Вы тут

Шматдзетная маці Валянціна Літвінюк: На вялікую сям’ю мы былі настроены адразу


Іх дом, высокі, прыгожы, на вуліцы Савецкай у Войскай відаць здалёк. На вышыню будынка паўплывала наяўнасць цокальнага паверха. Каб падняцца ў пярэдні пакой, трэба пераадолець чатырнаццаць прыступак. Гэта і ёсць першая задачка па матэматыцы для самых малых — палічыць прыступкі. Зранку вялікі дом напаўняецца галасамі, потым усе разыходзяцца на працу і вучобу, а мама вялікага сямейства Валянціна застаецца з меншым паўтарагадовым Раманам.


Вялікая сям’я як традыцыя

Дзень у іх звычайна папярэдне распланаваны, усё робіцца хутка, дакладна. Як жа іначай паспець? А яшчэ тут усе дапамагаюць адно аднаму, усе ведаюць свае абавязкі і прытрымліваюцца іх. Шматдзетныя бацькі Валянціна і Мікалай Літвінюкі таксама выраслі ў вялікіх сем’ях: у жонкі — сем братоў і сясцёр, у мужа — пяць. «І на вялікую сям’ю мы былі настроены адразу, — гаворыць маці сямейства. — Калі Бог дае дзіцятка, — паказвае яна на меншага, што не злазіць з матчыных каленяў, — то хіба яно будзе галоднае? У нас дома гадаваліся чатыры сястры і чатыры браты. 

Мы бачылі, як бацькі любяць нас, як клапоцяцца. Памятаю, як мама выходзіла раней з дэкрэтнага, каб мець магчымасць нас лепей апранаць. 

А бацька пры першай нагодзе ездзіў на заробкі ў замежжа. Мы ніколі не адчувалі сябе абдзеленымі, змалку былі прывучаныя да працы. І ўсе выраслі, усе сталі годнымі людзьмі».

У Мікалая, паводле яго слоў, усе з шасці дзяцей сям’і бацькоў маюць ужо свае сем’і і свае дамы. Мікалай Літвінюк родам з Валынскай вобласці Украіны. Пазнаёміўся з Валянцінай, калі быў у гасцях. А пасля вяселля пераехаў да жонкі на Камянеччыну. Тут, у Войскай, і пачалі віць сваё сямейнае гняздо. Яна ж выйшла замуж студэнткай другога курса Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля нараджэння першага дзіцяці хацела перавесціся на завочнае аддзяленне, але ёй адмовілі, бо месца не знайшлося. А калі чакала другое, ёй ужо прапанавалі завочнае навучанне, а яна сама адмовілася, бо прызвычаілася так вучыцца, каб усё паспяваць. Адным словам, скончыла вучобу паспяхова, на дзень атрымання дыплома была ўжо маці дваіх дзяцей.

На заняткі па музыцы

— Можа, таму, што і сама вырасла ў вялікай сям’і, мне не падаецца, што ў мяне дзяцей многа, я не заўважаю гэтага, — разважае Валянціна. — Не разумею, калі пачынаюць спачуваць, маўляў, вы ж, мусіць, свету белага не бачыце з такой сям’ёй. Ды не, я не адчуваю сябе замучанай, знясіленай цяжкай хатняй работай. Наадварот, лічу, што жыву паўнавартасным жыццём. Дзеці — галоўнае для нас, дзеці — тое, дзеля чаго мы жывём. У сям’і так усталявалася, што мы адчуваем прысутнасць адно аднаго, патрэбу адно ў адным.

Усе дзеці Літвінюкоў добра вучацца, усе, акрамя самых малых, займаюцца музыкай. А зараз самы час пазнаёміцца з кожным. Старэйшаму Расціславу 14 гадоў, ён вучыцца ў 9 класе і ўжо скончыў музычную школу па класе фартэпіяна. Андрэй на год маладзейшы, вучыцца ў 8 класе, таксама іграе на фартэпіяна. Трэцяя Іна, ёй 11 гадоў, дзяўчынка займаецца ў музычнай школе па класе скрыпкі. Пяцікласніку Міраславу 10 гадоў, ён іграе на саксафоне, нядаўна, дарэчы, заняў другое месца на абласным конкурсе. Аляксандру 8 гадоў, ён вучыцца ў трэцім класе, а ў музычнай школе асвойвае акардэон. Першакласнік Назар абраў сабе для музычнай адукацыі флейту. Дана наведвае дзіцячы садок, ёй пяць гадоў, яна прыгожа спявае. Рувіму тры гады, ён таксама ходзіць у садок, і самаму меншаму Раману паўтара года.

