Вы тут

Кожная сям'я шчаслівая па-свойму


З 14 кастрычніка, з Дня маці, пачаўся Тыдзень бацькоўскай любові. Шчаслівая сям'я — адзін з ключавых кірункаў развіцця нашай краіны. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у інтэрв'ю БелТА расказвае пра дэмаграфічную сітуацыю ў краіне і падтрымку сем'яў з дзецьмі.


Фота: БелТА

— Ірына Анатольеўна, ці імкнуцца беларусы стаць бацькамі? Якая роля ў гэтым дзяржаўнай палітыкі?

— Наша краіна, які шэраг іншых дзяржаў, знаходзіцца ў складанай дэмаграфічнай сітуацыі. На гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны. У актыўны дзетародны ўзрост уступіла малаколькаснае пакаленне народжаных у канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў. Змяняецца стратэгія шлюбна-сямейных адносін: узрост уступлення ў шлюб павялічваецца, адпаведна павялічваецца ўзрост мацярынства і бацькоўства.

Аднак да бацькоўства наша грамадства ставіцца пазітыўна. Паводле апытання, праведзенага ў красавіку—маі 2023 года Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі, сям'я і дзеці — сярод лідзіруючых пазіцый у структуры каштоўнасцяў беларусаў. Вышэй толькі здароўе (амаль 85 %), што не менш важна.

Пры гэтым вынікі даследавання паказалі, што пры агульнай дамінантнай сярод усіх апытаных устаноўцы на двухдзетнасць крайнія пазіцыі (аднадзетнасць ці шматдзетнасць) істотна залежаць ад мадэлі той сям'і, у якой выхоўваліся самі рэспандэнты (45 % лічаць для сябе аптымальным мець дваіх дзяцей, 22 % — адно дзіця, 11 % — траіх дзяцей, 2 % — чацвярых і больш).

Кожная трэцяя сям'я ў краіне — двухдзетная. З 2020 года мы вядзём улік шматдзетных сем'яў, што дае магчымасць гаварыць аб далейшай станоўчай дынаміцы. Колькасць шматдзетных сем'яў прадаўжае павялічвацца, сёння іх налічваецца амаль 123 тысячы.

Асноўная задача дзяржаўнай палітыкі — ствараць умовы для таго, каб у сем'ях нараджалася двое, трое і больш дзяцей. Для гэтага ў краіне забяспечваецца матэрыяльная падтрымка пры нараджэнні дзяцей, мы дапамагаем вырашаць жыллёвыя пытанні шматдзетным і маладым сем'ям з дваімі дзецьмі, развіваем інфраструктуру дзіцячых адукацыйных і медыцынскіх устаноў, пашыраем магчымасці для сумяшчэння працоўнай дзейнасці і сямейных абавязкаў, для культурнага развіцця і сямейнага адпачынку.

— Прыярытэт развіцця краіны на пяцігодку — шчаслівая сям'я. Можа, мае сэнс на дзяржаўным узроўні даць адзнаку значнасці працы бацькоў?

— Святкаванне Дня маці, на мой погляд, служыць магутным мабілізуючым фактарам для аб'яднання намаганняў усяго грамадства ў павышэнні прэстыжу мацярынства. Адмысловай павагай ва ўсе часы карыстаюцца годныя маці шматдзетных сямействаў. Выгадаваць, выхаваць і даць дарогу ў жыццё дзецям няпроста. А калі іх пяцёра?

Самыя лепшыя, самыя працавітыя жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей, узнагароджваюцца высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Маці. Такой узнагароды ўдастоены 13 370 жанчын, у тым ліку 618 узнагароджаны сёлета. Прыемным бонусам да ордэна Маці з'яўляецца грашовая выплата ў памеры пяці бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

Але ў пытаннях гарманічнага развіцця дзяцей, забеспячэння стабільнасці сямейных адносін вельмі важная роля не толькі маці, але і бацькі. Калі мама дае дзіцяці пяшчоту, ласку, цяпло, то тата забяспечвае абарону і ўпэўненасць, дапамагае вызначыцца з жыццёвымі прыярытэтамі, дзеліцца мудрымі жыццёвымі парадамі. Нярэдка ўзорам для пераймання дзіцяці становіцца менавіта бацька. Дзеці неўсвядомлена капіруюць яго найлепшыя якасці, яго паводзіны, стаўленне да жыцця. Таму святкаванне Дня бацькі — яшчэ адна нагода для многіх дзяцей сказаць, як моцна яны іх любяць, а для бацькаў — ганарыцца гэтым званнем і працягваць свой род.

— У працяг тэмы бацькоўства. Пытанне традыцыйнае: таты сталі больш актыўна афармляць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў ці не?

— Сітуацыя практычна не змяняецца, у асноўным у адпачынку па доглядзе дзяцей да трох гадоў — жанчыны. Удзельная вага мужчын, якія аформілі водпуск па доглядзе, складае каля 2 %.

