Вы тут

Атамныя, лічбавыя, эфектыўныя здабыткі і кірункі Energy Expo


ESG-трансфармацыя, устойлівае развіццё, інвестыцыйная дзейнасць, лічбавізацыя, электрыфікацыя жылля, выкарыстанне атамнай энергіі ў няядзерных сферах, інавацыйныя праекты і свежыя рашэнні ў сферы электраэнергетыкі і рэсурсазберагальных тэхналогій і экалогіі. Гэтыя і іншыя пытанні і дасягненні абмяркоўваюць і паказваюць на XXVІІ Беларускім энергетычным і экалагічным форуме Energy Expo, які праходзіць у Мінску, экспаненты больш як 200 айчынных і замежных прадпрыемстваў і арганізацый.


Атамная электрыфікацыя

За час свайго існавання форум стаў найбуйнейшай дзелавой і выставачнай пляцоўкай для паліўна-энергетычнага комплексу, які садзейнічае развіццю галіны, і найважнейшае месца ў парадку дня форуму займае атамная энергетыка, заўважыў Віктар КАРАНКЕВІЧ, міністр энергетыкі, падчас афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства:

— Функцыянаванне БелАЭС ужо робіць важкі ўнёсак ва ўмацаванне энергетычнай самастойнасці Беларусі. Разам з асваеннем мірнага атама сёння перад намі стаіць задача максімальна выкарыстоўваць патэнцыял сумежных галін: прамысловасці і адытыўных тэхналогій, электратранспарту і сістэм накаплення, лічбавізацыі і іншых.

Другі рэактар БелАЭС цяпер працуе на намінальнай магутнасці, у рамках яго доследна-прамысловай эксплуатацыі праведзена больш за 440 выпрабаванняў, якія павінны былі пацвердзіць работу тэхналагічных сістэм. Афармляюцца неабходныя дакументы для сёлетняй здачы другога энергаблока ў эксплуатацыю. Сумарна два энергаблокі выпрацавалі ўжо больш за 20 млрд кВт·г энергіі, што дазволіла замясціць 5,3 млрд м3 газу, удакладніў міністр.

Другі энергаблок увойдзе ў эксплуатацыю напрыканцы года. На першым цяпер адбываецца другі планава-папераджальны рамонт, падчас якога будзе заменена 25 % адпрацаванага паліва, удакладніў Міхаіл МІХАДЗЮК, намеснік міністра энергетыкі.

Ён нагадаў, што, згодна з комплексным планам развіцця электраэнергетычнай галіны з улікам уводу БелАЭС, спажыванне электраэнергіі ў краіне будзе павялічвацца. За найбліжэйшае пяцігоддзе (да канца 2025-га) у Беларусі плануюць збудаваць 2 млн м2 новага шматкватэрнага жылля, дзе ацяпленне і абагрэў будзе забяспечваць электраэнергія.

— Шматкватэрныя дамы, дзе сёння печкі, таксама плануюць перавесці на электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Аблвыканкамы ўжо вызначылі больш за сотню такіх дамоў у краіне. Мы падвядзём да абазначаных дамоў патрэбную інжынерную інфраструктуру, а ўнутраная рэканструкцыя мае адбывацца за грошы з удзелам бюджэту вобласці. Працягваецца і электрыфікацыя індывідуальнага жылля для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў сельскай мясцовасці. Мы маем больш за 100 тысяч такіх зваротаў ад жыхароў (звыш 80 % з іх задаволена), — паведаміў намеснік міністра.

У саюзных рамках

Закрануў Віктар Каранкевіч і пытанне фарміравання аб'яднаных рынкаў газу і электраэнергіі, паведаміўшы, што на завяршальнай стадыі знаходзіцца адзін з найважнейшых дакументаў — праект дагавора па фарміраванні аб'яднанага рынку электраэнергіі Саюзнай дзяржавы. На гэткім жа этапе і падрыхтоўка правіл арганізацыі работы аб'яднанага рынку.

Ён удакладніў, што Беларусь гатова забяспечыць пастаўку электраэнергіі і на экспарт, а не толькі для ўнутраных патрэб. Што датычыцца экспарту энерганосьбіту ў Расію, то гэта якраз прадмет размовы ў рамках фарміравання аб'яднанага рынку электраэнергіі. Усе пытанні адносна паставак, спажывання і набыцця электраэнергіі на агульным рынку будуць вызначаны ў правілах.

