Вы тут

Прайшоў круглы стол «Моцная сям'я — моцная дзяржава»


Сёння ў Доме прэсы ў рамках Тыдня бацькоўскай любові прайшоў круглы стол «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Падчас яго абмеркавалі актуальныя новаўвядзенні ў дзяржаўнай падтрымцы шматдзетных сем'яў, грамадскія ініцыятывы, якія папулярызуюць сямейныя традыцыі і каштоўнасці, а таксама паразважалі пра тое, як павысіць прэстыж мацярынства і бацькоўства. Пасля размовы па добрай традыцыі ўручылі дыпломы пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава».


Паводле слоў выступоўцаў, у нашай краіне падтрымка сям'і была і будзе нацыянальным прыярытэтам. «Тэма сям'і з'яўляецца адной з прыярытэтных і ў беларускіх СМІ, — падкрэсліў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй КУНЦЭВІЧ. — Для нас стала добрай традыцыяй штогод сумесна з Беларускім саюзам жанчын праводзіць Рэспубліканскі творчы конкурс сярод журналістаў «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Задача, пастаўленая перад СМІ, — не толькі інфармаваць, але і актыўна фарміраваць грамадскае меркаванне, садзейнічаць стварэнню станоўчага іміджу сям'і. Бо каштоўнасныя арыенціры, закладзеныя праз медыя, у многім вызначаюць сучасныя мадэлі сямейных паводзін». Што датычыцца конкурсу, то сёлета ён праводзіўся 13-ы раз. Усяго члены журы ацэньвалі 96 работ з 88 рэдакцый рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. «Лідарамі па колькасці матэрыялаў, пададзеных на конкурс, сталі Мінская і Магілёўская вобласці, — адзначыў Андрэй Кунцэвіч. — Мы ўдзячныя ўсім рэдакцыям і асобным аўтарам, якія прадстаўляюць гэту тэматыку ў сваіх сродках масавай інфармацыі. Сапраўды, сям'я — самае важнае ў жыцці кожнага. Будзе моцная сям'я — будзе моцная наша дзяржава». Ён таксама падкрэсліў, што сям'я і дзяржаўнасць заўсёды былі і будуць асноўнымі традыцыйнымі беларускімі каштоўнасцямі.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга ЧАМАДАНАВА падкрэсліла, што вельмі важна звяртаць асаблівую ўвагу на маладыя сем'і. «У гэтым годзе я правяла дзве вялікія сустрэчы з маладымі сем'ямі, і ўсе яны кажуць, што маюць патрэбу ў мудрасці, досведзе старэйшага пакалення. Таму і ў далейшым на такія сустрэчы будзем запрашаць сем'і, якія пражылі ў шлюбе па 50 і больш гадоў, каб яны дзяліліся парадамі, сваімі сямейнымі каштоўнасцямі. Трэба, каб такіх мерапрыемстваў было як мага болей і не толькі падчас бацькоўскага тыдня, але і на працягу года. Сям'я — гэта бясцэнны дар, які не ўсім даецца, таму вельмі важна яго захаваць і прымножыць. Бо, думаю, усе пагодзяцца, што шчасце — яно ў тым ліку і ў дзецях».

Пра падтрымку шматдзетных сем'яў распавяла намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Святлана КОВАЛЬ: «Бацькоўства — вялікая праца. Ад мамы і таты ў роўнай ступені залежыць не толькі дабрабыт сям'і і дзяцей, але і ўсёй краіны і тое, якой яна будзе праз дзесяцігоддзі. Менавіта таму наша краіна актыўна выступае ў абарону сям'і і сямейных каштоўнасцяў, а падтрымцы бацькоў дзяржавай удзяляецца вялікая ўвага. У прыватнасці, забяспечваецца матэрыяльная падтрымка сям'і пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, ажыццяўляецца дапамога ў вырашэнні жыллёвых пытанняў шматдзетным і маладым сем'ям з двума дзецьмі, развіваецца інфраструктура дзіцячых адукацыйных і медустаноў, пашыраюцца магчымасці для культурнага сямейнага адпачынку. Сістэма сацыяльнай падтрымкі, якая выбудавана ў інтарэсах сям'і з дзецьмі, — нацыянальны здабытак нашай краіны. І яна з гадамі прымнажаецца».

У ліку навацый апошніх гадоў — развіццё праграм сямейнага капіталу. Так, прадстаўлена права на датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетным сем'ям. Тыя, хто вырашыў сваё жыллёвае пытанне, могуць накіраваць гэтыя сродкі на аплату адукацыі як дзецям, так і бацькам, альбо медпаслугі, у прыватнасці стаматалагічныя. З 2022 года для дадатковай падтрымкі шматдзетных сем'яў, у якіх мама або тата ці дзіця мае інваліднасць, уведзены яшчэ адзін кірунак датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на набыццё сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Былі расшыраныя працоўныя гарантыі для бацькоў, якія працуюць, уведзены водпуск для таты, дыстанцыйная занятасць, распаўсюджванне шэрагу гарантый для маці і татаў, напрыклад, права выбару адпачынку ў летні час татам, калі ў сям'і выхоўваецца дзіця з інваліднасцю, права выкарыстання працоўнага адпачынку да заканчэння 6 месяцаў работы ў наймальніка для татаў з 2 дзецьмі да 17 гадоў.