У госці да вялікай сям’і мы завіталі са старшынёй Войскага сельскага Савета Віктарам Міхайлоўскім і старшынёй Камянецкага раённага Савета Ірынай Нігерыш. І для нас дзеці з задавальненнем выканалі некаторыя музычныя творы. Расціслаў сыграў на фартэпіяна Калядную песню, Іна сыграла на скрыпцы, Міраслаў — на саксафоне. А Даначка так прыгожа заспявала, што мы заслухаліся. Адным словам, сямейны ансамбль.

Пра вучобу і дысцыпліну

— Якія б ні былі адказныя дзеці, трэба ўвесь час кантраляваць іх вучобу, — гаворыць Валянціна Літвінюк. — Усе мае дзеці вучацца добра, ёсць і выдатнікі. Нядаўна Андрэй стаў найлепшым на раённай алімпіядзе па матэматыцы і хіміі. Але ж калі толькі на дзень-два аслабіш кантроль, могуць з’явіцца і пяцёркі ў дзённіку. Таму даўно ўзята за правіла ўвечары правяраць выкананне дамашняга задання. Старэйшыя, дарэчы, у нас дапамагаюць малодшым. Але ўсё роўна трымаю працэс пад сваім кантролем.

З расповеду бацькоў вынікае, што дысцыпліна, парадак у такой вялікай сям’і —перадумова ўсяму. Малыя вучацца ў старэйшых, і дапамога, узаемапавага становяцца сямейнай традыцыяй. Усе без выключэння дапамагаюць маці па доме. Зранку, калі дзятва збіраецца ў школу, садок, няма ніякага вэрхалу, бо кашулі і сукенкі падрыхтаваныя з вечара, вісяць у шафе. Усе апранаюцца, засцілаюць ложкі, потым п’юць чай з бутэрбродамі і выходзяць у школу, малых заводзяць у садок.

— У нас кожны ведае, што рэч, якая запэцкалася, адносіцца ў спецыяльны кош, а не вешаецца ў шафу, — працягвае маці сямейства. — Нават самыя малыя пасля абеду ці вячэры абавязкова адносяць са сабой талерку на месца. 

А большыя дапамогуць не толькі прапыласосіць у пакоях, але і прыбраць у кухні. Такім чынам, прывіваецца чысціня як звычка. Вось зусім нядаўна мяне Ромка маленькі пацешыў. Бачыла, з’еў цукерку, а абгорткі нідзе няма. Пытаю ў яго. Ён бярэ за руку, вядзе ў кухню, адкрывае шафку са сметніцай і дастае менавіта свой фанцік. 

Бацька ж сямейства гаворыць: «Чым меней у дзяцей вольнага часу, тым лепш. Таму заняткі ў музычнай школе не толькі служаць усебаковаму развіццю дзяцей, але і спрыяюць іх занятасці». Шэсць разоў на тыдзень Валянціна возіць дзяцей у Камянец у музычную школу, гэта 14 кіламетраў. Бывае, што некалькі разоў на дзень даводзіцца ехаць у горад — з горада, каб падстроіцца пад расклад заняткаў. Але ж спраўляецца, прызвычаілася.

Пра чытанне і смартфоны

Яшчэ ў гэтай сям’і дзеці шмат чытаюць. У свой час набылі энцыклапедыю «Я пазнаю свет» і кожны том ужо па два разы адолелі. Цікавасці да чытання, паводле меркавання бацькоў, можа паспрыяць адсутнасць мабільных тэлефонаў у штодзённым ужытку. У іх сям’і школьнікі не карыстаюцца смартфонамі. У інтэрнэт заходзяць толькі тады, калі гэта патрэбна для вучобы.

— Мы тлумачым дзецям прычыны такога абмежавання, расказваем, што яны могуць сабе нашкодзіць бескантрольным ужываннем інфармацыі, — кажа Валянціна. — Яны нават папрасілі дазволу часам схадзіць у школу з тэлефонамі, каб аднакласнікі ўбачылі, што ў іх таксама ёсць гэты набытак сучаснасці. І мы дазволілі, вядома. Наогул, мы вельмі многа размаўляем з дзецьмі, тлумачым, расказваем. Пасля вячэры, за якой звычайна збіраюцца ўсе, мы пераходзім у вялікі пакой, чытаем Святое Пісанне, бо мы рэлігійная сям’я, а потым падводзім вынікі дня. Кожны расказвае, як прайшоў дзень, гаворым аб усім, што хвалюе. Калі нехта правініўся, нярэдка ідзе з бацькам у асобны пакой. Гэта называецца «На гутарку». Там падрабязна разбіраецца ўчынак, і расстаўляюцца ўсе кропкі над «і». А яшчэ часта самі дзеці ініцыіруюць такія асобныя размовы з татам альбо мамай.