— Працягваецца работа па фарміраванні аб'яднанага рынку газу. Для Беларусі вызначаны асноўныя цэнавыя ўмовы паставак газа на 2023—2025 гады. У гэты ж час будуць узгадняцца прынцыпы работы аб'яднанага рынку з мэтай далейшага збліжэння ўмоў гаспадарання суб'ектаў Беларусі і Расіі, — падзяліўся міністр.

У рамках форуму быў падпісаны шэраг пагадненняў паміж арганізацыямі Дзяржкарпарацыі «Расатам» і беларускімі ведамствамі. Доўгатэрміновае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж прадпрыемствам «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі» і расійскай кампаніяй «ЦВЭЛ». Дакументам плануецца супрацоўніцтва ў галіне стварэння і развіцця інфраструктуры для фінальнай ізаляцыі радыеактыўных адходаў у Беларусі і падрыхтоўкі персаналу для эксплуатацыі прыпаверхневага пункта захоўвання адходаў, адзначылі падпісанты.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы рэалізацыі сумесных праектаў на аснове праграмных прадуктаў і лічбавых рашэнняў падпісалі краінавы офіс Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі — кампанія «РусатамБел», арганізацыя «Міжнародны дзелавы альянс» і аб'яднанне «Русатам — Лічбавыя рашэнні».

— У найбліжэйшы час мы будзем падпісваць ужо ліцэнзійныя пагадненні па асобных прадуктах. Напрыклад, пагадненне ў галіне рабатызацыі ў плане забеспячэння лічбавай аўтаматызацыі руцінных бізнес-працэсаў, што дазволіць паскараць бізнес і павышаць яго якасць, — заўважыў Станіслаў ЛЯВІЦКІ, дырэктар краінавага офіса Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі.

Энергетычная і экалагічная эфектыўнасць

Для забеспячэння краіны чыстай энергіі да 2025-га за кошт уводу ў эксплуатацыю БелАЭС у краіне плануюць зменшыць выкарыстанне газу для вырабу цяпла і энергіі на 60 %, што ў сваю чаргу паменшыць выкіды вуглякіслага газу на 7 млн тон штогод.

У свеце няма ніводнай краіны (незалежна ад таго, ці маюць яны запасы ўласных энергарэсурсаў), якую б не непакоілі пытанні энергетычнай бяспекі і незалежнасці, перакананы Віталь КРЭЦКІ, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці:

— Паказчык энергетычнай незалежнасці Беларусі сёння — каля 28 %, 17 % з якіх мы атрымліваем за кошт уласных энергарэсурсаў, то-бок з 10,5 тысячы ўсіх энергакрыніц у краіне больш за 50 % працуе на мясцовых відах паліва (кожная трэцяя гігакалорыя вырабляецца з уласнага паліва). А з 1993 года энергаёмістасць валавага ўнутранага прадукту зніжана практычна на 80 %, што ўдвая інтэнсіўней, чым у свеце.

Мемарандум аб узаемаразуменні падпісалі на форуме Дзяржкарпарцыі па атамнай энергетыцы «Расатам» і Мінпрыроды.

— Паслядоўная рэалізацыя дзяржаўнай экалагічнай палітыкі краіны, у тым ліку ў рамках кліматычнага парадку дня, скіравана на захаванне ўнікальнага прыроднага асяроддзя для паўнавартаснага жыцця людзей, — пракаментаваў Андрэй ХУДЫК, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — У гэтай сувязі мы разглядаем далейшае развіццё ўзаемавыгадных партнёрскіх стасункаў з «Расатамам» па пытаннях аховы наваколля.

Патэнцыял Дзяржкарпарацыі і яе кампетэнцыі дазваляюць значна пашырыць адносіны па фарміраванні адзіных навукова-даследчых падыходаў і агульнай пазіцыі, якая базіруецца на прынцыпах эканомікі замкнёнага тыпу, пагадзіўся Андрэй ЛЕБЕДЗЕЎ, дырэктар кірунку па рэалізацыі дзяржаўных і галіновых праграм у сферы экалогіі Дзяржкарпарацыі «Расатам»:

— Падпісанне стала стартам новага сур'ёзнага этапу развіцця ўзаемаразумення і перспектыў паспяховага супрацоўніцтва ў сферы экалагічнай бяспекі пры рэалізацыі высокатэхналагічных інвестпраектаў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.