Вы тут

У Полацку адбылася «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава»


Тэматычная размова завяршыла трыяду мерапрыемстваў, арганізаваных Саветам Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквой да Дня маці. Яе ўдзельнікі, сярод якіх — сенатары, прадстаўнікі духавенства, міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, сем’і з розных рэгіёнаў Беларусі — абмеркавалі, як захаваць славянскія сямейныя каштоўнасці, якім чынам аб’яднаць намаганні дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, царквы і кожнай сям’і, каб умацаваць інстытут сям’і і папулярызаваць традыцыйныя каштоўнасці. Па выніках тэматычнай размовы сфарміравана дарожная карта далейшых сумесных дзеянняў па рэалізацыі сямейнай палітыкі ў нашай краіне. 


Каштоўнасныя арыенціры дзяржавы 

Як звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, у выніку гістарычнага развіцця сфарміраваўся каштоўнасны код грамадства, у аснове якога — дабрабыт краіны, сям’і, душэўны камфорт, імкненне забяспечыць сваім дзецям больш высокія стандарты жыцця. «Прэзідэнт Беларусі абазначыў асноўныя прынцыпы сацыяльнага развіцця нашай дзяржавы, — нагадала яна. — Гэта прынцып справядлівасці ў размеркаванні сацыяльных даброт і роўным доступе для грамадзян нашай краіны. Другі прынцып — адказнасць. Дзяржава бярэ на сябе абавязацельствы перад грамадствам, гарантуе ўсебаковую і маштабную падтрымку на працягу жыцця чалавека. Трэці прынцып — клопат, які выяўляецца ў шырокай сістэме сацыяльнай дапамогі грамадзянам, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны».

Па словах спікера верхняй палаты парламента, у Канстытуцыі Беларусі вызначаны галоўныя прыкметы традыцыйнай беларускай сям’і, дзе мужчына і жанчына знаходзяцца ў шлюбе, выхоўваюць дзяцей. Дзяржава забяспечвае іх сацыяльныя гарантыі і магчымасці для самарэалізацыі. «Аднак, знаходзячыся ў самым сэрцы Еўропы, Беларусь не можа не адчуваць на сабе ўласцівых многім краінам свету тэндэнцый — пазнейшыя ўступленні ў першы шлюб і нараджэнне першага дзіцяці, нерашучасць у нараджэнні другога, нарастанне дэмаграфічнага дысбалансу, старэнне насельніцтва, міграцыя, — канстатавала Наталля Качанава. — Відавочна, што прычына гэтага крыецца зусім не ва ўмовах жыцця і магчымасцях, якія прадстаўляюцца дзяржавай, а ў змене светапоглядных установак і псіхалогіі людзей».

Умацаванне традыцыйных каштоўнасцяў, статусу сям’і заўсёды былі і застаюцца ў ліку ключавых напрамкаў заканатворчай дзейнасці Савета Рэспублікі. «Безумоўна, парламентарыям, выканаўчым органам, мясцовай уладзе, грамадскім арганізацыям, культурнай і рэкламнай індустрыі, сродкам масавай інфармацыі трэба яшчэ шмат зрабіць для захавання і прымнажэння традыцый вялікай і дружнай сям’і, — лічыць Старшыня Савета Рэспублікі. — У беларускім грамадстве павінна трывала замацавацца ўсведамленне і безумоўнае прыняцце таго, што дзеці — гэта велізарная радасць і адно з галоўных дасягненняў у жыцці кожнай сямейнай пары».

Пры гэтым Наталля Качанава лічыць, што вельмі важна, каб дзяржаўная сямейная палітыка была не рэакцыяй на наяўную сітуацыю, а аб’ектыўна ўлічвала бягучыя тэндэнцыі і прагнозы развіцця нашай краіны, еўразійскага рэгіёна і свету, задавала трэнды і, несумненна, працавала на перспектыву. «Прадпрымаемыя крокі павінны быць паслядоўнымі, сістэмнымі і ахопліваць абсалютна ўсе сферы жыццядзейнасці асобы, грамадства і дзяржавы, — заўважыла спікер. — Неабходна ў бліжэйшы час актуалізаваць дзеючыя нарматыўныя прававыя дакументы ў сферы дзяржаўнай сямейнай палітыкі Рэспублікі Беларусь».

