртанне Туска ў крэсла прэм’ера было б самым лагічным рашэннем.

Аднак палітычнае асяроддзе ў Польшчы ўжо даўно не падпарадкоўваецца законам логікі. Яна, хутчэй, нагадвае «кірмаш ганарыстасці», дзе асабістыя амбіцыі адсоўваюць на другі план інтарэсы дзяржаўныя. 

І гэтая электаральная кампанія, падчас якой палітыкі для дасягнення сваіх мэт выкарыстоўвалі ўсе даступныя сродкі, стала відавочным прыкладам гэтаму. Таму далейшае развіццё падзей можа быць самым нечаканым. На гэта ўжо намякаў Качыньскі, папярэджваючы, што наперадзе «могуць адбыцца цікавыя падзеі».

Расколы і расклады

Напярэдадні ў польскіх СМІ з’явілася інфармацыя, што ПіС можа паспрабаваць перацягнуць на свой бок «Трэці шлях». Нібыта партыя Качыньскага гатовая нават аддаць апазіцыйнаму блоку крэсла прэм’ера. У каментарыях журналістам прадстаўнікі «Трэцяга шляху» катэгарычна аспрэчваюць магчымасць падобнага тандэма. Але варта меркаваць, што ў канчатковым выніку ўсё будзе залежаць ад перагавораў паміж апазіцыйнымі партыямі. І калі ў аб’яднанай апазіцыі адбудзецца раскол, то расклад сіл у корані зменіцца.

Тым больш што літаральна на наступны дзень пасля пачатку работы новага парламента польскія палітыкі будуць трымаць у галаве яшчэ адны выбары: вясной у краіне абяруць мясцовыя органы ўлады, і кампанія да гэтых выбараў нефармальна пачнецца яшчэ гэтай восенню. А адразу за імі — летам наступнага года — і выбары ў Еўрапарламент. Блізкасць такіх кампаній рэдка садзейнічае знаходжанню кампрамісаў паміж патэнцыяльнымі канкурэнтамі, і Польшча з яе расколатым грамадствам і палярызаванай палітычнай сцэнай у гэтым сэнсе наўрад ці стане выключэннем з правіла, адзначыла «Бі-бі-сі».

Канфлікты ў шэрагах патэнцыяльна новай улады не без злараднасці прадказваюць палітыкі ПіС. «Вы думаеце (гэтыя тры палітычныя сілы) кожны дзень сядзяць, каўку папіваюць і абмяркоўваюць, як яны выдатна будуць кіраваць? Там вайна цяпер толькі пачнецца», — заявіў у эфіры «Польскага радыё 24» цяперашні міністр адукацыі, адзін з лідараў ПіС Пшэмыслаў Чарнек. Аднак зусім не факт, прагназуюць польскія палітолагі, што адчувальнае паражэнне на парламенцкіх выбарах не абвострыць спрэчкі паміж рознымі групамі ўплыву ўнутры «Права і справядлівасці», некаторыя назіральнікі не выключаюць нават развалу гэтай палітычнай сілы. Тым больш што яшчэ адной прыярытэтнай задачай на першыя сто дзён ва ўладзе цяперашнія апазіцыянеры вызначылі прыцягненне да адказнасці цэлага шэрагу вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў — функцыянераў ПіС. І, калі меркаваць па вастрыні іх не толькі перадвыбарных, але і самых свежых заяў, яны маюць намер падысці да рэалізацыі гэтага абяцання сур’ёзна.

Усё ж у Туска шанцаў на фарміраванне кааліцыі куды больш, чым у Качыньскага. Пакуль лідар «Грамадзянскай кааліцыі» збіраў прыхільнікаў, кіруючая партыя прымудрылася сапсаваць адносіны нават з «Канфедэрацыяй», якая магла ўвайсці з ПіС у кааліцыю. Акрамя гэтага, час праўлення «пісаўцаў» адзначыўся эканамічнымі праваламі, канфрантацыяй на міжнароднай арэне, у тым ліку з найбліжэйшымі саюзнікамі, ростам пратэсных настрояў у грамадстве, а таксама гучнымі карупцыйнымі скандаламі. На гэтым фоне ПіС выглядае таксічнай палітсілай. Гэта той выпадак, калі для яе магчымых саюзнікаў рэпутацыйныя выдаткі пагражаюць пераважыць патэнцыяльныя выгады.

