Вы тут

Навучэнцы педкласаў спрабавалі знайсці сваю формулу ідэальнага настаўніка


Настаўнік — не проста прафесія, а стан душы, лад жыцця. Быць педагогам нельга толькі падчас заняткаў. Прафесія настаўніка — не для раўнадушных людзей, паколькі патрабуе шмат душэўных і эмацыянальных выдаткаў. Любіць дзіця трэба незалежна ад яго знешнасці, здольнасцяў і недахопаў. Сучасны свет ставіць перад педагогам шмат выклікаў, але і адкрывае шмат перспектыў. Настаўнікам быць цяжка, а быць творчым настаўнікам — яшчэ цяжэй. Так лічаць навучэнцы педагагічных класаў. У рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя напрамкі і перспектывы педагагічнай адукацыі» на базе 86-й мінскай школы імя Фамы Занько прайшла секцыя «Мая будучыя прафесія — настаўнік», дзе слова было дадзена педагогам заўтрашняга дня. У навучэнцаў профільных педагагічных класаў і груп была магчымасць паглядзець на сябе з пункту погляду адпаведнасці педагагічнай прафесіі і вызначыць найбольш яркія прафесійна-асабовыя якасці, неабходныя сучаснаму педагогу.


Дапамагчы паверыць у сябе

— Лёс чалавека шмат у чым залежыць ад абранай прафесіі. Мае аднакласнікі знаходзяцца цяпер на жыццёвым раздарожжы. Дзяцінства заканчваецца, і пачынаецца дарослае жыццё. Мой прафесійны выбар — інклюзіўная адукацыя, а менавіта прафесія дэфектолага, — кажа Паліна Більдзюг, адзінаццацікласніца сталічнай гімназіі № 14. — Я навучаюся ў педагагічнай групе. У гімназіі мне дапамагаюць суаднесці патрабаванні, якія прад’яўляюцца да будучай прафесіі, з уласнымі якасцямі.

Зараджэнне маёй прафесіі адбылося ў пачатку ХХ стагоддзя: у гэты час многія вучоныя пачалі займацца вывучэннем прычын адхіленняў у развіцці дзяцей, для іх ствараліся спецыяльныя цэнтры.

Незвычайная прафесія, скажаце вы. А я хацела мець незвычайную прафесію. Мой будучы педагагічны лёс не з’яўляецца выпадковым. У жыцці галоўнай апорай стала мая бабуля, лагапед-дэфектолаг. З самага дзяцінства я праводзіла шмат часу з ёй як дома, так і на рабоце. З сёмага класа вучні нашай гімназіі наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Заводскага раёна Мінска. Мы былі ўражаны вопытам стасункаў з асаблівымі дзецьмі... Нягледзячы на шматлікія праблемы, яны такія жыццярадасныя, што з’явілася жаданне быць бліжэй да іх і выбраць прафесію дэфектолага.

Лічу, што яна па-свойму ўнікальная, паколькі знаходзіцца на стыку адразу некалькіх навук: педагогікі, псіхалогіі, сацыялогіі і медыцыны. Прафесія тоіць у сабе шмат цяжкасцяў, нягледзячы на гэта, я ўпэўнена, што змагу рэалізаваць творчы патэнцыял. На сёння ў маёй скарбонцы ўжо 16 праведзеных урокаў у пачатковай школе і на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, пяць класных гадзін і два пазакласныя мерапрыемствы.

Асновай маёй філасофіі стала жаданне злучыць любоў да творчасці з любоўю да дзяцей. Я лічу, што мая прафесія — адна з самых важных, запатрабаваных і гуманных — дапамагаць дзіцяці стаць больш упэўненым у сабе, навучыць яго ўзаемадзейнічаць з навакольным светам... Сапраўдны настаўнік — гэта чараўнік смарагдавага горада, які дапаможа справіцца з любымі цяжкасцямі і нават з самымі невырашальнымі. Усе дзеці — розныя, і каб дапамагчы, трэба падабраць да кожнага ўнікальны ключык, які адкрые таямніцы яго трывог і няўдач. Мая будучая прафесія дапаможа мне вучыцца кожны дзень, развівацца і дапамагаць дзецям. Веру, што змагу стаць добрым настаўнікам і праз гады скажу: «Я адбылася як педагог, таму што дапамагаю дзецям»…