Плануецца, што «Размова аб важным» стане штогадовым мерапрыемствам, з пастаянным пашырэннем геаграфіі і адкрытым этнаканфесійным складам удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны. «Абгрунтавана прызнаць сямейную палітыку адным з галоўных напрамкаў дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці ў рамках наступнага, 2024 года, які па прапанове нашага Прэзідэнта, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка, можа прайсці пад назвай Год якасці, — лічыць Наталля Качанава. — Няхай усе саюзы жанчын і мужчын, якія заключаюцца і існуюць у нашай краіне, адносіны ў шлюбе і сям’і будуць са знакам якасці, а традыцыйныя каштоўнасці беларускага народа — нашым нацыянальным брэндам».

Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што, прымліваючыся праваслаўных традыцый, нам трэба больш маштабна адзначаць Дзень памяці святых дабраверных князя Пятра і княгіні Фяўроніі, Мурамскіх цудатворцаў. Яна нагадала, што гэты дзень увасабляе аснову чалавечага жыцця ў адзінстве жаночага і мужчынскага пачаткаў, падкрэслівае двухадзіную сутнасць сям’і, дэманструе значнасць цэласнасці гэтага сацыяльнага інстытута і каштоўнасныя арыенціры беларускай дзяржавы.

Заслон амаральнасці і трансляцыя правільных прыкладаў

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі канстатаваў, што з кожным годам прэстыж традыцыйнай хрысціянскай сям’і падае, сутыкаючыся з выклікамі часу, нездаровымі трэндамі на так званыя грамадзянскія, гасцявыя, пробныя шлюбы. Вялікі ўплыў на моладзь, па яго словах, аказваюць плыні, якія навязваюцца з-за мяжы, дзе заахвочваюць аднаполыя адносіны, прапагандуюць сярод школьнікаў перакручаныя ўяўленні аб сям’і і шлюбе. Уладыка звярнуў увагу на тое, колькі негатыву, жорсткасці льецца на дзяцей, якія глядзяць папулярныя кіна- і мультфільмы і спрабуюць быць падобнымі да зорак Галівуду. 

«Забаронамі такія праблемы не вырашыць, мы павінны паставіць заслон амаральнасці і трансліраваць правільныя прыклады, — перакананы мітрапаліт. — Гісторыі паўнацэнных і вялікіх сем’яў дапамогуць дзіцяці адрозніць праўду ад хлусні, убачыць прыгажосць там, дзе яна ёсць».

Праблема такога заняпаду сямейных каштоўнасцяў, паводле слоў кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, з’яўляецца збольшага сацыяльнай, калі ідэалы грамадства нівелююцца, а часткова тлумачыцца падзеннем асабістай культуры і выхавання. «Многія не разумеюць, які моцны ўплыў аказваюць традыцыйныя каштоўнасці на жыццё сям’і і грамадства ў цэлым, — падкрэсліў ён. — Ёсць маса прыкладаў, калі развітай і матэрыяльна забяспечанай дзяржаве нават пры правядзенні актыўнай дэмаграфічнай палітыкі так і не ўдавалася дасягнуць поспеху ў павелічэнні нараджальнасці. З іншага боку, у дзяржаве, дзе моцныя традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, сем’і, як правіла, шматколькасныя, нягледзячы на невысокі ўзровень жыцця».

Мітрапаліт Веніямін заўважыў, што за апошнія дзесяцігоддзі многія каштоўнасці, духоўныя прынцыпы былі страчаны, аднак яны не забыты. У іх адраджэнні можна абапірацца на досвед старэйшага пакалення беларусаў, якія памятаюць традыцыі шматдзетных сем’яў. У пагоні за заходнім ладам жыцця мы страцілі спрадвечна сваё, аднак падзеі, якія адбываюцца ў свеце, паказваюць, як важна захаваць сваю аўтэнтычнасць. «Адраджаючы і аднаўляючы тое, што было страчана, мы павінны памятаць, што з’яўляецца асноватворнымі і вышэйшымі функцыямі сям’і, — сказаў ён. — Гэта зносіны, любоў, падтрымка адзін аднаго, вернасць, выхаванне дзяцей, дасягненне высокамаральных ідэалаў — усё гэта застаецца».

Уладыка заклікаў да кансалідацыі сіл і кааперацыі ўсіх зацікаўленых міністэрстваў, ведамстваў, СМІ і прапанаваў стварыць адзіны савет, які б займаўся пытаннямі сям’і і шлюбу. Ён перакананы, што разам можна змагацца з негатыўнымі тэндэнцыямі, паказваць у сацыяльнай рэкламе прыклады правільных учынкаў, адносін да сям’і і акцэнтаваць увагу на станоўчых якасцях чалавека. 

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.