Сёлета прыняты навацыі і змяненні ў Працоўны кодэкс, якія таксама пашыраюць гарантыі бацькоў, якія працуюць, з трыма і больш дзецьмі альбо якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю. З 1 студзеня 2024 года ў іх з'явіцца магчымасць выбару, як выкарыстаць дадаткова свабодны ад работы час. Замест свабоднага дня ў тыдзень работнік — тата ці мама — зможа выбраць скарачэнне работы ці змены на адну гадзіну (так званае штодзённае скарачэнне). Зручнымі будуць новыя падыходы, у адпаведнасці з якімі дыстанцыйная работа можа мець характар не толькі пастаянны, але і часовы — да 6 месяцаў у каляндарным годзе, а таксама ажыццяўляцца шляхам чаргавання дыстанцыйнай работы і на працоўным месцы ў арганізацыі — камбінаваная работа.

Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяна КРАЎЧАНКА, маці пяцярых дзяцей, згадала, што ў 1990-х, калі толькі засноўвалі грамадскае аб'яднанне, у шматдзетных сем'яў была праблема з атрыманнем жылля. «Сёння, на шчасце, такой праблемы няма. Практычна кожная шматдзетная сям'я мае магчымасць атрымаць жыллё на працягу 2 гадоў, прадугледжаны льготы па пагашэнні крэдыту (сям'я з чатырох і больш дзяцьмі мае магчымасць 100-працэнтнага пагашэння льготнага крэдыту; сям'я, у якой выхоўваецца трое дзетак, — 75 %). Гэта мае вялікае значэнне для шматдзетных сем'яў. Я хачу звярнуцца да ўсіх маладых жанчын: не бойцеся нараджаць да 30 гадоў, каб паспець стаць мамай як мінімум трох дзетак! Бо мець шмат дзетак — вялізнае шчасце. З узростам гэта разумееш больш яскрава. Дзеці не замінаюць кар'еры, хутчэй, наадварот, дапамагаюць. З 28 шматдзетных жанчын, якім 13 кастрычніка ўручылі ордэны Маці, толькі чатыры хатнія гаспадыні, астатнія працуюць, многія займаюць высокія пасады».

Гэтую думку пра кар'еру пацвердзіла і шматдзетная мама, удзельніца рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года», старшыня пярвічнай арганізацыі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ГА «Беларускі саюз жанчын» Юлія ТРЫКОЗА: «Я заўсёды кажу на розных мерапрыемствах, на якія мяне запрашаюць: «Дзяўчаты, нараджайце да 25 гадоў. Кар'ера ад вас нікуды не ўцячэ. Яе зрабіць вы яшчэ паспееце, а дзяцей, калі адкладаць іх нараджэнне бліжэй да сарака, можаце і не паспець нарадзіць. Вялікая сям'я — гэта здорава, хоць разам з тым і адказна. Але калі дзеці падрастаюць, вельмі прыемна, калі цябе дома сустракаюць смачнай вячэрай і цёплымі абдымкамі».

Усе выступоўцы адзначалі, што за апошнія гады вельмі ўзрасла роля татаў у выхаванні дзяцей. Так, паводле слоў загадчыцы лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця», прафесара, доктара медыцынскі навук Маргарыты ДЗЕВЯЛТОЎСКАЙ, праводзілася апытанне, па выніках якога 80 працэнтаў мужчын лічаць, што ў выхаванні дзяцей павінны ўдзельнічаць як жанчыны, так і мужчыны.

Старшыня праўлення рэспубліканскага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Клуб львоў» Вячаслаў ШЧЭРБА адзначыў, што татаў сёння можна ўбачыць паўсюль: «Яны здзяйсняюць пакупкі для сваіх дзяцей, водзяць груднічкоў у паліклінікі. У нас шмат праектаў па прывіцці татам адказнага свядомага бацькоўства, прыцягнення іх да клопату і выхавання сваіх дзяцей. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца «Тата-школы». Дзякуючы падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны нам удалося дасягнуць дамоўленасць з установамі сацабароны, і сёння пры кожнай з іх па запатрабаванні можа быць праведзена «Тата-школа». З татамі трэба размаўляць, даносіць ім, што іх роля ў сацыялізацыі дзяцей, асабліва хлопчыкаў, вельмі вялікая. У жыцці дзяўчынкі тата таксама адыгрывае істотную ролю, бо не сакрэт, што тыя вельмі часта выбіраюць будучага мужа, які падобны да бацькі. Карыстаюцца папулярнасцю і нашы летнікі для татаў і іх дзяцей — падлеткаў. Туды складана трапіць, бо ёсць абмежаванне па колькасці. У такіх летніках прымаюць удзел розныя таты: з поўных сем'яў, таты выхаднога дня, удаўцы, якія адны выхоўваюць дзяцей. Падчас гэтых летнікаў мы бачым, што нашы таты вельмі адказныя і надзейныя. Мы раней штогод праводзілі свята «Татаў дзень — кожны дзень». І вельмі ўсцешыліся, што ў нашай краіне з'явіўся Дзень таты на дзяржаўным узроўні».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.