Быць цікавым для вучняў

«Чаго катэгарычна нельга дапускаць у педагагічнай дзейнасці, дык гэта абраз і знявагі ў адносінах да вучняў, — дзеліцца сваім бачаннем педагагічнай прафесіі навучэнка Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Аніта Барадзіна. — Гэта паказчык непрафесіяналізму, бо якім бы „цяжкім“ ні быў вучань, мы не можам дапусціць у яго бок абразы, тым больш пры іншых дзецях. Між іншым, вучні вельмі адчувальныя. Яны не даруюць абыякавасць і фальш. Эмацыянальны ціск і забарона на свабоду думкі ні ў якім разе не дапушчальныя. Мы павінны вучыць глядзець на рэчы з розных пунктаў гледжання. Кожны педагог хацеў бы, каб яго паважалі, а для гэтага важна захаваць творчы парыў дзіцяці.

Любая тэма можа паказацца дзіцяці сумнай, калі настаўнік чытае яе з лістка. Некаторых настаўнікаў можна зразумець, яны маральна знясіленыя... Але, тым не менш, ёсць многа нестандартных відаў урока, якія дазваляюць паглядзець на выкладанне з творчага ракурсу. Навучанне можа быць вясёлым, творчым і цікавым, і гэта ў сілах настаўніка. Быць настаўнікам цяжка, а быць творчым настаўнікам — яшчэ цяжэй. За намі — будучыня, яна пачынаецца тут і цяпер. І хочацца верыць, што мы зможам рэалізаваць усе нашы чаканні і ўяўленні аб будучай прафесіі».

— Я перакананая, што прафесія настаўніка — адна з самых важных і ганаровых на Зямлі. Менавіта ад педагога залежыць, якім будзе маладое пакаленне, што будзе ствараць новыя тэхналогіі, адказваць за інавацыі, развіваць эканоміку. Прафесія настаўніка патрабуе пастаяннага самаразвіцця і павышэння кваліфікацыі, — упэўнена навучэнка 11 класа педагагічнай накіраванасці сталічнай сярэдняй школы № 134 Анастасія Казімірчык. — У сучасным свеце інфармацыя абнаўляецца вельмі імкліва, таму настаўнік павінен быць гатовы да пастаяннага асваення новых методык навучання, быць у курсе новых тэхналогій, каб эфектыўна іх прымяняць у штодзённай рабоце. Настаўнік павінен глыбока ведаць прадмет, быць экспертам у абранай галіне.

Сучасны свет ставіць перад настаўнікам шмат выклікаў, але і адкрывае шмат перспектыў для развіцця ў прафесіі. Дзякуючы выкарыстанню новых тэхналогій, лічбавых сэрвісаў настаўнік атрымлівае магчымасць ствараць інтэрактыўныя ўрокі з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў, арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне, што робіць яго цікавым і прагрэсіўным у вачах вучняў.

Чалавечыя якасці настаўніка таксама важныя: цярплівасць, эмпатыя, лідарскія якасці. Я веру, што валодаю ўсімі імі і гатова прыняць выклікі сучаснага свету. Для мяне гэта не проста работа — я буду ствараць асяроддзе, дзе кожнае дзіця зможа адчуваць сябе ўпэўнена і дасягне высокіх вынікаў.

Прафесійнае станаўленне настаўніка — гэта доўгі і цікавы шлях. Настаўнік становіцца для дзяцей прыкладам этычных паводзін, ён трансліруе ім жыццёвыя каштоўнасці. Навык камунікацыі таксама вельмі важны, паколькі ён дазволіць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з вучнямі, бацькамі і калегамі…

Педагогі, якія натхняюць

«Чаму варта выбраць прафесію педагога?» — гэтым пытаннем задалася два гады таму адзінаццацікласніца Смілавіцкай сярэдняй школы № 1 Чэрвенскага раёна Варвара Нежавец.