Тым часам у польскіх СМІ прагучала яшчэ адна трывожная навіна: кіруючая партыя можа запусціць сілавы варыянт у выпадку паражэння на парламенцкіх выбарах. Пра гэта, у прыватнасці, паведаміў выданню Gazeta Wyborcza былы кіраўнік Службы ваеннай контрразведкі Польшчы генерал Пётр Пытэль. Ён звярнуў увагу, што напярэдадні выбараў сышлі ў адстаўку кіраўнік Генштаба польскай арміі генерал Раймунд Анджэйчак і аператыўны камандуючы ўзброенымі сіламі рэспублікі генерал Томаш Піятроўскі. «Адстаўка генералаў, асабліва кіраўніка Генштаба Анджэйчака, беспрэцэдэнтная», — адзначае Пытэль. Ён мяркуе, што Анджэйчак мог атрымаць інфармацыю аб планах ПіС ці нават указанні па падрыхтоўцы сілавых дзеянняў. Па словах Пытэля, усё можа прайсці як па мяккім сцэнарыі, так і па сцэнарыі з увядзеннем у Польшчы надзвычайнага становішча. 

І ўсё ж вельмі сумнеўна, што ПіС у цяперашняй сітуацыі вырашыцца на сілавыя меры. Падобнаму развіццю падзей наўрад ці б узрадаваліся ў ЗША, якія разглядаюць Польшчу ў якасці важнага плацдарма ў Еўропе.

Пазіцыю Вашынгтона адносна Варшавы данёс былы амерыканскі пасол у Польшчы, эксперт аналітычнага цэнтра «Атлантычны савет» Дэніэл Фрыд. У інтэрв’ю польскаму радыё RMF 24 Фрыд заявіў, што вынікі выбараў і магчымы прыход да ўлады апазіцыі нічым не пагражаюць альянсу ЗША і Польшчы. Іншымі словамі, ад перамены месцаў складнікаў на палітычнай арэне Польшчы сума для ЗША не змяняецца. «Гэтае супрацоўніцтва будзе працягвацца», — упэўнены Фрыд.

У рэжыме акупацыі

Вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы сведчаць пра тое, што палітычныя тэхналогіі Захаду не спрацавалі ў поўнай меры і польскі народ пачаў многае разумець. Аб гэтым у эфіры «Альфа радыё» заявіў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. «Польшча знаходзіцца ў рэжыме акупацыі з боку Злучаных Штатаў Амерыкі, Вялікабрытаніі. Таму казаць пра тое, што там была сумленная, справядлівая барацьба без актыўнага ўдзелу спецыяльных службаў, дарадцаў Дзярждэпа ЗША і МЗС Вялікабрытаніі, — гэта падманваць саміх сябе. Зразумела, што ЗША і ўвесь англасаксонскі свет уклалі ў Польшчу пачынаючы з 1990-х гадоў велізарныя грашовыя сродкі. 

І казаць пра тое, што цяпер яны проста адпусцяць Польшчу і дадуць ёй зрабіць свабодны выбар, які быў бы больш арыентаваны на нейкія нацыянальныя інтарэсы, а не на інтарэсы англасаксонскага свету, было б ілюзіяй. Тое, што мы назіраем, — гэта пэўная гульня заходніх сіл, якія кантралююць Польшчу і фінансуюць яе палітычныя эліты. Тое, што кіруючая партыя [па выніках парламенцкіх выбараў] не набрала большасці, што дазволіла б ёй раптоўна сфарміраваць кабінет міністраў, сведчыць толькі аб адным: палітычныя тэхналогіі, якія былі выкарыстаныя падчас выбараў, не далі належнага выніку, — адзначыў аналітык. — Адназначна яны (цяперашнія польскія ўлады. — Рэд.) арыентаваліся на тое, каб атрымаць большасць. Але дамагчыся гэтага не здолелі. Гэта сведчыць аб тым, што ў польскага народа ёсць разуменне: кіруючая эліта, якая на працягу доўгага часу знаходзілася ва ўладзе, дзейнічае ў інтарэсах Захаду, арыентуецца на мілітарызацыю рэгіёна і нейкія незразумелыя амбіцыйныя мэты і задачы, што прывяло да рэзкага пагаршэння сацыяльна-эканамічных умоў жыцця ў Польшчы».

Аляксей Аўдонін канстатаваў, што цяпер ідзе працоўная міграцыя палякаў у Еўропу. Але яна іх часцяком не прымае. «Нядаўна былі даныя, што 50 працэнтаў бяздомных у Германіі — гэта палякі. Такая ж статыстыка актуальная і ў адносінах да Вялікабрытаніі. Фактычна палякі, з’язджаючы з Польшчы ў пошуках лепшага жыцця, аказваюцца па-за справамі, Еўропа іх не прымае. Гэта прыводзіць да негатыўных адносін грамадзян Польшчы да кіруючых эліт, разуменню таго, што на сваёй тэрыторыі яны не стварылі належныя ўмовы для развіцця нацыі».

Разважаючы пра тое, што чакае Польшчу і польскі народ у найбліжэйшай будучыні, Аляксей Аўдонін сказаў: «Мы, вядома, пажадаем, каб польскі народ змог дасягнуць сваіх сапраўдных нацыянальных мэт і, галоўнае, каб на тэрыторыі Польшчы не адбылося грамадзянскай вайны паміж старымі элітамі, якія падтрымліваюцца англасаксонскім светам, і новымі нацыянальнымі элітамі».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.