Вы тут

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы паказалі ўнікальныя артэфакты з фонду Язэпа Драздовіча


Як выглядаюць у арыгінале знакамітыя дзённікі мастака Язэпа Драздовіча, ягоны астранамічны трактат «Нябесныя бегі» і шмат іншых рарытэтаў, можна ўбачыць на выставе «Самародак зямлі беларускай», арганізаванай у чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.


Выстава прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння гэтай легендарнай, рознабаковай асобы, якую параўноўваюць з Леанарда да Вінчы. Ёсць магчымасць упершыню пабачыць некаторыя артэфакты з фонду Язэпа Драздовіча, напрыклад, намаляваны ім партрэт яго маці — цікава, што аблічча нагадвае сатурнян з карцін мастака, прысвечаных жыццю на іншых планетах. У экспазіцыі — шмат дакументаў з рукапіснага архіву Драздовіча, які ў 1960-х быў набыты ў ягонай сястры. Сярод іншага можна ўбачыць пастанову Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу аб прызнанні дваранскай годнасці роду Драздовічаў, пасведчанне аб нараджэнні, аўтабіяграфіі, генеалагічную табліцу роду Драздовічаў, складзеную мастаком. Ці вось кранальны дакумент — прапанова мастака, дасланая ў музей Янкі Купалы, набыць калекцыю ягоных карцін «на тэму Георгій (Юрый) Францішак Скарына ў 5-ці карцінах». Карціны, наколькі вядома, набытыя не былі. Раскрытая і пісьменніцкая іпастась Драздовіча. Можна пабачыць рукапісы рамана «Гарадольская пушча», паэмы «Трызна мінуўшчыны», 2-й часткі аповесці «Вар’ят без вар’яцтва», чарнавікі вершаў. Вось, напрыклад, увосень 1936 года Драздовіч занатоўвае:

«Я художнік мастак бедакоў,

Я працоўнага люду мастак,

Я не знаю паноў ні панкоў,

Па прыродзе сваёй я прастак»

Літаратурныя і публіцыстычныя творы Драздовіча — крыніца незвычайных слоўцаў і выразаў. Вось, напрыклад, загаловак для чарговага трактату: «Характэрызацыя дарэчнасці і адрэчнасці людзей». Нездарма ён быў фалькларыстам і этнографам. Сярод экспанатаў — сшыткі з запісамі народных песень, прыказак, прымавак Піншчыны і Дзісеншчыны, лексічныя матэрыялы да слоўніка «Беларуска-расейскай тэрміналогіі па анатоміі і фізіялогіі цела чалавека». Можна пабачыць сінюю скрынку, зробленую Драздовічам адмыслова для складання картак са словамі. 

«Касмічны», і адначасова беларусацэнтрычны маштаб мыслення мастака адчуваецца ва ўсім, вось, напрыклад, сшытак «Дзе мы і хто мы». Бяседы аб утварэнні свету. Небазнаўства. 1937 г.». Сшытак прыкрашаны аўтапартрэтам Драздовіча ў профіль, на фоне чорнага круга, які падобны ці на планету, ці на ілюмінатар касмічнага карабля. Аўтар разважае аб жыцці на Месяцы і Марсе, пра зносіны з марсіянамі, пра планету Сатурн, апісвае, як будуць выглядаць палёты на Месяц (чамусьці ён бачыў астранаўтаў будучага ў чорных куртках, шэрых штанах і чорных бярэтах). Незвычайнае ўражанне пакідаюць і старонкі дзённікаў Драздовіча, на якіх ён апісвае свае «самнамбулічныя падарожжы» па іншых планетах у суправаджэнні малюнкаў. Свае працы тыпу «Происхождение самовертящихся планет» Драздовіч адсылаў у Акадэмію навук, але іх амаль не чыталі, лічачы за дылетанцтва. Такім чынам таксама ўтварылася частка фонда Драздовіча, дасюль малавывучаная. У экспазіцыі шмат малюнкаў. Напрыклад, знакаміты аўтапартрэт Язэпа Драздовіча, на якім ён адлюстраваў сябе «чалавекам эры беларускага джэнтльмэнства»: выкшталцоны белы касцюм, кіёк, падцягнутая пастава... Такім яго таксама запомнілі сучаснікі. Ёсць багатая эпісталярная спадчына, у раздзеле «Слова пра Я. Драздовіча» прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчай дзейнасці мастака. 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.