— Я вырашыла спытаць у вучняў нашай школы, якую прафесію яны абралі б і чаму абралі б ці не прафесію педагога, — расказала дзяўчына. — Многія сказалі мне, што гэта прафесія занадта складаная, працаёмкая і не хочацца аддаваць свае сілы. Хтосьці сказаў, што яго натхніў адзін ці некалькі настаўнікаў з нашай школы, таму яны хацелі б стаць такімі ж як яны. Ёсць тыя, хто хоча працягнуць педагагічную дынастыю, гэта сямейная традыцыя — станавіцца настаўнікамі. Хтосьці сказаў, што хоча навучыць дзяцей чамусьці новаму, і ўпэўнены, што зможа гэта зрабіць.

Чаму мой выбар спыніўся на педагогіцы? Гэтаму была не адна прычына. Напэўна, кожны настаўнік паўплываў на яго. Але сапраўднае захапленне выклікалі маладыя настаўнікі, якія вырашылі прыйсці да нас у школу. І з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Кожны з іх прыносіць у традыцыйны ўклад школьнага жыцця штосьці новае, нам хочацца іх слухаць, назіраць за імі... Калі я ўяўляю, як сама буду праводзіць урокі, у маёй душы загараецца агеньчык гонару за кожнага, хто вырашыў абраць гэтую прафесію, і павага да кожнага, хто не толькі выбраў работу ў школе, але і застаўся там, нягледзячы на шматлікія штодзённыя цяжкасці і праблемы, з якім педагогі навучыліся спраўляцца. Мне вельмі запалі ў душу словы Льва Талстога: 

«Калі настаўнік мае толькі любоў да справы, ён будзе добрым настаўнікам. Калі настаўнік мае толькі любоў да вучня, як бацька, маці, — ён будзе лепшы за таго настаўніка, які прачытаў усе кнігі, але не мае любові ні да справы, ні да вучняў. Калі настаўнік злучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён — дасканалы настаўнік...» Гэтага складана дасягнуць, але імкнуцца да гэтага трэба…

Складнікі прэстыжу прафесіі

— Калі мы кажам «Настаўнік», перад вачыма паўстае канкрэтны чалавек: добры ці не вельмі, чулы ці раўнадушны, той, хто любіць сваю прафесію і дзяцей, і наадварот. Я навучаюся ў дзясятым класе і стаю на парозе выбару прафесіі. Размаўляючы з аднакласнікамі, заўважыла, што некаторыя з іх выбіраюць прафесію, зыходзячы з яе прэстыжнасці ў грамадстве, напрыклад, адных прыцягвае перспектыва кар’ернага росту, іншых — высокая заработная плата і розныя бонусы, — канстатуе Мілана Севярынава, вучаніца мінскай сярэдняй школы № 86 імя Фамы Занько. — Таму для будучыні краіны вельмі важна, каб настаўнік зноў стаў паважанай фігурай у грамадстве. Калі зазірнуць у тлумачальны слоўнік, можна даведацца, што слова «прэстыж» азначае абаянне, зачараванне, аўтарытэт, павагу, давер. Адпаведна прэстыж — шматбаковая з’ява, якая мае на ўвазе параўнальную ацэнку грамадствам сацыяльнай значнасці прафесіі, яе функцыянальную важнасць, а таксама ступень павагі і прызнання, якімі карыстаецца прадстаўнік той ці іншай прафесіі.

Меркаваць пра месца настаўніка ў грамадстве можна на прыкладзе трох пакаленняў педагогаў. Прадзядуля і прабабуля маёй аднакласніцы былі сельскімі настаўнікамі з 1924 да 1975 года. Па іх аповедах можа меркаваць, што ў тыя часы прэстыж прафесіі быў вельмі высокі. Настаўнік быў самым паважаным чалавекам у вёсцы. Да яго ішлі па параду і дапамогу. Справу сваіх бацькоў працягнулі дзве дачкі. Адна з іх — бабуля маёй аднакласніцы. Яны працавалі з 1950 да 2005 года. Тады ўжо пачало мяняцца стаўленне да настаўніка і, на жаль, не ў лепшы бок. Цёця маёй аднакласніцы працягнула настаўніцкую дынастыю і працуе ў школе на Віцебшчыне з 1991 года. Па яе меркаванні, прэстыж настаўніцкай прафесіі пастаянна зніжаўся, і толькі апошнім часам намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі.