Пра аўтарытэт і адзінства бацькоў

— Мяне вельмі радуе, што дзеці раяцца з намі, — працягвае маці сямейства. — Чым яны старэйшыя, тым больш усвядомленыя пытанні задаюць. Нярэдка чуем: «Як ты, тата, альбо ты, мама, зрабілі б у тым ці іншым выпадку?» Самы старэйшы Росцік у дзявятым класе, нядаўна ён завёў гаворку аб будучым паступленні, і першае, што спытаў, — нашай парады.

А яшчэ адметнай рысай сваёй сям’і Валянціна назвала аднадумства бацькоў. Калі ў іх з мужам здараюцца нейкія рознагалоссі, то іх высвятляюць паміж сабой асобна, дзецям аб’яўляецца агульны пункт гледжання. «Толькі так, а не інакш, — лічыць галава сям’і. — А то, бывае, прыязджаю вечарам з работы, нехта падбягае з пытаннем, ці можна яму тое або іншае. 

Я пытаю, што мама сказала на гэты конт. Высвятляецца, што мама сказала: „Нельга“. Значыць, нельга, адказваю. Нават калі я дазволіў бы ў выпадку, калі б дзеці адразу звярнуліся да мяне, тут ужо няма выбару. Аўтарытэт бацькоў падтрымліваецца іх адзінствам».

І Валянціна ва ўсім падтрымлівае мужа, сваю надзейную апору. Мікалай займаецца будаўніцтвам, ён індывідуальны прадпрымальнік. Дом уласны пабудаваў, можна сказаць, сваімі рукамі. Спачатку купілі фундамент з цокальным паверхам, потым узялі крэдыт на будаўніцтва, які цяпер ім як шматдзетнай сям’і пагашае дзяржава. Дом атрымаўся прасторны, утульны. Падтрыманне апошняга — ужо клопат жонкі. Валянціна кажа, што выстраіла свой дзень так, каб паспяваць усё. Да абеду стараецца прыбраць, памыць бялізну, прыгатаваць абед, дзе абавязкова ёсць першая і другая стравы, салата. У сям’і любяць таксама выпечку, яна звычайна гатуецца на вячэру. А Іначка стала першай памочніцай мамы ў справе гатавання, і многае ў яе ўжо добра атрымліваецца.

Пра работу і адпачынак

Апошнім часам яны рэгулярна ездзяць сям’ёй у басейн у райцэнтр. Нядаўна даведаліся, што наведванне басейна для шматдзетных сем’яў бясплатнае. Кажуць, што басейн у іх не столькі для спорту, колькі для здароўя. Дзеці любяць заняткі ў вадзе. Часта ўсе разам ездзяць на веласіпедах, практыкуюць вячэрнія прагулкі. «Выйдзем увечары на вуліцу разам, уздоўж стадыёна пройдземся. Гэта ўжо я ініцыятарам выступаю, нават калі нешта не дарабілі, пакідаем на потым і спяшаемся на прагулку», — кажа маці сямейства.

Ёсць у гэтай сям’і невялікі агарод, падсобная гаспадарка ў выглядзе чародкі курэй. І тут дзеці дапамагаюць бацькам ва ўсім. Старэйшыя хлопчыкі ганарацца тым, што летам тата часам браў іх на аб’екты. Там яны выконвалі пасільную работу — у асноўным прыбіралі будаўнічую пляцоўку і нават зарабілі пэўную суму на кішэнныя расходы.

Праз паўтара года, калі падрасце Ромка, Валянціна плануе выйсці на работу. 

«Я ў гэтай школе нават працаўладкаваная, але фактычна не працавала. Цяпер, калі дзеці падрастаюць, ужо хочацца на працу, адчуваю патрэбу прымяніць свае веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, наогул выйсці на работу ў калектыў. Думаю, што ўсё паспею, — кажа Валянціна Васільеўна, — пры падтрымцы любімай сям’і, маіх бацькоў».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва сям’і ЛІТВІНЮКОЎ

Загаловак у газеце: Сямейны ансамбль.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».