На мой погляд, у адносінах да водпуску спрацоўвае стэрэатып, які склаўся ў грамадстве, што догляд малых — гэта жаночы абавязак. І яшчэ прычынай можа быць няўпэўненасць бацькаў у сваіх сілах. Але ж ступень удзелу бацькоў у жыцці дзяцей вымяраецца не толькі іх знаходжаннем у сацыяльным водпуску. Напрыклад, па даных абследавання, практычна раўнамерна паміж абодвума бацькамі падзяляюцца такія абавязкі, як укладванне дзяцей спаць, дапамога з хатнімі заданнямі, гульні і правядзенне вольнага часу. Пры гэтым адзначаны цікавы факт: чым вышэйшая адукацыя бацькі, тым больш актыўна ён уцягнуты ў дзейнасць па развіцці і навучанні дзіцяці.

Мы таксама бачым актыўнасць тат у сацыяльным плане. Спецыяльна да Дня бацькі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выступіла ў ролі аднаго з арганізатараў фотапраекта «Таты». На фота прадстаўлены бацькі розных прафесій разам са сваімі дзецьмі: урач, настаўнік, спартсмен, пажарны (выратавальнік), работнік тэлебачання, дзеяч культуры. Кожны з іх расказаў невялікую, але натхняльную гісторыю свайго бацькоўства. Удзел у адборы бралі 280 кандыдатаў.

Выстава адкрылася 12 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры Mіnsk Cіty Mall і даступна для свабоднага прагляду. Спасылка на гэты праект таксама размешчана на сайце міністэрства. Мы плануем да мая 2024 года правесці такія выставы ва ўсіх абласцях.

— Адзін з асноўных кірункаў пяцігодкі — шчаслівая сям'я. Вядома, шчасце — катэгорыя нематэрыяльная, але ўсё ж у якую суму гэта абыходзіцца дзяржаве?

— Кіраўнік дзяржавы пастаянна адзначае, што сацыяльная палітыка, якая праводзіцца ў краіне, садзейнічае таму, каб жанчыны змаглі ўвасобіць сваё прызначэнне — вырасціць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Дзяржава падтрымлівае сем'і, падаючы як розныя прамыя выплаты ў выглядзе дапамог, сацыяльнай дапамогі і іншых форм фінансавай падтрымкі, так і праз ільготы і паслугі. Прывяду некалькі прыкладаў.

На выплату дапамог сем'ям з дзецьмі ў 2023 годзе прадугледжана Br3,5 млрд, больш за палову з іх Br2 млрд — на выплату дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. На сямейны капітал штогод расходуецца больш за Br300 млн. Сямейны капітал па праграме 2015—2019 гадоў прызначаўся ў доларах ЗША. На яго фінансаванне было накіравана $826 млн. З 2020 года сямейны капітал назначаецца ў беларускіх рублях. Расходы дзяржавы склалі Br1,2 млрд.

Утрыманне аднаго дзіцяці ў дзіцячым садку ў гэтым навучальным годзе складае каля Br530 у месяц, або Br6,4 тыс. у год. Пры гэтым бацькі аплачваюць толькі харчаванне — Br70—150 у месяц у залежнасці ад узросту дзіцяці, віду і рэжыму работы дашкольнай установы. На ўтрыманне дзіцячых садкоў у 2023 годзе выдзелена Br2,3 млрд.

Бясплатная адукацыя, медыцынскае абслугоўванне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне непаўналетніх дзяцей, забеспячэнне лекавымі сродкамі дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў і яшчэ многія іншыя меры субсідзіруюцца дзяржавай.

— Якія яшчэ задачы ставіць дзяржава адносна сацыяльнай абароны сем'яў з дзецьмі?

— Сярод нашых найбліжэйшых задач — пытанні сямейнага капіталу, узмацненне адраснасці сістэмы дапамог. Гэта значныя фінансавыя ўкладанні дзяржавы ў сям'ю. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што клопат дзяржавы аб сям'і павінен абавязкова суадносіцца з клопатам сям'і аб сваім дабрабыце.

Кіраўніком дзяржавы ўзнята вельмі вострае пытанне — абарона дзяцей у праблемных сем'ях. Хачу адзначыць, што сямейныя праблемы не носяць масавы характар. Але кожная сям'я, у якой ёсць хоць б найменшыя прыкметы крызісных сітуацый, патрабуе максімальнай увагі ад дзяржаўных службаў і ад грамадства. Чаму? Бо чужых дзяцей не бывае.

У краіне 10 тысяч сем'яў, дзеці ў якіх прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, асноўная прычына (60 працэнтаў) — бацькоўскае п'янства. Але бацькі важныя для кожнага дзіцяці, нават тыя, якія сваімі безадказнымі паводзінамі пазбаўляюць яго шчаслівага дзяцінства. Таму, захоўваючы сямейнае асяроддзе для дзіцяці, узмацнілі кантроль за такімі сем'ямі і за выкарыстаннем бацькамі сацыяльных выплат у інтарэсах дзяцей.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».