Разважаючы аб прэстыжы педагагічнай прафесіі, трэба згадаць яго асноўныя характарыстыкі. Адна з іх — узнагарода за працу педагога. Заработная плата ў настаўніка не вельмі высокая. Не так проста вырашыць гэту праблему, аднак заахвочванні педагогаў могуць практыкавацца часцей. Напрыклад, у нашай школе напрыканцы года праходзіць так званы «Настаўніцкі «Оскар», калі ўшаноўваюць педагогаў, якія цягам года найбольш ярка праявілі сабе. Вызначаны розныя намінацыі «Адкрыццё года», «Майстар года», «Педагагічны аптыміст» і іншыя.

Таксама для прэстыжу педагагічнай прафесіі важны аўтарытэт настаўніка ў вачах вучняў і іх бацькоў, яго чалавечыя якасці, стыль стасункаў. Аўтарытэтнаму настаўніку авансуецца давер, яго меркаванне прызнаецца верным і прымаецца як кіраўніцтва да дзеяння. Важная ўмова — любоў да дзяцей. Настаўнік павінен не толькі выдатна ведаць свой прадмет, ісці ў нагу з часам, асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі, але і быць заўсёды побач з вучнем: падзяляць яго праблемы і няўдачы, разам радавацца поспехам і перамогам. Стаць для дзіцяці тым, хто зразумее, даруе і заўсёды падтрымае. Між іншым, згодна з праведзеным сярод навучэнцаў дзясятых і адзінаццатых класаў нашай школы апытаннем, настаўнікам схільны давяраць у найбольшай ступені, чым прадстаўнікам іншых прафесій.

На думку Міланы, уменне навучацца цягам усёй педагагічнай кар’еры таксама надзвычай важнае. Увогуле, прэстыж прафесіі настаўніка залежыць напрамую ад прэстыжу адукацыі ў грамадстве. А для гэтага трэба ствараць пазітыўны вобраз настаўніка ў СМІ, выкарыстоўваючы любыя носьбіты інфармацыі: банеры, рэкламныя ролікі. Неабходна здымаць фільмы пра настаўнікаў, часцей запрашаць іх на тэлебачанне. Прыгадваць пра іх не толькі раз на год — на Дзень настаўніка, як гэта часта адбываецца.…

Эмоцыі і эмпатыя

А ці зможа замяніць настаўніка штучны інтэлект, сфера прымянення якога апошнім часам імкліва пашыраецца? Гэтым пытаннем задалася адзінаццацікласніца сталічнай сярэдняй школы № 28 Васіліса Васілеўская. Дзяўчына прывяла шэраг аргументаў на карысць «жывога» настаўніка.

Штучны інтэлект не можа абапірацца на жыццёвы вопыт. Ён працуе па зададзеным чалавекам алгарытме і ў яго закладзена нейкая мадэль аб’екта ўзаемадзеяння з сярэднім узроўнем засваення вучэбнага матэрыялу. А настаўнік шукае індывідуальны падыход да кожнага вучня. Толькі жывы настаўнік можа хутка адаптавацца да непрадказальных сітуацый, якія не закладзены ў канкрэтную праграму, прычым рабіць гэта з захаваннем маральных норм.

Навучанне ў школе з’яўляецца этапам сацыялізацыі асобы. Сучасная школа павінна выхаваць творцу, які кіруе штучным інтэлектам, а не карыстальніка ці аператара, выхаванага штучным інтэлектам. І вызначальную ролю ў гэтым іграе настаўнік — сам здольны да творчасці, які навучыць творчасці дяцей.

У педагагічнай дзейнасці надзвычай важныя эмоцыі, эмпатыя. Нават тэмбр голасу, міміка, жэсты, поза педагога здольныя шматразова павысіць эфектыўнасць засваення інфармацыі. Вучню прасцей успрымаць яе, калі ён бачыць эмоцыі суразмоўніка. І распазнаць эмоцыі вучня таксама пад сілу толькі педагогу. «Таму асоба настаўніка ў школе ніколі не можа быць замененая на нейкую базу даных», — рэзюмавала Васіліса.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Злучыць любоў да справы з любоўю да дзяцей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.